Філасофскія Размовы
Лекцыя 1. Заклінальнікі
Магія, чарадзейства, змена агрэгатнага стану матэрыі, ператварэнне - усё гэта прадмет старажытнай беларускай літаратуры. Магія там прысутнічае як скразны матыў, часам схаваны за фіранкі пабытовых звычаяў, часам наўмысна зарэтушаваны познімі рэдактарамі.
Выпускнік філасофскага аддзялення БДУ Зміцер Смалякоў на старонках часопіса "Arche" распачаў серыю эсэ пад назваю "7 адкрытых лекцый па дэманалогіі і чараўніцтву: даследзіны вытокаў беларускай улады". Прапануем Вашай увазе першую з іх.
Лекцыя 1. Заклінальнікі
1.1. Апантаныя
Магія, чарадзейства, змена агрэгатнага стану матэрыі, ператварэнне - усё гэта прадмет старажытнай беларускай літаратуры. Магія там прысутнічае як скразны матыў, часам схаваны за фіранкі пабытовых звычаяў, часам наўмысна зарэтушаваны познімі рэдактарамі. Але магія, магічнае, звышнатуральнае чаканы госць як у казках, так і ў драматургіі беларусаў. Магічнае сустракаецца не адразу, яно чакае калі абставіны паклічуць яго ў свет. Павінна нешта здарыцца: альбо памірае бацька, альбо егера адпраўляюць на паляванне, альбо мачыха забівае сваю падчырку і закопвае яе косці. Магічнае выклікаецца да дзеяння абставінамі, і чым больш жахлівыя абставіны, тым больш каласальныя магічныя наступствы яны выклікаюць. Кожны дрэнны, кепскі, брутальны рух рэальнасці выклікае сіметрычнае магічнае супрацьдзеянне: ажываюць мёртвыя косткі, каб перамагчы забойцу, ражок выклікае тысячныя войскі, каб адпомсціць за пабоі свайго ўладара, ці войска высякаецца з крыса для таго, каб паланіць цара, які падманам авалодаў жонкай героя. Магія з'яўляецца тады, калі не хапае ўласных сілаў. Магія ўроўнівае сілы, дае магчымасць слабейшаму быць на роўных з мацнейшым. Магія дазваляе выжыць у гэтай рэчаіснасці, сярод сваіх жа супляменнікаў быць першым, хоць і на час дзеяння магічнага артэфакту.
У той жа час тое, што валодае магічнымі здольнасцямі альбо не мае мовы, альбо мае уласную сакральную мову. Гэтая мова можа быць добра зразумета, альбо ўвогуле не зразумета. Сітуацыя стасункаў з гэтай мовай знаходзіцца ў прасторы гульні неда-разумення і здагадак. Словы нібы зліваюцца ў адзін магічны жэст, з якога разуменню падаюцца толькі некаторыя яго элементы. Да ХІХ стагоддзя такой мовай была польская, прычым ёй размаўлялі не толькі магічныя істоты, але і тыя, хто гэтых істотаў выклікае.
Царкоўны стораж, студэнт-уцякач, недабрасумленны пан - усе яны выклікаюць чорта, дэмана, які размаўляе іхняй мовай, але якога, пры лагодна склаўшыхся абставінах можна павярнуць супраць тых, хто яго прызваў. Герой, які мовіць беларускай мовай па сваёй волі ніколі не прызывае магію, самі абставіны прымушаюць да стасункаў са звышнатуральным, а таму чорт часта выкарыстоўваецца для адпрацоўкі паншчыны, раблення цяжкай працы, ці наўпрост як хуткі транспартны сродак. У той жа час празмерныя стасункі з гэтымі істотамі вядуць да аднаго - да пагібелі чалавека.
Для рамантыкаў ХІХ стагоддзя свет са старажытных часоў не змяняецца. Жанчына-інсекта, галава філосафа Сакрата, жывая вада - свет Яна Баршчэўскага складаецца з магічных артыфактаў, сэнс якіх даўно забылі, а выкарыстанне адбываецца само сабой, а таму і малапрадказальна. Такое карыстанне вядзе альбо да смерці, альбо да пераўтварэння ў жахлівую істоту, якая на столькі прапітываецца магіяй, што сама ператвараецца ў магічную істоту. Тады яна пачынае безкантрольна чыніць зло, нібы зло перапаўняе яе і выліваецца рэкамі ў рэчаіснасць.
