Публікацыі

ВКЛ канца 17-га стагоддзя вачыма чэскага езуіта

Іржы Давід, Павел Котаў

Прадмова перакладчыка.

Іржы Давід - чэскі езуіт, які ў 1686-1689 гадох быў кіраўніком каталіцкай місіі ў Маскве. У 1690 годзе, пасля выгнання Пятром Першым езуітаў з Расіі выдаў трактат пад назвай Сучасны стан Вялікай Русі або Масковіі (Status modernus Magnae Russiae seu Moscoviae). Крытычнае выданне гэтага твору выйшла ў 1965 годзе. На рускую мову твор Іржы Давіда перакладзены быў часткова [1].

Мне ж у рукі трапіўся свежа выдадзены чэскі пераклад і там мяне зацікавіла апісанне дарогі праз ВКЛ. Паколькі у рускім выданні гэтая частка прапушчана, то змяшчаю тут свой пераклад на беларускую мову.

Павел Котаў



...Берасце гэта ужо Літва, калегіюм адносіцца да Польшчы. Увесь горад драўляны, поўны жыдоў, якія там маюць вельмі славутую сінагогу, а ў дзень, калі я прыехаў, яны беспакарана забілі двух жаўнераў. У Берасці ёсць кляштар аб'яднаных базыліянаў і біскупства, якім кіруе Леў Заленскі, былы вучань тэалагічнага факультэта ў Аламоўцы. Ён таксама з'яўляецца біскупам ва Ўладзіміры і кіеўскім protothronius'ам. Я наведаў ягоную рускую катэдру і кляштар.

З Берасця да Нісы [3] амаль трыццаць міль. Шлях ідзе у асноўным праз лясы, а шэсць міль трэба ехаць толькі лесам. На гэтай дарозе немагчыма нічога купіць, толькі ў жыдоў у мястэчках. Тут на раўніне пабудаваны кляштар картэзіянаў, які выглядае як палац. Таксама ў Жыровічах ёсць кляштар аб'яднаных базыліянаў, вядомы ў Польшчы вельмі шанаваным міласцівым абразом Панны Марыі. А так Жыровічы падобныя на вёску. Нісса разлеглы горад, дзе калісьці мелі нашы калегіюм, але калі ў іх нашчадкі адабралі землю, засталася драўляная рэзідэнцыя на чатыры чалавекі. З Нісы да Нясвіжу будзе ... міль. Нясвіж жа даволі вяліі горад, але разбураны маскавітамі. Там знаходзіцца рэзідэнцыя князёў Радзівілаў і дом трэцяй прабацыі нашых у калегіюме. У палове мілі ці меней ёсць там узгорак дзе быў пабудаваны касцёл святога Міхала арханёла, які калісьці на гэтым месцы, як расказваюць, разагнаў маскавітаў, якія кіраваліся ў Польшчу. Цяпер ля таго касцёла дом трэцяй прабацыі перанесены з калегіюма. З Нясвіжа да Мінска васемнаццаць міль. Дарога ідзе з большага па раўніне. Мінск гэта сапраўды вялікі горад і нават раздвоены, верхні і ніжні. У прадмесці поўна жыдоў. Нашы маюць там рэзідэнцыю з дванаццаццю асобамі. У малым касцёле рэзідэнцыі можна ўбачыць абраз Панны Марыі, які маскавіты былі аднеслі, але расказваюць, што [Панна Марыя] камусьці сказала, каб была вернутая ў Мінск. І так сталася. Ёсць там некалькі выдатных кляштараў дамініканцаў, францішканцаў, бенедыктынаў і аб'яднаных базыліянаў. [4]

З Мінску да Магілёву будзе сорак міль і амаль увесь час лесам і балотамі. У корчмах, якія паўсюль належаць жыдам, нічога нельга набыць, толькі так як было сказана вышэй. Магілёў малы горад, збольшага каменны на высокай гары. Пад ім велізарнае цягнецца далёка драўлянае прадмесце, пад ім працякае поўным руслам рака Бярозаўка. [5] З большага тут схізматыкі. Нашы маюць там рэзідэнцыю і служаць імшу у парафіяльным касцёле. Ад Магілёву да Кадзыня [5] чатырнаццаць міль. Дарога небяспечная праз ваду. Мясціны там лясістыя і халмістыя.

