Публічныя сферы ў Беларусі: грамадзянскі нацыяналізм як магчымая падстава дыялогу
Дадзены артыкул падрыхтаваны на аснове магістарскай працы выпускніцы філасофскага факультэта ЕГУ Алены Талапілы. Напрыканцы артыкула Вы таксама можаце знайсці спасылку на поўную версію магістарскай працы Алены.
Так ці інакш нягледзячы на аб'ёмную крытыку дэмакратыі мы працягваем лічыць яе каштоўнасцю. Сведчаннем будзе тое, што, нягледзячы на ўсе хібы, ідэі тэарэтыкаў пра тое, як зрабіць жыццё лепшым, грунтуюцца ў асноўным на пераасэнсаванні ды рэфармаванні дэмакратыі – выпрацоўванні дэлібератыўнай, радыкальнай, плюралістычнай ды інш. мадэляў.
Лагічным будзе задаць пытанне: а што рабіць тым, у якіх, па агульным прызнанні, дэмакратыі няма? Як магчыма яе ўсталяваць, дасягнуць?
Сейла Бенхабіб піша, што «дэмакратыя – гэта мадэль арганізацыі калектыўнага і публічнага ўжывання ўлады ў галоўных інстытутах грамадства на падставе наступнага прынцыпу: рашэнні, ад якіх залежыць агульны дабрабыт, ёсць вынікам працэдуры свабоднага і разумнага абмеркавання ў коле асобаў, якія прызнаюцца роўнымі ў маральным і палітычным сэнсе»[1]. Мне падаецца, можна сцвярджаць, што публічнасць ляжыць у ядры сучасных дэмакратыяў. Недахоп дэмакратыі, недастатковасць ці нерэалізацыя публічнасці – гэта часткі аднаго ланцуга, у якім яны пераходзяць адно ў адно.
Вернемся да пытання «што рабіць?» і перафармулюем яго на іншы капыл: як вярнуць Беларусі (беларусам) палітыку? Уладзімір Фурс у адным са сваіх тэкстаў абазначыў у якасці гетэраноміі ў беларускім грамадстве праблему дэпалітызацыі. А гэта значыць, што напаўненне панятка аўтаноміі ў сучасных умовах нашай краіны ён звязвае адпаведна з рэпалітызацыяй[2]. Як падаецца, рэпалітызацыю нельга аддзяліць ад сцвярджэння прынцыпу публічнасці. З іншага боку лакальным напаўненнем канцэпцыі грамадскай аўтаноміі ён называе грамадзянскі нацыяналізм.
Калі звярнуцца да нашага часу і нашага сацыяльнага ландшафту, то ў цэлым усё больш беларускіх тэарэтыкаў пачынаюць пісаць пра грамадзянскі нацыяналізм. Тут мы маем і распрацоўванне ідэі грамадзянскай ідэнтычнасці (Рыгор Мінянкоў), і канцэпцыю грамадзянскага нацыяналізму (Уладзімір Фурс, Валянцін Акудовіч, Валер Булгакаў, Нэлі Бекус). Мне падаецца, што ў Беларусі паступова адбываецца пераход ад этнакультурнага нацыяналізму да грамадзянскага. У гэтай працы я паспрабую праілюстраваць і абгрунтаваць гэты тэзіс.
Увогуле, сучасныя беларускія тэарэтыкі разглядаюць грамадзянскі нацыяналізм у кантэксце больш шырокіх канцэпцыяў дэмакратыі і публічнасці. Як зазначае Уладзімір Фурс, «дэмакратыя – гэта адначасова нарматыўны і эмпірычны панятак: нарматыўная ідэя дэмакратыі ажыццяўляецца ў большай ці меншай ступені, але ніколі – цалкам»[3]. Гэтаксама і публічнасць можна сярод іншага разумець як нарматыўны ідэал. А грамадзянскі нацыяналізм таксама рэалізуецца як утопія – але ўтопія практычная (гэтай думкі прытрымліваюцца Уладзімір Фурс і Пётра Рудкоўскі). «Той факт, што нарматыўная мадэль не адпавядае рэальнасці, не дае падставаў адкінуць [гэтую] мадэль, бо патрэба ў нарматыўнасці як раз і выкліканая тым, што людзі ацэньваюць рэчаіснасць, у якой жывуць, у святле прынцыпаў і абяцанняў, якія пераўзыходзяць гэтую рэальнасць»[4].
Я пачынаю сваю працу з рэканструкцыі падыходаў тэарэтыкаў рознага кшталту да публічнасці. У гэтай рэканструкцыі канцэпцыяў публічнасці я шмат у чым абапіраюся на тэксты беларускага філосафа і сацыяльнага крытыка Уладзіміра Фурса. Апроч гэтага я паспрабую ажыццявіць разгляд грамадзянскага нацыяналізму ў кантрасце з этнакультурнай канцэпцыяй, у тым ліку абапіраючыся на сучасную беларускую сітуацыю.
Маёй задачай у гэтай працы будзе эксплікаваць сувязь публічнасці і грамадзянскага нацыяналізму, а таксама разгледзець праекты, якія, на мой погляд, могуць быць апісаныя ў тэрмінах грамадзянскага нацыяналізму.
КАНЦЭПЦЫІ ПУБЛІЧНАСЦІ ДЫ ІХ КРЫТЫКА
Асноўнымі ў вывучэнні публічнасці прызнаюцца зазвычай канцэпцыі публічнай сферы Ганны Арэнт і Юргена Хабермаса.
Калі сфармуляваць коратка, публічнасць у разуменні Арэнт аб'ядноўвае асобных людзей агульным словам і справай, стварае і падтрымлівае іх агульны свет, дзякуючы якому і ў якім толькі і вызначаецца, чым ёсць рэчаіснасць і што яна з сябе ўяўляе.
Канцэпцыя Хабермаса грунтуецца на разглядзе публічнасці як сферы і як прынцыпу. Гэта значыць, што публічнасць з аднаго боку можна разумець як сферу, камунікатыўную прастору, якая аб’ядноўвае публіку, што складаецца з прыватных асобаў. З іншага боку публічнасць – гэта нарматыўны панятак. З яе вынікае, што для прызнання легітымнасці любога закону ці, напрыклад, дзеянняў ураду, тыя мусяць прайсці праз публічнае абмеркаванне (і быць на ім ухваленыя). Важны пункт у гэтай сістэме – тое, што гэтае абмеркаванне мае быць прынцыпова адкрытым для ўсіх, каго пытанні, выстаўленыя на абмеркаванне, могуць датычыць. Гэтая прынцыповая адкрытасць публікі займае істотнае месца ў канцэпцыі Хабермаса.
Тое, што аб'ядноўвае гэтых тэарэтыкаў, можна акрэсліць як нараджэнне публічнасці ў звязку з пэўным кшталтам чалавечага ўзаемадзеяння – абмеркавання агульных праблемаў, аргументаванай дыскусіі.