Гэты свет поўніцца не толькі артэфактамі, але і чароўнымі месцамі зямлі, азёрамі якія кішаць чорцікамі, падзямеллямі, поўныя мёртвых, карчмамі, з якіх няма выхаду. Гэтыя месцы нельга кантраляваць ці паставіць на сваю службу: там працуюць іншыя законы і гэтыя законы нельга падначаліць, іхняя навука схавана ў сівізне стагоддзяў, а сучасныя людзі для сваёй бясьпекі адзінае што могуць зрабіць, дык толькі закапаць артыфакт ці абмінуць чароўнае месца. На першы пагляд магічнае - ёсць смяротнай небясьпекай, пасткай, якую пакінулі старажытныя. Але ж як у выпадку з чортам, так і падначаліўшы цмока, ці іншую якую істоту, герой можа выкарыстаць яе на сваю карысць. Ён можа скарыстацца ёю так, як гэта ён бачыў на прыкладзе іншых. Карыстанне базуецца на імітацыі дзеянняў папярэдніка, ведаючы пра тое, што прынцып дзеяння магіі і прычыны яе з'яўлення ў жыцці героя застаюцца цалкам без увагі. Усё магічнае прыходзіць вонкі, укладаецца ў рукі і ў вушы. Герой ператвараецца ў карту, якую разыгрываюць іншыя, пакуль не знаходзіць сілы адмовіцца ад магічных дапаможнікаў.
Ня гледзячы на такую старажытную і жахлівую гісторыю стасункаў з магічным, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя зяўляецца новы герой. Герой які па-майстэрску валодае магічнымі здольнасцямі. Перад яго з'яўленнем пачынае водарыць азонам, а паветра наэлектрызоўваецца, ажно прымушаючы людзей дрыжаць.
Гэты герой таксама з'яўляецца калі яго прызываюць, але сітуацыя цалкам іншая. Гэты герой не артыфакт, сілы якога невядомы, а шляхі яго ўтаймавання згубіліся ў сівізне гадоў. На гэты раз, магія прыходзіць у словах. Гэты герой самы вялікі майстар заклёнаў, а яго заклёны такія моцныя, што прымушаюць адступіць любога, не тое што селяніна, але нават шляхціча. Гэты герой - асесар Кручкоў, чалавек, які кажа заклёны, альбо словамі Сёрля, словамі рабіць дзеянні (How To Do Things with Words). З аднаго боку, ён такі ж як і ўсе, пра што ён і сам сведчыць:
«Я ж сам шляхціц, вам родны, але ж што ж рабіць?»
У той жа час Кручкоў валодае новай сакральнай мовай, якой і карыстаецца ў патрэбных выпадках:
«...по указу всемілостівешей государыні Елісаветы Петровны 49 апреля 1893 года і всемілостівешей Екатеріны Велікой от 23 сентября 1903 года, а равномерно в смысле Статута літовского раздела 8-го, параграфа 193-го, коім назначается в пользу суда от тяжущихся гривны».
У гэтых словах магічным з'яўляецца ўсё, і містычная новая мова, і містычныя незразумелыя словы і сам заклінальнік, які сваёй урачыстасцю, сваім голасам, сваім настаўленым вусам стварае такую прастору, дзе не звязаныя паміж сабой словы пачынаюць дзейнічаць на людзей і дзеянне гэтае - непераадольнае!
«Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхваючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім» Але ж чаму ўласна ягоная даўгая тэрада з'яўляецца заклёнам? Ці не ёсць тут механізм падобны да Гогалеўскага Рывізора?
Па-першае, Кручкоў не карыстаецца непаразуменнем. Сітуацыя выключна легальная. Па-другое, Кручкоў вядзе відавочную і адкрытую гульню, усе ведаюць што ён хоча, калі і за што. Кручкоў цалкам транспарэтны для сваіх суродзічаў, у адрозненні ад Рывізора, які карыстаецца сітуацыяй інкогніта. Гогалеўскаму аферысту не трэба прамаўляць законы, губернскія дваране самі аддаюць яму пашаны.
Для таго ж каб пашаны былі аддадзены Кручкову ён кажа словы, і тыя словы не звязаныя паміж сабой. Лагічна, прамова Кручкова - бубненне, дзе нічога не зразумела, дзе прамова поўніцца пустымі аб'ёмамі. Ён навадняе рэчаіснасць глупствам, але ж гэтае глупства робіць дзеянне. Кручкову не трэба захінацца ў строі ценя імператарскай улады. Кручкоў сам з'яўляецца ўладай, калі прамаўляе свае бязглуздыя заклёны.
