Сацыяльнае канструяванне рэальнасці ў беларускім афіцыйным дыскурсе
Серыю публікацый бакалаўрскіх і магістарскіх прац выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта мы распачынаем артыкулам "Сацыяльнае канструяванне рэальнасці ў беларускім афіцыйным дыскурсе", падрыхтаваным на аснове магістарскай працы выпускніцы філасофскага факультэта ЕГУ Юнэлі Сальнікавай. Напрыканцы артыкула Вы таксама можаце знайсці спасылку на поўную версію магістарскай працы Юнэлі.
Канструктывізм як напрамак сацыяльнай тэорыі прапануе падыход, пры якім сацыяльная рэальнасць не разглядаецца як дадзенасць і нязменная фактычнасць. На пытанне “Ці ствараецца свет нашай уласнай актыўнасцю?” сацыяльныя канструктывісты адказваюць станоўча.
Пад канструктывісцкім тэзісам “факты канструююцца” маецца на ўвазе, што факты знаходзяцца ў залежнасці ад пэўных чалавечых дзеянняў і ўзаемадзеянняў. Сацыяльны канструктывізм цікавіцца прыродай, паходжаннем і функцыянаваннем сацыяльных фактаў, то бок інтэрсуб’ектыўным разуменнем. У сэрцы канструктывісцкай тэорыі індывід разглядаецца як сацыяльнае стварэнне, якое збірае веды і развівае ідэнтычнасць праз пастаянныя сацыяльныя інтэракцыі. Адпаведна, калі мы кажам пра сацыяльнае канструяванне рэальнасці, то пад рэальнасцю разумеем сістэму інтэрсуб’ектыўных меркаванняў і дэфініцый, якія былі спрадукаваныя і працягваюць прадукавацца ў сацыяльных інтэракцыях.
Канструктывізм прыцягальны, бо раскрывае ролю індывідаў ў працэсе канструявання рэальнасці і дае адметны падыход да разумення грамадства. У адрозненне ад натуралістычных мадэлей, сацыяльны канструктывізм не пакідае сацыяльныя інстытуцыі ў бэкграўндзе, а прадстаўляе іх як прадукт дзейнасці актараў.
Сацыяльная рэальнасць – гэта своеасаблівая “гульня” сацыяльных інтэракцый. У гэтай “гульні”, зразумела, не ўсе “гульцы” маюць аднолькавую ролю, пазіцыю і ўладу. Паколькі “рэальнасць” – гэта пераважна веды пра гэтую “рэальнасць”, тыя гульцы, якія валодаюць і кантралююць веды, маюць дамінантную ролю ў гульні.
У Беларусі дзяржаўны апарат як сацыяльны агент мае манапольную ўладу ўплываць на партыкулярныя дыскурсы і партыкулярныя бачанні ў грамадстве. У дадзеным артыкуле я спрабую паказаць, што, па-першае, сённяшняя беларуская ўлада здолела за адносна невялікі тэрмін стварыць устойлівы інстытуцыянальны парадак, праз які транслюе сваё бачанне сацыяльнага свету; і, па-другое, дзеля ўласнай легітымацыі афіцыйны дыскурс эфектыўна выкарыстоўвае як экспліцытныя дактрыны, так і датэарэтычныя сродкі, якія ў паўсядзённым жыцці не рэфлексуюцца і адпаведна не ўсведамляюцца як навязаныя звонку. Оптыка сацыяльнага канструктывізму дазваляе выявіць, што ўладны дыскурс, маючы першынство ў канструяванні сацыяльнай рэальнасці, сам з’яўляецца прадуктам гэтай рэальнасці. Рэканструкцыя ягонага генезісу дапамагае ў аднаўленні “чалавечай” логікі ягоных сацыяльных інстытуцый. Такім чынам, галоўнай мэтай майго артыкула становіцца адказ на пытанне: якім чынам прыватнае азначэнне рэальнасці з боку дзяржавы становіцца аб’ектыўнай фактычнасцю, то бок як канструюецца беларуская рэальнасць.
У якасці эмпірычнага матэрыялу я выкарыстоўваю тэксты газеты “Советская Белоруссия”, органа Адміністрацыі прэзідэнта, за апошнія 15 год – за перыяд прэзідэнцкага кіравання Аляксандра Лукашэнкі (другая палова 1994 – 2009гг.). Афіцыйнае выданне з’яўляецца наўпроставым правадніком уладнага дыскурса і, на маю думку, дастаткова поўна раскрывае яго асноўныя ідэі, веды, практыкі і спосабы іх прадукавання. Фармат газеты прадугледжвае набор тэкстаў, розных па жанрава-стылёвай і тэматычнай накіраванасці, візуальнай прэзентацыі, эмацыйнай выражанасці і рознай ступені экспліцытнасці, што дазваляе, па-першае, рэканструяваць сам кантэнт, веды, якія транслюе ўлада (кагнітыўны ўзровень), і па-другое, ацаніць ролю афіцыйнага дыскурса ў канструяванні беларускай сацыяльнай рэальнасці (практычны ўзровень).
Яшчэ раз пра сацыяльны канструктывізм
Канцэпцыя Пітэра Бергера і Томаса Лукмана
Каб прадставіць асноўныя палажэнні сацыяльнага канструктывізму, я звяртаюся да канцэпцыі Пітэра Бергера і Томаса Лукмана, выкладзенай у кнізе “Сацыяльнае канструяванне рэальнасці. Трактат па сацыялогіі ведаў” (1966). Мая ўвага да названых аўтараў абумоўлены іх прызнаным першынством [Creswell: 2003] у фармуляванні канструктывісцкіх ідэй, звязаных з аналізам сацыяльных інстытутаў, працэсаў сацыялізацыі і інстытуцыяналізацыі.
Далучаючы сваю тэорыю да сацыялогіі ведаў, Бергер і Лукман адзначаюць, што лічаць “ведамі” ўсялякія веды, нягледзячы на іх абгрунтаванасць ці неабгрунтаванасць, а таксама пазнавальную каштоўнасць (праўдзівасць ці памылковасць). Аўтары выходзяць на ўзровень штодзённасці і падкрэсліваюць, што галоўным фокусам сацыялогіі ведаў з’яўляюцца паўсядзённыя веды; дысцыпліна павінна займацца тым, што людзі “ведаюць” як “рэальнасць” у іх паўсядзённым, (не-) датэарэтычным жыцці. То бок сацыялогія ведаў, па перакананні Бергера і Лукмана, павінна займацца аналізам сацыяльнага канструявання рэальнасці.
Бергер і Лукман звяртаюцца да фенаменалагічнага аналізу як найбольш адпаведнаму для высвятлення грунту ведаў у паўсядзённым жыцці, паколькі фенаменалагічны аналіз паўсядзённага жыцця (ці хутчэй яго суб’ектыўнага ўспрымання) устрымліваецца “як ад прычынных і генетычных гіпотэзаў, так і ад сцвярджэнняў датычна анталагічнага статусу аналізуемых феноменаў” [Бергер и Лукман: 1995, 39].
Бергер і Лукман сярод базавых фармулююць паняцці хабітуалізацыі, інстытуцыяналізацыі, аб’ектывацыі, рэіфікацыі, легітымацыі.
