Публікацыі

Нябышына. Вайна

Ілля Копыл

Пра Другую сусветную вайну і Вялікую Айчынную як яе частку напісана вельмі шмат, але, па-мойму, аднабакова, скажона і хлусліва, у асноўным пра гераічнае. Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, убачылі свет шматлікія мемуары генералаў і маршалаў — удзельнікаў вайны. Потым мемуары сталі пісаць усе, аж да радавога. З дзесятак тых успамінаў прачытаў і я, але хутка зразумеў, што ўсе яны як блізняты-браты.

Гэта голая статыстыка — пералік ваюючых армій з абодвух бакоў і іх камандуючых, колькасць самалётаў і бронетэхнікі, колькасць гармат на адзін кіламетр фронту. Бегства Чырвонай Арміі ў першыя два гады вайны падаецца як запланаваны адыход. У мемуарах я не знайшоў звестак пра колькасць чырвонаармейцаў, што апынуліся ў нямецкім палоне. Такое ўражанне, што ў палоне быў толькі адзін генерал Карбышаў, які гераічна загінуў. У мемуарах не паказаны лёс асобнага чалавека, простага салдата. Толькі мемуары генерала Гарбатава заслугоўваюць увагі. Ён адзіны, хто рызыкнуў расказаць нам пра сталінскія рэпрэсіі, пра катаванні людзей, пра ГУЛАГ.

Памятаю, як у сярэдзіне 70-х гадоў мемуары генерала Гарбатава былі забаронены. У бібліятэку вайсковай часці, дзе я служыў, прыбылі прадстаўнікі Асобага аддзела і ўсе асобнікі кнігі канфіскавалі…

У сваіх нататках, якія я прапаную чытачам “Народнай Волі”, я запісаў тыя падзеі ваеннага ліхалецця, якія адбываліся побач са мной, у нашай вёсцы і вакол яе, і тое, што я пачуў ад свайго бацькі і ад аднавяскоўцаў. Я тады быў падлеткам, усім цікавіўся, запамінаў, упітваў у сябе навіны, як губка. Усё, аб чым я пішу, — праўда, пабачаная на свае вочы.



1. Перад вайной

Вёска Нябышына, у якой я нарадзіўся і дзе прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, уваходзіла ў склад Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). На той час гэта была апошняя беларуская вёска перад савецка-польскай мяжой. Наступная вёска — Восава, да якой было 6 кіламетраў, знаходзілася ўжо на польскім баку. Між гэтымі дзвюма вёскамі пралягала савецка-польская мяжа. Вяскоўцы, бывала, парушалі памежную тэрыторыю, натыкаліся на малапрыкметныя сігнальныя прыстасаванні. Але гэта былі не наўмысныя, а выпадковыя парушэнні: збор ягад, грыбоў, арэхаў. Нам пашанцавала, што памежнік Карацупа нёс службу на мяжы з Румыніяй, а не ў нас. У той час мой бацька быў старшынёй калгаса, а гэта на вёсцы галоўная ўлада. Яму часта даводзілася ўладкоўваць канфлікты між памежнікамі і “парушальнікамі” мяжы — вяскоўцамі, і амаль заўсёды ўдавалася іх пагасіць. Памежнікі часта бывалі ў нашай хаце, я іх не палохаўся, яны нават бралі мяне на рукі, заводзілі гульні. Мы да іх прызвычаіліся. У нашай вёсцы не было шпіёнаманіі. Гэта толькі ў кніжках можна прачытаць, што дзеці і дарослыя ў памежных вёсках толькі тым і займаліся, што лавілі “лазутчыкаў”. І ўсё-такі чалавек 10—15 нашых вяскоўцаў нкусаўцы забралі. Назад ніхто з іх не вярнуўся.

Мы, дзеці, перад вайной гулялі ў вайну. Зброяй служылі палкі, рагаткі, камяні. Неаднойчы была праліта кроў, былі разбіты насы, галовы, многія не раз хадзілі з сінякамі і гузамі. Ад бацькоў свае раны па магчымасці хавалі. Мы падзяляліся на белых і чырвоных, выбіралі начальнікаў, займалі вызначаныя пазіцыі, і пачыналася бойка. Пацярпелыя (раненыя) не крыўдзіліся.