Гэтыя Кручкоўскія заклёны, гэтыя дыкларатывы, гэтыя перфарматыўныя дзеясловы маюць такое ўздзеянне на людзей, што тыя не разбіраюць з чаго тыя словы складаюцца і ці існуе ўвогуле ў іх сэнс. У гэтай сцэне прысутнічае не граматычная бязглуздасць пінскай шляхты і не няздатнасць яе арыентавацца ў календары, але суцэльны жах і суцэльнае падначаленне, якое наводзіць Кручкоў сабой і сваімі заклёнамі. Ён як цыганка, з дапамогай старажытнай магіі выцягвае грашовыя сродкі і ўладу. Кручкоў з'яўляецца сюды не аферыстам, ён з'яўляецца паўнавартасным магам, заклінальнікам, тым, хто словамі робіць дзеянне.
На гэтым этапе варта зазначыць адно: Кручкоў як паўнавартасны маг робіць усё па навуцы - ён кажа патрэбныя словы, у патрэбным месцы і з патрэбнай урачыстасцю. Яго можна было назваць аналітычным філосафам, уладаром новых містычных ведаў, прарокам свайго народа, але ж гэта не ягоныя словы, гэта не ягоная мова, гэта не ён сам здабыў магічную сілу, але быў надзелены ёй. Ён заклінае імёнамі, якія самавольна з'яўляюцца ў ягонай галаве. Яны вытвараюцца з агульнага магічнага, нават містычнага поля новай улады, акумулюцца ў Кручкове, прымушаючы таго прамаўляць заклёны, атрымліваючы мізэрныя дэвідэнты. Кручкоў атрымлівае свае 30 срэбнікаў, словы ж атрымліваюць значна болей: уладу і падначаленне.
Асесар Кручкоў адкрывае новую магчымасць, магчымасць выжываць не адмаўляючыся ад сваёй прыроды, але аддаўшы апантаць сабе дэману, які ўсяляецца ў яго і надзяляе магічнымі здольнасцямі. Гэты дэман, як і ўсе старажытныя дэманы карыстаецца чужой мовай, ён кажа словы, якія прымушаюць дзейнічаць, але ж ён усяляецца ў Кручкова і адбываецца, тое, што адбываецца з мужыкамі ў старэйшай драматургіі, дэман цалкам авалодвае сваім гаспадаром. Утвараецца свайго роду сімбіёт, альбо ў тэрмінах сучаснай сацыяльнай філасофіі - каланіяльная свядомасць.
У той жа час варта зазначыць, што пэўныя магічныя словы здольныя рабіць дзеянні толькі ў пэўных абставінах і ў пэўных геаграфічных месцах. Адсюль гэтыя словы павінны змяняцца разам з абставінамі, якія мусяць змяняцца. Гаспадар павінен лёгка вызваляцца ад старога, ні на што нездатнага дэмана і адчыняць свой розум новай магутнай істоце. Гэтыя дэманы змагаюцца за чалавека, але і чалавеку патрэбна пільнасць, каб абраць патрэбнага дэмана, таго дэмана, чые словы даюць магчымасць прамаўляць заклёны, і толькі тыя заклёны, якія дзейнічаюць. У гэтую сітуацыю выбару, дзе патрэбна вялікая доля ахайнасці, а з тым і талент правідца, патрапляе наступны герой беларускай драматургіі: Никитий Зносилов, ён жа Мікіта Зносак. Гэты герой патрапляе ў сітуацыю неўстойлівых часоў, неўстойлівых заклёнаў і шматлікасці дэманаў, якія вядуць за яго крывавую барацьбу. Ён патрапляе ў асроддзе перамяшаных словаў, жэстаў, чутак і надзеяў. Свет імкліва змяняецца, і тысячы духаў лунаюць у паветры. Мікіта Зносак ведае пра гэта:
«Между протчым, нічога тут смешнага. Не сягоння-заўтра прыходзіць новая ўлада, а з ёй такая політычная сытуацыя, пры якой здольны аратар будзе магчы купацца як сыр у масле». Але ж не так лёгка збавіцца ад старога дэмана, ад дэмана, чыя прырода амаль злілася з гаспадаром, ператварылася ў чысты сімбіоз. Той дэман, які навучыў яго казаць заклёны, які дазволіў пераехаць з вёскі ў горад, які дапамог даслужыцца да пасады калежскага рэгістратара, дэман, які даваў яму значныя дэвідэнты павінен аслабнуць, павінен згубіць апошнія сувязі з рэчаіснасцю, каб Мікіта Зносак здолеў збавіцца ад яго, змяніць імя, ператварыцца ў іншую асобу, з іншым дэманам, з іншымі заклёнамі. І гэты дэман моцна трымаецца за свайго ўладара. Ён прамаўляе свае дэкларатывы, калі яны мусяць абрынуцца разам з усім светам, часткай якога быў гэты дэман:
«... я, меджду протчым, застаюся. Як істы рускі патрыот, я змушаны пакуль што стаяць тут на варце сваіх рангавых і руска-ісціных інтарэсаў. Хоць, можа, я гэтак разыкую нават сваёй, меджду протчым, пэрсонай, але місію сваю мушу стойка выпаўняць».
