Публікацыі

Грамадства капусніка

Ганна Кісліцына

Была на кангрэсе беларусістаў… І чарговы раз пачула пытанне, ці хутчэй сцвярджэнне: “А навошта займацца постмадэрнізмам, калі ў Еўропе ён даўно не модны?”.

Што цікава, не прайшло і пяці хвілін, як прагучала другое, не менш задаванае пытанне: “А навошта разглядаць літаратуру ў панятках мужчынскае/жаночае, калі ў свеце фемінізм ужо аджыў сваё?”.

Забаўна, гэтыя сцвярджэнні пра тое, што постмадэрнізм і фемінізм – з’явы настолькі састарэлыя, што і займацца імі не варта, – я чую роўна з той пары, як упершыню пачула гэтыя словы! То бок, пакуль адна частка нашага грамадства яшчэ і ведаць не ведала пра іх існаванне, другая (што праўда малалікая) – ужо сцвярджала, што ўсё гэта не модна і не актуальна… Узнікае пытанне – а што модна, што актуальна? Якія вусны цяпер носяць? І ці варта пад кожны буйны сход мяняць паняційны апарат і абвяшчаць з’яўленне новага “ізму”?

Іншым разам узнікае адчуванне, што некаторыя чакаюць, што ў гуманітарных навуках кірункі павінны мяняцца, як у фэшн-індустрыі, – з кожным сезонам. Вось толькі аднасілі “новую шчырасць” (якая, нагадаю, адносіцца да постмадэрнізму), як ужо прымяраюць “новы рэалізм” (які нейкім бокам павінен адносіцца да рэалізму, але, як тлумачаць яго маці-заснавальніцы, не стаіць)… У чым іх прынцыповая навізна, уцямна вам ніхто не растлумачыць. Хіба што так: “Новы рэалізм – гэта тое, што засталося, калі стары рэалізм быў перавараны…” Прапаноўваю спыніцца і падумаць над тым, што за прадукт застаецца ў працэсе пераварвання… А гэта, прамежду протчым, была дакладная цытата з замежнай навуковай канферэнцыі!

Наогул, мне здаецца, што гэтыя размовы пра модна–нямодна, актуальна–неактуальна, якія дасягнулі ўжо навуковых кангрэсаў, ідуць ад сённяшняга разумення таго, што культура ёсць у першую чаргу т а в а р а м. Дакладней, павінна была ім стаць…

Вось як піша пра гэта Павал Баркоўскі ў сваіх сапраўды цікавых разважаннях з нагоды “Грамадства спектаклю” Гі Дэбора і лекцый “Пра культуру і культурную палітыку” Уладзіміра Мацкевіча:

«Каб быць больш паспяховым (эфектыўным) у культуры, трэба быць больш і лепш прадаваным. Культура спажывання – гэта такая культура, дзе аўтар апынаецца прадаўцом, глядач – спажыўцом, а твор стаецца таварам. Зрэшты нават не Таварам, а наўпрост – таварам, спасярод іншых у спажывецкім кошыку…» Як сцвярджае аўтар, усё гэта ўжо дзейнічае менавіта тут і цяпер, на нашай тэрыторыі, і «найноўшая беларуская культура ёсць культурай спектаклю – увасабленнем сусвету імітацыі і спажывання»!

Я амаль згадзілася з такім прагрэсіўным разуменнем нашай айчыннай культуры, каб не адзін прыклад, які вярнуў мяне да рэальнасці, бо добра вядомы мне з паўсядзённай практыкі.

Баркоўскі піша: «Выбар без выбару ілюструе страту ўсялякіх аўтэнтычных схемаў рэферэнцыі, у тым ліку і ў галіне культуры, і выражае навязванне новага парадку выбару як выбару больш інтэнсіўнага спажывання. Напрыклад, нам прапаноўваюць набыць новую мадэль мабільнага альбо кампутара не таму, што больш старыя мадэлі не выконваюць сваіх функцыяў, а таму што больш новы тавар адмыслова валодае большым наборам гэтых функцыяў, то бок гарантуе падвышаны лад спажывання жыцця (які ўдала замяняюць паняткам яго якасці) праз рэалізацыю існых і ўяўных патрэб чалавека (тэлевізар з функцыяй мікрахвалевай гатоўкі). Тое ж самае адбываецца ў рэчышчы культуры: мы маем развіваць беларускую культуру і ствараць усё большую культурную прапанову не таму, што нам замала Багушэвічаў, Коласаў ці Караткевічаў, каб сцвярджаць яе існаванне, але таму, што новым пакаленням спажыўцоў патрэбныя культурныя прадукты з большай сукупнасцю функцыяў і належным мадэрным дызайнам…»

Праблема ў тым, што паралель паміж мабільнікам і беллітам не працуе… Не таму, што мая свядомасць адмаўляецца разглядаць «твор як тавар», а таму, што на нашых абшарах сапраўды ніхто не выказвае патрэбу ў такім новым культурным прадукце як літаратура, прынамсі такую, каб яна падштурхнула пісьменнікаў-вытворцаў да «змены мадэльнага шэрагу».

Дзіўна, але з'яўляючыся даволі паспяховым рэкламістам літпрадукцыі, я тым не менш ніколі не сустракалася з прапановай выдавецтваў «пралабіраваць» іх тавар. Нараканні, што беларуская літаратура не прадаецца, – чула, а вось спробы інтэнсіфікаваць продажы беларускай кнігі настолькі незаўважныя і неэфектыўныя, што, на мой погляд, і гаварыць пра іх не варта. Не сакрэт, што менеджэры па продажах пры выдавецтвах – гэта лузэры, якія не знайшлі сабе іншай працы, а тая, па сутнасці, зводзіцца да развозу накладу па кнігарнях… Капеечныя зніжкі і правядзенне прэзентацый для некалькіх дзесяткаў чалавек абсалютна не ўплываюць на прыбыткі. А калі ў вытворцаў няма прыбыткаў – пра які тавар можна гаварыць?

Самай яркай спробай прадаць кнігу з дапамогай стварэння інфармацыйнага шуму было прасоўванне ў інтэрнэце рамана «Параноя» Віктара Марціновіча. Здавалася, тут было ўсё: твор, замешаны на нашай палітангажаванасці і тузе па шчырасці… Цукровы прыгажун-аўтар, які да таго ж з'яўляецца м о д н ы м журналістам… Інтэрнэт-рэклама з вялікай аўдыторыяй і адмыслова запушчаныя чуткі пра забарону і абмежаваную колькасць асобнікаў… І ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя складнікі поспеху, раман так і не стаў падзеяй, культурным прадуктам году.

Абсалютна дакладна ведаю, што ні адзін з беларускіх пісьменнікаў, нават самых папулярных, не жыве на грошы з продажу кніг. З чаго вынікае выснова: або наогул уся культура не ёсць таварам; або наша нацыянальная літаратура – гэта нейкі феномен, які не можа быць разгледжаны як частка культуры; або нехта зарана паспяшаўся абвясціць, што мы жывем у грамадстве спектаклю…



Арыгінал: інтэрнэт-часопіс "Новая Эўропа"

Ганна Кісліцына, іншыя публікацыі:

Дадаць каментарый