Усялякая чалавечая дзейнасць падпадае пад хабітуалізацыю, якая прадугледжвае, што дзеянне можа быць здзейснена ў будучым тым жа самым спосабам і з тым жа практычным намаганнем. Хабітуалізацыя папярэднічае любой інстытуцыяналізацыі. Апошняя мае месца ўсюды, дзе адбываецца ўзаемная тыпізацыя звыклых дзеянняў дзеячамі рознага кшалту. З перадачай новаму пакаленню сацыяльныя ўстановы “ў якасці гістарычных і аб’ектыўных фактычнасцей паўстаюць перад індывідам як неаспрэчныя факты” [Бергер и Лукман: 1995, 101].
Трэба заўжды памятаць, папярэджваюць сацыёлагі, што аб’ектыўнасць інстытуцыянальнага свету – гэта сканструяваная аб’ектыўнасць. Працэс, калі экстэрналізаваныя прадукты чалавечай дзейнасці набываюць характар аб’ектыўнасці, называецца аб’ектывацыяй. На сваім завяршальным этапе аб’ектывацыя набывае форму рэіфікацыі, калі індывід забывае пра сваё аўтарства ў справе стварэння чалавечага свету ці ў яго няма разумення дыялектычнай сувязі паміж чалавекам-стваральнікам і яго творамі.
Яшчэ адно паняцце, якое ўводзяць Бергер і Лукман, гэта легітымацыя як сэнсавая аб’ектывацыя “другога парадку”. Функцыя легітымацыі заключаецца ў тым, каб “зрабіць аб’ектыўна дасягальнымі і суб’ектыўна верагоднымі ўжо інстытуцыяналізаваныя аб’ектывацыі “першага парадку” [Бергер и Лукман: 1995, 150].
Найвышэйшы ўзровень легітымацыі складаюць сімвалічныя універсумы – сістэмы тэарэтычнай традыцыі, у якіх змешчаны разнастайныя галіны значэнняў і інстытуцыянальны парадак ва ўсёй яго сімвалічнай цэласнасці. Сімвалічны універсум разумеецца “як матрыца ўсіх сацыяльна аб’ектываваных і суб’ектыўна рэальных значэнняў; цэлае гістарычнае грамадства і індывідуальная біяграфія разглядаюцца як з’явы, якія адбываюцца ў межах універсуму” [Бергер и Лукман: 1995, 157]. Сімвалічныя універсумы вычарпальна інтэгруюць усе адасобленыя інстытуцыянальныя працэсы і надаюць ім сэнс.
Сацыяльная імажынерыя (Чарльз Тэйлар)
Для разумення беларускай сацыяльнай рэальнасці мне падаеццца важным увесці яшчэ адзін тэарэтычны канцэпт – сацыяльную імажынерыю[1].
Адным з першых тэрмін “сацыяльная імажынерыя” (social imaginary, социальное воображаемое) стаў ужываць Карнеліўс Кастарыядыс, які казаў пра тое, што кожнае грамадства стварае сацыяльную імажынерыю, якая дэтэрмінуе грамадскія каштоўнасці і інстытуцыі, што ўвасабляюць яе. Сацыяльная імажынерыя – гэта ідэальная праекцыя таго, якім грамадства хацела б бачыць свае інстытуты, а не тое, чым яны з’яўляюцца насамрэч [Касториадис: 2003].
У артыкуле я выкарыстоўваю паняцце сацыяльнай імажынерыі ў тым сэнсе, у якім фармулюе яго Чарльз Тэйлар, а менавіта: як “шляхі, праз якія людзі ўяўляюць сваю сацыяльную экзістэнцыю, як яны падыходзяць адзін адному, якія маюць чаканні і якія глыбейшыя нарматыўныя паняцці і вобразы ўгрунтаваны ў гэтых чаканнях” [Taylor: 2005, 23].
Тэйлар паказвае адрозненні паміж сацыяльнай імажынерыяй і сацыяльнай тэорыяй. Па-першае, сацыяльная імажынерыя ўключае ў сябе ўсё тое, якім чынам звычайныя людзі ўяўляюць сваё сацыяльнае атачэнне, і гэта не заўсёды выражаецца ў тэарэтычных тэрмінах, але ў вобразах, гісторыях і легендах. Па-другое, тэорыяй часта валодае меншасць, тады як сацыяльная імажынерыя тычыцца вялікіх групаў людзей (калі не ўсяго грамадства). І трэцяе адрозненне: сацыяльная імажынерыя – гэта тое агульнае разуменне, якое робіць магчымым агульныя практыкі і шырока падзелены сэнс легітымацыі [Taylor: 2005, 24]. Тое, што Тэйлар называе сацыяльнай імажынерыяй, пашыраецца за межы непасрэднага фонавага разумення, якое надае сэнс партыкулярным практыкам. Шырэйшае схопліванне гэтага канцэпта не мае дакладных межаў. Гэта якраз прырода таго, што сучасныя філосафы апісваюць як “бэкграўнд”. Гэта насамрэч “у значнай ступені неструктураванае і неартыкуляванае разуменне нашай цэлай сітуацыі, унутры якой партыкулярныя рысы свету выяўляюць свой сэнс” [Taylor: 2005, 26].
Калі ісці за Тэйларам, то канструяванне рэальнасці адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння ідэй, практык і сацыяльнай імажынерыі. Пры гэтым, як правіла, складана адказаць на пытанне “Што выклікае што?” Агульнае правіла ў гісторыі, сцвярджае Тэйлар, – няма ніякага агульнага правіла, якое б ідэнтыфікавала адзін парадак матывацыі як заўжды рухаючую сілу. Ідэі заўжды ўваходзяць ў гісторыю абгорнутымі ў пэўныя практыкі, нават калі апошнія – гэта толькі дыскурсіўныя практыкі.
Грунтуючыся на гістарычных прыкладах мадэрных рэвалюцый у ЗША і Францыі, Тэйлар фармулюе тэзіс пра тое, што паспяховасць укаранення новых ідэй ці практык залежыць ад таго, наколькі бярэцца да ўвагі сацыяльная імажынерыя.
У выпадку ЗША народны суверэнітэт змог нарадзіцца, таму што ён меў зразумелае і неаспрэчнае інстытуцыянальнае значэнне – сіла старых рэпрэзентацыйных інстытуцый (выбарных асамблей) дапамагла праінтэрпрэтаваць новы канцэпт у практычных паняццях. І наадварот. Першыя няўстойлівыя гады Французскай Рэвалюцыі былі выкліканыя тым негатыўным фактам, што змена ад легітымацыі дынастычнага кіравання да народнага не мела ўзгодненага значэння суверэнітэта нацыі ў шырокай сацыяльнай імажынерыі. Сфармуляванае Тэйларам паняцце сацыяльнай імажынерыі і спробы яго прымянення на постсавецкай просторы пераконваюць у плённасці далейшых даследаванняў сучасных грамадстваў у падобным рэчышчы. Уласцівасць сацыяльнай імажынерыі быць гнуткім і шматмерным паняццем дазваляе ейнае ўкараненне пры аналізе розных сацыяльных феноменаў, прычым у розных традыцыях і цывілізацыях, а не толькі ў заходніх ліберальных дэмакратыях.
Рэканструкцыя некаторых установак сацыяльнага канструктывізму дазваляе выказаць папярэднія меркаванні датычна ролі дзяржавы ў сацыяльным канструяванні беларускай рэальнасці.