Але ж свет змяняецца вокамгненна і старыя дэманы губяюць повязі з рэчайсінасцю, старыя заклёны перастаюць дзейнічаць, а таму трэба запрашаць да сябе новых. Мікіта Зносак абірае сабе медыюма, які прапануе новых, актыўных, сапраўдных дэманаў. Прафесар Спічыні востра адчувае каньюнктуру і прапаноўвае актуальных дэманаў з актуальнымі заклёнамі. На вялікі жаль сітуацыя да такой ступені нестабільная, а колькасць пераменных такая вялікая, што патрэбны сапраўдны талент у гэтай сітуацыі. Тут трэба быць не простым «апантаным», але ж сапраўдным шаманам, каб усяляць і высіляць з сябе актуальных дэманаў.
Мікіце Зносаку гэта не пад сілу, максімум на што яго хапае, гэта марудная адаптацыя да новых магічных умоваў. Мікіта не пасьпявае за рэчаіснасцю, а таму заўсёды знаходзіцца на крок за ёй. Але нават і гэтага спазнення хапае, каб патрапіць у рукі бальшавікоў, з якіх няма выйсця. Па сутнасці, гэта не праблема Мікіты Зносака (тыя словы што ён прамаўляў ніколі не мелі сэнсу, але ж раней гэтая бяссэнсіца дзейнічала), новыя ўмовы прыносяць новыя загаворы, якія цяжка завучыць, а тым больш развязаць. Ён спрабуе ўратаваць сябе самым правераным, але ж з тым самым складаным шляхам, што тычыцца бяссэнсоўнасці - завучыць на памяць. Але ж як у выпадку да любой бяссэнсоўнасці, яе цяжка завучваць, бо немагчыма ставіць лагічныя меткі і праводзіць лагічныя сувязі. Гэты хаос трэба доўга спасцігаць, на што ў Мікіты часу няма. Як толькі новы дэман пачынае афармляцца ў Мікіце, яму ўжо патрабуецца новы. Праз гэта з'яўляецца разгубленасць, свет робіцца бессэнсоўным, ён поўніцца пустымі словамі, якія раней былі заклёнамі, але нацяпер з'яўляюцца чыстым хаосам!
Мікіта напаўняецца моўным смеццем. Яго свядомасць пачынае бурліць пустымі аб'ёмамі паняткаў, імёнамі міфічных істотаў, назвамі дзеяннеў, якіх ў сапраўднасці ніколі не было. Гэтыя вербаліьныя астаткі разнастайных магій змешваюцца ў ім, прыгатоўваючы сваеасаблівы суп у галаве Мікіты. Ён кажа словы, якія ўжо згубілі сваю актуальнасць. Ён хоча быць значным, але выглядае камічна. Мікіта спрабуе падпарадкаваць сабе рэчаіснасць, але ж рэчаіснасць авалодвае ім сама.
У гэтую хвіліну знікае магія. Яна раствараецца ў разнавектарных намаганнях. Мікіта не можа стварыць магічную прастору, не можа дабіцца ўрачыстаці для прамаўлення, ды і само прамаўленне мае вялікія заганы. Дзеля ўласнага ўратавання ён можа толькі сімуляваць магію, зрабіцца падробшчыкам чужых ідэалогій. Ён мусіць казаць ідэалагічныя меткі, каб чужыя прынялі яго за свайго. Такія дзеянні яму патрэбны выключа для выжывання, каб тыя, што прыходзяць, пакідалі яго ў спакоі, давалі яму магчымасць выжыць і дачакацца стабілізацыі рэчаіснасці. Адзінае, што ён можа зараз рабіць - гэта пускаць пыл у вочы чарговаму акупанту. І рэчаіснасць стабілізуецца. Змены павінны набраць крытычную масу, каб перамагла пэўная карціна свету, дзе магічныя законы вяртаюць уласную сілу, а дэманы лёгка ўсяляюцца ў новых гаспадароў. Тады тысячы экзарсістаў выходзяць на паляванне. Старыя дэманы страцілі повязь з рэчаіснасцю, але ж яны ўносяць замнога хаосу ў новы ідэалагічны космас. Іх ужо шукаюць па старых словах і думках, улоўліваюць кожны подых, спрабуючы пачуць тленне і раскладанне паўмёртвага духу. Паляўнічыя трымаюць порах сухім, а срэбныя кулі змазанымі. Гэтыя экзарсісты самі апантаныя дэманам, але гэта іх зусім не бянтэжыць.
