Публікацыі

Беларуская навуковая тэрміналёгія

Сяргей Запрудскі

Уступнае слова да выдання: Беларуская навуковая тэрміналёгія (у чатырох кнігах). Тэматычны дадатак да нумару "ARCHE", прысьвечанага беларускаму мовазнаўству 1920-х гадоў, выхад якога заплянаваны на другое паўгоддзе 2010 г.

Азнаёміцца са зместам выдання можна па спасылцы далей.




Зыход мінулага стагоддзя паказаў, што ў беларускай гуманітарнай навуцы існуе пэўная легенда, звязаная з дзейнасцю “інбелкультаўскай” тэрміналагічнай камісіі 1920-х гадоў. Ахопле­ныя прагай стварэння беларускай тэрміналогіі, многія практычныя тэрмінолагі ў 1990-я ўзяліся рыхтаваць разнастайныя слоўнікі і… нечакана для сябе выявілі, што ў беларускай гісторыі ўжо быў вы­бух тэрміналагічнай актыўнасці, што многія тэрміны ў беларускай мове ўжо існуюць (прынамсі існавалі) і што гэтыя “старыя” тэрміны спакушаюць сваёй першапачатковай свежасцю і арыгінальнасцю.

Ад гэтага часу любая колькі-небудзь сур’ёзная актыўнасць на тэрмінатворчым полі стала немагчымай без уліку таго, што было зроблена ў галіне тэрміналогіі ў 1920-я гады. Якія ж прычыны таго, што дзейнасць тэрмінолагаў пачатку мінулага стагоддзя выклікае такую вялікую цікавасць і ацэньваецца так высока?

Вытокі заўсёды цікавыя. Пачаткі заўсёды стваральныя. У бе­ларускай сітуацыі выпадае гаварыць пра беспрэцэдэнтныя вынікі дзейнасці тэрмінолагаў 1920-х гадоў.

Не існавала на пачатку 1910-х гадоў падручнікаў па матэматы­цы на беларускай мове. А ў 1920-я гады такія падручнікі былі ўжо пэўнай банальнасцю. Іх з’яўленню ў многім спрыяла тая акалічнасць, што ў рамках дзейнасці Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў 1922 годзе былі надрукаваны дзве тэрміналагічныя падборкі ў галіне арыфметыкі і алгебры, а затым у 1922 і 1927 гадах былі надрукава­ны два матэматычныя слоўнікі.

Не было ў пачатку 1910-х гадоў навучальных кніг на беларускай мове ў галіне прыродазнаўства. А ў 1926 годзе ў Мінску быў выдад­зены курс прыродазнаўства І. Траяноўскага, у 1928-м — чацвёртае выданне “Пачатковай геаграфіі” М. Грамыкі, у 1933-м — другое выданне падручніка з прыродазнаўства Т. Казлова і В. Захарава, у 1934-м — другое выданне прыродазнаўчага падручніка В. Тэцюрава і другое выданне падручніка па фізічнай геаграфіі Л. Сініцкага. Вы­данню гэтых дапаможнікаў у многім спрыялі публікацыі слоўнікавай падборкі і пазней слоўніка па батаніцы (1922, 1924), слоўнікаў па геаграфіі і касмаграфіі (1923), геалогіі і мінералогіі (1924), слоўніка лясных тэрмінаў (1926), слоўніка назваў жывёл (1927) і інш.

Згодна з дадзенымі “Летапісу друку” за 1926 год, толькі на пачатку гэта­га года было надрукавана 35 назваў беларускамоўных падручнікаў, што складала агромністы прагрэс у параўнанні з сітуацыяй пачатку 1920-х.