Абедзве канцэпцыі маюць шэраг прыхільнікаў і крытыкаў, сярод якіх я звяртаюся да Нэнсі Фрэйзэр, Сейлы Бенхабіб і Уладзіміра Фурса. Сучасныя тэарэтыкі публічнасці абапіраюцца на ідэю існавання мноства публікаў. Нэнсі Фрэйзэр бачыць гэта наступным чынам: адначасова з дамінантнай публічнасцю існуе мноства канкуруючых, субальтэрных публічнасцяў, якія аспрэчваюць палажэнні першай. Апроч гэтага трэба выразна сцвердзіць, што нягледзячы на тое, што слова «сфера» можа выклікаць прасторавыя асацыяцыі, трэба разумець публічную сферу не ў рэгіянальным сэнсе, а менавіта як віртуальную прастору камунікацыі (Хабермас). Трэцім важным аспектам, на якім настойваюць тэарэтыкі публічнасці, можна назваць ідэю працэдуральнасці. Публічную дыскусію належыць разглядаць як ніколі не скончаны, пастаянны працэс, а згода ў ім будзе нетрывалаю і часоваю.
Калі разумець палітыку ў нарматыўным сэнсе, то трэба прызнаць, што яна палягае ў супольным і адкрытым абмеркаванні правілаў суіснавання людзей, арыентаваных на падтрыманне плюральнасці. Або, калі скарыстацца фармулёўкаю Уладзіміра Фурса, палітыка – гэта рэфлексіўнае пераўсталяванне грамадства ў святле нарматыўнай ідэі аўтаноміі[5]. Або, калі павярнуць іншым бокам, з праектам грамадскай аўтаноміі ў Беларусі Уладзімір Фурс звязвае рэпалітызацыю. Дакладней, ён мяркуе, што «ключавая праява гетэраноміі ў нашым сацыяльным ландшафце складаецца ў глыбокай і шматбаковай дэпалітызацыі беларускага грамадства»[6]. Беларускі філосаф мяркуе, што «ажыццяўленне ўлады народа на справе азначае сціранне палітычнага», бо адзіным палітычным суб'ектам у беларускай мадэлі ёсць прэзідэнт[7].
Пры гэтым беларускі тэарэтык прапаноўвае тэзіс, што «ў глабальнай сістэме каардынат нацыяналізм цалкам можа служыць вызначэнню лакальных праектаў грамадскай аўтаноміі» і што «нацыяналізм уяўляецца найбольш адэкватным уцелясненнем «ідэі Еўропы» ў сённяшняй Беларусі»[8].
У АБАРОНУ ГРАМАДЗЯНСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ
Нацыя і нацыяналізм – гэта праблемныя паняткі, над вызначэннем якіх працуюць шмат якія навукоўцы. Але сёння ўсё больш зразумела, што адзінай тэорыі нацыяналізму хутчэй за ўсё не можа быць. Адно з класічных падзяленняў нацыяналiзму – вылучэнне этнакультурнай і грамадзянскай плыні. Гэтыя мадэлі шмат у чым вызначаюць і сучаснае бачанне праблематыкі «нацыянальнага».
Этнічны нацыяналізм факусуе сваю ўвагу на «арганічным адзінстве» людзей у нацыі, якіх аб'ядноўвае агульная спадчына, мова, традыцыі і г.д. Такім чынам, прыналежнасць да супольнасці вызначаецца праз этнакультурны фон. Пры гэтым прыхільнікі гэтай тэорыі сцвярджаюць звычайна аб'ектыўнасць гэтых характарыстыкаў.
У межах грамадзянскага нацыяналiзму пануе меркаванне, што прыналежнасць да нацыі вызначаецца вольным выбарам асобы. Людзей аб'ядноўвае іх роўны палітычны статус як грамадзянаў. Важна, каб нацыя складалася з асобаў, якія хочуць жыць побач адзін з адным на агульнай тэрыторыі, – такім чынам крытэр генетычнага ці культурнага адзінства адыходзяць на другі план.
Крытыка грамадзянскага нацыяналізму закідае яму абвінавачанне ў неверагоднасці таго, што выбар чалавека можа быць зусім адвольны. Тут належыць удакладніць, што выбар гэты адбываецца з абмежаванага шэрагу магчымасцяў. Выбар гэты абмежаваны, напрыклад, патрабаваннем адзінства ладу жыцця. Аднак ключавой думкай тут будзе адмова ад «прынароджанасці» нацыянальнай ідэнтычнасці, аўтаматычнага прылічэння чалавека да пэўнай групы. Групавая ідэнтычнасць мусіць дапускаць як мага больш шырокія формы самаідэнтыфікацыі. Такім чынам, грамадзянскі нацыяналізм зусім не адмаўляе культурнага складніка.
Каб праясніць панятак грамадзянскага нацыяналізму ў тым выглядзе, як ён прадстаўлены ў гэтай працы, плённым будзе зварот да сучасных канцэпцыяў грамадзянства, у прыватнасці панятка палітычнай ідэнтычнасці ў Эрнэста Лакло і Шанталь Муф, якія распрацоўваюць ідэю радыкальнай дэмакратыі. Муф разглядае грамадзянства як форму палітычнай ідэнтычнасці, якая ствараецца праз ідэнтыфікацыю з палітычнымі прынцыпамі мадэрнай плюралістычнай дэмакратыі. Грамадзянства – гэта не адна ідэя сярод многіх і не пануючая ідэнтычнасць, а прынцып артыкуляцыі, які дапускае множнасць канкрэтных прыхільнасцяў і павагу да індывідуальнай свабоды.
БЕЛАРУСЬ: ТЭНДЭНЦЫЯ ПЕРАХОДУ ДА ГРАМАДЗЯНСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ
Як піша Нэлі Бекус, калі глядзець на беларускі нацыянальны праект, які быў артыкуляваны ў 90-х гг. ХХ ст. як палітычнымі гульцамі, так і нацыянальнай інтэлегенцыяй, можна заўважыць, што пераважна гэты праект пашыраўся ў межах канцэпцыі гістарычнага этнакультуралізму[9]. Валянцін Акудовіч зазначае: «... Тады нацыянальнае ў нас як бы a priori таясамілася з мовай, гісторыяй, культурай... А паколькі ўсяго гэтага ў тую пару мы не мелі, то і не ўяўлялася іншага выйсця, як тэрмінова ўлегчыся ў адраджэнне зніклага і вынішчанага»[10].
