Вітаем Вас у супольнасці belintellectuals.eu!
Хто такія сучасныя беларускія інтэлектуалы і ў чым іх місія? – гэта пытанне з'яўлялася ключавым пры стварэнні праекта Belintellectuals.eu пяць гадоў назад. Галоўнай мэтай на той час было фармаванне беларускай інтэлектуальнай супольнасці сродкам наладжвання дыялогу паміж людзьмі, якія займаюцца асветніцкай дзейнасцю ў Беларусі. Аднак у сувязі з шэрагам акалічнасцяў напачатку 2007 года дзейнасць сайта была прыпынена.
Пытанне: Чаму Вы вырашылі адрадзіць праект? Адказвае Вольга Шпарага, сузаснавальнік і рэдактар Belintellectuals.eu: З тых часоў у беларускім грамадстве адбыліся змены. З'явіліся новыя экспертныя пляцоўкі (напрыклад, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў), а некаторыя даследчыкі і праекты ўзмацнілі свой уплыў («Наше Мнение», «Arche» і такія даследчыкі, як Уладзімір Фурс, Альміра Усманава, Пётр Рудкоўскі і іншыя). І, тым не менш, праца інтэлектуалаў у Беларусі не страціла сваёй значнасці. Таму што менавіта інтэлектуалы ўмеюць убачыць і зафіксаваць, зрабіць адчувальнымі для іншых болевыя кропкі грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця.
Паколькі мы ўсё яшчэ вучымся ініцыяваць і падтрымліваць публічныя дыскусіі, даводзіцца аказваць супраціў тым інстытутам, якія дасталіся нам у спадчыну ад савецкага мінулага, а таксама тым, якія муціравалі. У гэтай сітуацыі інтэрнэт выступае незаменным сродкам і месцам, прынамсі, адноснай свабоды. Мы хочам выкарыстаць гэтае месца, каб разабрацца ў тым, якія праблемы з'яўляюцца ключавымі для сучаснага чалавека? Ці існуе сувязь паміж актуальнымі беларускімі праблемамі і тымі пытаннямі, якія хвалююць аўтараў у іншых краінах? Што мы можам сказаць пра сябе, пра сваю ідэнтычнасць, гісторыю і культуру іншым? Наколькі вырашальнай для ажыццяўлення палітычных, эканамічных, культурных пераўтварэнняў сёння з'яўляецца пазіцыя інтэлектуала?
Пытанне: Чым адрозніваецца абноўленая версія праекта ад папярэдняй? Адказвае Аляксандр Адамянц, сузаснавальнік і рэдактар Belintellectuals.eu: Сёння сайт выступае адначасова і месцам публікацыі актуальных тэкстаў, і пляцоўкай для дыскусій, і крыніцай інфармацыі аб беларускай інтэлектуальнай супольнасці. З радасцю паведамляем, што ініцыятыўная група праекта ўзмацнілася за кошт тых, хто сёлета атрымлівае ступень бакалаўра праграмы «Сацыяльная і палітычная філасофія» ЕГУ і ў межах праходжання навучальнай практыкі працаваў над абнаўленнем сайта. Гэта Таццяна Елавая, Дзмітрый Бойчанка, Аляксей Кажарскі ды іншыя. Варта адзначыць, што акрамя Вольгі Шпарагі і мяне вялікі ўнёсак зрабіў наш сябар і калега Аляксей Мядвецкі, які працаваў у праекце амаль з самага пачатку да 2007 года.
Партнерамі belintellectuals.eu выступілі часопісы "Новая Еўропа" і "Arche", Цэнтр даследаванняў па філасофскай антрапалогіі "Топас", Беларускі Калегіюм, Беларуская экспертная супольнасць "Наше Мнение", Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, арт-галерэя "Падземка", а таксама Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Важна адзначыць, што ініцыятыва па падтрымцы гэтага праекта была і застаецца бескарыслівым унёскам яго ўдзельнікаў у нашу агульную справу.
Пытанне: Распавядзіце больш падрабязна пра структуру сайта. Адказвае Аляксандр Адамянц: Сайт складаецца з шэрагу раздзелаў, якія будуць увесь час папаўняцца. Асноўным раздзелам з'яўляюцца “Публікацыі”, дзе змешчаныя адкрытыя да абмеркавання і каментавання тэксты па знакавых пытаннях сучаснасці, у першую чаргу, гэта тэксты беларускіх аўтараў.
У раздзеле «Супольнасць» Вы зможаце знайсці інфармацыю пра найбольш знакавыя постаці сучаснага беларускага інтэлектуальнага працэсу. Тут апынуліся філосафы і педагогі, культуролагі і журналісты, рэжысёры і мастацтвазнаўцы. Сваёй задачай мы бачым папаўненне спісу ўдзельнікаў Супольнасці імёнамі тых, хто захоча ў той ці іншай форме далучыцца да інтэлектуальнай працы.
«Бібліятэка» ўяўляе сабой калекцыю найбольш актуальнай літаратуры сацыягуманітарнай тэматыкі. Побач з класічнымі тэкстамі ствараецца база сучасных беларускіх аўтараў.
«Лекторый» арыентаваны на развіццё альтэрнатыўнай камунікацыі перадавых акадэмічных інтэлектуалаў са студэнтамі, маладымі навукоўцамі, усімі зацікаўленымі і павінен дазволіць рэагаваць на праблемы, з якімі сутыкаюцца сёння беларускія гуманітарыі. У раздзеле «Пераклады» можна знайсці пераклады актуальных замежных тэкстаў, якія выкананы камандай сайта Belintellectuals.eu. Наша задача - зрабіць актуальныя веды больш даступным для шырокай аўдыторыі. У раздзеле «Студэнцкія працы» змяшчаюцца працы яшчэ зусім маладых даследчыкаў, якія, на іх погляд, заслугоўваюць ўвагі.
На сайце Вы таксама зможаце знайсці дайджэст актуальных падзеяў (канферэнцыі, прэзентацыі, стыпендыі і г.д.), а таксама даволі шырокі збор спасылак на розныя сайты, звязаныя з сацыягуманітарнай тэматыкай.
Прыходзьце, знаёмцеся з тэкстамі, абмяркоўвайце, дасылайце свае працы для публікацыі, удзельнічайце ў развіцці сайта! Мы будзем рады любым Вашым прапановам і крытыцы, паколькі існая інтэлектуальная пляцоўка – гэта не прыватная ўласнасць яе стваральнікаў, а агульны здабытак усіх думаючых людзей.
Рэдакцыя Belintellectuals.eu, 26 траўня 2009 г.
Рэдакцыя, іншыя публікацыі:
- Летняя школа "Беларусь у еўрапейскім кантэксце: актуальныя дыскусіі пра нацыябудаўніцтва"
- Салідарныя з Польшчай. Solidarni z Polską
- Новы праект Belintellectuals.eu: выпускныя працы студэнтаў ЕГУ
- Магистерская программа "Социальная теория и политическая философия" ЕГУ: изменим мир к лучшему!
- Памёр Сяргей Панькоўскі
- Видеозапись публичной дискуссии «Философия как практика»
- Самарские философы о Владимире Фурсе
- Памяти Владимира Фурса
- Массовые протесты в Молдове: виноват Университет?
- Добро пожаловать в сообщество belintellectuals.eu!
- Welcome to the Belintellectuals.eu community!







