Адкрытае паседжанне на тэму "Мова і ўлада"
8 мая (суб.) а 16.00 у аўд. 626 па адрасе: вул. Кальварыйская, 9 адбудзецца чарговае паседжанне Беларускай філасофскай прасторы.
Са спавяшчэннем на тэму “Мова і ўлада: Гісторыя канструявання беларускай літаратурнай мовы з пункту гледжання інтэлектуальнай гісторыі” выступіць Іван Новік.
Спавяшчэнне будзе прысвечана філасофскаму разгляду гісторыі развою беларускага лінгвістычнага дыскурсу, у тым ліку і правапісным спрэчкам. Наколькі філасофскі пункт гледжання тут магчымы і правамоцны застаецца адкрытым пытаннем. Нам здаецца, што філасофія пэўным чынам мае дачыненне да Ўсяго, і ў той жа час для яе жыццёвасці патрэбна пэўная каліброўка адносна яе “тут і цяпер”, ці – культурнай сітуацыі ў якой яна знаходзіць сябе.
Шматлікія неразвязаныя пытанні, якія з’яўляюцца кропкамі для цьмеючых і выбухаючых раз-пораз у публічную прастору канфліктаў, звязаныя з існаваннем двух (і нават болей) беларускіх правапісаў і г.д. пэўным чынам разглядаецца беларускай лінгвістыкай. Але ў той жа час вялікая частка гэтых праблемаў адпрэчваецца дзеля навуковай аб’етыўнасці і выштурхоўваецца па-за яе межы як экстралінгвістычная тэматыка. Менавіта гэтая экстралінгвістычнае атачэнне і прадвызначае існаванне лінгвістычнага дыскурсу ў беларускім соцыюме. Па сутнасці, мы можам назіраць тую класічную канстэляцыю веды і ўлады, якая апынулася такой прыцягальнай тэмай для філасофіі дваццатага стагоддзя. Таму мы лічым, што праблемы бытавання беларускай мовы могуць стацца лініямі філасафавання, а ня толькі нагодамі для зацятых і бязглуздых спрэчак.
Апроч таго мы лічым, што гісторыя канструявання беларускай мовы і тых навуковых і каля-навуковых спрэчак, што яе атачалі пры правільных метадалагічным падыходзе могуць быць разгледжаны як добры фактаграфічны матэрыял для тых даследаванняў беларускага нацыяналізму, якія апанавалі сучасную беларускую гуманітарыстыку.
У спавяшчэнні будуць разгледжанны пытанні бальшавіцкай моўнай палітыкі (асабліва ў 20-30, найбольш спрэчныя і інтрыгуючыя гады) і значэння правапісных спрэчках ў гісторыі нацыяў Усходняй Еўропы; дасягненні сучаснай сацыялінгвістыкі з пункту гледжання іх магчымага дастасавання да беларускай моўнай сітуацыі і будзе прэзентаваны аўтарскі канцэптуальна-метадалагічны падыход да развязання азначаных праблемаў.
Пасля спавяшчэння мяркуецца агульнае абмеркаванне ўзнятых пытанняў, што да дачыненняй дзяржаўнай палітыкі да галіны мовы.
Запрашаюцца ўсе хто, мае цікавасць да тэмы! Уваход вольны.