Тут, напэўна, варта зазначыць, што некаторыя аўтары разглядаюць нацыяналізм у якасці часткі сімвалічнага капіталу, які стаўся падмуркам для працэсаў сістэмных трансфармацый у грамадствах. Паводле М. Гроха, нацыяналізм дазволіў народам Усходняй Еўропы пераадолець сацыяльную дэзарыентацыю, якая ўзнікла ў момант калапсу старой сістэмы. Ён на самой справе меў тэрапеўтычную функцыю, і ягоны выбух быў звязаны з попытам на новую аснову для таго, каб сфармаваць калектыўную самасвядомасць напярэдадні падыходу да новай дэмакратычнай сістэмы. Такая аснова прывяла да злучэння дэмакратызацыі і нацыяналізму ва ўспрыманні пераходных працэсаў ва Усходняй Еўропе[11].
У сваім эсэ Акудовіч зазначае, што кароткая эпоха Адраджэння ў Беларусі – гэта латэнтны двубой этнічнага нацыяналізму з грамадзянскім. Між тым, канструктывісцкі ды інстытуцыяналісцкі аспект разумення нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці быў недаацэнены нацыянальнай інтэлігенцыяй падчас фармулявання ёй нацыянальнага праекту. Новы праект беларускай нацыі быў пабудаваны на адкрытай канфрантацыі з савецкасцю і ўсім савецкім, а потым і з беларускай незалежнай дзяржавай[12].
Грамадзянскі ж нацыяналізм не ўспрымае беларускую нацыю як адзінства, заснаванае на крыві ды супольнай культуры і якое да таго ж гаворыць на адной мове. Падставай для нацыянальнага атаясамлення ў гэтым выпадку выступае беларуская дзяржава, яе палітычная юрысдыкцыя і міжнародная правасуб’ектнасць, іншыя чыннікі. Фактарам, які мацуе нацыянальную ідэнтычнасць, тут з'яўляецца ўсведамленне надзвычайнай важнасці незалежнасці Беларусі, бо тая дазваляе куды больш паспяхова рэалізоўваць эканамічныя, палітычныя, культурныя і іншыя інтарэсы краіны[13]. Як мне падаецца, у сённяшняй Беларусі як раз адбываецца паварот да гэтага віду нацыяналізму. Што праўда, беларускія тэарэтыкі (Фурс, Акудовіч, Булгакаў), якія працуюць з гэтай тэмай, надаюць розную ступень важнасці культурным чыннікам, хоць, як выглядае, ніхто не адмаўляе іх важнасці як такіх. Калі пераважная большасць прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху разумела (разумее?) «нацыю» ў этнакультуралісцкім сэнсе, то гэта вядзе да недаацэнкі нацыятворчых здольнасцяў, апісаных у канструктывісцкіх тэорыях феномену нацыі. Я ж хацела б перанесці акцэнт у разглядзе на грамадзянскі аспект нацыяналізму і пагадзіцца ў гэтым у тым ліку з Уладзімірам Фурсам, Валерам Булгакавым і Валянцінам Акудовічам, якія выступаюць за беларускі нацыяналізм, вызначаны не апірышчам на этнакультурную традыцыю, а прывязкай да фактычнасці незалежнай дзяржавы.
Магчыма, для некаторых прыхільнікаў нацыяналізму гэты пераход можа быць траўматычным. Валянцін Акудовіч у сваім зборніку эсэ «Код адсутнасці» назваў такі крок «вялікай здрадай», і формула гэтай здрады надзвычай простая «Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай!» Але ж Акудовіч не надае гэтаму павароту адмоўнага значэння, наадварот, ён лічыць яго неабходным, бо «гэта кажа пра развітанне з вялікай рамантычнай ілюзіяй, якая ўжо даўно набрыняла згубай для ўсёй беларушчыны»[14].
Я хацела б яшчэ раз падкрэсліць, што разгляд грамадзянскага нацыяналізму як выключна станоўчага феномену і дэманізацыі этнічнага не маюць пад сабой дастатковых падставаў. Да таго ж, наўрад ці мы можам казаць пра чыстыя тыпы, прадстаўленыя ў асобнай нацыі. Што датычыць грамадзянскага нацыяналізму, то напэўна сёння ў Беларусі ён мае найбольшыя шансы выступіць аб'яднаўчым фактарам для шырокага кола беларусаў. Імаверна, важнай яго рысай можна назваць большую ступень інклюзіўнасці, чым у беларускага варыянту «моўна-этнічнага» нацыяналізму.
Уладзімір Фурс прапаноўвае ўслед за П. Рудкоўскім разглядаць нацыянальную ідэю ў якасці рэгулятыўнай, у якасці практычнай утопіі. Практычнае значэнне гэтай рэгулятыўнай ідэі ў нашым салідарным аб’яднанні. Крытэрамі падобнага аб’яднання Уладзімір Фурс лічыць успрыняцце незалежнасці Беларусі як базавай каштоўнасці ды ўключанасць «тым ці іншым чынам у ‘палітыку’, арыентаваную ідэалам грамадскай аўтаноміі». Пры гэтым абапірацца варта на прававую свядомасць, якая стыхійна (і салідарна) фармуецца ўнутры палітыкі – у тым ліку ў «пратэстных рэакцыях людзей на ігнараванне аўтарытарнай дзяржавай іх меркавання і волевыяўлення, на абразлівы патэрналізм»[15].
Адсутнасць палітыкі ў Беларусі, дакладней, мэтанакіраванае выцясненне людзей са сферы палітычнага, уяўляе сабой значную пагрозу. Адзін з магчымых варыянтаў супрацьстаяння – прапанаваць ідэю практычнай утопіі, а менавіта грамадзянскага нацыяналізму. Публічная сфера стварае ўмовы празрыстага абмеркавання значных праблемаў, а значыць магчымасці ўплыву. Публічная сфера дае магчымасці аб’яднацца тым, каму не ўсё роўна, на падставе некаторых базавых каштоўнасцяў, каб пасля гэтага аб’яднання супрацьстаяць гетэраноміі ды адстойваць супольна права на самавызначэнне, на плюралізм.
Рэпалітызацыя і грамадзянскі нацыяналізм
Мне падаецца, сам па сабе разгляд праблемаў і перспектываў (плюсаў і мінусаў, прыхільнікаў і крытыкаў) грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі будзе менш цікавым, чым спроба ўвязаць гэты падыход з палітыкай у Беларусі, а дакладней магчымасцю палітыкі ўвогуле.
Палітыка ў нарматыўным сэнсе слова палягае ў супольным і адкрытым абмеркаванні правілаў суіснавання людзей, арыентаваных на падтрыманне плюральнасці. «Беларуская дэмакратыя» («такая ж як у Аўстрыі»[16]) прэтэндуе на лаўры «сапраўднай дэмакратыі». Што ні робіцца ў нашай краіне, усё – ад імя народа і дзеля народа. Як слушна заўважае ў сваім артыкуле Уладзімір Фурс, «народ уяўляецца не проста як цэласнае маналітнае ўтварэнне, але амаль як антрапаморфная істота, якая мае свядомасць і волю»[17]. Але парадаксальна: адзінае дзеянне, якое народ у сваёй уладзе (дэмакратыі) можа ажыццявіць – гэта перадаць уладу прэзідэнту. Такім чынам, «ажыццяўленне ‘улады народа’ на справе азначае сціранне палітычнага», бо «адзіным палітычным суб’ектам у гэтай мадэлі выяўляецца Прэзідэнт»[18].