2. Пачатак вайны

Прыкладна 15 верасня 1939 года ў нашу вёску ўступіла і размясцілася тут вайсковая часць Чырвонай Арміі. Гэта былі вершнікі і нейкі абоз. Іншай тэхнікі: гармат, танкаў, аўтамабіляў — я не бачыў. На нашым гумне, якое пачыналася за хатай, і на выгане за вёскай было пастаўлена шмат палатак. Чырвонаармейцы чамусьці ўсе былі ў касках. У стасункі з вяскоўцамі, нават з намі, дзецьмі, яны не ўступалі, мабыць, каб не выдаць ваенныя сакрэты. Да палатак нас не падпускалі, калі я спрабаваў наблізіцца, вартавы спыняў мяне воклічам: “Стой! Назад!” А мне так хацелася пабываць унутры палаткі. Таму за ўсім гэтым я назіраў праз плот са свайго двара. Мне запомніліся брызентавыя вёдры, з якіх чырвонаармейцы паілі вадой сваіх коней, і круглыя шчоткі для чысткі поўсці. 17 верасня раніцай на зямлю лёг вельмі густы туман, бачнасць была 2—3 крокі. Калі туман парадзеў, то я ўбачыў, што наша гумно апусцела. Ні чырвонаармейцаў, ні палатак там ужо не было. Я пабег на тое месца, дзе стаялі палаткі, і знайшоў там з дзесятак драўляных лыжак. Мабыць, чырвонаармейцы іх у спешцы забылі, не заўважылі ў траве і тумане. Лыжкі былі пафарбаваныя ў светла-карычневы колер і пакрыты лакам. Яны былі зусім новыя і пахлі пакостам. Калі мама ўбачыла маю знаходку, чамусьці не абрадавалася, а, наадварот, напалохалася. Яна загадала мне палажыць лыжкі на месца, таму што чырвонаармейцы могуць вярнуцца за імі. Я зрабіў гэта з нежаданнем і вартаваў іх, каб хто іншы не забраў. Але чырвонаармейцам было не да лыжак. Яны пайшлі ў бок мяжы з Польшчай, адна калона — на Гняздзілава, другая — на Восава. Страляніны мы не пачулі, пераход мяжы адбыўся мірна. А тымі лыжкамі, якія я зноў прынёс у хату, уся наша сям’я карысталася вельмі доўга.

Хоць мяжа была ліквідавана, нашым вяскоўцам яшчэ доўгі час не дазвалялася наведаць сваіх сваякоў і знаёмых у Восаве, Докшыцах і ў іншых месцах Заходняй Беларусі. Калі мы, мой тата і я, у першы раз наведаліся ў Восава, то аслупянелі. Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя, добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя, стрэхі хат пакрытыя чарапіцай ці ацынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышына стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала. Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што на вуліцы Восава я не ўбачыў кароў і іх ляпёшак. Вуліца ў нашай вёсцы была цалкам забруджана, асабліва раніцай, калі кароў выганялі ў поле. Убачыўшы ўсё гэта, мой бацька сам сабе тады прамовіў: “Вось табе і польскі прыгнёт”.

А тое, што заходніх беларусаў нкусаўцы пагналі на расстрэл у Катынь і Курапаты, што заходніх беларусаў эшалонамі адпраўлялі ў савецкі ГУЛАГ за Урал і ў Запаляр’е, ні мой бацька, ні я не ведалі.

Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939 года, але мы, усходнія беларусы, гэтага не заўважылі і не адчулі.


3. Новы паварот у вайне

Напрыканцы 1939 года некалькі нашых вяскоўцаў забралі на фінскую вайну, у тым ліку і нашага суседа Косцю Паўловіча. Праз нейкі час ён, паранены і абмарожаны, вярнуўся дадому.

22 чэрвеня 1941 года аб тым, што пачалася вайна, вёска даведалася ад майго бацькі. У той час у нас не было электрычнасці, не было радыё, не было аўтобуснага руху. Адзіны тэлефон быў толькі ва ўправе калгаса. З Бягомля патэлефанавалі, перадалі, што пачалася вайна. Што рабіць, як быць далей, нічога не сказалі, сувязь парушылася і больш яна з раённым цэнтрам не аднавілася. У нашым двары вечарамі сталі збірацца вяскоўцы. Надвор’е было цёплае, але ўсе былі адзеты не па-летняму, быццам бы больш ніколі не вернуцца дадому. Людзі былі напалоханы, гаманілі напаўголаса. Нам, дзецям, было незразумела, чаму дарослыя так напалоханы вайной. Мы ж кожны дзень гулялі ў вайну і нічога жахлівага ў гэтым не бачылі. Мы з цікавасцю яе чакалі разам з дарослымі, каб уключыцца ў гэтую агульную “гульню”.

