Архiпелаг Беларусь
Русіфікацыя: словы і справы (1863 - 1914)
Калі нехта мяркуе, што афіцыйныя асобы Расійскай імперыі ў нерасійскіх рэгіёнах толькі і думалі пра тое, каб «обрусить» насельніцтва, то яго чакае расчараванне: насамрэч многія іншыя фактары — пераважна празаічныя і трывіяльныя справы штодзённага кіравання — найчасцей важылі больш, чым «расійская нацыянальная місія».
Познеімперскую Расію почасту малююць як рэпрэсіўную і русіфікатарскую дзяржаву; кажучы словамі Леніна, «турму народаў». Вядома, у гэтай карціне ёсць вялікая доля ісціны: нерасійскія народы — татары і палякі, яўрэі і малдаване, літоўцы і комі — у названы перыяд цярпелі ад розных форм прававой і/ці культурнай дыскрымінацыі (асабліва пасля 1863 г.). З іншага боку, на прыблізна два пакаленні, што жылі ў перыяд паміж вялікімі рэформамі 1860-х гг. і 1914 г., прыпаў росквіт у нерасійскіх народаў нацыянальных культур і развой мадэрных палітычных рухаў, што дамагаліся нацыянальных і палітычных правоў. Відавочна, русіфікацыя (ці «абрусенне») пацярпела крах. Але што яна азначала для тагачасных расійцаў? Як расійскія службовыя асобы бачылі сваю дзейнасць, якімі стратэгіямі карысталіся, як гэтыя стратэгіі ажыццяўляліся «на месцах»? Відавочна, у адной працы немагчыма адказаць на ўсе гэтыя пытанні вычарпальна, але сучасны стан даследаванняў дазваляе нам высунуць некалькі аргументаў і зрабіць пэўныя высновы.
Перадусім трэба мець на ўвазе, што Расійская імперыя — прынамсі з часу Івана Жахлівага — была шматнацыянальнай дзяржавай. Аднак кіроўная эліта ў Расіі ніколі не разглядала стан рэчаў менавіта так [1]. Расійская культура, у прыватнасці, расійскае праваслаўе, заўсёды займала цэнтральнае месца, а паняцце шматстайнасці (якому б надаваўся нейкі станоўчы сэнс) адсутнічала. Хоць у расійскай мове словы «российский» і «русский» маюць розныя значэнні (першае адсылае да геаграфічнага становішча, а неабавязкова да этнічнай прыналежнасці, другое — звычайны этнонім вялікарусаў), расійцы — як чыноўнікі, так і «грамадства», — у XIX і ў пачатку XX ст. вельмі рэдка карысталіся тэрмінам «российский» — хіба толькі ў афіцыйных фармулёўках, накшталт «Российская Империя». Нават калі вялося пра «дзяржаўную ідэю», якую, верагодна, можна было б назваць «расійскай», амаль заўсёды ўжываўся «этнічны» прыметнік «руская».
Таксама трэба асцерагацца экстрапаляцыі нашых культурных і маральных патрабаванняў на мінуўшчыну. Калі мы лічым відавочнай каштоўнасць культур як такіх, незалежна ад іх карыснасці ці «ўзроўню цывілізаванасці», на працягу ўсяго XIX ст. расійцы (і, трэба сказаць, большасць іншых еўрапейцаў) разглядалі культуры ў даволі строгай іерархіі. Дарма што нерасійскія культуры і разнастайныя рэлігіі ў імперыі талераваліся (і цяперашнія расійскія нацыяналісты шмат гавораць пра гэтую талеранцыю), цярпімасць неабавязкова цягнула павагу ці захапленне. У крыніцах таго часу — як афіцыйных дакументах, так і публікацыях прэсы — даволі ясна выказваецца меркаванне, што «еўрапейская цывілізацыя» больш вартая, чым азіяцкая ці афрыканская культура, і што хрысціянства ў цэлым больш прагрэсіўная і «ісцінная» рэлігія за іншыя. Расійскія нацыяналістычныя аўтары, як і можна было чакаць, усхвалялі чысціню і ісціннасць праваслаўя, процістаўляючы гэтыя якасці фальшываму, «езуіцкаму», прагнаму да ўлады каталіцызму ды стэрыльнаму, залішне рацыяналістычнаму і зануднаму пратэстантызму.
Хоць адукаваныя расійцы таго перыяду ў цэлым не паважалі нейкую культуру як такую, яны маглі выказваць павагу да некаторых яе элементаў, у прыватнасці, да «высокай культуры» і гістарычнай традыцыі. З гэтай прычыны, хоць чыноўнікі і расійскія нацыяналісты рэдка знаходзілі добрае слова для палякаў, яны ніколі не прапаведавалі (і насамрэч палічылі б абсурднай) «русіфікацыю» польскай нацыі ў форме замены польскіх культурных традыцый расійскімі. Культурная вартасць ды сіла польскай літаратуры і каталіцкай рэлігіі не ставіліся пад пытанне. З іншага боку, калі браць блізкі прыклад, літоўцы часта поўнасцю знікалі з дыскусій пра палітыку ў Паўночна-Заходнім краі (цяперашніх Беларусі і Літве), а яны складалі большую долю насельніцтва, чым палякі [2]. Паколькі ў літоўцаў адсутнічала працяглая традыцыя выкарыстання пісьмовай мовы, расійскія ўлады адчувалі сябе значна вальнейшымі ў абыходжанні з гэтым народам. Можна ўспомніць няўдалую спробу перавесці літоўскую пісьменнасць на кірыліцу. Яўрэям таксама «дазвалялася існаваць», але іх рэлігія і культура часцяком зневажаліся як «азіяцкія», сярэднявечныя і адсталыя.
Іншым фактарам, які загадзя выракаў на няўдачу русіфікацыю ў форме татальнай культурнай асіміляцыі, стаўся нязбыўны кансерватызм Расійскай імперыі. Ідэнтычнасць у названы перыяд па-ранейшаму разглядалася хутчэй як з’ява, абумоўленая паходжаннем, чым асабістым выбарам. Расійскія адміністратары, якім так і не ўдалося даць юрыдычную дэфініцыю «паляка», нягледзячы на дзесяцігоддзі ўціску гэтай этнічнай групы, пастаянна гаварылі пра асобаў «польскага паходжання» ці «расійскага паходжання», ператвараючы ідэнтычнасць у вытворную ад нараджэння. Безумоўна, расійцы з прозвішчамі накшталт Вітэ, Бунге ці Вышняградскі не былі рэдкасцю, але нават Вітэ ў сваіх мемуарах скардзіўся, што некаторыя ўра-патрыёты адмаўляліся лічыць рускімі тых, чыё прозвішча не заканчвалася на «-ов» [3].
Ёсць і літаратурнае сведчанне. Тузенбах у «Трох сёстрах» Чэхава кажа: «Вы, відаць, думаеце: расчуліўся немец. Але я, слова гонару, расіец і па-нямецку нават не гавару. Бацька ў мяне праваслаўны». Знарочыстыя запэўніванні Тузенбаха наводзяць на думку пра тое, што існавала складаная і кантраверсійная праблема: што значыць быць рускім? [4]. Гэтая праблема шмат у чым не вырашаная дагэтуль, аднак ясна, што, хоць некаторыя асобы «замежнага паходжання» маглі прызнавацца рускімі, гэтае прызнанне не было ні аўтаматычным, ні надта сардэчным [5].
