Прэзентацыя праекту “Беларускія эліты: патэнцыя палітычных пераменаў”
22 красавіка (чацвер) адбудзецца прэзентацыя вынікаў даследчага праекту “Беларускія эліты: патэнцыя палітычных пераменаў”, які рэалізоўваўся сумесна Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) і Інстытутам палітычных даследаванняў “Палітычная Сфера” у 2009-2010 гадах.
Разуменне палітычнай эліты краіны з’яўляецца важным для ацэнкі магчымасці пераменаў, пераемнасці ўлады, узроўню палітычнай кансалідацыі і стабільнасці, а таксама ўзгодненай візіі ўнутранай і знешняй палітыкі.
На дадзены момант надзейныя крытэры для вылучэння беларускай палітычнай эліты не выпрацаваны, таму за аснову аналізу была ўзятая фармальная структура. Даследаванне закранула вывучэнне складу Ўраду, Адміністрацыі прэзідэнта, Парламенту, дырэктарскага корпусу, абласных выканаўчых структур і некаторых іншых. Эмпірычнай асновай сталі біяграфічныя звесткі больш чым 500 беларускіх чыноўнікаў і палітыкаў: траекторыя кар’еры, статус, адукацыя, узрост і інш.
Даследаванне дазволіла выявіць паказальныя тэндэнцыі ў цыркуляцыі эліты, а таксама зафіксаваць некаторыя нефармальныя правілы арганізацыі ўлады ў Беларусі.
“Разгляд эмпірычнага матэрыялу і статыстычны аналіз эліты дазваляе значна пашырыць разуменне ўлады ў Беларусі. Традыцыйныя сродкі – бягучая аналітыка, інсайдэрская інфармацыя, маніторынг і г.д. – дапаўняюцца поглядам звонку, што дазваляе бачыць некаторыя невідавочныя тэндэнцыі і правілы”, – гаворыць навуковы кіраўнік праекту Андрэй Казакевіч.
Запрашаем Вас прыняць удзел у прэзентацыі, якая пачнецца а 18:30 у залі Princess II гатэлю Crowne Plaza (Мінск, вул. Кірава 13).
З павагай,
Асадчы Андрэй, асістэнт
Казакевіч Андрэй, навуковы кіраўнік
Касцюгова Валерыя, даследчык
Мельянцоў Дзяніс, даследчык