Такім чынам, яшчэ раз звернемся да разумення палітыкі. Уладзімір Фурс прапаноўвае наступную формулу: палітыка – рэфлексіўнае пераўсталяванне грамадства ў святле нарматыўнай ідэі аўтаноміі[19]. Ключавой праблемай у ажыццяўленні гэтай палітыкі ў нарматыўным сэнсе з’яўляецца, як падаецца, усталяванне незалежнай публічнай сферы. Апошняя падтрымлівае аўтаномію грамадства адносна дзяржавы, а таксама «шляхам праяснення значных пытанняў і абмеркавання вострых тэмаў, шляхам фармавання грамадскай думкі яна здольная мець накіроўваючае і кантралюючае ўздзеянне на дзяржаву»20. Уладзімір Фурс далёкі ад таго, каб уяўляць публічную сферу свабоднай ад прымусу, аднак падсумоўвае, што незалежны ад дзяржавы публічны дыскурс спрыяе захаванню плюральнасці і забеспячэнню празрыстасці (няхай і заўсёды частковай).
Дык што мы можам супрацьпаставіць маргіналізацыі партыяў і іншых палітычных гульцоў у сучаснай Беларусі? Адзін з магчымых адказаў на гэтыя пытанні фармулюе У. Фурс у сваім артыкуле «Беларускі праект ‘сучаснасці’?», у якім ён разважае, якім можа быць альтэрнатыўны нацыянальны праект у Беларусі. Гэта канцэпцыя грамадзянскага нацыяналізму, і яна прадугледжвае перавод «беларускага нацыянальнага дыскурсу ў дэмакратычнае рэчышча шляхам яго ўнутранай плюралізацыі, стварэння камунікацыйнай прасторы, у межах якой розныя прыхільнікі нацыянальнай ідэі [...] змогуць знайсці паразуменне, прызнаючы роўнае права кожнага з бакоў на ўдзел у камунікацыі і – шырэй – у нацыятварэнні»[21]. Як піша Дзмітры Карэнка, тую ж думку даводзіць у тым жа зборніку і Рыгор Мінянкоў[22], адзінае – грунтуецца ён на размежаванні «нацыянальнай ідэі ды нацыянальнага дыскурсу, які супрацьпастаўляецца сваёй адкрытасцю нацыянальнай ідэі, як таму, што заўсёды імкнецца ўсталяваць пэўныя ды нязменныя межы»[23].
Паводле Фурса, «нацыяналізм, здольны служыць адэкватным уцелясненнем беларускай версіі «праекту сучаснасці», мусіць мець сваёй цэнтральнай метафарай палітычнае абуджэнне. Нацыянальная мабілізацыя ў гэтым выпадку мае на ўвазе, перадусім, што людзі вырываюцца з замкнёнасці прыватнага жыцця і выходзяць у публічны свет аўтаномнай грамадзянскай актыўнасці»[24].
Магчыма, канцэпцыю грамадзянскага нацыяналізму можна абвінаваціць ва ўтапічнасці, але – як падкрэслівае Уладзімір Фурс – гэтая ўтапічнасць з’яўляецца практычна значнай. Пётра Рудкоўскі настойвае на «прынцыпе трансцэндэнцыі» нацыянальнай ідэі ды піша: «Можам зыходзіць з таго, што ніхто з нас «не бачыў» нацыянальнай ідэі. Але яе існаванне як рэгулятарнай ідэі мае нацыязлучальнае значэнне. Усякія спробы артыкуляваць яе («наблізіцца» да гэтай ідэі) будуць нас набліжаць адзін да аднаго»[25]. У іншым артыкуле Рудкоўскі зазначае, што рэгулятыўнасць нацыянальнай ідэі «зробіць магчымым паўставанне «прамежкавых», часовых кансенсусаў, такіх, якія будуць рэлятывізаваны да пэўнага гістарычнага моманту. Сёння можа паўстаць версія «Х» кансенсусу наконт нацыянальнай ідэі, заўтра – версія «У». Але свядомасць таго, што ніякі кансэнсус ня можа быць дагматызаваны і абсалютызаваны, зробіць таксама прастору для «дыссэнсу»: крытычнай ацэнкі гэтага кансенсусу і магчымасці высоўвання якойсьці новай, магчыма, лепшай яго версіі»[26].
Думаю, можна пагадзіцца, што прынцыповай рысай грамадзянскага нацыяналізму ёсць прызнанне дынамікі ды адкрытага характару нацыянальнага праекту[27]. Інклюзіўны грамадзянскі нацыяналізм утвараецца альянсам індывідаў і груп, якія дзяржаўную незалежнасць Беларусі лічаць каштоўнасцю і якія скіраваныя на добраўпарадкаванне Беларусі на аснове свайго ўласнага, а не накінутага кімсьці разумення. «У адрозненне ад «эксклюзіўнага» этнакультурнага нацыяналізму, які прадугледжвае выключэнне «іншых», дадзены тып нацыяналізму характарызуецца адкрытасцю і прыцягваннем «усіх тых, хто...» (з'яўляецца патрыётам незалежнай Беларусі і прымае каштоўнасці індывідуальнай і калектыўнай аўтаноміі), пры гэтым належыць падкрэсліць, што ў прапанаваным альянсе беларускі этнанацыяналізм цалкам здольны адыграць важную ролю»[28].
І такім чынам, лічыць Уладзімір Фурс, увогуле можа парадаксальна «зняць» у сённяшняй сітуацыі хрэстаматыйную апазіцыю грамадзянскага і этнакультурнага нацыяналізмаў, бо менавіта апошні «выглядае кандыдатам нумар адзін на ролю «частковасці, якая рэпрэзентуе татальнасць», – інклюзіўны беларускі нацыяналізм як уцелясненне ідэі грамадскай аўтаноміі «тут і цяпер»[29]. Але гэта магчыма толькі тады, калі этнакультурны нацыяналізм адмовіцца ад прэтэнзіі на апошнюю праўду, то бок тады, калі створыцца камунікацыйная прастора, у межах якой розныя прыхільнікі нацыянальнай ідэі змогуць знайсці паразуменне, прызнаючы роўнае права кожнага з бакоў на ўдзел у камунікацыі і тым самым у нацыятварэнні[30].