Эдвард К. Тэйдэн вылучыў тры віды русіфікацыі, якія ён аднёс самае позняе да часу Кацярыны Вялікай. У сярэдзіне XIX ст., як ён адзначыў, дзеяслоў «обрусить» пачаў дамінаваць над «обрусеть». Ён таксама адрозніваў тры віды русіфікацыі, а менавіта: непланаванай, адміністрацыйнай і культурнай6 . Непланаваная русіфікацыя азначае натуральны працэс, падчас якога некаторыя асобы трапляюць ва ўлонне расійскай культуры і мовы, звычайна цягам некалькіх пакаленняў — як Тузенбах у Чэхава. Адміністрацыйная русіфікацыя — гэта патрабаванне расійскага ўрада, каб расійская мова ўжывалася па ўсёй імперыі, нават там, дзе жыло мала расійцаў. Нарэшце, культурная русіфікацыя з’яўляецца актыўнай палітыкай, скіраванай на замену аўтэнтычнай культуры насельніцтва расійскай культурай. У маім даследаванні паказваецца, што, калі адміністрацыйная русіфікацыя пасля 1860-х гг. у прынцыпе сталася амаль паўсюднай з’явай (палякі і каталікі былі сапраўды выдаленыя з дзяржаўнай службы на заходнім памежжы імперыі), то культурная русіфікацыя — нават сярод беларусаў — прабуксоўвала, а спроба «наблізіць» да расійскай культуры палякаў і літоўцаў (ці, калі хочаце, русіфікаваць іх) пацярпела поўны крах.
Безумоўна, расійскі ўрад адчуваў патрэбу абараніць свае ўскраіны, асабліва пасля буйных тэрытарыяльных набыткаў на Захадзе і Поўдні ў XVIII ст. Там патрабавалася агульная мова адміністрацыі (хоць варта адзначыць, што нямецкая мова скарыстоўвалася ў кіраванні Балтыйскім краем да XIX ст.) і лаяльнасць дынастыі Раманавых. Аднак не было пільнай неабходнасці, каб масы станавіліся «расійскімі». Гэтая «неабходнасць» пачала адчувацца толькі ў другой палове XIX ст. і нават тады моцна аспрэчвалася ў расійскім грамадстве і афіцыйных колах. Дарма што цэнтралізм, які быў адметнай рысай расійскай імперскай дзяржавы (нягледзячы на яго слабыя месцы), штурхаў прынамсі да бюракратычнай русіфікацыі, кансерватыўная прырода кіроўных элітаў дазваляла нярускім (як эліце, так і сялянам) захоўваць значнае поле для манеўраў. Больш за тое, перад расійскай дзяржавай стаяла велізарная праблема «русіфікацыі» сваіх рускіх падданых. Улады імкнуліся зрабіць «добрых рускіх» не толькі з беларускіх ці ўкраінскіх сялян; выглядае, што сяляне з Тамбоўскай ці Курскай губерняў, хоць і бясспрэчна рускія, валодалі цьмянай нацыянальнай свядомасцю і наўрад ці адчувалі салідарнасць альбо адзінства лёсу з рускімі ў іншых мясцінах Імперыі. Зноў жа, рэлігійная ідэнтычнасць была нашмат мацнейшая за нацыянальную. Паколькі даступных нам звестак аб правінцыйным жыцці вельмі мала, здаецца вельмі верагодным, што з’ява, апісаная Эжэнам Веберам у кнізе «З сялян — у французы», выявілася з яшчэ большай сілай у Расіі [7]. Гэта значыць, што сяляне атаясамлівалі сябе з вёскай, у лепшым выпадку — з рэгіёнам, аднак амаль ніколі з «нацыяй», «народам». Можна дапусціць, што з павелічэннем колькасці школ і ростам рэкрутаў з рускіх сялянскіх хлопцаў у рэфармаваную армію (з сярэдзіны 1870-х), узровень «агульнай рускасці» павялічыўся, але, каб сцвярджаць напэўна, патрэбныя больш спецыялізаваныя даследаванні на гэтую тэму [8].
Перш чым звярнуцца да вузейшых тэм, трэба задаць сабе пытанне: чаму русіфікацыя — у любой форме — стала такой яўнай у другой палове XIX ст.? Прычын для гэтага шмат: па-першае, пасля скасавання прыгону ў 1861 г. расійская дзяржава была вымушаная звярнуць увагу на «грамадства» ў дагэтуль нечуванай меры. Відавочна, імперыі яўна не ўдалося «дэмакратызавацца», і няўдача была часткова абумоўленая нежаданнем апеляваць да расійскай нацыі як да падмурку палітычнай легітымнасці. Бенедыкт Андэрсан шматзначна гаворыць аб «нацягванні кароткай, цеснай скуры нацыі на вялізнае цела імперыі» [9]. Хоць Андэрсан часта памыляецца ў сваіх ацэнках Расіі, гэтая метафара дарэчная і намякае на праблему, з якой давялося сутыкнуцца нават даволі сціплай і талерантнай стратэгіі «грамадзянскай русіфікацыі», што прызнавала б дзвюхмоўе і паважала б нерасійскія культуры.
Іншая прычына русіфікатарскіх тэндэнцый пачынаючы з 1860-х гг. палягала ў польскім паўстанні 1863 г. Адрозна ад іншых нацыянальных меншасцей, палякі з’яўляліся (прынамсі ў вачох цара Аляксандра II, але гэтага дастаткова) непасрэднай пагрозай стабільнасці і цэльнасці Расійскай імперыі. Пасля таго, як паўстанне было задушанае, расійскія ўлады распачалі захады, скіраваныя на змяншэнне польскага культурнага ўплыву, у прыватнасці, на сялянскія народы — беларусаў і літоўцаў (і ў пэўнай ступені ўкраінцаў) [10].
Як мы ўбачым, расійскія ўлады заўсёды трактавалі гэтыя захады як абарончыя, г. зн. накіраваныя на прадухіленьне паланізацыі «адвечна рускіх земляў» (сучасных Беларусі, заходняй Украіны і Літвы). Хоць палякаў паважалі як носьбітаў шматвяковай нацыянальнай традыцыі, сіла іх культуры абуджала страх у расійскіх нацыяналістаў.
Гэтак жа з 1870-х гг. Санкт-Пецярбург пачаў усё менш давяраць нямецкім элементам на заходніх ускраінах. Аб’яднанне Германіі ў 1871 г. падарвала баланс сілаў, усталяваны Венскім кангрэсам. Прамысловая і вайсковая магутнасць новай дзяржавы магла быць лёгка павернутая супраць Расіі, і бачанне нямецкіх эліт як патэнцыйнай «пятай калоны» не было нелагічным. Асабістая нелюбоў цара Аляксандра III да немцаў (раздзьмутая яго жонкай, народжанай у Даніі), безумоўна, таксама адыграла ролю ў антынямецкай палітыцы, прынятай у 1880-х [11]. Аднак існавала і агульнае пачуццё таго, што расійскія інтарэсы былі б лепш забяспечаныя, калі б ускраіны імперыі былі больш «рускія» паводле характару. Іншыя фактары — такія, як мадэрнізацыя ды агульны ўздым нацыянальнай свядомасці і нацыяналізму ў Еўропе, таксама падштурхнулі расійскі ўрад да русіфікацыі.
Можна запытацца, чаму расійскаму ўраду не ўдалося давесці гэтыя захады да іх лагічнага канца. Адказ, як мінімум, траякі. Па-першае, зірнем на лічбы: паводле перапісу 1897 г. этнічныя расійцы складалі толькі 43,3 % ад насельніцтва імперыі. Нават калі мы пагодзімся на афіцыйнае вызначэнне беларусаў і ўкраінцаў як «галінаў» шырэйшай расійскай нацыі, гэты працэнт дойдзе ўсяго да 65,3 % [12]. Па-другое, расійская дзяржава ніколі не мела рэсурсаў, каб разгарнуць усёахопную праграму культурнай русіфікацыі. Трэба мець на ўвазе, што нават у апошнія гады імперыі большасць расійскіх дзяцей — асабліва ў вёсках — не наведвала школы [13]. Нарэшце, кіроўныя эліты Расійскай імперыі, нягледзячы на ўсе настальгічныя «маскоўскія» сантыменты апошніх двух цароў, пастаянна адчувалі дыскамфорт ад расійскага нацыяналізму. Нацыяналізм, урэшце, — гэта сутнасна дэмакратычны рух, бо ў ім змяшчаецца прэтэнзія на тое, што дзяржава павінна падпарадкоўвацца памкненням нацыі. Безумоўна, гэтая прэтэнзія была далёкая ад светапогляду Аляксандра III ці Мікалая II, хоць яны падышлі бліжэй, чым іншыя цары, да выкарыстання расійскай мовы і расійскага праваслаўя як мадэлі для захавання парадку і забеспячэння палітычнай добранадзейнасці [14]. Мікалай II зусім не быў нацыяналістычным лідэрам, і не толькі таму, што пісаў лісты царыцы пераважна па-англійску.