Як раз сведчанні такога экзарсіста і прапаноўвае Андрэй Мрый.
«Я ведаю, маці, як сябе трымаць! Ці ж я людзей не бачыў? Ці мне гэта ў першы раз?»
Кажа Самсон Самасуй выдаючы у сябе мага і экзарсіста. Самсон працуе ідэолагам, ён слугуе духу. Яго праца - пісаць магічныя трактаты ў мескую газету і прамаўляць заклёны на партыйных сходах.
Сходы праходзяць у сакральным месцы - былой сінагозе. Словы прамаўляюцца, калі усё памяшканне ўпрыгожана сотнямі чырвоных лентачак, дзе золатам выведзены новыя заклёны - лозунгі партыі. Сотні людзей прыходзяць, каб прызваць духа і паспрабаваць усяліць яго ў сябе. Яны прыходзяць ужо прадрыхтаваныя, ужо падначаленыя, ужо гатовыя для прамаўлення заклёнаў, але Самсон не здатны правільна прамаўляць іх. Ён у цяжкім становішчы, калі дэман перастае падначальвацца свайму гаспадару. Гаспадар хоча кантроля за дэманам у пошуку дэвідэнтаў, але ў гэтакай сітуацыі дэвідэнты ад дэмана варта чакаць толькі ў выпадку поўнага яму падпарадкавання.
Да немагчымасці зладзіць са сваім дэманам літаратурная крытыка спасылалася на недахоп таленту у Самсоне Самасуе, а ўсіх згаданых герояў называла не інакш як «прыстасаванцамі». На спраўдзе ж, прыстасаванне мела месца толькі ў непростых умовах хаосу, як толькі сітуацыя стабілізавалася гэтыя людзі пачыналі актыўна змяняць рэчаіснасць прамаўляючы заклёны. Яны пачыналі ўмешвацца ў рэчаіснасць, прыламляць яе згодна з уласнай пажадай, хай то пажада да грошай, улады, ці прыгожай яўрэйскай жанчыны. Тут рэчаіснасць змяняе свой агрэгатны стан, а перад рэалізацыяй заклёна зноў жа такі пачынала водарыць азонам, не здарма ж Кручкоў начыста абадраў пінскую шляхту, а Самсон Самасуй прымусіў шапялёўскіх камуністаў удзельнічаць у сваёй парнаграфічнай пастаноўцы.
Кожны раз, калі з'яўляліся праблемы, гэтыя праблемы былі тэхнічнага, а не канцэптуальнага характару. Гэтыя чужыя словы, словы, якія ператвараюцца ў паўзразумелае бурчанне прымушалі да змены рэчаіснасці. За гэтымі словамі рэхам стаяла вялікая сіла і словы дзейнічалі да той пары, пакуль гэтая сіла была актуальнай. Гэтыя словы не мелі граматычнага сэнсу не для тых хто іх прамаўляў, не для тых, хто іх слухаў. Сэнс заклёнаў і ёсць у тым, што ён знаходзіцца ў практычна-матэрыяльнай рэалізацыі заяўленага сэнсу, у той час, калі пры прамаўленні гэтага сэнсу няма.
1.2.Экзарсісты
Цяпер варта звярнуцца да сапраўдных экзарсістаў, а не да шаманаў, якія могуць як усяляць так і выганяць дэманаў. Варта звярнуцца да сілы, якая заўсёды супрацьстаяла магіі такога роду; сіле, якую «сам люцыпар не раскідае, бо мы служым вялікай ідэі вызвалення».
Уласнакажучы, чаго дрэннага ў тым, каб, карыстаючыся заклёнамі, выпатрабоўваць сабе сякія-такія дэвідэнты? Што кепскага ў тым, каб імітуючы магічныя меткі, выратоўваць уласнае жыццё? Што ёсць недапушчальным, калі чалавек хоча падпарадкаваць сабе свайго дэмана, зрабіць рэчаіснасць прадказальнай для сябе, такой, якая адпавядае ягоным паняткам пра рэчаіснасць?
Але ж вернемся да Кручкова. Яго прававая дзейнасць знаходзіцца цаклам па-за прававым статусам. Усе заклёны, усе магічныя дзеянні, ад якіх пачынае водарыць навальніцай, у першую чаргу водараць крыміналам і грэблівым стаўленнем да закону. Любы маг накшталт Кручкова замяняе закон сваімі заклёнамі. Ён грэбуе людскім законам, аддаючы перавагу заклёнам. Актыўнае карыстанне дэкларатывамі вядзе да дэвальвацыі права, права перастае быць кіроўнымі правіламі рэчаіснасці. Рэчаіснасць змяняецца не законамі, але ж магіяй, калі больш дакладна, воляй адной асобы.
