Публікацыі

Беларусь'2009: перапісаных не існуе

Іван Новік

 

— Хочаш, я і цябе злічу?
— Калі гэта не балюча, то злічы!
— Гэта зусім не балюча. Толькі ты не варушыся, а то я лічыць не змагу.
— Ой, што ты! Я вельмі баюся. І мая мама, напэўна, не дазволіць.
— Я — гэта раз, ты — гэта два. Адзін, два!
— Маці!
— Ты чаго равеш?
— Казляня мяне лічыць!
— А што гэта такое?
— Я навучыўся лічыць да дзесяці. Вось паслухайце: адзін — гэта я, два — гэта Цяля, тры – гэта Карова. Адзін, два, тры!
— Ой, зараз ён і цябе злічыў!
— Я табе пакажу, як пацяшацца над старымі!

— Мы гонімся за Казлянём
— Яно нас лічыць
— А яму ніхто не даў такога права.

“Казляня якое лічыла да дзесяці”, мультфільм [1]


Перапіс які мае адбыцца ў хуткім часе – нават, не гледзячы на яго магчымыя ці меркаваныя вынікі – ужо паспеў стацца сацыяльным фактам беларускай культурнай і інтэлектуальнай прасторы, сцвярджаць гэта дае падставу той розгалас які ён выклікаў у СМІ і некаторых фрагментах бай-нэту: даволі актыўна абмяркоўваюцца як фармулёўкі некаторых пытанняў (асабліва тых, што датычаць мовы), так і рэлевантнасць саміх вынікаў у варунках сучаснай беларускай палітычнай сістэмы. Гэта ўсё – даволі чаканыя вынік, бо перапіс, з’яўляецца адной з галоўных прыладаў легітымацыі / дэлегітымацыі тых альбо іншых палітычных стратэгіяў, таму нядзіўна што палітычныя актары спрабуюць паўплываць на ягоныя вынікі, змадэляваць іх. Але ж здзіўляе іншае – што інтэлектуальная супольнасць Беларусі замерла ў чаканні тых самых вынікаў, прымаючы саму сітуацыю перапісу як дадзенасць, у той жа час, як маем прад сабой складаны артэфакт, які нясе дастаткова інфармацыі, каб стацца нагодай для асэнсавання і грунтоўнага аналізу.

Праблема палягае ў тым, што ня толькі вынікі, канкрэтныя лічбы і прапорцыі ў якіх мае увасобіцца перапіс, але і сам ён як пэўная дыскурсіўная падзея [2], што стаіць у шэрагу падобных жа дыскурсіўных падзеяў (гісторыя перапісаў на нашых землях), улучае ў сабе пэўную канфігурацыю веды і дасылае да тых ці іншых дыскурсіўных практыкаў (беларуская дэмаграфія і этнаграфія), мае сваю валіднасць адносна палітычнага, нацыянальнага наратыву (выкарыстанне вынікаў перапісаў у палітычнай барацьбе) – усё гэта з’яўляецца прадметам для навуковага аналізу, а адпаведна сімвалічная барацьба павінна разгортвацца ня толькі за ягоныя вынікі, але ж і за спосабы яго інтэрпрэтавання.

Тут можна дыягнаставаць адзін з характэрных сімптомаў сучаснай беларускай гуманітарнай навукі – у той час як ключавыя тэксты для заходняй гуманітарыстыцы (у нашым выпадку ў якасці такіх, пэўна, трэба пазначыць тэксты М. Фуко і Б. Андэрсана) патрапілі ў інтэлектуальную беларускую прастору ўжо досыць даўно і мелі пэўны розгалас, як і свае лакальныя тлумачэнні, але ж іх выкарыстанне не сягае далей праблемаў прэдыкацыі (ці варта пазначаць беларускую нацыю як “уяўную супольнасць”, як сканструяваную), але ж амаль цалкам адсутнічаюць спробы прачытаць тыя тэксты ў інструментальным рэчышчы – як схему навуковае працы, як інструкцыю для спосабаў аперавання з тутэйшымі рэаліямі.


Перапіс у сістэме каардынатаў сучаснай заходняй гуманітарыстыцы.

Легітымацыя тэмы перапісу як прадметнасці навуковага аналізу можа быць прымеркавана да другога выдання кнігі “Ўяўныя супольнасці” Б. Андэрсана, калі гэты найбольш уплывовы і слынны з сучасных даследнікаў нацыяналізму, улучыў у сваю кнігу асобны раздзел прысвечаны таму якую ролю ў паўстанні і развіцці нацыяналізму сыгралі перапісы, мапы і музеі. [3]

Андэрсена, у прыватнасці, цікавілі тыя зрухі ў спосабах правядзення перапісаў якія адбываліся ў каланіяльных краінах напярэдадні іх нацыянальнага разняволення – зрухі, якія на думку даследніка, і канстытуявалі, у пэўнай ступені прадвызначылі межы і семантыку будучых пост-каланіяльных рухаў. Новыя рысы, што з’явіліся ў перапісах – якія Андэрсан прымяркоўвае да часу пасля 1850 году, улучалі ў сабе дзве істотныя рысы.