Дагэтуль мы абмяркоўвалі часавыя рамкі і прычыны русіфікацыі ў агульных тэрмінах. Астатняя частка працы будзе прысвечаная больш канкрэтным прыкладам рыторыкі, што суправаджала русіфікацыю. Па-першае, мы разгледзім, як бачыў гэты працэс сумнавядомы афіцыйны выразнік русіфікацыі, генерал М. М. Мураўёў, празваны «Вешальнікам», і іншыя чыноўнікі ў Паўночна-Заходнім краі. Мы таксама звернемся да дыскусій пра русіфікацыю ў расійскім грамадстве, скарыстоўваючы для прыкладу творы Івана Аксакава.
РУСІФІКАЦЫЯ: АФІЦЫЙНАЕ ЎСПРЫМАННЕ І АПРАЎДАННЕ
Калі даводзіцца чытаць афіцыйныя дакументы, справаздачы, дыскусіі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, службовую перапіску і падобнае, уражвае, як нячаста ўжываецца слова русіфікацыя («русификация», «обрусение» і іх вытворныя). Вядома, гэта ўражвае толькі тады, калі ты загадзя іх чакаеш. Калі нехта мяркуе, што афіцыйныя асобы ў нерасійскіх рэгіёнах толькі і думалі пра тое, каб «обрусить» насельніцтва, то яго чакае расчараванне: насамрэч многія іншыя фактары — пераважна празаічныя і трывіяльныя справы штодзённага кіравання — найчасцей важылі больш, чым «расійская нацыянальная місія». Ва ўсякім разе, гэта тычыцца жыцця Заходняга краю і Каралеўства Польскага (у наш час тэрыторыя прыблізна адпавядае заходняй Украіне, Беларусі, Літве і частцы Польшчы). Было б цікава параўнаць гэтыя папярэднія высновы з высновамі, да якіх прыходзяць даследчыкі іншых абшараў, у прыватнасці, «нехрысціянскіх» і «нееўрапейскіх» ускраін Расійскай імперыі [15].
Наступныя заўвагі будуць мець дачыненне да Паўночна-Заходняга краю, дзе клас землеўласнікаў быў збольшага прадстаўлены палякамі (прынамсі ў 1860-я гг., але да пэўнай ступені нават у XX ст.), гарады і мястэчкі былі дробныя, населеныя прадстаўнікамі розных народаў, у прыватнасці палякамі, яўрэямі і рускімі, а сялянства было беларускае (на ўсходзе) і літоўскае (на захадзе). Гэты рэгіён адрозніваўся ад большасці іншых «нерасійскіх» ускраін тым, што расійскі ўрад (і ў вялікай ступені расійскае грамадства) лічылі яго «адвечна расійскай» зямлёй, падмацоўваючы гэтую думку бясконцымі, часта тэндэнцыйнымі гістарычнымі аргументамі, спасылаючыся аж на час Рурыка. Прынамсі з 1863 г. расійская палітыка стала афіцыйна русіфікатарскай — гэты край павінен быць паўторна асвоены «рускім народам» і ачышчаны ад польскага і каталіцкага ўплыву. Таму можна было б дапусціць, што русіфікацыя пройдзе тут з большай настойлівасцю і жорсткасцю, чым у іншых рэгіёнах (такіх, як Сярэдняя Азія ці нават суседнія балтыйскія правінцыі, дзе расійскі элемент быў значна менш прадстаўлены — ва ўсякім разе, з гледзішча Пецярбургу) [16].
У сапраўднасці, як мы ўбачым, хоць урад і ніколі не адмаўляўся ад русіфікацыі як доўгатэрміновай мэты, ён не вылучыў дастатковых рэсурсаў для яе дасягнення. Больш за тое, нават ажыццяўляючы такія жорсткія захады, як забарона літоўскага друку лацінкай, расійскія чыноўнікі нязменна падкрэслівалі абарончы, антыпольскі характар гэткіх захадаў, а не тое, што рабілася спроба «абрусіць» літоўскіх сялян. Каб падмацаваць гэтыя цверджанні, я разгледжу дзве групы крыніц: справаздачы і дзейнасць М. М. Мураўёва і розныя штогадовыя справаздачы з Ковенскай губерні паміж 1863 і 1903 гг. Вядома, гэтыя крыніцы недастатковыя, аднак я мяркую, што канцэпцыя русіфікацыі, якая адкрыецца праз іх, будзе адлюстроўваць шырэйшыя тэндэнцыі.
Названыя крыніцы выяўляюць адсутнасць паслядоўнасці не толькі ў ажыццяўленні, але нават у разуменні «русіфікацыі». Адным з найбольш вядомых адэптаў гэтай палітыкі — па сутнасці, яе стваральнікам — быў генерал (пазней граф) Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, які займаў пасаду генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю з 1863 да 1866 г. Кар’ера Мураўёва доўгі час была звязаная з гэтым краем, дзе ён служыў з пачатку 1830-х і дапамагаў падаўляць паўстанне 1831 г. Ужо ў канцы 1830-х гг. Мураўёў пісаў пра патрэбу «зблізіць» Магілёўскую губерню, якой кіраваў, з Расійскай імперыяй. Мураўёў настойваў, што «большасць насельніцтва Беларусі было карэннае рускае, акрамя памешчыкаў», і прапанаваў шэраг захадаў, скіраваных галоўным чынам супраць каталіцкага і ўніяцкага духавенства, каб дасягнуць «збліжэння» Беларусі і Расіі [17]. Магчыма, таму, што ён ужо разглядаў мясцовае насельніцтва як рускае, ён ніколі не выкарыстоўваў слова «обрусение», а толькі «сближение». Насамрэч пасля 1863 г. у афіцыйных дакументах «збліжэнне» і «зліццё» сустракаюцца значна часцей, чым нейкія адмысловыя тэрміны, звязаныя з русіфікацыяй. Мажліва, гэта проста пытанне выбару слова, але я лічу, што гэты выбар азначае глыбокае жаданне падкрэсліць першынство адзінства і парадку над якім бы там ні было актыўным культурным наступам. Звычайна ў нараканнях Мураўёва на каталіцкае і ўніяцкае духавенства падкрэслівалася роля апошняга ў паланізацыі рускіх; таму любыя захады супраць гэтых канфесій падаваліся як чыста абарончыя. Як добра вядома, у канцы 1830-х гг. уніяцкая Царква ў Паўночна-Заходнім краі была цалкам забаронена, а яе паства «добраахвотна ўз’яднаная» з праваслаўем [18].
Нягледзячы на наступ супраць уніятаў у 1839 г., Мураўёў лічыў, што большасць яго рэкамендацый з 1830 г. была праігнараваная. У 1864 г., калі ён адправіў запіску з падобнымі рэкамендацыямі ў Пецярбург, ён валодаў мацнейшымі пазіцыямі. Цяпер ён выкрываў «польскія саманадзейнасць і безразважнасць», якія дазвалялі лічыць гэты край польскім. Як і раней, ён настойваў на моцнай і паслядоўнай урадавай палітыцы, якая «ўсвядоміла б ранейшыя памылкі ў кіраванні Паўночна-Заходнім краем, канчаткова прызнала б яго рускім, які ўяўляе сабой старажытнае ўладанне [древнее достояние] Расіі» і прыняла б «абавязковае правіла, каб у гэтым краі абсалютна не дапускаліся найменшыя прыкметы польскай прапаганды» [19]. Мураўёў высунуў шэраг прапановаў для дасягнення гэтай мэты — ад паляпшэння жыццёвых умоваў мясцовага сялянства да адукацыі для ўзмацнення мясцовага праваслаўя. Збольшага ўсе захады паслядоўна скіроўваліся супраць польскага і каталіцкага ўплыву, але нідзе не згадваецца «абрусенне». Непадобна таксама, каб Мураўёў асабліва цікавіўся русіфікацыяй палякаў. Ён адкрыта заявіў пра намер уратаваць беларускае сялянства ад культурных і рэлігійных ланцугоў польскай шляхты, але ніколі не выступаў за нейкую палітыку (іншую, чым агульныя рэпрэсіі і кантроль) у дачыненні да саміх палякаў. Можна запярэчыць, што фактычна Мураўёў імкнуўся да культурнага генацыду палякаў, але гэткі крайні аргумент наўрад ці можна прыняць, улічваючы чаканні і норавы гістарычнай эпохі. Нашмат больш пераканаўчы будзе іншы тэзіс: Мураўёў хацеў ізаляваць польскую культуру і аслабіць яе ўплыў, а калі б яна зусім знікла з падначаленага яму краю, ён не быў бы супраць. Аднак такі падыход наўрад ці можна назваць актыўным русіфікатарствам.