Калі храналагічна мы вызначаем беларускі афіцыйны дыскурс адрэзкам у 15 год, то можна казаць пра значную аб’ектывацыю дзяржаўных інстытуцый. За 15 год інстытуцыянальны парадак новай улады быў трансляваны не толькі некалькім генерацыям беларусаў, але і перададзены як мінімум аднаму пакаленню тых, хто гэты парадак падтрымлівае. Бергер і Лукман кажуць пра люстэркавы эфект пры перадачы інстытуцыянальнага парадку новаму пакаленню, дзякуючы чаму аб’ектыўнасць інстытуцыянальнага свету “павялічваецца” і “ўмацоўваецца” не толькі для “дзяцей”, але для заснавальнікаў гэтых інстытуцый. То бок можна фіксаваць, што ўжо толькі з улікам працягласці свайго існавання дзяржаўныя інстытуцыі здолелі атрымаць уласную самавідавочную рэальнасць і ў некаторых выпадках нават анталагічны статус. Таму, калі афіцыйны дыскурс артыкулюе формулы кшталту “Так гэта робіцца”, можна меркаваць, што нават для носьбітаў гэтага дыскурсу ўласны інстытуцыянальны парадак больш не падаецца празрыстым і зразумелым.
Паколькі сацыяльны канструктывізм сцвярждае важнасць аналізу ролей у сацыяльным канструяванні рэальнасці, падаецца апраўданым факусіраванне дадзенай працы менавіта на ролі дзяржавы як найбольш моцнага і паспяховага гульца ў полі сацыяльных інтэракцый. Забягаючы наперад, ужо цяпер можна адзначыць рэіфікаванасць пэўных ролей, калі частка самасвядомасці, аб’ектываваная ў ролі, успрымаецца ў якасці непазбежнага лёсу. Факт трэцяга (і відаць, не апошняга) тэрміна кіравання дзейнага беларускага прэзідэнта ўпісваецца ў парадыгму такой рэіфікацыі.
Можна канстатаваць, што ўлада ўсялякім чынам імкнецца, каб створаны ёй інстытуцыяналізаваны свет успрымаўся як рэіфікаваны, прыродны. Усе спробы альтэрнатыўных дыскурсаў рэканструяваць афіцыйныя практыкі, паказаць іх сканструяванасць (пры чым не такую ўжо і даўнюю) жорстка караюцца. Пра гэта сведчыць і сітуацыя з маргіналізаваннем альтэрнатыўнага (апазіцыйнага) дыскурса (дыскурсаў), і манапалізацыя ўладай публічнай прасторы, і пераслед незалежных навукоўцаў і інстытуцый. Дзіўным у гэтай сувязі падаецца свабодны дасяг да дакументаў найноўшай эпохі, у прыватнасці, да афіцыйнай газеты “Советская Белоруссия”, тэксты якой дазваляюць рэканструяваць дзяржаўны дыскурс, паказаць яго генезіс, чалавечую “прыроду” і адпаведна паставіць пад сумнеў ягоную відавочнасць і нязменнасць.
Беларускі афіцыйны дыскурс у газеце “Советская Белоруссия”
Газета “Советская Белоруссия”2 ад пачатку свайго існавання (1927г.) з’яўлялася выданнем органаў улады (ЦК КПб(Б), Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Кабінета міністараў пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) і адпаведна ўяўляе сабой унікальную крыніцу матэрыялаў, якія прадукуюць і прэзентуюць беларусам дзяржаўнае бачанне сацыяльнага свету. Ад 1995г. месца заснавальніка “СБ” займае Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што дазваляе лічыць “СБ” прыярытэтным медыя каналам прэзентацыі і самапрэзентацыі сённяшняга афіцыйнага дыскурса.
Газета выходзіць 5 разоў на тыдзень; яе наклад, пачынаючы з другой паловы 1994г., вагаўся ад 200 тысяч да 500 тысяч асобнікаў (самы нізкі наклад – каля 203 тысяч асобнікаў – фіксаваўся ў 1995г. у сувязі са складаным матэрыяльным становішчам выдання). Падобная працэдура ўлады сістэматычнага і бесперапыннага знаёмства са сваімі інстытуцыянальнымі значэннямі цалкам апраўдана і непасрэдна ўпісваецца ў палажэнне сацыяльнага канструктывізму пра легітымацыю інстытуцыянальнага парадку. Паколькі, як адзначаюць сацыяльныя канструктывісты, чалавечыя істоты лянівыя, няпамятлівыя, а часта яшчэ і глупыя, усялякая інстытуцыя дзеля падтрымання сваёй устойлівасці мусіць перманентна, а часам і навязліва (выпадкі прымусовай падпіскі на “Советскую Белоруссию” неаднаразова фіксаваліся) трансляваць спрошчаныя інстытуцыянальныя формулы, каб іх было лёгка вывучыць і запомніць наступным пакаленням.
Рэканструкцыя матэрыялаў “СБ” (агульная колькасць прагледжанага матэрыялу за перыяд другой паловы 1994-першай паловы 2009гг. складае прыблізна 4 тыс. нумароў, ці каля 18 тыс. друкаваных аркушаў) дае магчымасць адсачыць працэс станаўлення сённяшняга інстытуцыянальнага парадку ад моманту прыходу да ўлады першага прэзідэнта Беларусі.
Інстытуцыяналізацыя прэзідэнцкай улады ў 1994-1996 гг.
Аналіз першых гадоў прэзідэнцкай сістэмы кіравання на матэрыяле “СБ” дазваляе вылучыць два ключавыя аспекты ў інстытуцыяналізацыі афіцыйнага дыскурса. Па-першае, пераважная большасць ключавых дзяржаўных інстытуцый паўстала менавіта разам з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Па-другое, працэсы аб’ектывацыі і інстытуцыяналізацыі дзяржаўных значэнняў адбываліся ў накірунку ўмацавання і легітымацыі прэзідэнцкай улады, у тым ліку за кошт маргіналізацыі альтэрнатыўных палітычных суб’ектаў.
Першыя месяцы кіравання Лукашэнкі адзначыліся выразным трэндам фармавання прэзідэнцкай інстытуцыі. Сваю піянерскую ролю ў перабудове грамадства Лукашэнка адкрыта акрэсліў, выступаючы праз тыдзень пасля сваёй першай перамогі на сесіі Вярхоўнага Савета РБ: “Я как Президент заявляю вам, членам правительства… всё, что было до 10 июля, ушло в небытие. Перед нами открывается новая страница в истории белорусского народа” [СБ, 1994, 22 ліпеня] [3]. Ужо праз чатыры дні пасля абрання на пост прэзідэнта Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю, дзе адкрыта заяўляе пра маючыя адбыцца інстытуцыянальныя змены: “Сейчас идет перетряска былой правительственной структуры. Формируется “президентская вертикаль” – небольшая администрация-аппарат, своего рода “мозговой центр”, где будут работать толковые люди”[4] [СБ, 1994, 14 ліпеня]. Праз тыдзень Лукашэнка падпісвае “Указ аб утварэнні адміністрацыі Прэзідэнта” [СБ, 1994, 26 ліпеня].