Гэта, па-першае, татальнасць перапісаў: у той час як папярэднія перапісы датычылі толькі працаздольнага мужчынскага насельніцтва (адпаведна, былі паклікана падлічыць колькасць насельніцтва на якога распаўсюджваліся падаткі і ваенная павіннасць), новыя перапісы “выкарыстоўвалі новую складаную катэгарыяльную сетку, якая не мела наўпростых фінансавых ці ваенных мэтаў” [4], і ў якаю траплялі аднолькава і мужчыны, і жанчыны, дзеці, старыкі. Такім чынам у новых перапісах замацоўвалася нябылая дагэтуль “роўнасць” каланіяльнага насельніцтва перад катэгорыямі кіруючай адміністрацыі. Татальнасць новых перапісаў мела і іншае вымярэнне іх вылучаў “шал вытворцаў перапісу да завершанасці і адназначнасці. Адгэтуль іх нецярпімасць да множных, палітычна "трансвестыўных", невыразных і зменлівых ідэнтыфікацыяў. ... Задума перапісу ў тым, каб кожны ў ім патрапіў адно – і толькі адно – абсалютна адназначнае месца”. [5]

Другой істотнай рысай новых перапісаў сталася асаблівае “серыяльнае” мысленне, што ляжала ў іх падставе – яны замацоўвалі новы, не вядомы для традыцыйных грамадстваў, па-над якімі яны разгортвалі, квантыфікацыйны светагляд у якім уся рэчаіснасць ператваралася ў паслядоўнасці серыяльных радоў, дзе кожнае рэчы, ці асобе належаў свой серыйны нумар і роля прадстаўніка серыі: ўсе можа й павінна быць злічана.

Такім чынам, праз перапісы стваралася тое ментальнае поле ў якім і сталася магчымым “уяўленне” нацыяў, тым больш што вынікі перапісаў пасля замацоўваліся ў адпаведных практыках адміністравання і кіравання, ператвараючы іх у квазі-рэчаіснасць. Гіронія ж гэтых працэсаў, паводле Андэрсана, палягала ў тым, што перапісы намагаліся “рупліва падлічыць аб'екты свайго запалёнага ўяўлення” [6]: негледзячы на ўсю матэматычную дакладнасць да якой імкнуліся стваральнікі новых перапісаў, самі катэгорыі, паводле якіх меліся лічыць, засталіся ў спадчыну ад “прастачынаў з іспанкіх галеонаў”. [7] То бок сістэма расавых і нацыянальных катэгорыяў пакладзеная ў апірышча перапісаў ня мела нічога супольнага з тымі сацыяльнымі дачыненнямі, што мелі месца ў каланізаваных тэрыторыях, як і не адлюстроўвала рэальных самаазначэнняў – хутчэй яна дублявала тыя цьмяныя катэгорыі, што існавалі толькі ў галовах каланізатараў. Катэгорыі бясконца далёкія ад традыцыйнае культуры кіраваных імі мясцовасцяў, катэгорыі якія маглі толькі засведчыць гісторыю расавае і нацыянальнае пыхі еўрапейцаў. Але ж менавіта гэтыя катэгорыі і сталіся падставамі для нацыянальных прэтэнзіяў новых рухаў разняволення ў каланіяльных краінах.

Паўстае пытанне – наколькі высновы Андэрсана маюць дачыненне да нашага выпадку? Бо яго галоўным доследным полем былі менавіта “экзатычныя” для еўрапейскага чытача выпадкі. Але пры тым, што зараз “модна” інтэрпрэтаваць сучасную культурную сітуацыю Беларусі як своеасаблівы пост-каланіяльны выпадак, было б варта праінтэрпрэтаваць яе гісторыю адносна і гэтых разважанняў даследніка.

Ужо ў “пост-Андэрсанаўскія” часы сучасная заходняя гуманітарная навука разгледзеўшы ў перапісы, адну з фігураў “тэхналогіяў вытворчасці ісціны”, што з’яўляюцца падставовым элементам дысцыплінарнага грамадства, апісанага М. Фуко [8], адказала на гэта шэрагам публікацый, дзе перапіс аналізуецца праз накладанне на сеціва паняццяў “улада”, “каланіяльныя дачыненні”, “нацыяналізм”. [9]


З гісторыі “моўнага пытання”.