Мураўёў (і іншыя чыноўнікі пасля яго) заўсёды характарызаваў Паўночна-Заходні край як «рускі». Пакінем убаку вялікія супольнасці палякаў і яўрэяў, але як можна забыцца пра амаль мільён (у 1900 г.) літоўцаў, якія жылі ў гэтым краі, пераважна ў Ковенскай губерні? Калі беларусаў з іх усходнеславянскай мовай і пераважна праваслаўнай верай можна было яшчэ ўпісаць у «рускую сям’ю», то літоўцы, якія гаварылі на неславянскай мове і былі заўзятымі каталікамі, уяўлялі з сябе большую цяжкасць для расійскіх нацыяналістаў. Таму расійцы (можа быць, несвядома) прынялі стратэгію: проста ігнараваць літоўцаў, наколькі гэта магчыма. У 1864 г. гэта было немагчыма, у прыватнасці, у святле таго факта, што літоўскія сяляне-каталікі часта падтрымлівалі паўстанне. Будучы паслядоўным у намерах знішчыць польскі ўплыў, Мураўёў падштурхоўваў урад да «ўвядзення выкладання жмудскага пісьма [жмудская грамота] рускімі літарамі ва ўсіх школах Самагіціі». Ён таксама падкрэсліваў, што ў «Самагіціі, г. зн. у Ковенскай губерні, патрабуецца асаблівы нагляд за навучальнай справай [надзор за учебной частью]», што ўключала б прызначэнне спецыяльнага інспектара, «які б сачыў за паспяховым развіццём рускіх школ і клапаціўся пра знішчэнне ўплыву на іх фанатычнага каталіцкага духавенства» [20]. І не толькі было забаронена друкаваць кнігі па-літоўску традыцыйнай лацінкай, але і знікла магчымасць выкладаць літоўское пісьмо любой графікай, бо выкладчыкаў ва ўрадавых школах Ковенскай губерні (верагодна, нешматлікіх) замянілі на расійскіх [21].
Выказванні і захады Мураўёва былі адначасова дужа просталінейныя і няўлоўна двухсэнсоўныя. З аднаго боку, ён, безумоўна, адстойваў (часта сутыкаючыся з апазіцыяй у Санкт-Пецярбургу, у прыватнасці, у асобе П. А. Валуева, міністра ўнутраных справаў) жорсткія і рэпрэсіўныя крокі супраць палякаў і польскай культуры. Ён ясна заяўляў, што школы павінны быць расійскія, а перавага праваслаўнай царквы мусіць быць усталяваная наноў. З другога боку, ён не выступаў (прынамсі наўпрост) за русіфікацыю палякаў ці літоўцаў, ці то яшчэ адных шматлікіх насельнікаў гэтага краю — яўрэяў. Пакуль гэтыя нерасійскія элементы пагаджаліся на дамінаванне расійскай культуры ў гэтым краі, Мураўёў не цікавіўся мовай, на якой яны гаварылі дома. Ён таксама адкідаў любыя намёкі на тое, што яго ўчынкі скіраваныя на знішчэнне каталіцкай царквы як такой. Аднак ён настойваў, што Расійская імперыя была і ёсць цярпімая да неправаслаўных народаў, але не можа сабе дазволіць заплюшчыць вочы на здраду і ўзброены мяцеж [22]. І ўсё ж трэба прызнаць, што размах мураўёўскай рыторыкі і дзеянняў, падобна, меў за мэту ўрэшце цалкам русіфікаваць падначаленыя яму землі. Магчыма, гэтыя дзве інтэпрэтацыі можна пагадзіць як «мінімальны» (практычны) і «максімальны» (рытарычны) варыянты аднаго праекта. Падобна, аднак, што Мураўёў, як кансерватар, народжаны ў XVIII ст., пазбягаў адкрыта амбіцыйных праграм сацыяльнай перабудовы і займаўся перадусім усталяваннем трывалага парадку.
У любым выпадку, як зноў і зноў у наступныя дзесяцігоддзі адзначалі прыхільнікі Мураўёва, яго праграма не праводзілася паслядоўна нават у канцы 1860-х гг. Працытуем адну характэрную крыніцу: «З часу кіравання краем генерала Патапава [1868—1874] пачаліся ў краі… новыя спробы прымірэнчага стаўлення да палякаў…» [23] Патапаў апісваецца як чалавек, пазбаўлены «патрыятычнага натхнення», якім была прасякнутая праграма Мураўёва, зацікаўлены толькі ў тым, каб падтрымліваць парадак і падладжвацца пад мясцовае польскае грамадства [24].
Хоць расійскі ўрад ніколі не адмаўляўся ад «праграмы» Мураўёва, на рубяжы стагоддзяў стала ясна, што, як у 1898 г. пісаў рэакцыйны генерал-губернатар Васіль Троцкі ў Санкт-Пецярбург, «наша сістэма [з 1863 г.] дагэтуль не прынесла жаданых вынікаў» [25]. Праз год той самы губернатар вызначыў гэтую праграму ў наступных фармулёўках: «Наша палітычная сістэма [у Паўночна-Заходнім краі] з часу падаўлення апошняга польскага мяцяжа ў 1863 г. заключаецца пераважна ў стварэнні процівагі польскаму ўплыву» [26]. Іншымі словамі, прыкладна праз два пакаленні пасля 1863 г., найвышэйшы чыноўнік у Паўночна-Заходнім краі сумняецца, што польскі ўплыў значна зменшыўся, і не наважваецца нават згадаць русіфікацыю мясцовага насельніцтва.
Штогадовыя справаздачы ковенскага губернатара адлюстроўваюць няўдачу русіфікацыі. Сялянскае насельніцтва губерні было пераважна літоўскае, а насельніцтва мястэчак — польскае і яўрэйскае. Нягледзячы на гэты факт, вельмі часта ў справаздачах, што адпраўляліся з Коўна ў Санкт-Пецярбург, нерасійскія народы, г. зн. большасць жыхароў губерні, не згадваліся ўвогуле. Перагледзеўшы 37 штогадовых справаздач, падрыхтаваных рознымі губернатарамі за сорак гадоў (1863—1902/3), я знайшоў слова «обрусение» толькі аднойчы, у справаздачы за 1896 г. [27] Безумоўна, можна весці палітыку, і не называючы яе, але гэтае звышрэдкае ўжыванне слова (і, як мы ўбачым, кантэкст, у якім яно было ўжытае ў 1896 г.), даюць нагоду задумацца, наколькі тэрмін «русіфікацыя» прыдатны для апісання палітыкі расійскага ўрада ў памянёныя дзесяцігоддзі. Рэдка ў якой справаздачы не згадваюцца каталікі, палякі і яўрэі, але літоўцы (ці «жмудзіны») асобна ўпамінаюцца менш як у палове справаздач. Ізноў жа, вызначэнне «селянін» ці нават «каталік» у кантэксце гэтай губерні азначала сялян-каталікоў-літоўцаў, але важна падкрэсліць, што губернатары не лічылі патрэбным згадваць іх нацыянальнасць. У той жа час яўрэі і палякі, якія складалі нашмат меншую долю ад усяго насельніцтва, згадваліся зноў і зноў. Пры чытанні справаздач можна заўважыць схільнасць больш адкрыта прызнаваць і абмяркоўваць літоўскую «нацыянальнасць» з 1890-х гг.