Можа, праз два-тры дні сталі чутны выбухі і былі бачны трывожныя зарніцы ў напрамку Докшыц. Потым гэтыя выбухі сталі перасоўвацца на поўнач, паўночны ўсход і зусім заціхлі дзесьці на ўсходзе. Бацька называў невядомыя мне гарады — Полацк, Віцебск, Лепель, Барысаў, куды, на яго думку, пасунуўся фронт.

У 1941 годзе мы так і не адчулі, што такое вайна. Мужчыны ўсе засталіся дома, на вайну нікога не забралі, мабілізацыя спазнілася. Апынуліся на вайне толькі тыя вяскоўцы, якія ў гэтыя дні былі па нейкіх справах у раённым цэнтры Бягомлі. Іх там проста пахапалі і павезлі на Барысаў. Сярод іх апынуўся і наш сусед Зміцер Маскалейчык, шафёр калгаснай палутаркі. Ён прайшоў амаль усю вайну і толькі ў канцы быў лёгка паранены.

Так склаліся абставіны, што праз нашу вёску ў 1941 годзе не адступала Чырвоная Армія, не наступалі немцы, не ішлі натоўпы бежанцаў, не гналі статкі буйной рагатай жывёлы на ўсход, каб яны не дасталіся ворагу. Нашу вёску не бамбілі, не абстрэльвалі з гармат, немцы не ўрываліся ў нашы хаты, нікога не забівалі, не рабавалі, не гвалтавалі. І калі, будучы дарослым, я чытаў творы пра вайну, бачыў кінастужкі, мая свядомасць уступала з гэтым у супярэчнасць. Я пражыў усю вайну ў акупацыі і добра ведаў, як усё адбывалася ў асобна ўзятай вёсцы.


4. Роспуск калгаса

Фронт адсунуўся далёка на ўсход, а ў глыбокім тыле ў немцаў засталася наша вёска і некрануты, неразрабаваны калгас “Чырвоны расцвет”, і старшынёй гэтага калгаса заставаўся мой бацька — Піліп Гіляравіч Копыл. Трэба адзначыць, што афіцыйна яго прозвішча па бацьку было Іларыёнавічам. Калі расейцы ў ХІХ стагоддзі перапісвалі нашу вёску, то іх чыноўнікам не падабалася імя майго дзеда — Гілярый і яго перайменавалі ў Іларыёна. Відаць, гэта быў пачатак русіфікацыі ў нашай вёсцы, такіх перайменаванняў было шмат.

На пачатку вайны калгаснікі па-ранейшаму хадзілі на працу. Трэба было даглядаць скаціну. У калгасе былі коні, каровы, авечкі, свінні. Малако здаваць не было куды, ім кармілі парасят, цялят, раздавалі калгаснікам. Ураджай у 1941 годзе ўрадзіўся небывалы, жыта шугала вышэй чалавечага росту.

Напрыканцы чэрвеня (а можа, на пачатку ліпеня) нарэшце ў нашу вёску завіталі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі: валасны стараста і нямецкі афіцэр з перакладчыкам. Яны прыехалі на легкавой машыне. Іх суправаджала ахова з 6 чалавек на 2-х матацыклах з каляскамі. Валасны стараста выклікаў майго бацьку і загадаў сабраць людзей на сход. Вёска Нябышына ў той час налічвала 120 двароў і была падзелена на дзве часткі шашой Бягомль—Докшыцы. Бацька адразу паслаў некалькі юнакоў у абодва бакі вёскі, каб заклікаць людзей на сход. Праз хвілін 15—20 усе вяскоўцы былі ў зборы, прайшлі сем’ямі, нават з дзецьмі. І мяне, сямігадовага хлапчука, мой бацька ўзяў з сабой. Сход адбыўся на вуліцы, клуба ў вёсцы не было, а школа згарэла да вайны.