Гэтакім прававым нігілізмам характаразуюцца і другія нашыя героі. Як Самсон Самасуй, так і Мікіта Зносак у аднолькавай ступені грэбліва ставяцца да закону. Хоць яны абодва чыноўнікі, а значыць падначаленыя закону, з дапамогай сваёй магутнай магіі яны прыламляюць закон, робяць закон сваёй зброяй, якую можна карыстаць так, як патрэбна ім самім. Яны дзейнічаюць з лепшых жаданняў, але ж жаданні гэтыя вядуць толькі да іх уласнага ўзбагачэння ці кар'ернага росту. Для іх дабро не ў наступствах следавання літары закону, дабро для іх - іхняя ўласная добрая воля.
Магія скасоўвае закон. Прэарытэт пачынае мець не заканадаўчая, але выканаўчая ўлада. Хто карыстае магічныя законы дэкларатываў, хто практычна карыстае законы, той і змяняе рэчаіснасць, той і з'яўляецца гаспадаром рэчаіснасці, а значыць усе іншыя знаходзяцца ў падначаленні да яго. Яны могуць апеляваць не да закону, які нічога не вырашае, але да чараўніка, заклінальніка, шамана, які за малую мзду зробіць тое, што вам спатрэбіцца. Якасць магіі залежыць выключна ад таленту і пасады заклінальніка, а таксама ад колькасці тых заклінальнікаў на квадратны метр дзяржаўных пасадаў. Чым больш заклінальнікаў, тым большая інфляцыя магіі. Чым глыбей карупцыя сістэмы, тым меней мзда, але і тым болей пагарда да закону. Чым большая пагарда да закону, тым меньшая справядлівасць, калі тут ўвогуле можна весці гаворку пра справядлівасць. Бо магія - гэта звышнатуральнае дзеянне, гэта ўлоўка, абыход закону. Яна можа ўраўняць слабога з моцным, але ж гэта будзе ўсё адно не справядліва, гэта будзе толькі па-шчырасці.
Але ж з'яўляецца пытанне: чаму, з якой прычыны такія магі, накшталт Кручкова, не паўсталі раней? Раней жа таксама былі іншамоўныя дэманы, старажытныя магічныя заклёны і артыфакты. Чаму Кручкоў паўстае толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, хоць магчымасці для ягонага паўставання былі і раней?
Кручкоў зрабіўся магчымым толькі тады, калі уніяцкая царква была скасавана, каталіцкая царква адсунута, Статут ВКЛ адменены, а бюракратычны апарат заменены па расейскаму ўзору. Калі ў часы РП закон стрымліваў развіццё практычнай ідэалагічна-бюракратычнай магіі, то «добрая воля» часоў Расейскай Імперыі прапанавала вялікі набор кампенсацыйных мерапрыемстваў асабліва шпаркім прадстаўнікам тутэйшага чынавецтва. Калі раней стрымліваючай сілай былі закон, саслоўе і адмысловая практычная тэалогія, якая ўзвышала статус дамовы, як юрыдычнага сродку, а юрыдычныя сродкі ставіла перад усім, то ў новых умовах усе прававыя перамогі старажытных адыйші на маргінес. Наступілі новыя часы неабмежаваных магчымасцяў, ува ўмовах абмежаванай свабоды. Зрабілася магчымым выбудаваць простую кампенсацыйную лінію, якая звадзілася да простага пераймання расейскага ўзору праўлення з умовай суцэльнага неразумення саміх яго механізмаў. Новы закон пачынае быць як бы па-нарошку, бо гэта тая рэальнасць, якую бачыць мясцовае насельніцтва ў сур'ёзнай і ідэалагічна выверанай працы імперскіх чыноўнікаў.
«Памыляецеся, пані рэгістратар. Ваша лінія не простая - а крывабокая, - цямняцкая ваша лінія і ўжо вядзе вас туды, адкуль не варочаюцца».