Першая асобная згадка літоўцаў («жмудский народ») датуецца ў гэтых справаздачах 1870 г., калі губернатар піша аб «прыхільнасці мясцовых сялян да засваення расійскай граматы [усвоение русской грамоты] і да расійскіх школ, нягледзячы на таемнае процідзеянне [противодействие] памешчыкаў і рымска-каталіцкіх ксяндзоў». Губернатар прызнаў, што школ у губерні не стае (толькі 162 «народныя школы» з 4670 вучнямі), і заявіў, што павышэнне пісьменнасці (г. зн. пісьменнасці ў расійскай мове) было б «сілай замірэння краю і зліцця з Расіяй» («сила умиротворения края и слияния с Россией»). Згадваецца і адданасць сялян каталіцкай рэлігіі, і губернатар настойваў на тым, што трэба пазбавіцца ад біскупа М. Валанчэўскага, але ў той жа час ён адрознівае «каталіцызм» і «пальшчызну». Трэба запэўніць сялян, што іх рэлігія будзе паважацца датуль, пакуль яна не набудзе «характару палітычных дэманстрацый». Губернатар адзначыў, упершыню ўжыўшы этнонім «жмудскі» (то бок, заходнелітоўскі): «Прыхільнасці да польскай справы ў жмудскага народу не было і не будзе, пакуль мясцовая адміністрацыя будзе трымаць пад строгім кантролем дзейнасць польскіх земляўласнікаў і шляхты» [28]. Такім чынам, нават калі літоўцы згаданыя (у той час было прынята казаць пра «літоўцаў» на ўсходзе краю і «жмудзінаў» на захадзе), то адно для таго, каб адрозніць іх ад навязлівай ідэі шэфа расійскай адміністрацыі: палякаў.
Праз шэсць гадоў у справаздачы з жалем адзначаецца той факт, што «мясцовае насельніцтва [туземное население] усё яшчэ застаецца далёкім ад жаданага ўзроўню прыхільнасці і даверу да ўрада». У час, калі ўсеагульная вайсковая служба і выбарнасць гарадской думы толькі ўвялі ў губерні, патрэба «зблізіць» апошнюю з расійскай метраполіяй была асабліва моцная. Даю слова губернатару:
Я абсалютна перакананы, што для маральнага зліцця тубыльцаў у адну расійскую сям’ю [нравственное слияние туземцов в одну русскую семью] неабходна паказаць ім, што рэлігійная вера і [нацыянальнае] паходжанне членаў [сям’і] ніколі не будзе замахам на нечае раўнапраўе, і што будзе праводзіцца толькі строгі падзел паміж вартым і нявартым насіць ганаровае імя лаяльнага падданага расійскага цара [29].
На першы погляд, фраза «маральнае зліццё тубыльцаў (заўважым, нацыянальнасці тут не згаданыя. — Т. У.) у адну рускую сям’ю» азначае поўную русіфікацыю. Але пры бліжэйшым разглядзе здаецца верагодным, што губернатар меў на ўвазе нешта больш сціплае, г.зн. узровень лаяльнасці і даверу, заваяваны расійскім урадам у мясцовых народаў (не толькі літоўцаў, але яўрэяў і палякаў).
Бліжэй да 1890-х гг. згадкі пра літоўцаў сталі больш звыклыя. Напрыклад, у справаздачы губернатара Кліненберга (1890) выказваецца шкадаванне, што амаль праз тры дзесяцігоддзі пасля 1863 г. каталіцкае духавенства працягвае весці вайну супраць усяго рускага і ўдала пераканала народ, што тут «паляк, жмудзін ці літовец процістаіць праваслаўнаму, а каталік — рускаму» [30]. З іншага боку, праз тры гады той самы губернатар усхваляе поспехі, дасягнутыя на ніве пашырэння расійскай мовы: «Цяпер [у 1893] моладзь амаль уся ўмее гаварыць і чытаць па-расійску» [31]. Можна паставіць пад сумнеў гэтае аптымістычнае сцвярджэнне, улічваючы, што за дзесяць гадоў да таго ва ўсёй губерні было толькі 226 школ з 12 558 вучнямі (пры агульным насельніцтве 1,4 мільёна чалавек) [32]. Верагодна, сітуацыя не нашмат змянілася за дзесяць гадоў, але губернатар адчуў, што трэба падкрэсліць уласны поспех у пашырэнні расійскай культуры. Праўда, у той самай справаздачы (1893) Кліненберг рэкамендуе зняць абмежаванні на літоўскі друк з прычыны названых поспехаў [33]. Іншымі словамі, літоўцы «набліжаліся» да рускіх, і таму ім варта было дазволіць публікацыі на роднай мове з выкарыстаннем лацінкі.
У 1896 г. Кліненберга на пасадзе губернатара Ковенскай губерні замяніў С. П. Сухадольскі. У сваёй першай справаздачы Сухадольскі напісаў у падобным ключы, што мясцовае літоўскае насельніцтва не было ні небяспечнае, ні нелаяльнае. Сваю задачу ў «рускай справе» («русское дело») губернатар вызначыў так:
Каб яны [насельніцтва], хоць і не будучы рускімі паводле паходжання, паступова і свядома [сознательно] праняліся здаровымі дзяржаўнымі прынцыпамі, пад якімі ляжыць прынцып дабрабыту магутнай расійскай дзяржавы… [34]
Падкрэсліўшы лаяльнасць мясцовага (літоўскага) насельніцтва і яго энтузіязм да толькі што каранаванага цара (каранацыя Мікалая II адбылася ў Маскве ў 1896 г.), Сухадольскі нават выступіў за выбарныя земствы ў губерні. Больш за тое, каб паставіць заслону кантрабандыстам, што дастаўлялі літоўскамоўныя выданні праз вельмі дзіравую мяжу з усходняй Прусіяй (цераз Нёман каля Коўна), губернатар прапанаваў Пецярбургу скасаваць забарону на друк па-літоўску лацінкай. Адразу пасля гэтай заявы Сухадольскі ўжывае фармулёўку «абрусенне літоўцаў»:
Для больш паспяховага абрусення літоўцаў неабходна найперш не дапускаць апалячвання Літвы, дазволіўшы друк літоўскіх кніг лацінкай [35].
Аргументацыя даволі цьмяная, але адна рэч ясная: каб «абрусіць» літоўцаў, трэба дазволіць ім чытаць кнігі на роднай мове, надрукаваныя лацінкай. Падобна, для Сухадольскага «абрусенне» значыла (прынамсі ў той момант) не поўную культурную асіміляцыю, а нешта накшталт грамадзянскай паслухмянасці, «збліжэння» з Расіяй, заяўленага ранейшымі губернатарамі.
РУСІФІКАЦЫЯ І РАСІЙСКАЕ ГРАМАДСТВА
Што ў другой палове XIX ст. думалі рускія пра русіфікацыю? Перш за ўсё, амаль бясспрэчна, што большасць рускіх зусім пра яе не думалі. Тое, што нацыяналізм ці нацыянальнае пачуццё былі ўласцівыя большасці рускіх, нельга давесці. Бадай усе сведчанні пра пісьменнасць, сацыяльную мабільнасць і палітычную свядомасць гавораць нам, што ў грамадстве таго часу атаясамліванне з канкрэтнай мясцовасцю і рэлігійнай прыналежнасцю па-ранейшаму дамінавалі. Пастаянныя нараканні расійскіх нацыяналістаў і правых (у прыватнасці, пасля 1905 г.) на тое, што цяжка знайсці падтрымку для адстойвання «рускай справы» таксама з’яўляюцца доказам слабасці нацыянальнай ідэі ў расійскім грамадстве [36]. З іншага боку, у расійскім «грамадстве», г. зн. сярод адукаваных расійцаў, нацыянальнае пачуццё, безумоўна, хутка расло ў другой палове XIX cт. Гэта быў час панславістаў, «Русского вестника» Міхаіла Каткова, час, калі ўзнік славуты твор Мікалая Данілеўскага «Расія і Еўропа». Ужо ў канцы 1840-х гг. Юры Самарын кінуў заклік да больш актыўнай палітыкі русіфікацыі Балтыйскага краю, а пасля польскага паўстання 1863 г. з новай сілай паўтарыў гэты заклік у «Окраинах России» [37]. Інтарэс да нацыяльна-вызваленчых рухаў на Балканах таксама дапамог распальванню расійскага нацыянальнага пачуцця. У той жа час, ідэя «абрусення» рэдка з’яўляецца на старонках гэтых твораў выразна. Патрабуецца дадатковае даследаванне, але і сёння я магу сказаць пэўна, што расійскія нацыяналістычна настроеныя інтэлектуалы выступалі больш за «абарону» і прышчапленне расійскай культуры расійскаму сялянству (змагаючыся з крамолай і нігілізмам — дзве з’явы амаль заўсёды ішлі поруч), а не за актыўную русіфікацыі нерасійскіх народаў. Мяркую, што ў азіяцкай частцы Расіі стан быў іншы, але на заходніх ускраінах я знайшоў мала сведчанняў (прынамсі да 1905 г.) моцнай і адкрытай падтрымкі русіфікацыі.