Тыя спрэчкі, што разгарнуліся вакол графы “родная мова” (у прыватнасці аспрэчваецца “навуковасць” яе азначэння як “мовы, засвоенай першай у раннім дзяцінстве” [10]) і раскалолі беларускую грамадскую думку на некалькі супрацьлеглых лагераў – не з’яўляюцца выключнымі для Беларусі выпадкам, хутчэй яны сведчаць аб яе сутнаснай прыналежнасці да культурнага рэгіёну Цэнтральнае і Усходняе Еўропы.

Першапачаткова пытанне наконт мовы увогуле не ўваходзіла ў перапісы, першай краінай, якая ўнесла адпаведную графу ў свой перапіс сталася Бельгія (1846 год), услед за ёй пытанне наконт мовы было ўнесена ў перапісы Прусіяй і Швецыяй (1850 год). [11] У хуткім часе праблема была спазнаная як кропка разыходжання навуковых меркаванняў, калі на першым Інтэрнацыянальным статыстычным кангрэсе ў Брусэлі ў 1853 годзе нямецкай дэлегацыяй было прапанавана ўнесці адпаведны пункт (адпаведна з афіцыйнай мовай кангрэсу – францускай: “langue parlée” – размоўная мова) у адзіны стандартызаваны апытальнік. [12] Цікавым з’яўляецца той кантэкст у якім паўстала “моўнае пытанне”: нямецкая дэлегацыя, спасылаючыся на тагачасныя варункі нямецкай культуры, аспрэчвала дзейснае дагэтуль францускае азначэнне “нацыі”, як палітычнай супольнасці, і прапанавала свае – нацыя як культурная супольнасць (а адпаведна – і маўленчая), якая не супадае з існымі дзяржаўнымі і адміністрацыйнымі межамі і нават супрацьстаіць ім у сваёй “натуральнасці”. [13]

Такім чынам, мы бачым што пытанне наконт мовы ў самой сваёй генеалогіі дасылае да гісторыка-культурных рэаліяў Цэнтральнае і Усходняе Еўропы і знітавана з парадыгмай этна-нацыяналізму. Ягонае паўстанне было звязана з утварэннем новых прадметнасцяў – “натуральных” маўленчых супольнасцяў – у межах палітычнага дыскурсу, які выступаў як контр-дыскурс у стасунку да існых дзяржаўных і інстытуцыйных практыкаў.

Далейшае развіццё, замацаванне і інстытуалізацыю гэтая новая дыскурсіўная практыка атрымала на наступным Інтэрнацыянальным статыстычным кангрэсе ў Санкт-Пецярбурзе ў 1872 годзе, дзе мова была ўвогуле вылучаная як адзіны надзейны індыкатар нацыянальнасці: “статыстыкі ў Санкт-Пецярбурзе прыйшлі да высновы, што толькі мова ёсць адзінай сапраўднай катэгорыяй, якая можа даць статыстычную інфармацыю аб нацыянальнасці”. [14] Прычым было прапанавана ўвогуле выключыць прамое пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці, бо “прамое пытанне аб нацыянальнасці можа збянтэжыць рэспандэнтаў, не прызвычаеных думаць ў “нацыянальных” паняццях, а таму адчыніць дзверы для “суб’ектыўных” ацэнак” у той жа час як “кожны цудоўна ведае сваю асабістую мову”. [15] Такім чынам, назіраем цікавую рэверсію – калі пытанне “нацыянальнасці” было выведзена па-за абсяг асабістае свядомасці і жаданняў індывіда і аддадзена на водкуп экспертнае ведзе, як частка “аб’ектыўнае” таксаноміі, дзе ледзьве не адзіным таксонам апынулася мова. У той жа час дэмаграфічная веда ў гэтай свае новае канфігурацыі непазбежна знаходзіць маўленчага суб’екта як носьбіта і прадстаўніка палітычных і культурных запатрабаванняў, а адпаведна – як аб’ект для палітычнае і сацыяльнае інжынерыі. Размаўляць – сталася небяспечнай справай.

У той жа час практыка інтэрпрэтавання мовы як галоўнага інструменту дэкадавання нацыянальных стасункаў – якая была замацаваная ў хуткім часе ў перапісах 1880 года ў Аўстра-Вугоршчыне, 1890 года ў Прусіі і 1897 года ў Расеі мела таксама яшчэ адно далёкасягаючае наступства – яна па сутнасці сталася адным з падставовых элементаў таго працэсу “вынаходніцтва Ўсходняе Еўропы” які апісвае ў сваёй кнізе Лары Вульф. [16] Бо тыя “заходнія статыстыкі, што прысутнічалі на сесіях Інтэрнацыянальнага статыстычнага кангрэсу не думалі, што нацыянальнасць, як культурная супольнасць, мае дачыненне да іх дзяржаваў ... нацыянальнасць на Захадзе была прыроўненая да дзяржавы нараджэння (то бок грамадзянства) індывідуума” [17] – і тое, што катэгорыя нацыянальнасці атоесненая з моваю індывіда сталася часткай навуковага дэмаграфічнага дыскурсу і адпаведных практыкаў перапісаў разглядалася імі як частка таго “нонсенсу”, якім выступала ў іхніх вачах прастора Ўсходняе Еўропы.