Так выходзіць на сцэну сапраўды экзарсіст - Янка Здольнік, настаўнік. Ён кажа пра вызваленне і пра крывабокую сцежку Мікіты Зносака. Ён кажа пра дзіўную, новую, сваю краіну, але ж збольшага кпіць з Мікіты і жарты гэтыя разбураюць усю ўрачыстаць прамаўлення заклёнаў. Заклёны губляюць сваю магічную сілу. Гэтая раптоўная сіла сваёй фізічнай немаччу, сваёй інтэлектуальнай няздольнасцю, сваёй жыццёвай кволасцю выклікае абурэнне і незадаволенасці ў Мікіты Зносака. Бо сіла, жыццёвая энергія ёсць здольнасцю карыстаць магічныя заклёны, здольнасцю прымушаць набор бязглуздых, бяссэнсоўных словаў дзейнічаць, з той толькі праблемай, што сіла гэтая ідзе не ад тых, хто прамаўляе заклёны. Сіла ідзе ад тых, хто гэтыя заклёны ўкладае ў вусны магам. Як жа тады гэтыя слабыя, гэтыя немачныя насмешнікі з магіі могуць разбураць яе?
«Мікіта: Для асоб з глухой вёскі, мамзэль, можа, яны і смешныя, а для менскай рускай, меджду протчым, інтэлегенцыі яны зусім сур'ёзныя людзі.
Янка: Такія сур'ёзныя, пане совбур, як і сягоннешні выгляд вашай хаты, асабліва гэтыя хвасты ад шпалераў ды абразы задам наперад».
Гэтыя насмешкі, гэтыя кпіны слабога, няздольнага, кволага інтэлектуальнага нуля, які не разбіраецца ў палітычнай сітуацыі і ў старажытных рытуалах адпявання ўлады падрываюць аўтарытэт магіі. Магія ставіцца пад пытанне, а сапраўдная яе наяўнасць адмаўляецца. Прыходзіцца паўтараць і паўтараць для сябе, што метад гэты сапраўдны, што гэта не гульня, а сур'ёзная зброя. У адваротным жа выпадку прыходзіць паняверка і парыванне тых дзівосных сувязяў, якія злучалі завучаныя за гады словы з аб'ектыўнай рэальнасцю. Як толькі з'яўляецца гэты Янка Здольнік, які толькі і ведае, што блазнаваць ды кпіць з велічных намаганняў калежскага рэгістратара, жыццё Мікіты Зносака губляе каляіну. Усё пачынае разбурацца, а сам ён патрапляе ў лапы чарговага акупанта.
Парыванне з крыніцай моцы, парыванне з крыніцы сілы вядзе да безабароннасці, вядзе да кволасці дэманаў. І дэманы супраціўляюцца, яны скаляцца, яны ашчаціньваюцца, яны кажуць непрыхаваную хлусню і тым самым выдаюць сябе. Цяпер ім можна даць сапраўднае імя, лукаўства робіцца відавочным.
«Ад партыі?», - пераходзіць у наступ дэман, адчуваючы небясьпеку!
«Не, мы так, самі па сабе».
А тады ўжо ў іншым месцы, бо для дэмана вольнасць ад партыі, гэтае «самі па сабе», наўпрост жах, гэта нішто іншае як абарваныя карані з крыніцай жыцця. Цяпер дэман вымушаны змагацца не супраць іншага дэмана, а значыць выкарыстаць магчымасцць бязглуздзіцай перамагчы іншую бязглуздзіцу. Тут зброя патрэбна значна мацнейшая - ідзе ў ход хлусня і шэльмаванне, дэман пачынае корчыцца ў асобе, а з тым высвечваецца сапраўдная сутнасць гэтага героя: «Мы доўга слухалі паніча, і хоць ён казаў, што належыць да сацыялістаў-рэвалюцыянераў... і належыць нават да нейкіх рэ-ва-лю-цы-я-не-раў, быццам бы то самых насскіх, але ж ці пачулі мы ад яго, калі ж будзем дзяліць панскае дабро? Чаму не можам цяпер падзяліць? Ці чулі мы ад яго, чаму не можам зараз жа спыніць ім-пе-ры-я-ліс-тыч-ну-ю вайну? Ці чулі вы ад яго, што гэта за людзі ідуць па беларускаму спіску нумар восьмы? Не, не чулі! А там ідуць напэўна адны паны, якія кіруюцца, каб як лаўчэй абдурыць мужыка».