Праекты грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі
Як падаецца, ілюстрацыяй майго тэзісу пра тое, што ў Беларусі назіраецца пераход на грамадзянскага нацыяналізму, могуць паслужыць некаторыя праекты, якія акурат і прадстаўляюць каштоўнасці апошняга. Думаю, сярод такіх праектаў можна назваць віртуальную экспертную пляцоўку «Наше мнение», сайт «Новая Эўропа», праект беларускіх інтэлектуалаў «Belintellectuals», стварэнне і дзейнасць Беларускага Калегіюму, і нават, у пэўным сэнсе некаторыя аспекты сучасных дыскусіяў ды трансфармацыяў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. У гэтым даследаванні я не ставіла перад сабою мэту давесці колькасную перавагу праектаў грамадзянскага нацыяналізму над астатнімі мадэлямі (ды і якім чынам пералічыць усе публікі, усе праекты?). Хутчэй як задачу я бачыла паказаць наяўнасць і паспяховасць такіх праектаў і на іх прыкладзе праілюстраваць маё бачанне грамадзянскага нацыяналізму ў Беларусі як падставы грамадскага дыялогу.
Для разгляду я абрала сайт беларускай інтэлектуальнай супольнасці «Belintellectuals» ды адукацыйны праект Беларускі Калегіюм. У дадатак да двух крытэраў аб'яднання, вылучаных Уладзімірам Фурсам (прыцягнення ўсіх тых, хто з'яўляецца патрыётам незалежнай Беларусі і прымае каштоўнасці індывідуальнай і калектыўнай аўтаноміі), я вырашыла дзеля лепшай ілюстратыўнасці дадаць такі маркёр, як стаўленне да выбару мовы – напісання, выклаладння, мыслення. Першым крокам было звярнуцца да ўласнага апісання сябе гэтымі праектамі.
На сайце «Belintellectuals» можна знайсці тэкст пад назваю «Ці існуюць у Беларусі інтэлектуалы і, калі так, у чым іх місія?»[31]. Прапаную фрагмент з гэтага самаапісання:
«...інтэлектуал перадусім звяртаецца да слова, якое пераўтварае ў дзеянне. Чаму? Таму што ён вымаўляе яго публічна, такім чынам, звяртаецца да ўсіх. Але гэта не ўсё. Ён не толькі не баіцца звярнуцца да шырокай публікі і гатовы распачаць дыскусію з кожным; больш істотным з'яўляецца тое, што ён здольны сфармаваць публіку, гэта значыць, захапіць людзей тым, што ён гаворыць, і даказаць, што пытанні, якія выносяцца ім на абмеркаванне, прынцыпова важныя для жыцця кожнага чалавека.
Тым самым інтэлектуал займаецца палітыкай, – як бы нас у сучаснай Беларусі не бянтэжыла гэтае слова. Палітыкай у тым сэнсе, у якім разумелі гэтае слова старажытныя грэкі, гэта значыць, справамі свайго поліса — супольнасці, якая існуе не праз волю прыроды ці багоў, але па законах, якія вынаходзяць самі людзі. Інтэлектуал заклікае нас кіраваць нашым сумесным жыццём. І такім чынам, каб мэтаю гэтага жыцця была свабода — здольнасць па сваёй уласнай волі, гэта значыць без усялякага прымусу, выбіраць, прымаць рашэнні і змяняць рэчаіснасць».
Гэты фрагмент сцвярджае прыхільнасць «Belintellectuals» прынцыпам публічнай сферы і нават болей – жаданню развіваць яе («здольны сфармаваць публіку»). Тым самым пастулюецца палітычная заангажаванасць інтэлектуалаў і самога рэсурсу, бо мы бачым, што ажыццяўленне публічнасці ў гэтым кантэксце несумненна азначае ўдзел у палітыцы – панятак якой, аднак, трэба «ажывіць», зразумець не як барацьбу за ўладу, а як супольную справу вольных людзей. А калі звярнуцца да разумення грамадзянскага нацыяналізму Уладзіміра Фурса, то тым самым спаўняецца адзін з крытэраў аб'яднання – гэтая група скіраваная на добраўпарадкаванне Беларусі на аснове ўласнага, а не накінутага кімсьці разумення, яе чальцы ўключаныя «ў ‘палітыку’, арыентаваную ідэалам грамадскай аўтаноміі».
У заключным фрагменце названага тэксту сцвярджаецца каштоўнасць незалежнасці Беларусі («працэсы ў якой у той ці іншай ступені павінны вызначаць усе яе грамадзяне»), прычым лёс Беларусі ставіцца ў залежнасць ад пашырэння інтэлектуальнай супольнасці. Стваральнікі сайту падкрэсліваюць, што «праца інтэлектуалаў на Беларусі не згубіла сваёй значнасці. Таму што прызначэнне гэтай працы не ў здзяйсненні экспертызы, аналітыкі ці даследаванняў, але ў тым, каб, словамі Юргена Хабермаса, «у час адчуць важнае»[32].
Дазволю сабе спыніцца на выбары мовы і, такім чынам, у пэўным сэнсе мэтавай групы праекту. На сайце прысутнічаюць тры моўныя версіі: беларуская, руская і англійская. У асноўным тэксты публікуюцца на двух мовах, у залежнасці ад выбару аўтара – беларускай або рускай. Паколькі гэтае даследаванне не прэтэндуе на глыбіню асвятлення дзейнасці сайту беларускай інтэлектуальнай супольнасці, а ставіць сваёй мэтай ілюстрацыю некаторых цверджанняў, то для дасягнення ілюстратыўнасці мы можам абмежавацца аналізам выгляду галоўнай старонкі сайта (на момант 23.06.2009) і нядаўняй статыстыкай. Галоўная старонка рэпрэзентуе абедзве мовы, прычым як у матэрыялах (6 па-руску, 2 па-беларуску – разам 8), так і ў каментарах чытачоў (5 па-беларуску, 2 па-руску – разам 7). Калі ўзяць больш шырокую выбарку, то можна разгледзець месяц (з 26 мая 2009 года, калі сайт аднавіў працу, да 23 чэрвеня 2009 г.). Усяго за гэты час у раздзеле публікацыі з'явіліся 34 тэксты, сярод іх можна знайсці 27 тэкстаў па-руску і 7 па-беларуску (разам 34 матэрыялы). Для большай нагляднасці можна перавесці лічбы ў адсоткі, і тады мы атрымаем у першым падліку (публікацыі на галоўнай старонцы) суадносіны рускай і беларускай моваў як 75% і 25% адпаведна, а ў другім падліку (публікацыі за апошні месяц існавання) – 79% і 21% адпаведна.
Я не рызыкну рабіць далекасяжныя высновы з гэтага аналізу, зафіксую аднак, што прысутнасць абедзвюх моваў як раз такі адпавядае канцэпцыі інклюзіўнага грамадзянскага нацыяналізму і падкрэслівае, што стваральнікі сайту арыентуюцца на беларускіх інтэлектуалаў без падзелу па моўнай прыкмеце. У дадатак я хацела б адзначыць, што пазіцыю рэдакцыі можна ўбачыць яшчэ і па тым, што тэкст самаапісання змешчаны на сайт як па-беларуску, так і па-руску.