Для далейшага разгляду трэба мець наўвеце, што, вышэйазначаная Санкт-Пецярбургская канферэнцыя пакінула тое ж паняцце “langue parlée”, дадаўшы толькі азначэнне “мова паўсядзённага стасавання” [18] – такім чынам не было праведзена падзелу паміж прыватным і публічным выкарыстаннем мовы – бо відавочна, што мова хатняга ўжывання і мова якую чалавек выкарыстоўвае ў публічнай сферы можа адрознівацца, што і было паўсюднай практыкай у Цэнтральнае і Ўсходняе Еўропе. Менавіта гэтая двухсэнсоўнасць закладзеная ў азначэнне катэгорыі “мовы” ў Санкт-Пецярбургскай канферэнцыі і сталася тым люстэркам у якім адбіліся межы “аб’ектыўнасці” новазнойдзенага крытэру нацыянальнасці. Бо хутка высветлілася што кожны зусім не “цудоўна ведае сваю асабістую мову” – якой менавіта моваю ёсць гэта канкрэтнае маўленне, якая мова свая і якая асабістая, усе гэтыя пытанні апынуліся ня маючымі відавочных адказаў. Адказ на гэтая пытанні стаўся справаю элітаў: адбыўся падзел паміж адміністрацыяй імперыяў (Прускай, Астра-Вугорскай і Расейскай), якая настойвала на занатоўванні мовы публічнага стасавання і лідэрамі нацыянальных рухаў, што настойвалі на сваім азначэнні “langue parlée”. [19] Бо з пункту гледжання наратыву нацыянальнага адраджэння існыя імперскія інстытуцыі, як і сукупнасць усталяваных сацыяльных адносінаў выступалі ня больш чымся прыладамі асіміляцыі. Таму адбывалася наўпростае атаясненне “несправядлівай” дзяржаўнай палітыкі з “чужынскім” уздзеяннем, з культурнай вайной рознанацыянальных сацыяльных арганізмаў. А калі мова была замацаваная, у тым ліку і праз практыкі перапісаў, з асноўным індыкатарам нацыянальнасці – то і “нацыянальны канфлікт” як тлумачальная матрыца для крытыкі дзяржаўнае палітыкі, пераносіўся ў цэнтр моўных пытанняў. Таму ў якасці адзінага “аб’ектыўнага” крытэру для вызначэння “свае”, “асабістае” мовы было прапанавана канцэптуалізаваць “прыватную” мову індывіда – тое маўленне, што па-за абшарам дасягальным для дзяржавы. На перакрыжаванні гэтых інтэнцыяў і з’явілася паняцце матчынай ці роднай мовы.

Пасля Першае Сусветнае Вайны, калі Аўстра-Вугоршчына, Нямеччына і Расія апынуліся падзеленымі на незалежныя дзяржавы, ці савецкія рэспублікі – у адпаведнасці з лінгвістычным крытэрам, пытанне нацыянальнасці, у адрозненні ад перадваенных практыкаў, было непасрэдна ўнесена ў апытальнікі, ці 1. замест моўнага пытання (Румынія, Польшча), ці 2. у дадатак да моўнага пытання (СССР), ці 3. поруч з ім (Чэхаславаччына: “Якая ваша нацыянальнасць [родная мова]?”). [20] У той жа час у Савецкім саюзе асобна занатоўваліся і нацыянальнасць і мова, прычым у той час як родная мова абіралася самім апытаным, нацыянальнасць (вызначаная ў тым ліку і як лінгвістычная прыналежнасць) лічылася праддадзенай - вызначалася паводле нацыянальнасці бацькоў (адзіным выпадкам калі яе можна было абіраць быў выпадак змешанага шлюбу бацькоў).

Паралельна нацыянальнасць інстытуалізавалася праз адпаведную графу ў пашпарце. Такім чынам, ў паваенныя гады адбываецца пэўнае размежаванне паміж катэгорыямі нацыянальнасці і мовы, што надае іх стасункам пэўнае дынамікі – але ж там дзе назіраецца пэўная хісткасць нацыянальнай ідэнтычнасці, ці існуе некалькі альтэрнатыўных палітычных стратэгіяў яе мадэлявання лінгвістычныя аргументы граюць вырашальную ролю, а таму і адпаведныя фармуліроўкі пытанняў перапісу нясуць на сябе сляды палітычнае барацьбы. [21]