Спадзеючыся, што некалі паўстане больш дэталёвае дасьледаванне, я б хацеў абмеркаваць толькі адзін прыклад, а менавіта, дзейнасць славянафіла-панславіста Івана Аксакава. Ніхто не можа абвінаваціць Аксакава ў ігнараванні расійскіх нацыянальных інтарэсаў ці ў тым, што ён ліберальнічаў з палякамі ў сваіх пачуццях ці творах. І ўсё ж, калі ў розных газетах чытаеш сотні старонак яго артыкулаў пра палякаў, яўрэяў і «заходнярускую справу» («западнорусское дело»), бачыш, што акцэнт заўжды робіцца на абарону, стрымліванне пальшчызны і каталіцызму, а асабліва — на дапамогу «рускім» (з нашай перспектывы — украінцам і беларусам) у прызнанні ўласнай «рускасці». У Аксакава, вядома, паняцце «абрусенне» ўжываецца значна часцей, чым у разгледжаных намі афіцыйных крыніцах, але зноў жа, ён увесь час гаворыць пра абрусенне краю, а не пра «абрусенне яўрэяў» ці якой-небудзь іншай нерасійскай нацыянальнасці. Праўда, у Аксакава можна заўважыць вялікую двухсэнсоўнасць ва ўжыванні паняцця. З аднаго боку, ён пастаянна (і з абурэннем) адмаўляе, што расійскі ўрад увогуле калі-небудзь імкнуўся русіфікаваць палякаў. З іншага, у яго творах выказваецца патрэба глыбейшага і радыкальнага «абрусення» заходніх губерняў, і часам здаецца, што ён патрабуе не толькі моўнага, але нават рэлігійнага зліцця мясцовага насельніцтва з «большасцю».
Аксакаў яўна акцэнтаваў рэлігійны бок русіфікацыі ў артыкуле, што з’явіўся ў газеце «Москва» у пачатку 1867 г. Новыя выдаўцы афіцыёзнага «Виленского вестника» паспрабавалі давесці, што паміж нацыянальным («народным») і рэлігійным («вероисповедным») пытаннямі няма сувязі. Таму, згодна з гэтай газетай, урад можа абрусіць край без наступу на каталіцызм ці іудаізм. Аксакаў быў з гэтым катэгарычна не згодны. Ён зазначыў, што млявай і павярхоўнай пакоры недастаткова, што нават усеагульны пераход на расійскую мову («всеобщее усвоение русского языка») як такі мала што значыць:
І хай ведаюць віленскія газетчыкі, што расійскай мовы як такой недастаткова, каб прыгарнуць да сябе польскую, яўрэйскую, літоўскую нацыянальнасці і тую частку беларусаў, якая даволі глынула пальшчызны [38].
Дык ці выступаў Аксакаў за поўную русіфікацыю і рэлігійную канверсію насельніцтва? На першы погляд тэзіс здаецца абгрунтаваным, але на другі аказваецца, што Аксакаў гаворыць пра іншае. Для яго ідэя «рускасці» была непарыўна звязаная з праваслаўнай канфесіяй, таму ідэя, да прыкладу, «рускіх каталікоў» адпужвала Аксакава:
Можна быць рускім і называцца рымскім каталіком, ці быць рымскім каталіком і толькі называцца рускім [39].
Гэтыя дзве канцэпцыі былі для Аксакава цалкам несумяшчальныя; ён (і многія іншыя расійскія нацыяналісты) абсалютна адмаўлялі, нават у тэорыі, наяўнасць «расійскіх каталікоў» («расійскія яўрэі» таксама былі для яго чымсьці надзвычай супярэчлівым і праблемным).
У канцы 1860-х гг. былі спробы ўвесці расійскую мову ў г. зв. «дадатковыя службы» ў каталіцкіх цэрквах Паўночна-Заходняга краю (асабліва ў Беларусі), і Аксакаў горача пратэставаў супраць такога кроку. Замест гэтага ён даводзіў, што неабходна падкрэсліваць сувязь паміж «расійскім» і «праваслаўным», актыўней падтрымліваць праваслаўныя цэрквы ў краі і чыніць усялякія захады дзеля недапушчэння каталіцкай прапаганды. Хоць у прыведзенай цытаце ён кажа пра неабходнасць «прыгарнуць да сябе польскую, яўрэйскую, літоўскую нацыянальнасці», расійскі дзеяслоў «сроднить с собой» можна вытлумачыць і як трохі мацнейшы сінонім «сближения», які неабавязкова адсылае да поўнай культурнай асіміляцыі.
У любым выпадку, Аксакаў (як і, трэба прызнаць, амаль усе нацыяналісты) не зусім паслядоўны. Праз шмат гадоў, прызнаючы няўдачу «расійскай справы» на заходніх землях, Аксакаў гнеўна адмаўляў, што расійскі ўрад калі-небудзь імкнуўся абрусіць палякаў:
Ад палякаў Расія патрабуе толькі пакоры і вернасці [покорность и верность], адмовы ад бессэнсоўных палітычных мараў, ад думкі пра гістарычную Польшчу; патрабуецца шчырае прызнанне для сваёй краіны неабходнасці адзінства вярхоўнага рускага дзяржаўнага пачатку з усёй Імперыяй [40].
Аксакаў заяўляе, што расійская дзяржава ніколі не імкнулася да знішчэння польскай нацыянальнасці, але імпліцытна, асабліва ў сваіх ранейшых артыкулах, ён заклікаў расійскі ўрад зрабіць усё магчымае, каб аслабіць палякаў і польска-каталіцкі ўплыў. Для абароны Аксакава трэба згадаць, што ён заўсёды размяжоўваў «Польшчу» (г. зн. мясціны, дзе этнічныя палякі складалі большасць насельніцтва) і Заходні край, які для яго быў бясспрэчна расійскі дзеля сваёй гісторыі і культуры. У прынцыпе, Аксакаў «дазваляе» польскай культуры існаваць у Польшчы, але адмаўляе яе правы (хоць і не адкрыта) у заходніх губернях. Ужыванне Аксакавым паняцця «абрусенне» было двухсэнсоўнае і ніколі не суправаджалася адкрытымі патрабаваннямі навязаць расійскую культуру нерасійцам, але яго агульная «праграма» была, падобна, якраз гэткая. У пачатку XX ст., асабліва пасля 1905 г., гэткая «праграма» стала больш яўная.