Своеасаблівае захапленне выклікае энергія і паслядоўнасць Лукашэнкі ў накірунку да манапалізацыі ўлады. Сфармаваўшы за першыя паўтары месяцы кіравання ўласныя працоўныя органы – адміністрацыю прэзідэнта і Кабінет Міністраў пры прэзідэнце РБ – Лукашэнка звяртаецца да рэфармавання дзяржаўнага кіравання і эканомікі. Выступаючы ў верасні 1994г. на рэспубліканскай нарадзе кіраўнікоў мясцовага кіравання, Лукашэнка адкрыта дэкларуе сваё жаданне максімальна пашырыць паўнамоцтвы выканаўчай улады і стварыць “принципиально новую – президентскую – вертикаль власти” [СБ, 1994, 20 верасня].
Лукашэнка пазіцыянуе сябе адзіным прадстаўніком інтарэсаў народа, таму ён дэманстратыўна выключае з “гульні” іншых уплывовых палітычных суб’ектаў. Каментуючы незадавальненне Вярхоўнага Савета з нагоды стварэння Упраўлення справамі прэзідэнта, Лукашэнка ў інтэрвію расійскаму журналісту Андрэю Караулаву выказаўся наступным чынам: “Я просто хочу навести порядок, хочу, чтобы был один хозяин. Я буду хозяином, поскольку меня народ избрал…” [СБ, 1994, 31 жніўня].
Жорсткую лінію паводзін Лукашэнка прадпрыняў і датычна газеты “СБ”. Напрыканцы 1994г., ідучы насустрач патрабаванням дэпутатаў Вярхоўнага Савета, “СБ” двойчы (22 і 23 снежня) спрабавала надрукаваць на сваіх старонках даклад Сяргея Антончыка з абвінавачваннямі ў карупцыі сябраў каманды адміністрацыі прэзідэнта. Але абодва разы з тыпаграфіі газета выходзіла з пустымі палосамі, паколькі Лукашэнка забараніў друкаваць скандальны матэрыял. 28 снежня на старонках “СБ” былі змешчаны выключна рэкламныя матэрыялы, а ўжо 29 снежня 1994г. газета выходзіць за подпісам новага в.а. галоўнага рэдактара. У пачатку 1995г. заснавальнікам “СБ” становіцца Адміністрацыя прэзідэнта, а ў ліпені гэтага ж года Указам прэзідэнтам галоўным рэдактарам прызначаецца Павел Якубовіч, які кіруе “СБ” па сёння. Такім чынам, жорсткі прэсінг на цэнтральную дзяржаўную газету скончыўся перамогай прэзідэнцкай групоўкі, якая атрымала ў сваю капілку магутны медыя канал.
Першы за час прэзідэнцтва Лукашэнкі рэферэндум 14 траўня 1995г. (як зрэшты і два наступныя плебісцыты) выступае сімптомам інстытуцыянальных захадаў дзяржавы. Рэфэрэндум як беспасярэдні дыялог прэзідэнта з народам становіцца асобнай інстытуцыяй, якая выражае прынцыпы народаўладдзя ў Беларусі і адначасова легітыміруе дзейны інстытуцыянальны парадак. Паказальны ў гэтым сэнсе каментарый, які ад імя рэдакцыі “СБ” падаецца на першай старонцы непасрэдна перад днём рэферэндума: “Логично, что именно народ должен высказать свое мнение по важным вопросам, составляющим фундаментальные основы бытия. Никто не вправе лишать каждого отдельного человека иметь свою точку зрения, никто не вправе говорить “от имени” и “по поручению” [СБ, 1995, 11 траўня].
Іншымі словамі, ад пачатку ў афіцыйным дыскурсе адмаўляецца магчымасць існавання рэальных прадстаўнічых інстытуцый як пасярэднікаў паміж індывідамі і дзяржавай, уласцівых дэмакратычнаму грамадству. Прэзідэнцкая групоўка свядома і няўхільна ідзе на радыкальны, наўпроставы дыялог з безасабовым насельніцтвам, выштурхаючы ідэнтыфікаваных апанентаў на перыферыю.
Рэферэндум лістапада 1996г. канчаткова ўмацаваў прэзідэнцкую інстытуцыю, а менавіта Адміністрацыю прэзідэнта і асабіста прэзідэнта ў якасці адзінай легітымнай крыніцы ўлады ў краіне. На гэтым рэферэндуме “народ падтрымаў” змены ў Канстытуцыі, якія прадугледжвалі канцэнтрацыю ўсёй улады ў руках прэзідэнта і пераўтварэнне Вярхоўнага Савета, Канстытуцыйнага Суда і мясцовых органаў улады ў выключна фармальныя інстытуцыі.
Па сутнасці, тут быў выкарыстаны механізм негатыўнай легітымацыі, які Бергер і Лукман называюць анігіляцыяй [Бергер и Лукман: 1995, 187]. Незалежныя заканадаўчыя, судовыя і мясцовыя выканаўчыя органы, відавочна, уяўлялі сабой дэвіянтны феномен у прэзідэнцкай сістэме каардынат, прадукуючы і публічна транслюючы самастойныя інтэрпрэтацыі сацыяльнага свету. Прэзідэнцкая інстытуцыя надала сваім апанентам адмоўны анталагічны статус, што ўрэшце рэшт выключыла іх з сацыяльнай гульні. У выніку канкурэнты ўлады апынуліся ў становішчы “хранічных апазіцыянераў” (і гэта азначэнне ўлада дала сваім апанентам ужо на самым пачатку, хаця ў сярэдзіне 1990-х гг. яшчэ толькі адбывалася пераразмеркаванне палітычнай вагі!).
Гэты перыяд цікавы таксама ўзнікненнем у афіцыйным дыскурсе яшчэ аднаго механізма легітымацыі – наўпроставай размовы з “народам”, што аформілася ў асобны інстытут – так званы Усебеларускі народны сход.
Рэферэндум 1996г. стаўся ключавой падзеяй, пасля якой інстытуцыя прэзідэнцтва па статусу і паўнамоцтвах была ўжо больш недасягальнай для іншых актараў палітычнага поля. Разумеючы лёсавызначальнасць моманту, атачэнне Лукашэнкі сканструявала такую “форму прамой дэмакратыі”, як народны сход. Цягам двух дзён (19-20 кастрычніка 1996г.) “шло совещание народа и Президента” [СБ, 1996, 22 кастрычніка].
20 кастрычніка 1996г. “СБ” цалкам аддае свае старонкі пад даклад Лукашэнкі на Усебеларускім сходзе, што сведчыць пра высокія стаўкі ў дадзенай гульні сацыяльных інтэракцый. Лукашэнка ідзе на рызыкоўны крок, ад якога патыхае істэрычнасцю старажытных веча, а не сучасных еўрапейскіх форумаў, калі звяртаецца да дэлегатаў з мальбой: “В знак благодарности за мой труд прошу у вас только одного: не бросайте того, кому вы доверили свои судьбы, одного, особенно в это нелегкое время. Встаньте рядом, и мы будем непоколебимы” [СБ, 1996, 20 кастрычніка].