Чым жа ёсць родная мова? Справа ў тым, што на гэтае пытанне ў сучаснай лінгвістыцы існуе некалькі, падчас супрацьлеглых адказаў: 1) мова якой індывід авалодаў першай у дзяцінстве (азначэнне ў перапісах США); 2) мова якой ён валодае найлепш падчас перапісу (азначэнне ў перапісах Швецыі і Фінляндыі); 3) мова сімвалічнага атаяснення – “мова продкаў”. “Першая мова ці мова ўжытку – кожная з сітуацый можа быць азначана як “матчына мова”, у залежнасці ад нацыянальнага кантэксту” [22], у той час як “абранне той ці іншай адмены вынікае з палітычных рашэнняў”, “нейтральная катэгорыя ідэнтычнасці ёсць аксюмаранам”. [23]

З пункту гледжання ўсяго вышэйазначанага і тых спрэчак, што разгарнуліся вакол азначэння роднае мовы, пададзенага ў цяперашнім перапісу, цікава будзе параўнаць тыя азначэнні і фармулёўкі што падаваліся ў папярэдніх перапісах:


Табліца: фармуліроўка моўнага пытання ў перапісах, што адбываліся на беларускае тэрыторыі да здабыцця незалежнасці Беларусі [24]:

Год Фармуліроўка Указанні да адказаў
1897 12. Родная мова Тут запісваецца назва тае мовы, якую кожны лічыць для сябе роднаю. Для расейскай мовы досыць пазначэнні "Р", для маларасійскае – "М", для беларускае – "БЛ", іншыя ж мовы павінны быць занатавана цалкам, напрыклад, польская, француская, ангельская, нямецкая, габрэйская, татарская, мардоўска і г.д.
1926 5. Родная мова Роднай моваю прызнаецца тая, якой апытаны лепш за ўсё валодае ці на якой звычайна размаўляе. Роднай мовай дзяцей, што не ўмеюць размаўляць, лічыць мову маці; роднай мовай глуханямых лічыцца мова, якой яны карыстаюцца ў зносін з атачэннем.
1939 8. Родная мова Запісваецца назва мовы, якую сам апытаны лічыць сваёй роднай. Роднай мовай для дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, запісваецца мова, на якой звычайна размаўляюць у сям'і. Роднай мовай глуханямых лічыцца мова, якой карыстаецца іх сям'я ці асобы, з якімі яны пераважна маюць стасункі. Родная мова можа не супадаць з нацыянальнасцю.
1959 8. Родная мова Запісваецца назва мовы, якую сам апытаны лічыць сваёй роднай мовай. Калі апытаны ня можа назваць якую-кольвек мову роднай, трэба запісаць назву мовы, якой апытаны лепш за ўсё валодае ці якой звычайна карыстаецца ў сям'і. Роднай мовай для дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, запісваецца мова, на якой звычайна размаўляюць у сям'і. Роднай мовай глуханямых лічыцца мова, на якой яны чытаюць і пішуць ці якім карыстаюцца сям'я ці асобы, з якімі яны пераважна маюць стасункі. Родная мова можа не супадаць з нацыянальнасцю.
1970 8. Родная мова. Указаць таксама іншую мову народаў СССР, якой вольна валодае Запісваецца назва мовы, якую сам апытаны лічыць сваёй роднай мовай. Калі апытаны ня можа назваць якую-кольвек мову роднай, трэба запісаць назву мовы, якой ён лепш валодае ці якой звычайна карыстаецца ў сям'і. Родная мова дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, і іншых малалетніх дзяцей вызначаецца бацькамі. Калі бацькі ня могуць вызначыць родную мову дзіцяці, варта запісаць мову, на якой звычайна размаўляюць у сям'і. Роднай мовай глуханямых лічыцца мова, на якой яны чытаюць і пішуць, ці якой карыстаецца іх сям'я ці асобы, з якімі яны пераважна маюць стасункі. Родная мова можа не супадаць з нацыянальнасцю. Пасля запісу роднай мовы ў верхнім радку асобам, што вольна валодаюць іншай моваю народаў СССР (то бок. умеюць вольна размаўляць на гэтай мове), запісаць у ніжнім радку, якой (расейскай, украінскай і д.п.) мовай апытаны яшчэ валодае. Калі апытаны, акрамя роднага, вольна валодае яшчэ дзвюма і больш мовамі народаў СССР, то варта запісаць толькі тую з іх, якой ён лепш валодае. Асобам, што валодаюць вольна іншай мовай народаў СССР, а таксама дзецям, яшчэ не ўмеючым размаўляць, у верхнім радку запісваецца родная мова, а ў ніжняй запісваецца "няма".
1979 8. Родная мова. Указаць таксама іншую мову народаў СССР, якой вольна валодае Запісваецца назва мовы, якую сам апытаны лічыць сваёй роднай мовай. Калі апытаны ня можа назваць якую-кольвек мову роднай, трэба запісаць назву мовы, якой ён лепш валодае ці якой звычайна карыстаецца ў сям'і. Родная мова дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, і іншых малалетніх дзяцей вызначаецца бацькамі. Калі бацькі ня могуць вызначыць родную мову дзіцяці, трэба запісаць мову, на якой звычайна размаўляюць у сям'і. Роднай мовай глуханямых лічыцца мова, на якой яны чытаюць і пішуць, ці якой карыстаецца іх сям'я ці асобы, з якімі яны пераважна маюць стасункі. Родная мова можа не супадаць з нацыянальнасцю. Пасля запісу роднай мовы ў верхнім радку асобам, якая вольна валодае іншай мовай народаў СССР ці ўмее толькі вольна размаўляць на гэтай мове, запісваецца назва гэтай мовы (расейская, украінская, казахская, латышская і д. п.). Калі апытаны, акрамя роднага, вольна валодае дзвюма ці больш мовамі народаў СССР, то варта запісаць толькі тае з іх, якой ён лепш валодае.
1989 9. Родная мова. Указаць таксама іншую мову народаў СССР, якой вольна валодае Запісваецца назва мовы, якую сам апытаны лічыць сваёй роднай мовай. Калі апытаны ня можа назваць якую-кольвек мову роднай, трэба запісаць назву мовы, якой ён лепш валодае ці якой звычайна карыстаецца ў сям'і. Родная мова дзяцей, якія яшчэ не ўмеюць размаўляць, і іншых малалетніх дзяцей вызначаецца бацькамі. Калі бацькі ня могуць вызначыць родную мову дзіцяці, трэба запісаць мову, на якой звычайна размаўляюць у сям'і. Роднай мовай глуханямых лічыцца мова, на якой яны чытаюць і пішуць, ці якой карыстаецца іх сям'я ці асобы, з якімі яны пераважна маюць стасункі. Родная мова можа не супадаць з нацыянальнасцю. Пасля запісу роднай мовы ў верхнім радку асобам, якая вольна валодае іншай мовай народаў СССР, то бок умее чытаць, пісаць і вольна размаўляць ці ўмее толькі вольна размаўляць на гэтай мове, запісваецца назва гэтай мовы (расейская, украінская, казахская, латышская і д. п.). Калі апытаны, акрамя роднага, вольна валодае дзвюма ці больш мовамі народаў СССР, то варта запісаць толькі тае з іх, якой ён лепш валодае.



