Праекты

Лекторый

Неабходнасць стварэння дадзенага раздзела тлумачыцца шэрагам праблемаў, якія звязаныя з развіццём сацыягуманітарных ведаў у сучаснай Беларусі. У гэтым раздзеле можна знайсці тэксты аб панаванні ў сферы беларускіх сацыягуманітарных ведаў дзяржаўнай ідэалогіі, якая ставіць якасць і развіццё гэтых ведаў пад пытанне; аб размытасці крытэрыяў прафесіяналізма ў рэсаветызаваных універсітэтах і раз'яднанасці прадстаўнікоў новага пакалення беларускіх навукоўцаў.

Не прэтэндуючы на франтальнае вырашэнне гэтых праблемаў, аўтары Лекторыя арыентуюцца на развіццё альтэрнатыўнай камунікацыі перадавых акадэмічных інтэлектуалаў са студэнтамі, маладымі навукоўцамі, усімі, хто цікавіцца дадзенай праблематыкай. Лекцыі, што змешчаны на сайце, адрозніваюцца па ўзроўню складанасці матэрыялу, дысцыплінарнай прыналежнасці, тэарэтычнай пазіцыі аўтара, але ўсе арыентаваны на панарамную рэпрэзентацыю ключавых тэмаў сучасных сацыягуманітарных ведаў.

Мы запрашаем Вас далучацца да працы Лекторыя: дасылаць свае лекцыі, задаваць пытанні аўтарам, прапаноўваць новыя формы развіцця прафесійнага сацыягуманітарнага асяродку.




Пераклады

У гэтым раздзеле публікуюцца пераклады актуальных замежных тэкстаў, якія выкананы камандай сайта belintellectuals.eu.

Неабходнасць стварэння дадзенага раздзела відавочная: далёка не ўсе актуальныя сацыягуманітарныя канцэпцыі і інтэрпрэтацыі даступныя на рускай або беларускай мовах. Тыя працы, якія ўжо перакладзеныя і даступныя для чытання, не ў стане рэпрэзентаваць увесь кантэкст сучаснай заходняй сацыягуманітарнай думкі. Такім чынам, большасць чытачоў мае адно фрагментарнае ўяўленне аб заходняй інтэлектуальнай традыцыі; шматлікія ключавыя працы застаюцца прыярытэтнымі толькі для невялікіх акадэмічных групаў.

Наша задача - зрабіць актуальныя веды больш даступным для шырокай аўдыторыі. Запрашаем Вас уключацца ў працу.




Студэнцкія працы

Даследчыя артыкулы, якія публікуюцца ў навуковых часопісах і зборніках, уяўляюць сабою, як правіла, вынікі шматгадовай працы ў выглядзе канцэптуальна завершаных праектаў. Яны з'яўляюцца фінальнай стадыяй працэсу даследавання. Аднак часам і студэнтам ёсць што сказаць: іх погляд і ацэнкі могуць адрознівацца навізной і стаць зыходным пунктам для будучых пошукаў. Тым не менш, нават самыя цікавыя студэнцкія працы звычайна атрымліваюць вядомасць адно ў межах спісаў акадэмічнае справаздачы і прасторы вучэбных аўдыторый.

Дадзеная пляцоўка адкрывае магчымасць для студэнтаў змясціць працы, якія, на іх погляд, заслугоўваюць увагі больш шырокай аўдыторыі. Тым самым ствараецца матывацыя для развіцця даследчыцкай дзейнасці іх калегаў. У сучасным дынамічным свеце азнаямленне з матэрыялам патрабуе большага аб'ёму часу, чым мы можам сабе дазволіць. Таму дадзенае пачынанне мае ўсе шанцы быць запатрабаваным.

Будзем рады, калі Вы далучыцеся да агульнай справы і дашлеце свае працы для публікацыі.