Да Мінску можна ехаць двума шляхамі. Першы ідзе праз Шклоў, две ці тры мілі, і шлях гэты карацейшы і зручнейшы. Шклоў драўляны горад, які ляжыць на рацэ Барысфен, якую трэба пераехаць. Зноў жа, там поўна жыдоў і схізматыкі змяшаныя з католікамі. Там таксама знаходзіцца кляштар айцоў дамініканаў. Адтуль да Кадзыня дванаццаць міль. Другая дарога ідзе праз Воршу, дарога гэта хоць і даўжэйшая, чым праз Магілёў, але не такая лясістая. Паўсюдна на гэтых шляхам жыдамі занятыя корчмы і мястэчкі. Ворша малы горад з большага схізматычны. Нашы маюць там убогі драўляны калегіюм, які адкрыты для набегаў маскавітаў. Бярозаўка раздзяляецца і абмінае замак, чые руіны тырчаць на узгорку. Да Кадзыню дванаццаць міль і столькі ж адтуль да Смаленску. Але Кадзень ляжыць на мяжы Літвы і за яго ракой пачынаецца Масковія, ці хутчэй Смаленскае ваяводства, якое калісьці належала Літве. Кадзынь маленечкае драўлянае мястэчка, там відаць два вялікія пасольскія дамы, дзе селяцца паслы, якія едуць у Маскву. Наваколле акупуюць жыды, якіх тут, як і ўсюды, вялікая колькасць, іншыя жыхары горада схізматыкі ...

... Іншы шлях з Вроцлава да Варшавы зручнейшая... З Варшавы да Вільні 80 міль, шлях крыху складанейшы і спыняцца прыходзіцца амаль заўсёды у жыдоў. З Вільні да Мінску амаль 30 міль па раўніне, але забалочанай. І там мала што можна купіць. Кожны, хто сюды прыходзіць, мусіць лічыцца з тым, што ў кожным польскім ці літоўскім горадзе, асабліва, калі там маюць рэзідэнцыю шляхціцы, патрабуецца ад кожнага падарожніка пошліна, незалежна ад таго, ці добрыя дарогі, ці не, ці масты ўжо рамантуюцца, ці не, з гэтым мы мелі незлічоныя клопаты.



Спасылкі:

[1] http://www.vostlit.info/haupt-Dateien/index-Dateien/D.phtml?id=2045

[2] Пераклад з чэскай паводле Jiří David ze Zdic, Novodoby stav Velké Rusi nebo Moskevska. Olomouc 2008. s.22-26.

[3] Слонім? (Тут і далей - заўвагі перакладчыка)

[4] Што тут падалося цікавым майму мінскацэнтрычнаму воку. Па-перашае з усіх беларускіх гарадоў аўтару найбольшым падаўся Мінск. А па-другое, цяпер мне зразумелы выбар арханёла Міхала у якасці патрона Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі.

[5] Пэўна, аўтар паблытаў Дняпро з Бярэзінай.

[6] Кадзынь?


Першапачаткова надрукавана ў Жывым Журнале перакладчыка

Каментарыі (1)

# Картограф
03.01.2010 20:10

"З Варшавы да Вільні 80 міль, шлях крыху складанейшы і спыняцца прыходзіцца амаль заўсёды у жыдоў. З Вільні да Мінску амаль 30 міль па раўніне..." Гэтая як такія адлегласці атрымліваюцца?? Якія такія мілі?

Дадаць каментарый