Вынайдзеная Палітыка
Ці патрэбная нам Эва Томпсан. Рэцэнзія на кнігу
Кніга Эвы Томпсан мае значнасць нашмат большую за ўласна акадэмічную. Радыкальная дэканструкцыя каланіяльнага міфу бачыцца актуальнай для палітычных і светаглядных дыскусіяў самых розных узроўняў, а значыць і для фармавання грамадзянскай свядомасці.
Эва Томпсан. Песняры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм. Пер. з англ. Т. Нядбай. — Мінск: Медысонт, 2009. — 382 с.
Эва Томпсан, кніга якой толькі што ўбачыла свет у беларускім перакладзе, — вядомая амерыканская славістка, аўтарка шматлікіх працаў у галіне літаратуразнаўства і паліталогіі. Яна атрымала ступень доктара ў параўнаўчым літаратуразнаўстве ва універсітэце Вандэрбілт, выкладала ва універсітэтах Індыяны, Вірджыніі і Агайо. Цяпер прафесар славістыкі ва Універсітэце Райс.
Эва Томпсан нарадзілася ў Коўне (Літва) у сям’і польскіх каталікоў Маеўскіх у 1937 г. У 1945 г. Саветы выслалі яе сям’ю (як і сем’і многіх іншых палякаў) на былыя нямецкія землі, у іхнім выпадку — да Гданьска. Нягледзячы на тое, што сям’я Маеўскіх не зведала асаблівых трагедый, Эва ўволю зазнала «шчаслівага жыцця» за Саветамі. Гэты досвед сфармаваў з яе перакананага палітычнага кансерватара, якім яна застаецца і па сёння.
Кніга Эвы Томпсан «Imperial Knowledge: Russian Literature and Colonialism» (Westport, CT and London: Greenwood, 2000) была ўжо перакладзеная на польскую [1], украінскую [2] і кітайскую [3] мовы.
Пачынаючы з «класікаў расійскай літаратуры» і канцуючы Аляксандрам Салжаніцыным ды Людмілай Петрушэўскай, Эва Томпсан даследуе, як Расійская імперыя стварала свой уласны вобраз у мастацкім слове. Замацаваны маральным аўтарытэтам расійскай літаратуры, гэты вобраз не толькі прэзэнтуе імперыю з найлепшага боку як знешнім назіральнікам, так і ўласным грамадзянам, але і цалкам пазбаўляе Іншага (у межах імперскага дыскурсу) права на ўласны голас.
Крытычны аналіз літаратуры Расійскай імперыі, які прапануе Томпсан, чытач можа сустрэць з непаразуменнем. Досыць плённы падыход сучаснага гуманітарнага дыскурсу — посткаланіяльны — яшчэ амаль не ўжываецца былымі калоніямі дзеля аналізу ўласнай сітуацыі. А Расія практычна не даследуецца як метраполія накшталт брытанскай ці французскай. Прычынаў таму вельмі шмат: як суб’ектыўных, так і аб’ектыўных. Па-першае, геаграфічная блізкасць былых (і цяперашніх) калоній да Расіі ўскладняе іх класіфікацыю як такіх, па-другое, досыць часта скаланізаваныя тэрыторыі былі культурна і эканамічна больш развітымі за саму Расію (Польшча ёсць тут найлепшым прыкладам), што замінала ім прызнаваць сябе аб’ектамі каланізацыі. Па-трэцяе, чалавеку, які фармаваўся ў савецкай ці постсавецкай адукацыйнай сістэме, метадалогія посткаланіяльнай крытыкі ў кантэксце рускай літаратуры па азначэнні выглядае блюзнерскай. Таму кніга Эвы Томпсан шмат кім пэўна будзе сустрэтая, далікатна кажучы, насцярожана. Бо ўжываючы да творчасці Пушкіна (!), Талстога (!!), Дастаеўскага (!!!) тыя метады, якімі даследчыкі ўжо даўно карыстаюцца стасоўна тэкстаў заходніх пісьменнікаў, Эва Томпсан паказвае, як і дзе яны былі не толькі маралістамі і сацыяльна арыентаванымі мыслярамі, але і транслятарамі імперскага погляду на скаланізаваныя нацыі.