Перапіс насельніцтва адбываўся і ўва Ўкраіне ў 2001 годзе, тут:

“Рідною мовою записувалась та мова, яку самі опитувані вважали рідною. Рідна мова дітей, які ще не вміли говорити, та інших малолітніх дітей визначалася батьками”

“Національність записувалася зі слів самих опитуваних без документального підтвердження; національність малолітніх дітей визначалась батьками. У разі виникнення ускладнень з визначенням національності дитини, коли батьки були різної національності, перевага надавалась національності матері”. [25]

Перапіс насельніцтва ў Расейскае Федэрацыі мае адбыцца ў 2010 годзе, у перапісных лістах, пытанне нацыянальнасці сфармуляванна наступным чынам:

  1. Ваша национальность
    По самоопределению
    Национальность детей определяют родители
  2. адмысловая графа: отказ от ответа

Моўныя пытанні сфармуляваны наступным чынам:
10.1 Первый язык, усвоенный Вами в детстве (родной язык)

10.2 Какими языками вы обычно пользуетесь? Можно записать несколько языков, но не более трех

10.3 Владеете ли Вы русским языком? [26]



Цікава адзначыць што ў той час беларускае грамадства актыўна абмяркоўвае пытанні датычныя нацыянальнасці і мовы, для саміх стваральнікаў перапісу – на ўзроўні публічных выступленняў, гэтая праблемы як быццам і не існуе – артыкулы змешчаныя на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ, абыходзяць маўчаннем “скандальнае” моўнае пытанне. [27] Адзінае згадванне беларускай мовы змяшчае артыкул у беларускамоўнай “Звяздзе” [28], дый тое датычыць ён толькі беларускамоўнай формы перапіснага ліста:

“Як вядома, ці не найбольш спрэчным момантам перапісу-99 стала мова. Сёлета, лічаць у Нацыянальным статкамітэце, падобныя пытанні ўзнікнуць не павінны.

— Форма перапіснога ліста падрыхтавана як на рускай, так і на беларускай мове, да таго ж, па жаданні рэспандэнта, пытанні перапісу могуць быць зададзеныя на любой з дзвюх дзяржаўных моў, — кажа Уладзімір Зіноўскі. — У прыватнасці, падчас навучання перапісчыкаў асаблівая ўвага будзе надавацца менавіта правільнасці правядзення апытання па-беларуску”. [29]


Некаторыя высновы.