Рэзалюцыя Усебеларускага народнага схода, цалкам сканструяванага прэзідэнцкім атачэннем і пазбаўленага мінімальнай калектыўнай агентнасці (у тэрмінах Чарльза Тэйлара), не здзіўляе сваёй прадказальнасцю. У Рэзалюцыі асуджаюцца Вярхоўны Савет і Канстытуцыйны суд, якія “ствараюць напружанне ў грамадстве” і адмаўляюцца “ад пошуку шляхоў кампрамісу і агульнанацыянальнай згоды”. Пра поўную інсцэніроўку “народнага сходу” і сімуляцыю народаўладдзя сведчыць тая дэталь, што завяршае Рэзалюцыю фраза, якая з’яўлялася назвай вышэй узгаданага даклада Лукашэнкі – “Только сам народ вправе решить свою судьбу!” Падобна на тое, што аўтарам Рэзалюцыі і спічрайтарам Лукашэнкі з’яўлялася адна і тая ж асоба.
Прыкладна ў гэты ж час пачынае развівацца і іншы механізм легітымацыі ўлады – стварэнне так званых прадзяржаўных арганізацый, якія імітуюць наяўнасць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а насамрэч закліканы забяспечыць падтрымку прэзідэнцкай вертыкалі сярод розных слаёў насельніцтва – моладзі, жанчын, ветэранаў і інш. У чэрвені 1996г. на сустрэчы з рознымі моладзевымі арганізацыямі, якія паўсталі ў незалежнай Беларусі, Лукашэнка між іншым заўважае: “Все проблемы молодежных организаций – от разобщенности…” [СБ, 1996, 18 чэрвеня]. Ад таго часу пачынае сваю гісторыю прапрэзідэнцкая моладзевая арганізацыя, якая, у 2002г., паглынуўшы юрыдычна і маёмасна спадкаемцаў камсамола – Беларускі саюз моладзі[5], стала называцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ).
Такім чынам, аналіз інстытуцыянальных захадаў улады на матэрыяле “СБ” дазваляе зрабіць выснову, што прынцыпова сённяшні інстытуцыянальны парадак быў сфармаваны і юрыдычна замацаваны ў першыя два гады кіравання Лукашэнкі – 1994-1996гг. Ад пачатку афіцыйны дыскурс узяў паслядоўны курс на манапольнае валоданне дэфініцыяй беларускага сацыяльнага свету і стварыў прынцыповую рамку, у межах якой у далейшым развіваліся пераважна толькі адмысловыя механізмы канцэптуальнай машынерыі (легітымацыі).
Спосабы легітымацыі афіцыйнага інстытуцыянальнага парадку
Інстытут прэзідэнцтва апынуўся гнуткай і ёмістай структурай, якая магла надалей прадукаваць новы кантэнт і селектыўна ўспрымаць неабходныя для сябе кан’юнктурныя значэнні, не асцерагаючыся пры гэтым за сваю ўстойлівасць. Паспрабуем вылучыць узроўні легітымацыі, на якіх падтрымліваецца інстытуцыянальны парадак, сканструяваны прэзідэнцкай групоўкай.
Рэінтэрпрэтацыя савецкага мінулага. Легітымацыя пачынаецца тады, калі пачынае транслявацца сістэма лінгвістычных аб’ектывацый. Для інстытуцыянальнага парадку датэарэтычны ўзровень мае першаступеннае значэнне. Формулы датэарэтычнага ўзроўню ў сацыяльнай імажынерыі беларусаў – “тое, што ведае кожны”, “так ужо зроблены рэчы” – афіцыйны дыскурс, на наш погляд, удала задзейнічаў, калі звярнуўся да савецкага мінулага і свядома выкарыстаў працэс, які Чарльз Тэйлар называе рэтраспектыўная рэінтэрпрэтацыя. Гэта звязана з сацыяльнай імажынерыяй, калі новыя веды/практыкі не проста замяшчаюць папярэднія, а адбываецца пераасэнсаванне ключавых каштоўнасцей старой традыцыі.
Палітычная культура беларускага афіцыйнага дыскурса, відавочна, улічвае сацыяльную імажынерыю “савецкага ўзору” – нядаўняга мінулага беларусаў. На “савецкасць” афіцыйнага дыскурса звяртаюць увагу многія даследчыкі. У прыватнасці, гісторык Імке Гансен заўважае моцнае падабенства мовы беларускіх дзяржаўных інстытуцый з публічнай мовай у СССР [2].
У афіцыйным дыскурсе пераемнасць з ранейшай савецкай сістэмай забяспечылася імітацыяй народаўладдзя – выбарамі ў мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, рэферэндумамі, Усебеларускімі народнымі сходамі. Адметна, што імітацыяй народаўладдзя займаюцца абодва бакі – і дзяржава, і народ. Мэты першай больш-менш празрыстыя – умацаванне ўладных пазіцый ад імя народа, “галоўнай крыніцы ўлады”. Насельніцтва таксама ўключана ў гульню, таму што, па-першае, гэта “правільна” ў тэрмінах манапольнага азначэння рэальнасці, а па-другое, спарадычнае выкананне “грамадзянскага абавязку” вызваляе ад далейшай навязлівай увагі з боку ўлады (іншымі словамі – спрацоўвае прагматычны матыў штодзённага жыцця). Менавіта таму Уладзімір Фурс заўважае, што беларусаў нельга назваць “сацыяльнымі ідыётамі”, паколькі яны выкарыстоўваюць “сацыяльную двуаблічнасць – не проста карыслівы разлік, а інстынктыўную “падвойную бухгалтэрыю”: публічныя сацыяльныя ролі выконваюцца з эмацыйнымі інвестыцыямі і, адначасова, з цынічнай дыстанцыяй” [6, с.18].
Лукашэнка замяніў герб і сцяг квазісавецкімі сімваламі (рэферэндум 1995г.), зацвердзіў у якасці Дня незалежнасці дзень вызвалення Мінску ад нямецкай акупацыі (рэферэндум 1996г.), прапануючы такім чынам “сублімацыю вяртання ў савецкія часы”. У сітуацыі “прынцыпова немагчымага звароту да ранейшага сацыялістычнага ладу ён даў электарату сімвалічную замену гэтага вяртання” [4, с.43].
Рыторыка прэзідэнцкай вертыкалі абапіраецца на комплекс савецкіх міфалагем, што ўкараняліся савецкай ідэалагічнай машынай і функцыянавалі ў свядомасці электарата не проста як тэарэтычная рэфлексія, а на ўзроўні “здаровага розуму”. Такім чынам, сацыяльная імажынерыя, па сутнасці, санкцыянавала створаны Лукашэнкам інстытуцыянальны парадак.
Наратыўныя сродкі легітымацыі афіцыйнага дыскурса. Афіцыйны дыскурс апелюе таксама да наратыўных схем вытлумачэння. На гэтым узроўні звяртае на сябе ўвагу наяўнасць культурных герояў. У беларускай сітуацыі такі герой прысутнічае ад пачатку фармавання прэзідэнцкай інстытуцыі.
