Публікацыі
10.05.11
Agora

Эпоха кліка

Ганна Кісліцына

«Прынца ажанілі; Папу праславілі; Усамку прыхлопнулі… А цяпер-та што?». Гэтыя словы напісаў адзін з маіх іранічных інтэрнэт-сяброў, ненавязліва абазначыўшы праблему: людзі развучыліся жыць сваім жыццём.

На што спадзяецца дарослы чалавек творчай прафесіі, размяшчаючы ў сваім блогу інфармацыю пра марское пахаванне Бін Ладэна?

Ён лічыць, што мы не можам абысціся без гэтай навіны? Усур’ёз думае, што нешта ведае пра гэтую падзею, акрамя таго што паведамілі сродкі інфармацыі? Падазрае, што глава «Аль-Каіды» нейкім чынам уплываў на яго жыццё ці жыццё яго сваякоў, знаёмых? Лічыць, што гэты самы тэрарыст мае адносіны да тэрактаў у яго краіне? Спадзяецца ўразіць сваім кругаглядам, шырынёй мыслення, арыгінальнасцю?

У прынцыпе, гэта камічна, калі не першай свежасці панна, вянец мараў якой – мужчына з даходам у 500 баксаў, бярэцца разважаць пра цікавосткі каралеўскага вяселля; ці сталы мужчына, які ўсё жыццё правёў пад абцасам жонкі-ваяркі, радуецца забойству міфічнага злачынца… Магчыма, такія топавыя навіны кампенсуюць ім уласныя комплексы.

Аднак відавочна, што звычка да атрымання штодзённай дозы яркіх эмоцый раней ці пазней абарочваецца залежнасцю, калі дзень без катастрофы, гучнай смерці ці «Еўрабачання» пачынае здавацца пустым. Значнасць падзей пачынае вымярацца не іх блізкасцю да твайго ўласнага жыцця, а колькасцю клікаў, атрыманых ад карыстальнікаў сеціва. Ды і само тваё жыццё – ужо нішто, калі яно не пацверджанае колькасцю клікаў. Не важны знак падзеі, важная колькасць, якая сімвалізуе запатрабаванасць. Не мае значэння, што стаіць за клікам – любоў, нянавісць, пагарда… «Быць» сёння – азначае «быць кліканым».

Напрыклад, сярод маіх сяброў па «Жывым Журнале» ёсць чалавек, якога за вочы клічуць «Вася – сто каментаў». У пагоні за чужой рэакцыяй ён бясконца задае пытанні кшталту: «хто мацнейшы, Гадзіла ці Чужы?», шчыра лічачы, што ніхто не заўважае гэтых хітрыкаў. Ёсць жанчына, якая бясконца выстаўляе прафесійныя фотаздымкі розных забаўных жывёлак з падзагалоўкамі тыпу: «Драсці!» Маладая дзяўчына, якая замардавала ўсіх партрэтамі ўласнай асобы… Што іх аб’ядноўвае, акрамя прагі да таго, каб нехта націснуў на мышку супраць іх імені? Яны маюць адносіны да пісьменніцкай працы! Аднак ім і ў галаву не прыходзіць накручваць свае лічыльнікі за кошт працы са словам.

Абсалютна падсвядома яны зразумелі – клік у сённяшнім свеце сімвалізуе папулярнасць, аднак талент і праца не маюць аніякіх адносінаў да яго прыроды. Не здзіўлюся, калі гадкоў гэтак праз пяць-дзесяць, вышэйшыя атэстацыйныя камісіі будуць разглядаць дысертацыйныя даследаванні кшталту «Гісторыя літаратурных халівараў пачатку ХХІ стагоддзя» ці «Скандал як жанр мастацтва».

Тым, хто ўжо сёння ўсведамляе каштоўнасны эквівалент кліку і ведае пра тое, што піяр не мае колеру, раіла б свядома і адказна адносіцца да раздачы сімвалаў сваёй увагі. Адзначаючы націсканнем мышы аб’ект сваёй нянавісці, мы міжвольна спрыяем яго росту. Клік не нясе эмоцый, ён не адлюстроўвае ні іроніі, ні сарказму, ні абурэння. Менавіта таму так важна сёння аддаваць сваю ўвагу толькі сапраўды годнаму.

На мой погляд, добра ілюструе гэты тэзіс твор, напісаны задоўга да таго, як наогул быў прыдуманы камп’ютар. Маю на ўвазе раман Аркадзія Аверчанкі «Жарт мецэната». Для тых, хто не чытаў, перакажу фабулу. Вясёлая, але прыстойная багемная кампанія звярнула ўвагу на абсалютна бяздарнага, але знешне сімпатычнага і заўсёды гатовага сказаць камплімент паэта Кукалку. Вырашыўшы пасцябацца з яго і ягонай хранічнай адсутнасці таленту, кампанія пачынае ўсімі магчымымі сродкамі яго піярыць, шчыра спадзеючыся, што людзі не дурныя і хутка разбяруцца, што перад імі – мыльная бурбалка. Аднак жарт скончыўся дрэнна – бяздарны, але харошанькі Кукалка хутка пайшоў у рост, адабраўшы ў аднаго працоўнае месца, у другога – каханую, у трэцяга – жонку. І ўва ўсіх – веру ў тое, што талент і добрасумленнасць могуць быць запатрабаванымі.

Дзіўна, але і ў наш інфармацыйна насычаны час выснова гэтага амаль стогадовага рамана застаецца актуальнай. Вучыся жыць сваім!



Крыніца: інтэрнэт-часопіс "Новая Эўропа"

Ганна Кісліцына, іншыя публікацыі:

Дадаць каментарый