Спачатку нямецкі афіцэр давёў да нас ваеннае становішча. Ён сказаў, што Мінск вызвалены ад камуністаў, нямецкая армія пад Смаленскам. Ён павіншаваў і нас з вызваленнем. Людзі стаялі моўчкі. Потым дайшоў да пытання прызначэння старасты. Хтосьці з натоўпу крыкнуў: “Няхай старастай будзе старшыня калгаса Піліп Гіляронак. Кіраваць людзьмі —-для яго справа звыклая”. Я з гонарам паглядзеў на бацьку, але на яго твары ўбачыў жах і разгубленасць. Нямецкі афіцэр і валасны стараста параіліся паміж сабой і аб’явілі, што старшыню калгаса прызначаць старастай немэтазгодна і для яго самога — небяспечна. Потым мой бацька казаў, што ён перажыў самы крытычны, самы небяспечны, самы жахлівы момант у сваім жыцці. Ён з цеплынёй успамінаў таго нямецкага афіцэра, які ўратаваў яго ад немінучай смерці, не прызначыўшы старастам. Праз нейкі час па беларускіх вёсках пачалі шастаць карнікі атрадаў асобага прызначэння НКУС СССР. Адным з такіх атрадаў камандаваў Ваупшасаў. Яны расстрэльвалі ўсіх, хто, каб пракарміць свае сем’і, уладкаваўся на працу да немцаў. Гэта былі медработнікі, настаўнікі, інжынеры, журналісты, артысты, кухары і вялікі шэраг іншых. Галоўнай жа мішэнню былі старасты.

А старастам нашай вёскі на тым сходзе прызначылі Кастуся Шульгата. Гэта быў статны, высокі, шырокаплечы мужчына, які выдзяляўся ў натоўпе. Таму, відаць, немцы і звярнулі на яго ўвагу. Гэта быў вельмі сціплы, бяскрыўдны чалавек. Адказацца ад пасады было немагчыма, перад намі былі акупанты, хоць і паводзілі яны сябе міралюбна, але чакаць можна было ўсяго.

Прызначыўшы старасту, немец абвясціў аб роспуску калгаса. Коні, інвентар, зямля вярталіся іх уладальнікам — сялянам. Калгас распаўся на 120 індывідуальных гаспадарак. Нягледзячы на тое, што ўжо быў прызначаны стараста, дзяліць калгас загадалі майму бацьку. Я не буду апісваць, як адбывалася гэта складаная справа. Яна працягвалася шмат дзён. Трэба было ўсё ўлічыць, нікога не пакрыўдзіць. З гэтай задачай мой бацька справіўся паспяхова, бо ніхто з вяскоўцаў не паскардзіўся на яго новай уладзе.

Куды падзяваліся каровы, свінні, авечкі, не памятаю, прашляпіў. Хутчэй за ўсё цалкам забралі немцы. Калі надышоў час дзяліць калгасных коней, бацька ўзяў з сабой і мяне. Дзялілі па жэрабі. Калі падышла чарга майго бацькі цягнуць жэрабя, ён даручыў гэта мне. Бацька разгарнуў скручаную паперку, якую я выцягнуў, і з радасці пачаў скакаць. Нам выпаў самы лепшы калгасны конь. Ён быў малады, але ўжо аб’езджаны, белай масці. Нам зайздросцілі, а я вельмі ганарыўся. Бацька адзеў на Бялька аброць, перадаў павадок у мае рукі і прамовіў: “Ну, гаспадар, вядзі каня дадому”. У вёсцы той выпадак памятаюць і зараз. У лютым месяцы 1942 года ў нас каня ўкралі. Бацька аднёс заяву ў нямецкую камендатуру ў Докшыцы. Праз два дні немцы каня знайшлі і вярнулі яго нам.


5. Першая сустрэча з немцамі

У адзін з ліпеньскіх дзён, на пачатку месяца, мы, вясковыя падлеткі, купаліся і загаралі на пясчаным беразе ракі Поні ў 100 метрах ад моста. Нечакана мы ўбачылі, што з боку Докшыц рухаецца аўтамабільная калона, машын 10—15. Яна мінавала вёску і накіравалася ў наш бок да моста. На першай машыне справа спераду над кабінай развяваўся чырвоны сцяг. Хтосьці крыкнуў: “Нашы!” — і цераз мост мы пабеглі насустрач. Перад мостам калона спынілася. Мы ўбачылі, што гэта немцы. Яны выйшлі з пярэдняй машыны і са словамі: “Гут, гут”, — па-сяброўску хлопалі па нашых голых спінах. Мы асмялелі, палезлі на падножкі, адчынілі кабіну, націскалі на клаксон, сігналілі. Такія велізарныя машыны мы бачылі ўпершыню. У нашым калгасе была ўсяго адна грузавая машына ГАЗ-АА1 — палутарка. Немцы не сварыліся на нас, з цікавасцю нас разглядалі і сталі частаваць шакаладам, які мы таксама бачылі ўпершыню. Я быў менш баявіты, апынуўся ў хвасце і мне шакаладу не дасталося. Было крыўдна, на вачах накаціліся слёзы. Убачыўшы гэта, адзін немец дастаў з кішэні губны гармонік і падарыў мне. Потым немцы паказалі рукамі, каб мы вярталіся назад на бераг ракі: “Шнэль, шнэль”. Мы пабеглі, а калона прадоўжыла рух у бок Бягомля.