1. Перапіс ёсць уцялесненнем таго сеціва паняццяў праз якія ўлада бачыць падкантрольнае ёй “сацыяльнае цела”, праз якія яна вымярае і намацвае ўзровень лаяльнасці, а таксама тыя сацыяльныя антаганізмы(магчыма толькі ўяўныя), улагодзіць якія яна бачыць сябе пакліканай. У той жа час тае сеціва уцялесніваецца і дублюецца ў сістэме практык адміністравання і навуковых дыскурсах, так чынам надавая сістэме “ўяўных” катэгорый усё большы статус пачатковае “рэчаіснасці”. – То бок праз перапіс мы маем шанец заглянуць у своеасаблівае “мысленне” ўлады.

2. У той жа час, як і любы навуковы дыскурс, што выконвае замову ўлады і высновы якога уцялесніваюцца ў уладных, інстытуцыянальных структурах, дыскурс дэмаграфіі – і канкрэтна практыкі перапісаў, маюць сваю пэўную інерцыю і суверэнітэт. Выяўляецца гэта, апрача іншага і ў тым, што дзяржава ня можа па-сутнасці неяк радыкальна змяніць сістэму этнічных (расавых, сацыялінгвістычных) катэгорый згодна з сваімі інтарэсамі. Хутчэй яна знаходзіць ужо зададзеным пэўны веер магчымых навуковых рашэнняў з якіх яна абірае выгадныя ёй. – Адсюль другая тэма: уплывы навуковага дыскурсу пэўнага кшалту на ўладу, дамаграфія з яе практыкай перапісаў прадвызначае будучыя лініі ўладарання, гарызонты палітычных рашэнняў.

3. Перапіс ёсць складанаю сістэмай, дзе чалавек пакліканы кіруючыся сваімі сімвалічнымі перакананнямі абраць адзін з альтэрнатыўных варыянтаў “ідэнтычнасці”, каб потым патрапіць у межы адной з клетак сеткі палітычнага кантролю і навуковага дыскурсу.

4. Што “замярае” перапіс пытаннямі пра мову ці нацыянальнасць? – па сутнасці, ня больш чым статус кво, які ўсталяваўся на дадзены момант у сістэме палітычнай і сімвалічнай барацьбы вакол пытанняў ідэнтычнасці.

5. “Сацыяльным фактам” тут з’яўляецца толькі тое, што сацыяльныя актары зыходзяць з перакананняў аб “натуральнасці”, “прыроджанасці” катэгорыяў ідэнтычнасці.

6. У той час як 1) для СТВАРАЛЬНІКАЎ перапісу ён (перапіс) паўстае як таксон "ісціны", як тая прызма праз якую можна ўбачыць індывіда ў сетцы яго "аб'ектыўных" каардынатаў, патлумачыць яго ў ягонай "аб'ектыўнасці" і дадзенасці, для самога 2) ЗАПЫТАНАГА ІНДЫВІДА перапіс з'яўляецца ня больш як прыватнай, і памежнай формай дыялогу - на супрацьлеглым баку якой ён бачыць запытаўшую яго дзяржаву, а адпаведна ўзровень "шчырасці" яго адказу наўпрост залежыць ад ступені даверу да ўлады. Сам жа дыялог вядзецца пра ягоную “мы-ідэнтычнасць”, а таму сітуацыя перапісвання-дыялогу можа разгортвацца па двух сцэнарах: прамаўлення дадзенага, прамова рэчаіснасці, ці як падстава для палітычных сцвярджэнняў, сцвярджэння належнага.

7. Самая працэдура перапісу, можа быць убачанай як складаны артэфакт, які ўлучае: 1) пэўны сінхранічны “зрэз” стану навуковага поля (беларуская дэмаграфія); 2) пэўную замову з боку палітычнай эліты; 3) “супрамат” насельніцтва, якое падлягае перапісу, то бок: здатнасць глядзець на рэчаіснасць праз акуляры катэгорыяў перапісу, гатоўнасць да “шчырых” адказаў і г.д.



Спасылкі:

[1] Козлёнок который считал до десяти. Саюзмультфильм, рэжысёр і сцэнарыст – В. Дзягтярэў, 1968

[2] Гл.: Фуко М. Археология знания. СПб.: ИЦ «Гуманитарная академия»; Университетская книга, 2004. – 416 с.

[3] Anderson, B. Imagined communities: reflections on the origin and spread of nationalism. Ed.2, revised. Verso, 1991 – pp. 163 – 187

[4] Ibid. 168

[5] Ibid. 166

[6] Ibid. 169

[7] Ibid. 167

[8] Census and identity: the politics of race, ethnicity, and language in national census. Volume 1 of New perspectives on anthropological and social demography. Editors David I. Kertzer, Dominique Arel. Cambridge University Press, 2002. –ix - xi pp.