Прэзідэнцкая інстытуцыя не проста ўяўляе сабой манапольную сілу ў сацыяльнай гульні – існуе канкрэтны гулец Аляксандр Лукашэнка, асоба якога канстытуюе і падтрымлівае дзейны інстытуцыянальны парадак. Пазбавіўшыся палітычных апанентаў, Лукашэнка тым самым стаў адзінаасобным прадстаўніком народных інтарэсаў. Рыторыка прэзідэнта тычыцца не проста выканання абавязкаў кіраўніка краіны, а культава-казачнай ролі ўсенароднага самаахвярнага апекуна: “…хочу еще раз сказать, что у Президента нет другой опоры, кроме вас, кроме народа. У меня нет ни партии, ни денег. Смотрите, какой накат идет на белорусского президента у нас дома и из-за рубежа. Я выдержу любые нападки и давление, лишь бы было хорошо белорусскому народу” [СБ, 1996, 23 кастрычніка]. Нездарма сам Лукашэнка любіць ужываць у якасці самадэфініцыі слова “бацька”, што легітымуе ягоныя аўтарытарныя дзеянні і адпавядае неразвітаму дамадэрнаму тыпу мыслення шэраговых людзей: “Я обещал людям, что я буду, как они говорят, «батька». А «батька», имейте в виду, не только по головке гладит” [СБ, 2005, 29 снежня].
Знакавым з’яўляецца той факт, што беларускі пашпарт новага ўзору пад нумарам адзін дастаўся менавіту Лукашэнку [СБ, 1994, 22 ліпеня]. Не менш сімвалічным падаецца ўвядзенне правіла пісаць слова “прэзідэнт” у сэнсе “кіраўнік дзяржавы” з вялікай літары ў любым кантэксце (новая рэдакцыя “Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi”, распрацаваная Iнстытутам мовазнаўства Акадэмii навук i Мiнiстэрствам адукацыi і прынятая ў 2008г.).
Наратыўная рыторыка ўлады выяўляецца таксама ў пастаяннай прысутнасці “ворагаў” прэзідэнта і беларускага народа. Цягам усяго кіравання Лукашэнкі ў афіцыйным дыскурсе матыў “унутраных і знешніх ворагаў” з’яўляецца надзвычай папулярным, што апраўдвае хібы прэзідэнцкага кіравання і адначасова падтрымлівае вобраз Лукашэнкі як народнага абаронцы. У якасці ілюстрацыі дастаткова прывесці толькі крэатыўныя загалоўкі артыкулаў з “СБ” розных гадоў: “Подавляющее меньшинство? Пора угомониться…” [СБ, 2001, 27 верасня]; “Уже насосались” [СБ, 2001, 29 верасня]; “Еще раз о проворовавшихся” [СБ, 2001, 17 кастрычніка]; “Калифы на час” [СБ, 2001, 25 кастрычніка]; “Что в арсенале идеологических террористов?” [CБ, 2001, 22 лістапада]; “Выходцы из себя” [СБ, 2002, 21 верасня]; “Над пропастью во лжи” [СБ, 2002, 12 верасня]; “На западном направлении без перемен” [СБ, 2004, 13 лютага]; “В оппозицию девушка провожала бойца” [СБ, 2005, 12 студзеня]; “Бойтесь янки, дары приносящих?” [СБ, 2004, 8 кастрычніка]; “Кто такие «друзья народа» и как они воюют против белорусов?” [СБ, 2007, 22 чэрвеня]; “В Беларуси должна сформироваться оппозиция, любящая свой народ – А.Лукашенко” [СБ, 2008, 20 кастрычніка]; “А.Милинкевич назвал белорусских оппозиционеров маргиналами” [СБ, 2009, 2 сакавіка] і інш.
Выкарыстанне наратыўных сродкаў для легітымацыі інстытуцыянальнага парадку можа выступаць пэўным сімптомам. Прынамсі, калі я дакладна разумею думку Чарльза Тэйлара, ён лічыць, што наратывы з напаўміфічнымі героямі ды выкрыццём ворагаў выкарыстоўваюцца ў да(не)мадэрных грамадствах. Наратывы ж мадэрнага парадку спецыфічныя, паколькі яны прэзентуюць прынцыповыя характарыстыкі мадэрнай сацыяльнай імажынерыі – асновы дэмакратычнага кіравання, павагу да правоў чалавека, прыярытэт эгалітарных і чалавечых каштоўнасцей. Адпаведна ў мадэрных наратывах “гераізм, веліч душы разбураюцца, а першынство выключных людзей паглынаецца любоўю да пасярэдніцтва” [Taylor: 2005, 180]. Але адваротны шлях, нагадвае Тэйлар, правакуе таталітарныя выклікі ў выглядзе камунізму і фашызму.
Тэарэтычны ўзровень легітымацыі ўлады. Перш чым акрэсліць наступны ўзровень легітымацыі афіцыйнага дыскурса – тэарэтычны, яшчэ раз заўважу, што інстытуцыянальны парадак ствараўся прэзідэнцкай групоўкай з абсалютна празрыстай мэтай – персанальнага ўмацавання прэзідэнта Беларусі і яго бліжэйшага атачэння. Такой транспарэнтнасцю між іншым можна вытлумачыць стабільныя пазіцыі першага і пакуль апошняга прэзідэнта. Лукашэнка паслядоўна “зачысціў” інстытуцыянальнае поле, пры гэтым кантэнт, як правіла, заставаўся на другім плане. У адсутнасць іншых моцных партыкулярных азначэнняў сацыяльнага свету афіцыйны дыскурс займеў надзвычайныя паўнамоцтвы эксперыментаваць з ідэямі, дапасоўваючы іх да сваіх бягучых патрэбаў.
Вось таму, на мой погляд, паняцце “беларускай дзяржаўнай ідэалогіі” як чарговага эксперыменту і тэарэтычнай легітымацыі ўжо дзейнай улады, з’явілася ў афіцыйнай мове толькі ў 2003г., амаль праз 10 год знаходжання Лукашэнкі на прэзідэнцкай пасадзе. Пры наяўнасці жорсткай інстытуцыянальнай асновы нават супярэчлівыя значэнні, якія прадукуе дзяржава, радыкальна не ўплываюць на яе стабільнасць.
Шырокая інстытуцыяналізацыя, дасягнутая за 15 год, на самой справе пакутуе на брак ідэяў. Па сутнасці, да апошняга часу, акрамя спасылкі на міфічны унікальны шлях, рэжым так і не здолеў выразна акрэсліць сваю палітычную стратэгію. Дзейны інстытуцыянальны парадак завязаны на адной канкрэтнай асобе і на жаданні гэтай асобы ўтрымацца ля ўлады на максімальны тэрмін. Бадай гэта і ёсць асноўнай змястоўнай канстантай сённяшняй улады. Увесь астатні кантэнт, які прадукуецца галоўным гульцом на беларускім сацыяльным полі, – барацьба з карупцыяй (сярэдзіна 1990-х гг.), інтэграцыйныя гульні з Расіяй (канец 1990-х гг.), палітычны гандаль з Еўропай (апошнія два гады) і інш. – мае кан’юнктурны характар і накіраваны на замацаванне ўладных інстытуцый.