Звернемся цяпер да апісання, змешчанага на сайце Беларускага Калегіюму[33]. Думаю, адразу можна адзначыць тое, што крытэры, вылучаныя Уладзімірам Фурсам, для аб'яднання, несумненна спаўняюцца гэтай ініцыятывай. Прызнанне базавай каштоўнасці незалежнасці Беларусі цяжка не разгледзець у фармуляванні мэтаў праекту: «Беларускі Калегіюм аб'ядноўвае навукоўцаў, журналістаў, людзей мастацтва і культуры, грамадскіх асобаў з мэтай актуалізацыі шматкультурнай беларускай традыцыі і спрыяння дэмакратычным пераўтварэнням у беларускім грамадзтве ў кантэксце вызначальных каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі і агульнаеўрапейскіх працэсаў інтэграцыі». Ізноў жа, як і ў першым прыкладзе, першы крытэр ідзе супольна з другім – палітычнай заангажаванасцю, якая і ў гэтым выпадку праяўляецца ў спрыянні дэмакратычным пераўтварэнням. Да таго ж сярод прынцыпаў дзеяння зафіксаваныя «каштоўнасці адкрытага і дэмакратычнага грамадства».
Беларускі Калегіюм, на маю думку, стаіць на прынцыпах публічнай сферы і лічыць сябе форумам «для правядзення публічных лекцыяў і дыскусіяў», месцам «інтэлектуальнага і культурніцкага дыялогу»[34].
Звернемся да моўнага маркёра. Сайт Калегіюму мае дзве моўныя версіі: беларускую і англійскую. Усе лекцыі выкладзеныя па-беларуску. Але я хацела б адзначыць, што з гэтага нельга зрабіць адназначную выснову пра скіраванасць гэтай нефармальнай установы выключна на беларускамоўных удзельнікаў. На жаль, мне не ўдалося знайсці статыстыкі, колькі лектараў чытаюць свае лекцыі па-руску, але мой уласны досвед навучання на аддзяленні «Філасофія/літаратура» паказвае, што гэта даволі нярэдкая з'ява (пры агульным дамінаванні аднак беларускай мовы). Апроч гэтага – як вынікае з абвесткі пра набор у гэтую ўстанову, напрыклад, ад 2008 года[35] – моўны крытэр да тых, хто хоча навучацца ў Беларускім Калегіюме, не высоўваецца.
Апроч гэтага я хацела б праілюстраваць, чаму я лічу гэтыя праекты паспяховымі прыкладамі грамадзянскага нацыяналізму. У гэтым выпадку паспяховасць праектаў я хацела б акрэсліць працягласцю існавання (а паколькі гэта не дзяржаўныя інстытуцыі, якія стабільна фінансуюцца, гэта можа ўскосным чынам сведчыць пра актуальнасць і эфектыўнасць праекту, а таксама яго трываласць). Беларускі Калегіюм пачаў сваю працу ў 1998 годзе[36], такім чынам, сёлета будзе святкаваць свой 11-гадовы юбілей.
Праект «Belintellectuals» удвая маладзейшы і пры гэтым меў больш пакручастую гісторыю. Ён быў заснаваны ў 2005 годзе і пачатковая актыўная фаза прыпадае менавіта на 2005-2006 гг.[37] «Але ў сувязі з шэрагам акалічнасцяў напачатку 2007 года дзейнасць сайта была прыпынена»[38], гаворыцца ў вітальным тэксце пасля запуску абноўленага сайту. У 2007-2009 гг. «сайт існаваў у выглядзе архіву, на які пачынаючыя (студэнты) і прасунутыя даследчыкі не толькі з ЕГУ рабілі спасылкі. Гэта значыць, што на сайце ўдалося сабраць значныя тэксты...», – піша ў сваім блогу сузаснавальнік і рэдактар сайту «Belintellectuals» Вольга Шпарага[39]. З мая 2009 года сайт аднавіў паўнавартаснае існаванне. Пакуль гісторыя сайту налічвае менш за 5 гадоў, і трываласць праекту стане зразумелаю, як мне падаецца, пазней.
Другім важным крытэрам паспяховасці ў кантэксце разгляду канцэпцыяў публічнасці ды грамадзянскага нацыяналізму я лічу здольнасць праектаў аб'ядноўваць людзей з рознымі поглядамі, як гэта робяць абодва гэтыя праекты. Прычым аб'ядноўваць для абмеркавання агульна значных пытанняў.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Галоўнаю задачаю гэтай працы было разгледзець актуальны стан рэчаў у Беларусі з пазіцыяў канцэпцыі публічнасці і грамадзянскага нацыяналізму. У якасці тэзісу я прапанавала ідэю, што ў Беларусі існуе тэндэнцыя пераходу ў асэнсаванні нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці ад пазіцыі этнакультурнага нацыяналізму да канцэпцыі грамадзянскага нацыяналізму.
Неабходна адзначыць, што разгляд грамадзянскага нацыяналізму адбываецца ў межах больш шырокіх канцэпцыяў і падыходаў да дэмакратыі і публічнасці. У гэтай працы, як мне падаецца, атрымалася праясніць сувязь дэмакратыі, публічнасці, палітыкі і грамадзянскага нацыяналізму, а таксама прапанаваць магчымы адказ на пытанне, чаму грамадзянскі нацыяналізм сёння ў Беларусі будзе найбольш адэкватным адказам на выклікі часу. Напэўна, найбольш агульна гэта можна сфармуляваць наступным чынам: не толькі тэарэтыкі, але і проста крытычныя, рэфлексіўныя асобы аб'яднаныя адчуваннем, што нешта ў нашай краіне ідзе «не так».
Дагэтуль нярэдка мы чуем нараканні на недастатковую салідарнасць беларусаў, на недасфармаванасць нацыі. У якасці адказу на гэты папрок можна прапанаваць альтэрнатыўны праект беларускай ідэнтычнасці – грамадзянскі нацыяналізм. Уладзімір Фурс піша, што «палітычная супольнасць складаецца з «чужаніцаў» – асабіста не звязаных і зазвычай увогуле не знаёмых адзін з адным самастойных індывідаў, а пачуццё ідэнтычнасці з вялікім масамі аддаленых і пераважна ананімных іншых чальцоў супольнасці падтрымліваецца мэдыйна апасродкаванай камунікацыяй»[40]. Ён разглядае менавіта грамадзянскі нацыяналізм як тую «звязку», «змычку», якая мае аб'яднаць гэтых «чужаніцаў».
