Падзеі
15.04.10

Паседжанне "Постпалітыка і яе альтэрнатывы сёння (выпадак Беларусі)"

17 красавіка (субота) а 17.00 на ФФСН (вул. Кальварыйская, 9), аўд. 626 адбудзецца чарговае паседжанне “Беларускай філасофскай прасторы” па тэме “Постпалітыка і яе альтэрнатывы сёння (выпадак Беларусі)”.

З асноўнымі спавешчаннямі выступяць: Павел Баркоўскі і Дзмітры Карэнка.

У абмеркаванні прымуць удзел спецыяльна запрошаныя госці: Вячаслаў Бабровіч і Віктар Чарноў.

Мадэратар дыскусіі: Вольга Шпарага.

Зыходнымі пунктамі для дыскусіі маюць стацца:

- Вынікі абмеркавання 19 студзеня 2010 г. кнігі Яна Патачкі “Ерэтычныя эсэ па філасофіі гісторыі” ў межах сумеснага паседжання праектаў “Філасофскі маніторынг” і “Чытаем адзін аднаго”;

- Артыкул П. Баркоўскага “Постпалітыка па-беларуску: да заснавання сэнсу ў палітыцы”. У ім постпалітыка разглядаецца ў якасьці клінічнага дыягназу сучаснай цывілізацыі і з’яўляецца знакам разбурэння сакральнага і таямніцы, а таксама кансэрвацыі стану дзеяння без зменаў. Постпалітыка ў якасьці дыягназу ставіць перад інтэлектуалам асноўнае пытанне: Як магчымая палітыка сёння? Ці магчымая палітыка прынцыпова? Разам з аналізам паняцця постпалітыкі будзе прапанаваная канцэптуальная спроба наважыць контуры ейнай альтэрнатывы ў напрамку ўсталявання сувязі палітыкі са сфэрай сэнсу, новага заснавання сэнсу палітычнага, станаўлення грамадзянскай супольнасці праз грамадзянскую ініцыятыву;

- Артыкул Дз. Карэнкі “Крытыка афіцыйнай ідэалогіі выбараў як пошук альтэрнатыўнай палітычнай камунікацыі”. У межах яго прэзэнтацыі будзе прапанаваны аналіз спецыфічнай канфігурацыі пост-палітычнасці, што склалася ў кантэксце выкарыстання выбарчых тэхналогіяў у Беларусі. Галоўнымі пытаннямі будуць: Чаму пры відочнасці выбараў, тым ня менш, індывідуальны выбар стаецца блакаваным, што пазбаўляе, прынамсі, увесь працэс яго фундаментальнага сэнсу? Якім чынам магчымае канструяванне/вяртанне палітычнага ў сітуацыі “ідэальнай імітацыі” дэмакратыі, то бок у сітуацыі практычна поўнай манапалізацыі ўладай дыскурса дэмакратыі? Ці не з’яўляецца альтэрнатывай на свой кшталт стратэгія не-выбару як адыход і зыход з сітуацыі празмернай пазітыўнай палітызацыі сацыяльнага парадку? Які сэнс гэтай стратэгіі?

- Серыя тэкстаў “Навучанне дэмакратыі” В. Бабровіча і В. Чарнова.


Да абмеркавання запрашаюцца ўсе зацікаўленыя!

Дадаць каментарый