[9] гл. напрыклад ужо згаданую Census and identity: the politics of race, ethnicity, and language in national census. Volume 1 of New perspectives on anthropological and social demography. Editors David I. Kertzer, Dominique Arel. Cambridge University Press, 2002 – 210 p.; Skerry, P. Counting on the census?: race, group identity, and the evasion of politics. Brookings Institution Press, 2000 – 261 p.Асаблівую цікавасць у нашым выпадку прадстаўляюць артыкулы Francine Hirsch, прысвечаныя ролі перапісаў у паўставанні савецкай палітычнай сістэмы: Hirsch, F. "Towards a Soviet Order of Things: The 1926 Census and the Making of the Soviet Union," in Categories and Contexts: Anthropological and Historical Studies in Critical Demography, ed. S. Szreter, H. Sholkamy, and A. Dharmalingam (Oxford: Oxford University Press, 2004), 126-147; Hirsch, F. "The Soviet Union as a Work-in-Progress: Ethnographers and the Category 'Nationality' in the 1926, 1937, and 1939 Censuses," Slavic Review 56, no. 2 (Summer 1997): 251-278.

[10] Гл.: http://belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/forma_2H_bel.pdf

[11] Arel, Dominique. Language categories in censuses: backward- or forward-looking? // David I. Kertzer and Dominique Arel (eds.) Census and Identity: the Politics of Race, Ethnicity, and Language in National Censuses. Cambridge: University Press, 2002. – P. 94.

[12] Ibid; Tebarth, Hans-Jakob. Geschichte der Volkszählung // Henning Bauer, Andreas Kappeler, und Brigitte Roth (Hrsg.). Die Nationalitäten des Russischen Reiches in der Volkzählung von 1897. Vol. 1. Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 1991. – S. 25-87.

[13] Там жа.

[14] Arel, Dominique. Language categories in censuses: backward- or forward-looking? // David I. Kertzer and Dominique Arel (eds.) Census and Identity: the Politics of Race, Ethnicity, and Language in National Censuses. Cambridge: University Press, 2002. – P. 95.

[15] Ibid.

[16] Wolff, L. Inventing Eastern Europe: the map of civilization on the mind of the enlightenment. Stanford University Press, 1994 – 419 p.

[17] Arel, Dominique. Language categories in censuses: backward- or forward-looking? // David I. Kertzer and Dominique Arel (eds.) Census and Identity: the Politics of Race, Ethnicity, and Language in National Censuses. Cambridge: University Press, 2002. – P. 96.

[18] Ibid.

[19] Гл. разгляд гэтых працэсаў на падставе чэшска-нямекага канфлікту ў Ibid. pp. 101 – 103.

[20] Ibid. 96.

[21] гл. сучасныя прыклады Квебеку і Бельгіі ў Ibid. 110 – 116.

[22] Ibid. 115.

[23] Ibid.

[24] Паводле: Подлесных, О. Вопросы о языках в переписных анкетах и государственная языковая политика // Этнические категории и статистика / Под ред. Елены Филипповой. — М.: ФГНУ "Росинформагротех", 2008. — C. 39 – 49.

[25] http://www.ukrcensus.gov.ua/

[26] http://www.perepіs2002.ru/ct/perepіs2010/blank/do.zіp

[27] Гл.: http://belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/main_d.php

[28] http://belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/articles/4.php

[29] Усё пра ўсіх. Па-беларуску // газета «Звязда» 23.01.2009 г. №12.

Іван Новік, іншыя публікацыі:

Каментарыі (5)

# Ліна Мядзведзева
16.10.2009 11:27

Усе засяроджваюць увагу на пытанні 10 - "Ваша родная мова". Але ж пасля яго ідзе 11-ае пытанне "На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома".
Тое, што пытанняў пра мову - два, дае магчымасць рэспандэнтам адказаць на першае пытанне "беларуская", а на другое - "руская". Я не абараняю стваральнікаў перапісу, проста сапраўды трэба разглядаць абодва гэтых пункта.

# pan_študent
17.10.2009 01:05

А і праўда: хіба афтор, са сваім "грамадскім/прыватным" выкарыстаннем, не забыўся прааналізаваць ролю гэтага пункта ў сённяшнім перапісе ?

# krakadil
23.10.2009 17:08

v poniatie "rodnoj jazyk" raznye liudi vkladyvajut raznyj smysl. poetomu perepis' v etom smysle ne objektivnij istochnik

# Перапісчык
23.10.2009 21:23

Яна ня толькі ў гэтым сэнсе неаб'ектыўная крыніца :))))

# Таццяна Елавая
23.10.2009 23:00

... не толькі неаб'ектыўная, але і небяспечная. як паведамляе "Еўрарадыё", "на перапісчыкаў нападалі сабакі і гопнікі, іх нават збівалі машыны. А дзяўчынам-перапісчыцам звычайна адчынялі дзверы мужыкі ў трусах". :-D

Дадаць каментарый