6. Хрышчэнне

Хтосьці распусціў чуткі, што немцы будуць караць тых, хто не хрышчаны. У нашай вёсцы няхрышчанымі былі ўсе дзеці. Я нават не ведаю, ці была да вайны хоць адна дзеючая царква ў Бягомльскім раёне. Хачу сказаць, што на самай справе немцы не займаліся высвятленнем, хто хрышчаны, а хто не. Аднак, далей ад ліха, мой бацька праявіў ініцыятыву і прывёз з Докшыц святара. Усіх нас, нехрысцяў, сабралі ў адной хаце і пахрысцілі. Я памятаю, як той абрад адбываўся. На падлозе ў цэнтры хаты паставілі кадку з калодзежнай вадой. На дне кадкі ляжаў крыж. Нас паставілі ў кола вакол кадкі. Святар чытаў малітву, макаў пальцы ў ваду, а потым кожнага з нас мазаў па лбе. Нацельных крыжыкаў нам не далі. Прыкмет, хрышчоны ты ці не, у нас не засталося. Але ў мяне з’явілася хросная мама. Неўзабаве ў суседняй вёсцы Вітунічы адчынілася царква. Раней у яе памяшканні было збожжасховішча. Аднойчы мама ўзяла з сабой у царкву і мяне.


7. Першы раз у першы клас

2 жніўня 1941 года мне споўнілася 7 гадоў, трэба было рыхтавацца да школы. Бацькі, не толькі мае, непакоіліся, ці будуць працаваць школы ва ўмовах акупацыі. Але ўсё склалася найлепшым чынам. У жніўні ў нашу вёску наведаліся дзве жанчыны з валасной управы і ўзялі на ўлік усіх дзяцей школьнага ўзросту. Мой бацька яшчэ да вайны набыў мне буквар, сшыткі, алоўкі.

Як я ўжо згадваў, наша школа згарэла ў студзені 1940 года. Для малодшых класаў пабудавалі хату-пяцісценку. Астатнія дзеці хадзілі ў школу за 2 кіламетры ў суседнюю вёску Вітунічы. Такі ж парадак застаўся і пры немцах.

1 верасня 1941 года я пайшоў у першы клас. Ніякай нацысцкай прапаганды ў школе не вялося. Настаўніца ні разу не называла ўслых прозвішчы фашысцкіх правадыроў Гітлера, Гебельса, Герынга. Яна нас проста вучыла чытаць, пісаць і лічыць. Прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі ні разу не наведалі школу, каб пракантраляваць навучальны працэс. Але вучыцца нам давялося нядоўга. У лістападзе (зямля ўжо была падмарожана, але снег яшчэ не выпаў) да школы падышла група ўзброеных людзей. Школа стаяла асобна, крыху ўбаку ад вёскі, і падысці да яе можна было непрыкметна з боку могілак. Гэта былі чырвонаармейцы, адстаўшыя ад фронту. Іх шмат блыталася ў навакольных лясах. Яны былі брудныя, абадраныя, няголеныя, навялі на нас жах. Магчыма, яны шукалі ежу. У клас увайшлі трое, астатнія засталіся на вуліцы. Яны былі вельмі здзіўлены — ідзе вайна, немцы пад Масквою, а тут, як ні ў чым ні бывала, у школе ідуць заняткі! Такое дапусціць нельга. Адзін з іх, магчыма, старэйшы, схапіў настаўніцу за грудкі і закрычаў ёй у твар: “Ты фашысцкая прыслужніца, здрадніца!” — і штосьці яшчэ. Потым ён успомніў пра нас і па-драпежніцку закрычаў: “А вы, фашысцкія ўблюдкі, марш дадому і каб вашага духу тут больш не было!” Яны размаўлялі па-руску. Можна сказаць, што гэта быў для нас першы ўрок рускай мовы і апошні ўрок заняткаў у школе. Мы, напалоханыя, пабеглі дадому, кінуўшы ў школе сваё адзенне, буквары, пісьмовыя прылады. Больш мы ў школу не пайшлі, было небяспечна. Што здарылася з настаўніцай — не ведаю.