Сёння глабалізацыйны метанаратыў падтрымлівае высакамернае стаўленне касмапалітызму да нацыі як да анахранічнай формы калектыўнай ідэнтычнасці»[41]. Але ж нацыяналізм набыў новы подых, новае жыццё ў кантэксце глабалізацыі. Нягледзячы на імпэт і амбіцыі некаторых тэарэтыкаў глабалізацыі, нацыі пакуль што рана хаваць. «Нацыя-дзяржава і дагэтуль застаецца асноўнай арганізуючай формай сацыяльнага жыцця і палітычнага працэсу, аднак нацыянальная палітычная прастора становіцца ўсё больш складанай і разнастайнай як у выніку палітызацыі культурных адрозненняў, так і ў выніку таго, што яна перакрываецца транснацыянальнымі актарамі»[42], піша Уладзімір Фурс. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што менавіта перакрываецца, а не знішчаецца. Я не буду закранаць тут перспектывы нацыянальнай дзяржавы, бо гэта занадта аб'ёмная і спрэчная тэма, абмяжуюся простай канстатацыяй, што паколькі нацыянальная дзяржава застаецца на парадку дня, то нам трэба распрацоўваць найлепшыя шляхі існавання ў ёй ці рэфармавання яе. «Нацыяналізм сёння нярэдка ўяўляе з сябе рэакцыю на асіметрыі глабалізацыі, яе «ценявы бок», прычым рэакцыю не проста абарончую ці кампенсаторную, але яе рухаюць такія пазітыўныя каштоўнасці, як салідарнасць і справядлівасць»[43]. Менавіта з гэтага Уладзімір Фурс робіць выснову, што нацыяналізм у глабальнай сістэме каардынатаў можа служыць вызначэнню лакальных праектаў грамадскай аўтаноміі.
Грамадзянскі нацыянальны праект немагчыма рэалізаваць без публічнасці. Асаблівую важнасць ва ўмовах Беларусі набывае незалежная публічная сфера – камунікатыўная прастора ў якасці звязваючага звяна паміж сферай прыватнага жыцця і дзяржавай. Публічная сфера ўтвараецца праз узаемадзеянне мноства публік – «спантанна ўзнікаючых аб'яднанняў прыватных асобаў»[44]..Публікі існуюць праз размову, абмеркаванне. Сучасныя ж тэарэтыкі публічнасці абапіраюцца сярод іншага на адмаўленне адзіночнага роду выразу «публічная сфера» і замяняюць яе на ідэю існавання мноства публік. Апроч гэтага сучасныя тэарэтыкі публічнасці настойваюць на ідэі працэдуральнасці публічнасці.
Публічную дыскусію належыць разглядаць як ніколі не скончаны, пастаянны працэс, а згода ў ім будзе нетрывалаю і часоваю. Але пры гэтым сама публічная дыскусія мае ўспрымацца як мэта, і падкрэсліваецца таксама каштоўнасць гэтых часовых кансенсусаў.
Як падаецца, грамадзянскі нацыянальны праект (у прапанаваным у гэтай працы разуменні) без публічнасці немагчыма рэалізаваць. Праз разгляд суіснавання і барацьбы за розумы этнакультурнага і грамадзянскага нацыяналізмаў у Беларусі я звярнулася да той ідэі, у якой можа палягаць аб'яднаўчы патэнцыял грамадства.
Пасля набыцця незалежнасці Беларусі вядучае месца ў розумах тых, хто спрабаваў тэарэтызаваць і рэалізоўваць на практыцы беларускую нацыю, панаваў этнакультурны нацыяналізм. Аднак сёння ўсё больш аўтараў адмаўляюцца ад яго на карысць грамадзянскага (інклюзіўнага) нацыяналізму як канцэпцыі, якая валодае нашмат большай аб'яднаўчай сілай.
Што тады грамадзянскі нацыяналізм у сённяшняй Беларусі? Гэта шанец на поспех у рэпалітызацыі як на тэарэтычным, так і на практычным узроўні, шанец на вяртанне палітыкі ў нарматыўным сэнсе. Тут нялішнім будзе зазначыць, што і дэмакратыя, і публічнасць, і інклюзіўны грамадзянскі нацыяналізм – гэта ўтопіі, але ж утопіі з практычным сэнсам. Яны ніколі не дасягальныя, але нам усё роўна трэба да іх імкнуцца.
Я скарысталася з двух прыкладаў праектаў, якія лічу праектамі ў русле грамадзянскага нацыяналізму, каб праілюстраваць ажыццяўленне крытэраў аб'яднання, прапанаваных Уладзімірам Фурсам. Трэба зазначыць, што ў гэтым даследаванні я не ставіла перад сабою мэту давесці колькасную перавагу праектаў грамадзянскага нацыяналізму над астатнімі мадэлямі.
Для разгляду я абрала сайт беларускай інтэлектуальнай супольнасці «Belintellectuals» ды адукацыйны праект Беларускі Калегіюм. У дадатак да двух крытэраў аб'яднання, вылучаных Уладзімірам Фурсам (прыцягнення ўсіх тых, хто з'яўляецца патрыётам незалежнай Беларусі і прымае каштоўнасці індывідуальнай і калектыўнай аўтаноміі), я вырашыла дзеля лепшай ілюстратыўнасці дадаць такі маркёр як стаўленне да выбару мовы.
Калі ў выпадку этнічнага нацыяналізму гэты культурны крытэр ужываўся для ўключэння індывідаў у лік беларусаў – дакладней, выключэння з гэтага ліку тых, хто па-беларуску не размаўляе, то для грамадзянскага нацыяналізму гэта адыходзіць на другі план. Мне падаецца вельмі важным, што мова – не супрацьпастаўляецца, а ёсць цяпер прадметам абмеркавання. Тут варта зазначыць, што грамадзянскі нацыяналізм не застаецца абсалютна абыякавым да моўнай праблемы, але ж яго канцэптуальня межы дазваляюць аб'яднанне нягледзячы на абраную мову камунікацыі.
Улічваючы, што абодва праекты ў сваёй дзейнасці актыўна выкарыстоўваюць беларускую і рускую мовы, я раблю выснову, што гэта азначае іх скіраванасць на шырокія колы грамадства. Акрамя таго, я лічу, што іх каштоўнасць у тым, што абодва праекты рэалізуюць фактычна прынцып публічнасці, утвараючы ўласныя публікі. Іншы крытэр поспеху – працяглае існаванне праектаў. Хоць у выпадку з сайтам «Belintellectuals» гэтае цверджанне ўскладняецца перарывістай гісторыяй праекту, але я хацела б выказаць спадзяванне, што прынцыпы, на якіх ён грунтуецца і якія ёсць агульна важнымі, дазволяць яму захаваць сваю трываласць.
Спадзяюся, што ў выніку мне ўдалося аргументавана прадставіць пазіцыю, што грамадзянскі нацыянальны праект у Беларусі немагчыма рэалізаваць без публічнасці, або, інакш кажучы, што публічнасць – гэта звязваючае звяно ў грамадзянскім нацыяналізме. І наапошкі зазначу, што публічнасць мусіць дзейнічаць як рухавік для мабілізацыі грамадскай думкі як палітычнай сілы[45].