У гэтым сэнсе накірунак Лукашэнкі на пабудову дзяржаўнасці ўспрымаецца толькі як неабходная рамка для функцыянавання рэжыму, а не каштоўнасны арыенцір. На пачатку свайго кіравання Лукашэнка вызначаў межы сваёй улады тэрыторыяй суверэннай Беларусі пры захаванні прагматычных стасункаў з суседзямі [СБ, 1995, 11 траўня]. Праз 15 год у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Лукашэнка, запэўніваючы Расію ў сяброўстве і робячы рэверансы ў бок Еўропы, наўпрост акрэслівае сваю цвёрдую пазіцыю захавання ўлады любым коштам: “Некоторые думают, что, вовлекая Беларусь в те или иные процессы в Европе, либерализируя процессы, мы будем потихонечку, спокойно создавать условия для замены ныне существующего строя. А кто и напрямую говорит: для свержения Лукашенко. И я как Глава государства буду делать все для того, чтобы защитить не свою власть, а власть народа… И мы сделаем все для того, чтобы эта власть была крепка, сильна…” [СБ, 2009, 24 красавіка].
Сімвалічны універсум. На маю думку, інстытуцыянальны парадак дзейнай беларускай улады яшчэ не дасягнуў узроўню сімвалічнага універсуму, калі апошні ўжо ёсць сам сістэмай каардынат і не патрабуе легітымацыі. Насамрэч афіцыйная інстытуцыяналізацыя не мае (прынамсі пакуль) такой ступені рэіфікаванасці, калі ўспрымаецца сваімі стваральнікамі і наступнымі пакаленнямі як фактычнасць. Увядзенне ідэалогіі як тэарэтычнай легітымацыі і сімвалічныя гвалтоўныя акцыі датычна альтэрнатыўных сацыяльных дэфініцый пацвярджаюць факт таго, што уладны дыскурс пакуль і сам адчувае незавершанасць свайго канструявання. Дзяржаўнае бачанне рэальнасці, несумненна, з’яўляецца дамінуючым у беларускай сацыяльнай прасторы, але не адзіным.
Разам з тым імкненне дзяржавы пазіцыянаваць сябе ў якасці сімвалічнага універсуму не выклікае сумнення. Інстытуцыянальны парадак, створаны рэжымам, ахоплівае ўсё грамадства цалкам; межы сімвалічнага універсуму супадаюць з межамі Рэспублікі Беларусь. Да дэвіянтных феноменаў, прыкладам якіх выступае палітычная апазіцыя, улада выкарыстоўвае канцэптуальныя механізмы тэрапіі і анігіляцыі. Парадаксальна, але сама апазіцыя бачыць сябе легітымаванай толькі ў каардынатах сімвалічнага парадку, сканструяванага дзяржавай, хаця артыкулюе сябе ў якасці носьбіта альтэрнатыўнага азначэння беларускай рэальнасці.
Высновы
1. Інстытуцыянальны парадак, які ў сваіх прынцыповых характарыстыках аформіўся ў першыя два гады кіравання Лукашэнкі (1994-1996гг.), быў дасягнуты дзякуючы празрыстай і адназначнай фармулёўцы азначэння беларускай рэальнасці – манапалізаваць усю ўладу ў руках адной персоны і яе бліжэйшага атачэння. Паслядоўная расправа з палітычнымі апанентамі (часам з выкарыстаннем экстрапалітычных метадаў) пацвярджае накіраванасць прэзідэнцкай інстытуцыі на аўтарытарнае валоданне сацыяльнай дэфініцыяй і катэгарычнае нежаданне браць у разлік альтэрнатыўныя бачанні рэальнасці. Пры гэтым захаванне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь з’яўляецца інструментальнай задачай, паколькі служыць у якасці ахоўнай (тэрытарыяльнай) рамкі прэзідэнцкага інстытуцыянальнага парадку.
2. Поспех у фармаванні і забеспячэнні далейшай устойлівасці новага інстытуцыянальнага парадку быў выкліканы апорай прэзідэнцкай групоўкі на сацыяльную імажынерыю. Выкарыстаўшы рэінтэрпрэтацыю савецкага мінулага, улада здзейсніла неканфліктны пераход беларусаў да новых практык і захавала адчуванне пераемнасці на ўзроўні штодзённасці.
У гэтым сэнсе апазіцыйнаму дыскурсу ў ягоным імкненні трансфармаваць грамадства відавочна не хапае, па-першае, сацыяльных практык, якія б мелі несупярэчлівае ўкараненне ў беларускім грамадстве, і па-другое, унутры самой апазіцыі няма згоды, якія гэта павінны быць практыкі. Памятаючы заўвагу канструктывістаў пра ляноту індывідаў, апазіцыі варта прапанаваць насельніцтву адназначную, зразумелую дэфініцыю свету, а не даваць магчымасць абіраць паміж рознымі альтэрнатывамі.
3. Феномен Лукашэнкі можна патлумачыць мэтанакіраваным апеляваннем да штодзённага кантэксту. Лукашэнка не проста размаўляе на мове народа – “трасянцы”. Ён выкарыстоўвае стратэгію “рацыянальнага нацыяналізму”, якую яшчэ ў 1990г. прапаноўваў нацыянальна-дэмакратычным сілам Сяргей Дубавец, а менавіта: грунтаваць сваю дзейнасць на штодзённасці чалавечага жыцця, улічваць яе прагматычны матыў у якасці падставовага [3, с.116].
4. Поспех Лукашэнкі ў беларускім грамадстве з’яўляецца сімптаматычным. Калі браць да ўвагі развагі Чарльза Тэйлара пра формы мадэрнай сацыяльнай імажынерыі, то Беларусь да Лукашэнкі і Беларусь сёння не з’яўляецца мадэрнай дзяржавай. З’яўленне Лукашэнкі было запраграмавана сацыяльнай імажынерыяй беларусаў. Насельніцтва дастаткова лёгка адмовілася і ад дэмакратычнага самакіравання, якое з 1991г. пачало ўкараняцца ў краіне, і ад калектыўнай агентнасці ў публічнай сферы. У Беларусі прыжылася хіба што эканоміка як механізм мадэрнай імажынерыі, але ў спецыфічным увасабленні. Схільнасць да наратывізацыі жыцця і вера ў датэарэтычныя спосабы легітымацыі таксама выкрывае ў беларусах рысы дамадэрнай свядомасці.
Гэтая ж выснова тычыцца і вытлумачэння слабасці апазіцыйнага дыскурса ў Беларусі, які з узроўня рацыянальных практык спрабуе трансляваць каштоўнасці мадэрнага маральнага парадку – эгалітарызм, прыярытэт правоў чалавека, народнае самакіраванне, якія, аднак, пакуль не маюць апірышча ў беларускай сацыяльнай імажынерыі.
5. Інстытуцыянальны парадак сучаснай Беларусі дастаткова ўстойлівы, таму што цвёрда вызначаны ягоныя рамкі. Адпаведна паводзіны ўлады могуць быць, з аднаго боку, вельмі гнуткімі і дыпламатычнымі датычна тых ідэй, якія будуць гарантаваць яе стабільнасць (гульні з Расіяй і Еўропай пра гэта сведчаць), а з другога – жорсткімі і рэпрэсіўнымі ў адносінах да дэвіянтных феноменаў, якія пагражаюць перафармулёўкай створаных сацыяльных канструктаў (факт разгонаў нават малаколькасных апазіцыйных акцый пераконвае ў тым, што ўлада не збіраецца ні з кім канкураваць на палітычным полі).