У Вітунічах школа працавала да канца вучэбнага года.


8. Прымакі

“Пайшоў у прымы”, — так у нашай вёсцы казалі пра мужчыну, які пасля шлюбу ішоў жыць у хату жонкі, ці ў хату бацькоў жонкі. Але я хачу расказаць зусім пра іншы, нечаканы выпадак.

У жніўні 1941 года праз нашу вёску ўбок Докшыц немцы гналі невялікую калону палонных чырвонаармейцаў, чалавек сто. У вёсцы яны прыпыніліся на гадзіну, каб адпачыць. Палонныя і канваіры размясціліся на зялёным лужку школьнай тэрыторыі. Навіна гэта абляцела вёску, і хутка сюды сабралася шмат вяскоўцаў, прынеслі з сабой ежу, у каго што было на той момант. Людзі спакойна раздавалі палонным хлеб, вараную бульбу, сала, сыр, малако, яйкі, гародніну. Гэтым жа самым частавалі і немцаў-канваіраў. Хтосьці прынёс вядро вады і конаўку. Што цікава, немцы нікога не штурхалі, не праганялі, не крычалі, як гэта я неаднойчы бачыў у савецкіх пасляваенных кінастужках. У канваіраў нават аўчарак не было.

Калі адпачынак закончыўся, палонных пастроілі, нямецкі афіцэр звярнуўся да жыхароў вёскі: “Каму для ўласнай гаспадаркі патрэбны работнікі, можаце браць палонных у свае сем’і”. Але мае аднавяскоўцы не рынуліся ратаваць палонных. Я не ведаю, як гэта патлумачыць. Магчыма, у першы год вайны мы яшчэ не ўбачылі, не адчулі яе жахаў і лічылі, што палонным нічога не пагражае. А можа, людзі не забыліся, як пры савецкай уладзе тых, хто карыстаўся працай батракоў, выслалі ў Сібір, і таму зараз праявілі асцярожнасць? І толькі тры ці чатыры незамужнія, а можа, удовыя жанчыны спрактыкаваным вокам выбралі сабе мужыкоў. Прывяла да сябе ў хату прымака і наша суседка. Ён быў прыгожы, статны мужчына. Яго звалі Фёдарам, родам з Украіны. Я пабег з ім знаёміцца, ён размаўляў са мной, як з дарослым. Адзін раз на месяц Федзя хадзіў у воласць адзначацца. У вёсцы прымакі пражылі да 1943 года. Калі партызаны зрабілі наша жыццё нязносным, усе яны пайшлі ў партызаны, а затым — у Чырвоную Армію. Пасля вайны яны вярнуліся ў Нябышына, каб забраць на Украіну сваіх выратавальніц. Але толькі Фёдар увёз з сабой нашу суседку. Яна прыслала з Украіны некалькі пісем. Фёдар пабудаваў для яе хату побач са сваёй. Сам ён быў жанаты, але яго жонка прыняла нашу зямлячку сардэчна, яны сталі сяброўкамі.

(Працяг будзе.)



Ілляя КОПЫЛ

Нарадзіўся 2 жніўня 1934 года ў вёсцы Нябышына Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і старшыні калгаса. У 1951 годзе скончыў Нябышынскую сямігадовую школу, у 1954 годзе — Бягомльскую сярэднюю школу.

Пасля заканчэння ў 1957 годзе Мінскага артылерыйска-мінамётнага вучылішча служыў у Прыволжскай ваеннай акрузе. З 1961 года праходзіў службу ў ракетных войсках стратэгічнага назначэння СССР. У снежні 1981 года звольнены ў запас.

З 1983-га па 1997 год працаваў прадстаўніком ваеннага ведамства на Мінскім электрамеханічным заводзе. У студзені 1990 года вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета. Зараз на пенсіі.

У час вайны сям'я Копылаў знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі. Успаміны аўтара пра апаленае вайной дзяцінства сталі асновай дадзенай публікацыі.



Крыніца: "Народная Воля"

Дадаць каментарый