З 1922 па 1930-ы год у Мінску публікавалася кніжная серыя «Бе­ларуская навуковая тэрміналогія», у рамках якой акрамя сямі ўжо названых былі надрукаваны яшчэ 16 тэрміналагічны слоўнікаў з галіны літаратуры, логікі і псіхалогіі, музычнага мастацтва, анатоміі, права, грамадазнаўства, заалогіі, мовазнаўства, глебазнаўства, бух­галтарскай справы, хіміі, сельскай гаспадаркі, фізікі, педагогікі, агульнай раслінагадоўлі. Некаторыя тэрміналагічныя слоўнікі (вайсковы, справаводчы) былі апублікаваны па-за рамкамі серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія». У значнай меры па інерцыі ў 1932—1934 гг. у Мінску былі выдадзены першы выпуск тэхнічнай тэрміналогіі, рэвізаваны слоўнік “ваеннай” тэрміналогіі, а такса­ма “Беларуска-літоўскі і руска-літоўскі тэрміналагічны слоўнік”, а затым, як сведчыць бібліяграфія выдадзеных у 1918—1998 гадах тэрміналагічных слоўнікаў (гл.: Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні) 1918—1998 гг. Бібліяграфічны даведнік. Мн., 2000), вы­данне тэрміналагічных слоўнікаў у Беларусі спынілася аж да 1962 года…

Актыўная тэрмінатворчая дзейнасць 20-х гадоў не толькі дазволіла забяспечыць патрэбы ў беларускіх тэрмінах для аду­кацыйнай сістэмы, але і мела кумулятыўны эфект, што спрыяла выданню ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў разнастайнай спецыялізаванай беларускамоўнай літаратуры, якая не абавяз­кова была “падтрымана” праз папярэдняе выданне адпаведных тэрміналагічных слоўнікаў. Параўн., напрыклад, публікацыю ў 1933 годзе наступных кніг: С.М. Бурак. Склерома верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў (525 с.); Н.П. Багдашэўскі. Аўтамабільная спра­ва (384 с.); М.А. Нэтыкса. Курс слясарнае справы (344 с.); Г.Ю. Гесэ. Тэхналогія металаў (324 с.); З. Альтшулер. Даведнік мала­дога электратэхніка (311 с.); Ф. Хейгель.

Танкі, іх пабудова, бая­вое прымяненне і барацьба з імі (295 с.); М.А. Поляк. Падручнік па гінекалогіі для медтэхнікумаў (200 с.) і інш. У выніку ў пачат­ку 1930-х гадоў для беларускай кнігавыдавецкай практыкі ўжо не існавала “недаступных” напрамкаў і тэм, якія не маглі б быць рэалізаваны пры дапамозе беларускай мовы. Падобная сітуацыя, калі ў Беларусі бесперашкодна выдавалася вельмі разнастайная спецыялізаваная літаратура на беларускай мове, больш ніколі не паўтарылася пазней.

Тэрміналагічны ўздым 1920 гадоў быў непасрэдна абумоўлены стварэннем у лютым 1921 г. у складзе Народнага камісарыята ас­веты Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Камісія (складалася з гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай секцый, на чале знаходзіўся Сцяпан Некрашэвіч) першапачаткова аб’яднала 14 чалавек, сярод якіх былі як гуманітарыі (старшыня гуманітарнай секцыі паэт Янка Купала, сакратар гуманітарнай секцыі Язэп Лёсік, Мікола Байкоў, Уладзіслаў Чаржынскі), так і прадстаўнікі прыродазнаўчых і дакладных навук: старшыня прыродазнаўчай секцыі фізік Леў Дашкевіч, географ Мікола Азбукін, матэматыкі Канстанцін Гадыцкі-Цвірка (старшыня матэматычнай секцыі), Лявон Більдзюкевіч і Аляксандр Круталевіч, «інжынер-мілёратар» Феліцыян Бурак, батанік Вітальд Міхальскі, хімік Часлаў Родзевіч, «прыроднік» Язэп Каранеўскі. Захаваліся сем спісаў членаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі, датаваных 15 сакавіка, 28 ліпеня, 26 жніўня, вераснем, 1 кастрычніка, 3 кастрычніка і 13 кастрычніка 1921 г. У першы склад Навукова-тэрміналагічнай камісіі ўваходзілі таксама Рамуальд Раксімовіч і Пётр Абрамовіч, якія, аднак, з 28 ліпеня 1921 г. як члены камісіі ўжо не значыліся. Спачатку ўваходзіў у камісію і Язэп Каранеўскі, які ў спісе, датаваным 28 ліпеня 1921 г., нават фігураваў як намеснік («сябра») старшыні камісіі; аднак са жніўня 1921 г. ён ужо членам камісіі не быў. 1 чэрвеня 1921 г. членамі камісіі сталі Кастусь Міцкевіч (Якуб Колас) і Язэп Дыла, у жніўні — Язэп Сушынскі і Міхайла Піятуховіч, у верасні 1921 г. — Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля).

