Інтэлектуальны Маніфест
Прывабнасць зла
Я шмат разоў чуў ад сяброў, што жывуць у дэмакратычных краінах: "Дэмакратыя – гэта нуда. У вас (у сэнсе, у РБ), не гледзячы ні на што, весялей".
Сапраўды, пры дэмакратыі палітык увесь час знаходзіцца пад кантролем – канкурэнцыя, СМІ, грамадская думка... У выніку заходнія лідары, якія моляцца на сацыялагічныя даследаванні, выглядаюць прэсна і нецікава. І няма чаго дзівіцца, калі іх задача - заданне увесь час падабацца большасці. Прычым не ўяўнай, а цалкам канкрэтнай – у колькасці 51-го працэнту выбаршчыкаў.
Адпаведна, якое натхненне можа атрымаць творца ад сустрэчы з такім вось сацыялагічна-вытанчаным кібаргам? Іншая справа - усходні "стронгмэн", які трымае ў страху ўсю краіну. Гэта куды больш прыцягальна. Кроў і плоць, сіла, самаўпэўненасць, арыгінальнасць... Да ўсяго - адчуванне, што ўваходзіш у клетку да тыгра.
Спіс інтэлектуалаў, якія захапляліся таталітарызмам, вялікі. Яны заляцаліся да Сталіна і Гітлера, да Мао і Кастра. Колькі паважаных людзей можна пабачыць на здымках у таварыстве гэтых істотаў…
Аўтарытарызм, а раней таталітарызм, заўсёды быў прывабнай альтэрнатывай заходняй дэмакратычнай нудзе. Калі, зразумела, параўноўваць гэтыя рэчы, седзячы з капучына ва ўтульным кафэ, скажам, у Парыжы ці любым іншым Лондане.
Таму, напрыклад, Олівер Стоўн захапляецца Кастра. Нават фільм пра старога Фідэля зняў. А іншы знакаміты рэжысёр нядаўна прыляцеў у Мінск сваім уласным самалётам - каб наведаць нашага славянскага віцязя.
Зразумела, зусім інакш выглядае справа, калі ты глядзіш на аўтарытарызм не звонку, а знутры і на ўласнай скуры адчуваеш усю хвалёную незалежнасць самі-ведаеце-каго.
Punkt widzenie zależy od punktu siedzenia, і гусь свінні не таварыш. Эмпатыя не заўсёды ўласцівая творцам. Іх захапляе не толькі дабро, але і зло. Так было, так ёсць і так будзе.
Аднак у гэтай сумнай справе можа знайсціся месца і для пазітыву. Імаверна, што тата самага вядомага хлопчыка ў краіне ў выніку менавіта пасля гэтага візіту "далучыўся" да вялікага мастацтва.
- Я не глядзеў, мне раздрукоўку далі, – сказаў Аляксандр Рыгоравіч надоечы пра відэазварот расейскага прэзідэнта.
Будзем спадзявацца, цяпер Кустурыцу Рыгоравіч не па раздрукоўках ведае.
Крыніца: poczobut.livejournal.com
Тэкст прайшоў рэдагаванне сайту Belintellectuals.eu. Аўтарская назва: "SOME як вядома LIKE IT HOT".
Каментарыі (3)
|
# Vital
10.11.2010 11:17 |
Людзей вабіць ня зло. Людзей вабіць моц, грандыёзнасьць і ўсё, што розьніцца ад звычайнага-шэрага-сярэднестатыстычнага. Зло тут ёсьць другасным. |
|
# pan_študent
11.11.2010 01:02 |
огого Віталь, чытніце-ка Ніцшэ :) |
|
# Vital
12.11.2010 18:34 |
Я нечым засупярэчыў Ніцшэ? Ці Ніцшэ ёсьць апошняй інстанцыяй? :) |