6. Інстытуцыянальны парадак сучаснай Беларусі вельмі хісткі, таму што пабудаваны вакол канкрэтнай персаналіі. Лукашэнка мае наратыўным чынам сканструяваны імідж адзінага абаронцы народных інтарэсаў і гаранта стабільнасці. Прэзідэнт у Беларусі – гэта не ананімная роля, а персаніфікаваны герой. Тут адбылося тое, што ў сацыяльным канструктывізме фіксуецца, як рэіфікацыя ролі, якая аб’ектыўна – дзякуючы люстэркаваму эфекту з боку падначаленых – бачыцца індывіду як непазбежнае наканаванне. Можна з вялікай ступеняй верагоднасці прагназаваць, што зыход Лукашэнкі можа быць успрыняты ў масавай свядомасці як разбурэнне сацыяльнай стабільнасці ў прынцыпе. Насамрэч, са з’яўленнем новага прэзідэнта хутчэй за ўсё значная частка створаных уладных інстытуцый апынецца ў крызісным стане.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ І КРЫНІЦАЎ
1.Бергер, П.; и Лукман, Т. Социальное конструирование реальности. Трактат по социологии знания. Москва: «Медиум», 1995. 323 с.
2.Гансэн, І. Прастора беларускага палітычнага дыскурсу і яго візуальныя і пэрфарматыўныя элемэнты. У: Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце. Пад рэд. В.Булгакава. Варшава, 2006, с.121-133.
3.Дубавец, С. Падставы рацыянальнага нацыяналізму. У: Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. СПб.: Невский Простор, 2003, с.113-131.
4.Екадумаў А. Палітычная сыстэма Беларусі з 1990 па 1996 год. У: Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Менск: Аналітычная група, Варшава: Цэнтар дэмакратыі ўва Ўсходняй Эўропе, IDEE, 2001, с.7-76.
5.Касториадис, Корнелиус. Воображаемое установление общества / Пер. с фр. Г.Волкова, С.Офертаса. Москва: Гнозис, Логос, 2003. 480 с.
6.Фурс, В. Введение: Трансформации публичности и постсоветская ситуация. В: Постсоветская публичность: Беларусь, Украина. Сборник научных трудов под ред. М. Соколовой, В. Фурса. Вильнюс: ЕГУ, 2008, с.5-24.
7.Donskis, Leonidas. Forms of Hatred: The Troubled Imagination in Modern Philosophy and Literature. Amsterdam: Rodopi, 2003. xvi + 281 p.
8.Creswell, John W. Research design: qualitative, quantitative, and mixed method approaches. SAGE, 2003. 246 p.
9.Taylor, C. Modern Social Imaginaries. Durham, NC: Duke University Press, 2005. 219 p.
Спасылкі па тэксту:
[1] Плённасць прымянення паняцця сацыяльнай імажынерыі на постсавецкай прасторы дэманструюць, да прыкладу, даследаванні Леанідаса Донскіса і Уладзіміра Фурса. Літоўскі сацыяльны тэарэтык Леанідас Донскіс у сваёй кнізе “Формы нянавісці: заклапочаная імажынерыя ў мадэрнай філасофіі і літаратуры” (2003) аналізуе мадэрныя формы калектыўнай нянавісці і больш агульна – разнастайныя варожыя рэакцыі на мадэрніці, такія як тэорыі змовы, ідэалагічны фанатызм і таталітарызм, сэнс адчужэння і страты культурных каранёў [Donskis: 2003]. Уладзімір Фурс спрабуе прымяніць паняцце сацыяльнай імажынерыі для аналізу грамадскага бытавання беларускай публічнасці і заўважае, што такая даследчыцкая задача прадугледжвае ўлік складанага генезісу і іерархічнай арганізацыі сацыяльнай імажынерыі: магчымасці як спантаннага афармлення ў руцінах паўсядзённага жыцця, так і мэтанакіраванага фармавання і наяўнасці як дарэфлексіўнага ўзроўню “само сабой зразумела” (“доксы”), так і ўзроўню экспліцытна выражаных і крытычна правяраемых прадстаўленняў [6].
[2] Далей у тэксце назва газеты падаецца скарочана – “СБ”.
[3] Тут і далей у квадратных дужках праз коску пішацца назва газеты, год і дата публікацыі.
[4] Пры цытаванні матэрыялаў захоўваюцца арыгінальныя стыль і мова.
[5] Працэс адаптацыі дэвіянтнага феномена, які ў якасці незалежнай арганізацыі ўяўляў сабой Беларускі саюз моладзі, у сацыяльным канструктывізме называецца “тэрапія”.
З поўным варыянтам магістарскай працы "Сацыяльнае канструяванне рэальнасці ў беларускім афіцыйным дыскурсе" Вы можаце азнаёміцца па наступнай спасылцы.
Каментарыі (4)
|
# Aliaksei
04.09.2009 18:07 |
Юнэля, жорсткія крытыкі Вас абвінавачваюць у тым, што у Вас зыходны і канчатковы супадае. :) http://kolik8.livejournal.com/130429.htm Здаецца, сьцісла, асноўны тэзіс можна было рэзюзмаваць так: беларуская ўлада канструе сацыяльную рэальнасьць праз манапольную ўладу над сродкамі масавай інфармацыі. У прынцыпе, сёньня такім тэзісам ня шмат каго можа зьдзівіць. Да гэтай высновы можна сапраўды вельмі лёгка прыйсьці, пачытаўшы Бергера і Лукмана. З тэксту не зусім зразумела, якую задачу вырашае дасьледаваньне. ДЭСКРЫПТЫЎНУЮ? Апісаць сацыяльны сьвет, які канструюе беларуская ўлада – эксплікаваць сымбалічны ўнівэрсум беларускай дзяржавы? Здаецца, што вось тут, напрыклад, Вы падыходзіце да гэтага: |
|
# Aliaksei
04.09.2009 18:18 |
хачу яшчэ дадаць, так бы мовіць, +1, вось за гэты пасаж: ////Лукашэнка паслядоўна “зачысціў” інстытуцыянальнае поле, пры гэтым кантэнт, як правіла, заставаўся на другім плане. У адсутнасць іншых моцных партыкулярных азначэнняў сацыяльнага свету афіцыйны дыскурс займеў надзвычайныя паўнамоцтвы эксперыментаваць з ідэямі, дапасоўваючы іх да сваіх бягучых патрэбаў. ///// я таксама лічу, што сучасны афіцыёз прадстаўляе сабой тэарэтычны гібрыд, які свабодна дрэйфуе паміж рознымі ідэалягічнымі палюсамі, але ня толькі дзякуючы "зачыстцы" канкурэнтаў, а й мабыць дзякуючы таму, што адрозьненьне гэтых ідэалёгій ня мае карэлятаў на датэарэтычным узроўні (і гэта ўжо не заслуга ўлады). іншымі словамі, сьвет беларускіх датэарэтычных сэнсаў арганізаваны такім чынам, што не прадугледжвае тых адрозьненьняў, якія ўводзяць пазычаныя намі паняткі клясычных палітычных ідэалёгій. не магу пакуль сфармуляваць больш акуратна, але буду думаць |
|
# Юлиан
04.09.2009 18:40 |
камерсант - матэматык... |
|
# Пятрусь
04.09.2009 18:47 |
Па-першае, хочацца выказаць падзяку ініцыятарам гэтай серыі, дзе друкуюцца студэнцкія працы - насамрэч часта вельмі разумныя і праніклівыя даследаванні застаюцца ў архівах універсітэтаў. |