Хлусня і крыўлянне не толькі асноўныя рысы выкрыцця дэмана, але ж гэта і сродак ягонага абезбройвання. Дэмана нельга выцягнуць хірургічна, нельга зрабіць спецыяльнае зелле, дзякуючы якому гаспадар здольны лёгка акрыяць ад дэмана, нельга пабудаваць такую кропельніцу ці такі распіратар, якія бы дапамаглі зладзіць выгнанне дэмана медыцынскім шляхам. У гэтым выпадку не дапамагаюць ні іншыя заклёны, ні шаманскія танцы, ні нават святая вада. У такой сітуацыі альбо забіваюць кол, тым самым забіваючы гаспадара, але не чапаючы дэмана, альбо разаблачаюць яго. Разаблачаны дэман не здольны болей утрымлівацца ў розуме гаспадара. Разаблачэнне парывае сувязі дэмана з рэчаіснасцю. Выяўляецца хлусня, якой дэман наводзіў жах на людзей. Робіцца відавочным тое, што ўсе моцныя і трывалыя сувязі, уся правераная дэтэрмінацыя і ланцуг каўзальнасцяў на праўду з'яўляюцца хлуснёй і падманам. Яны не маюць аніякіх стасункаў з рэальнасцю, а значыць дэман ёсць не сапраўднай сілай, а хітрым махляром, які добра ведае сваю справу:
«Вось з гэтых словаў і відаць, што дзіўнае зусім ня дзіво: "крамка" з пакупным патрыятызмам, якую адкрыў пан Саланевіч у рэдакцыі "Бел.Ж." хочэ зніштожыць свайго канкурэнта, тады і гандаль пойдзе байчэй».
У рэшце-рэшт дэман можа раскрыць і свае карані:
«Меджу протчым, не забывайте, пане беларус, што я найздольнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі і Саланевіча».
Такім чынам зразумелым робіцца адно: павінен паўстаць такі чалавек, які першапачаткова, да Скрынчанкі і Саланевіча, навучыць людзей справядлівасці, то бок праўдзівай рэпрэзентацыі рэчаіснасці, і гэтакі герой паўстае. Беларуская літаратура апантана настаўніцтвам. Настаўнік жыве ў тых, хто піша, і ў тых, пра каго пішуць. У Коласаўскіх «На ростанях» уся трылогія апавядае пра настаўніка, які змагаўся з шэльмаваннем на Палессі. «Тутэйшыя», «Дзве душы», «Запіскі Самсона Самасуя» - настаўнік з'яўляецца як цень бацькі Гамлета, як цень, які крычыць пра справядлівасць рэпрэзентацыі, прычым гэтая справядлівасць генетычная.
Каментарыі (4)
|
# Игорь
10.08.2009 12:06 |
Действительно, магия в быте белоруса, впрочем, как и наших соседей (особенно литовцев, латышей, украинцев) занимает особое место. Зачастую посерьезнее всякого НЛП работает. Привороты разные никто не отменял (особенно если в них верить, ведь мысль, как сказали наши великие вожди, материальна). Сходить чтоль перечиталь "Мифологии" Барта? Что-то вспомнилось. |
|
# Aliaksei
11.08.2009 14:10 |
Здаецца, How to Do Things With Words - гэта назва кніжкі Остына, а не яго вучня Сёрля. Аналёгія магіі і дэкляратываў - цікавая, але гэта ўсяго толькі аналёгія. Паўстае пытаньне, наколькі яна эўрыстычная? Канечне, мэтафорыка магіі і чараўніцтва ў сацыяльных навуках мае сталую традыцыю (прыгадайма, да прыкладу, таго ж Бурд'ё - "палітычны фэтышызм"). Але што яна дае ў пляне аналітыкі сацыяльнай рэальнасьці - у дадзеным выпадку? У любым выпадку параўнаньне прыгожае, хоць мейсцамі і прыцягнутае за вушы. На маю думку, з літаратурна-мастацкага гледзішча тэкст значна больш прывабны, чымсьці з навуковага. Вельмі якасная мова, стыль, паэтычнасьць. Выразна адчуваецца ўплыў спадара францішака_н |
|
# Smaliakou
12.08.2009 09:35 |
Kniha sapraudy Oscina, alie zh tam nie pra knihu razmova, a pra perfarmatyunyja dziejaslovy, alie zhadzhusia, szto spasylka mozha vyklikac' pytannie. |
|
# minski_gaon
26.08.2009 14:41 |
Фуко на белорусском материале. Круто! Только Фуко был не столько теоретиком, сколько практиком. И все свои идеи: истоки сексуальности, насилия и прочее проверял на себе. В этом плане он стал столпом последней волны сексуальной революции. Книги Фуко - это, в первую очередь, то, что было адресовано богемным кругам (таким же как он "экспериментаторам" - завсегдатаям фетиш-, гей- и садомазохистских клубов) и только потом он стал достоянием массовой культуры благодаря этой самой сэксуальной революции. В этой связи вопрос. А кому адресованы эти тексты, выполненные в традиции Фуко (генеалогия и т.д.)? Кто целевая аудитория? Есть какие-то экспериментальные клубы? Есть ли шанс у этих идей стать массовыми? |