ВЫСНОВЫ
Наш экскурс у нацыянальны свет расійскіх чыноўнікаў і прынамсі аднаго расійскага нацыяналіста дазваляе зрабіць некаторыя папярэднія высновы пра русіфікацыю (ці «абрусенне») як слова і паняцце ў перыяд 1863—1905 гг. Па-першае, паняцце «абрусенне» не ўжывалася шырока, ва ўсякім разе службовымі асобамі, хоць яго ўжыванне значна пашырылася пад канец XIX ст. Па-другое, нават калі паняцце ўжывалася, яго змест быў двухсэнсоўны. Яно магло азначаць усталяванне парадку, пашырэнне расійскай як «другой мовы» ці нават распаўсюджванне казённага патрыятызму і вернасці дынастыі Раманавых. З іншага боку, як мы бачылі на прыкладзе твораў Івана Аксакава, двухсэнсоўнасць паняцця дазваляла дамагацца палітычнай пакорнасці нават у абсягу рэлігійнай сферы (хоць адкрытых заклікаў да навяртання іншаверцаў у праваслаўе амаль ніколі не гучала). Часткова цяжкасць з вызначэннем паняцця «русіфікацыя» вынікае з няяснасці паняцця «рускі». Ці мае яно чыста этнічны або моўны, культурны змест? Ці можна быць «рускім» у сэнсе «лаяльны падданы цара», пры гэтым шануючы свае нацыянальныя карані і родную мову? Магчымыя абедзве інтэрпрэтацыі, і часам у адным дакуменце яны ўжываюцца побач. Нявызначанасць дэфініцыі мусіць, як мінімум, падштурхнуць нас да далейшых даследаванняў блытанай і супярэчлівай прыроды русіфікацыі як рэальнасці. Аспіранты, якія выбіраюць тэму для дысертацыі, майце гэта на ўвазе!
Падзякі
Даследаванням для гэтай працы, а таксама яе напісанню паспрыялі грант Амерыканскага філасофскага таварыства, кароткачасовы даследчы грант ад Кенанаўскага інстытута паглыбленых даследаванняў Расіі пры Міжнародным навуковым цэнтры Вудра Вільсана і стажыроўка летняй даследчай лабараторыі Ілінойскага універсітэта. Аўтар нясе адказнасць за ўсе меркаванні, выказаныя ў гэтым артыкуле.
Пераклаў з амерыканскай В. Р. паводле: Theodore R. Weeks, Russification: Word and Practice 1863—1914 // Proceedings of the American Philosophical Society. Vol. 148. No. 4, December 2004. P. 471—489.
Спасылкі:
1. Два зусім розныя пагляды на Расію як імперыю можна знайсці ў: Hosking, Geoffrey. Russia: People and Empire (Cambridge: Harvard University, 1997); і Lieven, Dominic. Empire: The Russian Empire and its Rivals (New Haven: Yale University, 2001).
2. Weeks, Theodore R. Russification and the Lithuanians, 1863—1905 // Slavic Review 60.1 (Spring 2001). Р. 96—114.
3. Harcave, Sidney (trans. and ed.). The Memoirs of Count Witte. Armonk, New York: M. E. Sharpe, 1990. Р. 272.
4. Пра спрэчкі вакол гэтай тэмы (пераважна літаратурныя), гл.: Belknap, Robert (ed.). Russianness: Studies on a Nation’s Character. Ann Arbor: Ardis, 1990.
5. Прыкладам падазронасці да інтэграцыі этнічнай групы ў расійскую нацыю, які ляжыць на паверхні, з’яўляецца стаўленне да яўрэяў. Гл., напр.: Aronson, Irvin M. The Attitudes of Russian Officials in the 1880s toward Jewish Assimilation and Emigration // Slavic Review 34.1. 1975. Р. 1—18.
- Thaden, Edward C. et al. Russification in the Baltic Provinces and Finland, 1855—1914. Princeton: Princeton University, 1981. Р. 7—8. Гл. таксама працы Тэйдэна «Русіфікацыя ў царскай Расіі» і «Расійская нацыянальная палітыка» ў: Thaden, E. C. with the collaboration of Marianna Forster Thaden. Interpreting History: Collective Essays on Russia’s Relations with Europe, East European Monographs. No. 304. Boulder: Social Science Monographs, 1990. Р. 211—230.
7. Weber, Eugen. Peasants into Frenchmen. Stanford: Stanford University, 1976.
8. Гл., напрыклад, глыбакадумны раздзел «Нацыяналізм і нацыянальная ідэнтычнасць» у: Brooks, Jeffrey. When Russia Learned to Read: Literacy and Popular Literature 1861—1917. Princeton: Princeton University, 1985.
9. Anderson, Benedict. Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism, rev. ed. London: Verso, 1991. Р. 86.
10. Гл., напрыклад: Weeks, Theodore R. Nation and State in Late Imperial Russia: Nationalism and Russification on the Western Frontier, 1863—1914. DeKalb: Northern Illinois University, 1996, асабліва раздзел 5 пад назвай «Усход сустракае Захад: русіфікацыя і суіснаванне».
11. Гл., напрыклад: Thaden Edward C. et al. Russification in the Baltic Provinces and Finland, 1855—1914. Princeton: Princeton University, 1981. Пра «нямецкае пытанне» на Поўдні (якое мела дачыненне хутчэй да сялян, чым да буйных уладальнікаў зямлі) гл.: Neutatz, Dietmar. Die «deutsche Frage» im Schwarzmeergebiet und in Wolhynien: Politik, Wirtschaft, Mentalitдt und Alltag im Spannungsfeld von Nationalismus und Modernisierung. Quellen und Studien zur Geschichte des цstlichen Europas. Vol. 37. Stuttgart: Steiner Verlag, 1993.
12. Статыстычныя звесткі 1897 г. цытуюцца паводле: Кастелянский А. И. (ред.). Формы национального движения в современных государствах. Австро-Венгрия. Россия. Германия. Санкт-Петербург: Общественная польза, 1910. С. 280.
13. Паводле сучасных звестак, толькі 30,1 % дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў наведвалі школы (у гарадах — 46,6 %, у вёсках — 28,3 %). Хоць у гэтых лічбах не вылучаюцца рускія і нярускія, няма прычын меркаваць, што ў рускіх адсотак дзяцей, што наведвалі школы, быў значна вышэйшы за сярэдні (у 1897 г. пісьменных сярод рускіх было 22,9 %, амаль як і ў сярэднім па імперыі — 21,2 %). Лічбы ўзятыя з: Россия. 1913 год. Статистико-документальный справочник. Спб: Блиц, 1995. С. 326—327.
14. Рычард Уортман бліскуча прадэманстраваў разрыў паміж нібыта «расійскімі нацыянальнымі» цырымоніямі і рэальнасцю ўлады ў: Wortman, Richard. Scenarios of Power: Myth and Ceremony in Russian Monarchy. Vol. 2: From Alexander II to the Abdication of Nicholas II. Princeton: Princeton University, 2000.
15. Расійцы не былі вольныя ад тыповага для еўрапейцаў комплексу перавагі над азіятамі і афрыканцамі. Але, здаецца, няма практычных сведчанняў, каб Расія ставіла сабе радыкальныя русіфікатарскія мэты ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе. Наадварот, прынамсі ў Сярэдняй Азіі, урад клапаціўся, каб не пасеяць хваляванняў сярод мясцовых мусульман, і таму істотна абмежаваў магчымасці праваслаўных святароў займацца сярод іх празелітызмам (нават калі ўрадоўцы часам выказваліся за «вяртанне мясцовага насельніцтва ва ўлонне рускага народа»). Weeks T. Slavdom, Civilization, Russification: Comments on Russia’s World-Historical Mission, 1861—1878 // Ab imperio. № 2. 2002. Р. 238.
16. Пры разглядзе становішча ў Прыбалтыцы трэба мець на ўвазе, што русіфікацыйныя захады 1880-х гг., якія ўключалі ператварэнне Дэрпцкага універсітэта ў рускамоўны Юр’еўскі, мелі месца ў шматэтнічным асяроддзі. Іронія лёсу: аслабіўшы нямецкую эліту, расійскія чыноўнікі амаль бясспрэчна дапамаглі справе латвійскага і эстонскага нацыяналізмаў, што, відавочна, не ўваходзіла ў мэты ўрада. Пра гэтую эпоху найлепшай уводнай крыніцай застаецца: Thaden et al. Russification...
17. Муравьев М. Н. Всеподданнейшая записка Могилевскаго гражданскаго губернатора Муравьева о нравственном положении Могилевской губернии и о способах сближениях оной с Российскою Империею / Четыре политическия записки Графа Михаила Николаевича Муравьева Виленскаго // Русский архив. Июнь 1885. С. 161—175.