Сярод членаў камісіі на момант яе стварэння найбольш падрыхтаванымі да ўкладання навуковай тэрміналогіі былі, відаць, матэматыкі Л. Більдзюкевіч і А. Круталевіч. Першы яшчэ ў 1920 г. апублікаваў падрыхтаваную ў рамках дзейнасці матэматычнай камісіі Мінскага беларускага педагагічнага інстытута «Праграму сістэматычнага курсу арыфметыкі і тэрміналогію», а ў пачатку 1921 г. надрукаваў спецыяльны артыкул пра стварэнне матэматычнай тэрміналогіі. Не пазней, чым да 11 сакавіка 1921 г. Беларускі ад­дзел Наркамата асветы забраў з Паліграфічнага аддзела падрыхта­ваны Л. Більдзюкевічам праект матэматычнай тэрміналогіі «дзеля надрукаванання якімсь другім парадкам, так як надрукаваць яго ў Менску Беларускі аддзел страціў усялякую надзею». А. Круталевіч ужо да 20 красавіка 1921 г. падаў на разгляд навукова-літаратурнай калегіі рукапіс падручніка «Элементарная алгебра», а падрыхтава­ныя ім руска-польска-ўкраінска-беларускія слоўнікі па алгебры і вышэйшаму аналізу лічыліся «блізка што закончанымі» не пазней чым 6 мая 1921 г.

Большасць членаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі да ўваходу ў яе склад мелі вопыт грамадска-палітычнай дзейнасці ў рамках нацыянальна-вызваленчага руху. Так, Я. Лёсік быў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады, уваходзіў у Беларускі на­цыянальны камітэт, а ў 1918 г. быў адным з ініцыятараў абвяш­чэння БНР. С. Некрашэвіч у 1918 г. прадстаўляў урад БНР на поўдні Украіны. Ч. Родзевіч быў адным з заснавальнікаў у Пе­траградзе Беларускага таварыства дапамогі ахвярам першай сус­ветнай вайны, а падчас польскай акупацыі 1919 — 1920 гг. быў членам Мінскай беларускай школьнай рады, загадваў аддзелам асветы Мінскага магістрата. К. Гадыцкі-Цвірка у снежні 1917 г. удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, у чэрвені 1918 г. быў членам камісіі БНР па арганізацыі беларускага універсітэта, уваходзіў у Беларускі вучыцельскі саюз. У. Чаржынскі ў 1920 г. быў членам партыі эсэраў і ўваходзіў у Беларускую вайсковую камісію. М. Азбукін быў членам Беларускага культурна-асветніцкага тавары­ства ў Бабруйску. Я. Каранеўскі ў 1916 — 1918 гг. удзельнічаў у рабоце арганізацыі беларусаў-бежанцаў у Яраслаўлі, у жніўні 1918 г. браў удзел у рабоце 1-га Усерасійскага з’езда па асвеце, у 1920 г. быў намеснікам старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі. Некаторыя члены камісіі (Л. Більдзюкевіч, Ч. Родзевіч, М. Азбукін, К. Гадыцкі-Цвірка, Я. Каранеўскі, Я. Лёсік) мелі вопыт выкладан­ня спецыяльных дысцыплін. У цэлым камісію можна ахарактары­заваць як групу аднадумцаў: падабраныя (верагодна, найперш С. Некрашэвічам) паводле крытэрыю прыналежнасці да пэўнага кола грамадска ангажаваных людзей, добрага валодання беларускай мо­вай і пэўнай спецыяльнасцю, пакліканыя стварыць беларускую на­вуковую тэрміналогію ў вельмі важны момант беларускай гісторыі, члены камісіі былі гатовы да вельмі хуткай выпрацоўкі спецыяль­най лексікі.

Шляхам публікацыі легендарных тэрміналагічных слоўнікаў 1920-х гадоў вынікі дзейнасці членаў Тэрміналагічнай камісіі цяпер можа ацаніць і сучасны чытач.


Прыемнага чытання!



Арыгінал: часопіс Arche

Каментарыі (1)

# Site administrator
05.07.2010 14:04

Таксама па спасылцы на сайце "Архэ" глядзіце змястоўны крытычны каментарый ужо на саму прадмову.

Дадаць каментарый