Істотна, што пры гэтым Эва Томпсан не адмаўляе бясспрэчнай мастацкай каштоўнасці расійскай літаратуры, а толькі прапаноўвае яшчэ адну перспектыву да яе прачытання.
І чацвёртае. Не толькі сусветны аўтарытэт расійскай літаратуры, але і пэўны імперскі «бляск» Расіі ўвогуле, якому так цяжка супрацьстаяць, можа замінаць адэкватнаму паразуменню з аргументацыяй Эвы Томпсан. Бліскучая вайсковая і культурная слава імперый досыць лёгка спакушае носьбітаў скаланізаваных культур адмаўляцца ад уласнай ідэнтычнасці ці пагаджацца з тым месцам, якое адводзіць ім паноўная культура.
Усе гэтыя магчымыя складанасці ўспрымання парадаксальным чынам сведчаць пра актуальнасць і важнасць кнігі Эвы Томпсан для беларускага чытача. Менавіта таму, што посткаланіяльны дыскурс не выкарыстоўваецца ім дзеля самаідэнтыфікацыі, а ўзоры высокай расійскай культуры захоўваюць для яго сваю паноўную вабноту, яму на карысць будзе знаёмства з тэорыяй, якая імкнецца выявіць і прадэманстраваць аматарам «бляску» не адно прыгажосць Імпэрыі, але яе зло і дэструктыўнасць.
Самадастатковым і важным з’яўляецца тэарэтычны кантэкст кнігі.
Эва Томсан не проста дэманструе каланіяльную сутнасць расійскага імперыялізму, карыстаючыся схемамі посткаланіяльнага аналізу як нейкай універсальнай «адмычкай», але праблематызуе спецыфіку менавіта расійскага каланіялізму, паказваючы, што расійскі праект мае вялікую колькасць адмысловых рысаў, якія не дазваляюць ідэнтыфікаваць яго наўпрост як імперскі і тым самым ускладняюць задачу аналітычнай крытыкі. З тэарэтычнага гледзішча вельмі важнымі ёсць праблемы, звязаныя з часавай і прасторавай спецыфікай расійскага імперыялізму. У гэтым ён можа быць параўнаны хіба толькі з брытанскім імперыялізмам, і тое адно часткова. Справа ў тым, што захоп тэрыторыяў і стварэнне імперыі, як адзначае Эва Томпсан, апярэджвалі станаўленне ўласна расійскіх этнасу і нацыі. Як вынік, падпарадкаваныя тэрыторыі залічыліся ў «свае», з чаго іхнія аўтахтоны гублялі свой голас і ўласнае імя — ператвараліся ў вечных чужаніцаў Імперыі. Гэта цікавая перверзія і яна ёсць найбольшай перашкодай для ўсведамлення каланіяльнай сутнасці Расіі — відавочна, што ў свядомасці асобнага расійскага грамадзяніна страта нейкіх далёкіх заморскіх калоніяў успрымалася б нашмат прасцей, чым прапанова, скажам, адмовіцца ад Паволжскіх земляў, якія праслаўляліся як «спрадвечна расійскія» яшчэ да станаўлення нацыі.
Такім чынам, пэўна можна сказаць, што кніга Эвы Томпсан мае значнасць нашмат большую за ўласна акадэмічную. Радыкальная дэканструкцыя каланіяльнага міфу бачыцца актуальнай для палітычных і светаглядных дыскусіяў самых розных узроўняў, а значыць і для фармавання грамадзянскай свядомасці.
Дык ці патрэбная нам Эва Томпсан? Безумоўна...
Спасылкі:
1. Trubadurzy Imperium: Literatura rosyjska i kolonialism. Krakow: Universitas, 2000.
2. Трубадури імперії: російська література і колоніалізм». Київ: Основа, 2006.
3. Beijing: Peking University Press, July 2009.