18. Пра «ўз’яднанне» («возсоединение») беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой гл.: О воссоединении униатов с православною церковью в Российской Империи // Христианское чтение (апрель 1839). C. 351—423; Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковью униатов белорусской епархии (1833—1839 гг.). Спб: Сельский вестник, 1910. Навейшае абмеркаванне гэтай падзеі змяшчаецца ў працы «Between Rome and Tsargrad: The Uniate Church in Imperial Russia». Гл.: Geraci, Robert P. and Khodarkovsky, Michael (eds.). Of Religion and Empire: Missions, Conversion, and Tolerance in Tsarist Russia. Ithaca: Cornell University, 2001. Р. 70—91.
19. Записка о некоторых вопросах по устройству Северо-Западного края. 14 мая 1864 г. Гл.: Четыре политические записки… // Русский архив. Июнь 1885. С. 186.
20. Записка о некоторых вопросах по устройству Северо-Западного края. 14 мая 1864 г. Гл.: Четыре политические записки… // Русский архив. Июнь 1885. С. 190—191.
21. Пра гэты перыяд літоўскай культурнай гісторыі, які, на дзіва, быў часам вялікага ўздыму літоўскай нацыянальнай свядомасці, гл.: Merkys, Vytautas. Nelegalioji lietuvi spauda kapitalizmo laikotarpiu (ligi 1904 m.). Vilnius: Mosklas, 1978. Дыскусіі аб прычынах і спосабах ажыццяўлення гэтай палітыкі можна знайсці ў: Lietuvos centrinis valsybinis istorijos archyvas. Vilnius (LVIA. F. 378, BS 1865, b. 1775; Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, Санкт-Пецярбург (далей — РДГА). Ф. 1282, воп. 2, 1898, спр. 1974; Дзяржаўны архіў Расійскай федэрацыі, Масква (ДАРФ). Ф. 215, воп. 1, 1897, спр. 93.
22. Спачувальная справаздача аб дзейнасці Мураўёва, аб смяротных пакараннях паўстанцаў (у тым ліку святароў) у: An Englishman. The Polish Question and General Mouravieff. London: J. Causton & Sons. б. д. [каля 1864 г.].
23. Батюшков П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. Спб: Общественная польза, 1890. С. 373.
24. Мосолов А. Н. Виленские очерки (1863—1865 гг.). Муравьевское время. Спб: Суворин, 1898. С. 161.
25. РДГА. Ф. 1263, воп. 2, с. 253—332, спр. 5385, арк. 588 (Справаздача віленскага генерал-губернатара за 1898 г.).
26. РДГА. Ф. 1282, воп. 3, 1900, спр. 355, арк. 3.
27. «Губернаторские отчеты», якія я прачытаў у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу, датаваныя наступнымі гадамі: 1863, 1865, 1867, 1869, 1870, 1871, 1873, 1874, 1876, 1878, 1880, 1882, 1883, 1885, 1887, 1888, 1889, 1890, 1892, 1893, 1894, 1895, 1896, 1897, 1899, 1900/01, 1902/3.
28. РДГА. Ф. 1284, воп. 69, 1871, спр. 133 (справаздача з Ковенскай губерні за 1870 г.), асабліва арк. 8 (пра «зліццё»), арк. 23 (пра каталіцкую рэлігію) і арк. 26v (пра «жмудскі народ» і пальшчызну). Біскуп, згаданы ў справаздачы, — гэта, вядома, Мацеюс Валанчус, які адыграў важную ролю ў пашырэнні літоўскай мовы ў мясцовых цэрквах. Цікава, што расійская адміністрацыя нязменна скардзілася на Валанчуса як на ворага расійскага ўрада і паланізатара. Больш пра Валанчуса і расійскую нацыянальную палітыку гл.: Merkys V. Biskup Motiejos Valanczius a polityka narodowosciowa rzadu Rosji // Jerzy Kloczowski et al. (eds.). Belarus. Lithuania. Poland. Ukraine. The Foundations of Historical and Cultural Traditions in East Central Europe. Lublin: Institute of East Central Europe, 1994. S. 305—321.
29. РДГA. Ф. 1284, вoп. 69, 1877, спр. 178, арк. 8v.
30. РДГА. Чытальная зала, воп. 1, спр. 43 (справаздача ковенскага губернатара за 1890 г.).
31. Тамсама. Справаздача за 1893 г., с. 1.
32. РДГА. Ф. 1284, воп. 223, 1884, спр. 170, арк. 48. У гэтай жа справаздачы губернатар заяўляе (арк. 19v), што большасць каталіцкіх святароў — літоўцы («литовцы»).
33. РДГА, Чытальная зала, воп. 1, спр. 43 (Коўна, 1893), с. 4—5.
34. Тамсама. Коўна, 1896. С. 8.
35. Тамсама. С. 13.
36. Амаль усе расійскія нацыяналісты і правыя ў перыяд пасля 1905 г. аднагалосна сцвярджалі, што «толькі рускім не дазволена абараняць іх нацыянальных правоў». Гэтая тэма заслугоўвае ўважлівага даследавання і абмеркавання, якое распачалося толькі нядаўна з цікавай працы Дона Роўсана: Rawson, Don. Russian Rightists and the Revolution of 1905. Cambridge: Cambridge University, 1995. Некаторыя сведчанні сучаснікаў: Ковалевский П. И. Русский национализм и национальное воспитание. 3-е изд. Спб, 1912; Локоть Т. В. Оправдание национализма (Рабство русской радикальной интеллигенции. Национал-демократия). Киев: Петр Барский, 1910; Сергеевский Н. Д. Ешь меня, собака (Наша главная болезнь). Спб: Тип. А. С. Суворина, 1907. Магчыма, найбольш яскравае сведчанне — книга Курапаткіна: Куропаткин А. Н. Россия для русских. Задачи русской армии. Спб: Сост. В. А. Березовского, 1910. Часопісы «Мирный труд» і «Окраины России» былі асноўнымі органамі гэтага дзёрзкага, агрэсіўнага рускага нацыяналізму.
37. Пра Самарына гл.: Барон Нольде В. Е. Юрий Самарин и его время. Paris: Sociйtй Anonyme Imprimerie de Navarre, 1926; Christoff, Peter K. An Introduction to Nineteenth-Century Russian Slavophilism: Iu. F. Samarin. Boulder: Westview, 1991; Calder, Loren D. The Political Thought of Yu. F. Samarin, 1840—1864. New York: Garland, 1987; Thaden, Edward C. Samarin and Official Policy in the Baltic Provinces // Russian Review. № 30. 1974. Р. 405—415.
38. Аксаков, Иван. О связи вероисповедного вопроса с народным в Северо-Западном крае // Польский вопрос и западно-русское дело. Еврейский вопрос, 1860—1886. Москва: тип. М. Г. Волчанина, 1886. С. 417—423. Гэты артыкул датаваны 17 студзеня 1867 г.
39. Аксаков И. О значении католицизма и еврейства в Западном крае // Польский вопрос и западно-русское дело. Еврейский вопрос, 1860—1886. Москва: тип. М. Г. Волчанина, 1886. С. 426. Артыкул ад 24 студзеня 1867 г.
40. Аксаков И. Застой русского дела в Западном крае по усмирении мятежа 1863—1864 года // Польский вопрос и западно-русское дело. Еврейский вопрос, 1860—1886. Москва: тип. М. Г. Волчанина, 1886. С. 652. Гэты артыкул быў спярша надрукаваны ў газеце «Русь» 1 мая 1884 г.
Тэадор Р. Уікс — гісторык, ад’юнкт-прафэсар гісторыі ўнівэрсытэту Паўднёвага Ілінойсу ў Карбандэйле. Яго апошняя кніга выйшла пад назвай «From Assimilation to Antisemitism: The «Jewish Question» in Poland, 1850—1914» (DeKalb: Northern Illinois University Press, 2006). У «ARCHE» друкаваўся яго агляд «Ідэнтычнасць у познеімперскай Расіі. Нацыя, культура, палітыка» (4/2005). Гэты артыкул перакладзены з ласкавай згоды аўтара.