Спасылкі:
[1] Бенхабиб, С. Притязания культуры. Равенство и разнообразие в глобальную эру. М.: Логос, 2005. С. 125.
[2] Фурс В. Белорусский проект «современности»? В: Европейская перспектива Беларуси: интеллектуальные модели. Вильнюс: ЕГУ, 2007. С. 53.
[3] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». Топос, 2006, № 2 (13). С. 15.
[4] Бенхабиб, С. Притязания культуры. С. 161.
[5] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 52.
[6] Там жа. С. 53.
[7] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 22.
[8] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 51.
[9] Бекус, Нэлі. "Беларуская нацыя" ў святле розных стратэгій нацыятварэння.
[10] Акудовіч, Валянцін. Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. Мн.: Логвінаў, 2007. С. 146.
[11] Бекус, Нэлі. "Беларуская нацыя" ў святле розных стратэгій нацыятварэння.
[12] Там жа.
[13] Там жа.
[14] Акудовіч, Валянцін. Код адсутнасці. С. 143-144.
[15] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 55.
[16] Стенограмма интервью Президента Республики Беларусь Лукашенко А.Г. Австрийскому агентству прессы 20 марта 2008 г. – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://president.gov.by/press56153.html#doc
[17] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 20.
[18] Там жа. С. 22.
[19] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 52.
[20] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 19.
[21] Карэнка Дз. Еўрапейская перспектыва Беларусі. Неабходнасць камунікацыі і пошуку агульных падставаў. У: АРХЭ, 2008 №4. С. 60.
[22] Миненков, Григорий. Европейская идентичность как горизонт белорусского воображения. В: Европейская перспектива Беларуси: интеллектуальные модели. Вильнюс: ЕГУ, 2007. С. 86.
[23] Карэнка Дз. Еўрапейская перспектыва Беларусі. С. 60.
[24] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 53.
[25] Рудкоўскі, Пётра. Сіла і слабасьць «двайной прапіскі». У: АРХЭ, 2006 № 5 – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://arche.bymedia.net/2006-5/rudkouski-pal506.htm
[26] Рудкоўскі, Пётра. Сіла і слабасьць «двайной прапіскі».
[27] Там жа. С. 55.
[28] Фурс В. Структурныя прынцыпы альтэрнатыўнага нацыятварэньня.
[29] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 56.
[30] Карэнка Дз. Еўрапейская перспектыва Беларусі. С. 60.
[31] Ці існуюць у Беларусі інтэлектуалы і, калі так, у чым іх місія? Раздзел “Пра нас” – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://belintellectuals.eu/about/
[32]Там жа.
[33] Сайт Беларускага Калегіюму – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://bk.baj.by/
[34] Там жа.
[35] Беларускі калегіюм абвяшчае новы набор. 10.09.08 – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://n-europe.eu/education/belaruski_kalegiyum_abvyashchae_novy_nabor
[36] Сайт Беларускага Калегіюму
[37] belintellectuals жив! – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://schrift-steller.livejournal.com/24543.html
[38] Вітаем Вас у супольнасці belintellectuals.eu! – [прагледжана 24 чэрвеня 2009 г.]. Доступ праз Інтэрнэт: http://belintellectuals.eu/publications/236/
[39] belintellectuals жив!
[40] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 16.
[41] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 51.
[42] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 18.
[43] Фурс В. Белорусский проект «современности»? С. 51.
[44] Фурс В. «Власть народа»: современные представления о демократии и белорусская модель «народовластия». С. 19.
[45] Fraser, Nancy. Die Transnationalisierung der Öffentlichkeit. С. 18.
З поўным варыянтам магістарскай працы "Публічныя сферы ў Беларусі: грамадзянскі нацыяналізм як магчымая падстава дыялогу" Вы можаце азнаёміцца па наступнай спасылцы.
Каментарыі (2)
|
# Таццяна Елавая
05.09.2009 04:33 |
была прыемна здзіўлена ўзгадваннем у працы аўтаркі рэсурса Belintellectuals! мінулым месяцам на сайце адбыліся моўныя змены адносна тытульнай старонкі сайта на карысць беларускай, што можна лічыць дадатковым аргумантам у капілку пацверджання гіпотэзы дыпломнае працы :)) што датычна самога тэксту, то мне пэўныя моманты падаліся занадта аптымістычнымі, калі не сказаць наіўнымі, але гэта доўгая гаворка pro et contra камунікатыўная тэорыя vs балотная рэальнасць і з'яўляецца хутчэй справай густаў у выбары тэарэтычных парадыгмаў ("як там насамрэч" мы ўсё адно не ведаем, таму ў прынцыпе ўсе тэорыі маюць прыкладна аднолькавую верагоднасць адлюстравання жыццёвага свету). заўвага: "Пасля набыцця незалежнасці Беларусі вядучае месца ў розумах тых, хто спрабаваў тэарэтызаваць і рэалізоўваць на практыцы беларускую нацыю, панаваў этнакультурны нацыяналізм. Аднак сёння ўсё больш аўтараў адмаўляюцца ад яго на карысць грамадзянскага (інклюзіўнага) нацыяналізму як канцэпцыі, якая валодае нашмат большай аб'яднаўчай сілай." наколькі я ведаю, этнічны нацыяналізм як раз і з'яўляецца адным з найбольш моцных сродкаў кансалідацыі пэўнай групы людзей памерам большай за вёску, паколькі апелюе да вельмі простых (прымітыўных) і канкрэтных ідэалаў, зразумелых усім. таму так часта выкарыстоўваецца ў якасці сродку маніпулявання масамі. іншая справа, што ён у пэўных абставінах можа не дзейнічаць (напрыклад, у краінах з высокаразвітай палітычнай культурай, да якіх Беларусь не адносіцца) альбо прыносіць разбурэнні (узброеныя канфлікты на этнічнай глебе і г.д.) і таму мы ад яго адмаўляемся. як сказаў калісь Ёшка Фішэр, "ніхто не хоча паміраць за Еўропу". гэта шмат аб чым гаворыць але з гэтым, вядома, трэба нешта рабіць (у варыянце камунікатыўнай тэорыі гэта гучала б "давайце зробім так, каб паміраць за Еўропу не трэба было б увогуле"). |
|
# Aliaksei
05.09.2009 16:39 |
Ну няпраўда ягоная. :) В ноябре 1956, директор Венгерского Агентства Новостей, незадолго до того, как артиллерийский огонь сравнял с землей его офис, отправил всему миру отчаянное послание – телекс, возвестивший начало русского вторжения в Будапешт. Текст оканчивался словами: "Мы умрем за Венгрию и за Европу". |








