Публікацыі
20.12.11
Agora

Якая культура, такая і палітыка (з нагоды сьмерці спадарыні Ірыны Бугровай)

Уладзіслаў Гарбацкі

Палітычнае праз прызму культуры дасьледуецца, а тым больш тлумачыцца ў межах беларускай палітычнай навукі нячаста. Зрэдчас, але ж усё ж–такі спробы вядуцца. Да такой рэдкай і, дадушы, непаўторнай катэгорыі дасьледнікаў належыла паліталягіца Ірына Бугрова, не зважаючы на страшную і зрэдчас адольную хваробу, усё ж-такі зьнянацку памерлую для бальшыні ў Менску 6 сьнежня.

Здаецца, як банальна – тлумачыць палітыку культурай, культурным чыньнікам. Здаецца, гэта проста і лёгка, гэта, так бы мовіць, ёсць «лёгкая паліталёгія» у параўнаньні з «цяжкай» ці «жорсткай» палітычнай аналітыкай выбараў, палітычным прагназаваньнем. Насамрэч жа відавочна, што без асновы – бяз веданьня пэўных традыцыяў, палітычных і сацыяльных завядзёнак, прагрэсаў, здабыткаў, а таксама траўмаў народу ў мінулым далёкім і блізкім - немагчыма ахапіць і прадбачыць усёй існай палітычнай рэчаіснасьці. Як бы скептычна не ставіліся «жорсткія» палітолягі да нібыта цьмянай і адцягнутай гуманістыкі, яны мусяць бясконца шукаць тлумачэньні, выбудоўваць заканамэрнасьці, а таксама прадбачыць будучыню менавіта дзякуючы аналізаваньню палітычнай культуры.

Спадарыня Бугрова была якраз той навукоўкай, якая ня толькі знайшла сваю нішу, сваю тэму - між іншым, маладасьледaваную. Але і крытычна, цьвяроза, унікаючы занадтага рамантызму (да якога сама ў прыватным жыцьці была схільная) паглядзела на нашу палітычную мінуўшчыну да ўчорашняга дня. Панятак «аўтарытарызм», «аўтарытарная палітычная культура» яна ўжывала ня толькі ў дачыненьні да ўсё яшчэ дзейнага прэзідэнта і ягонай сьвіты, але таксама ў дачыненьні да амаль усёй апазыцыі. І сапраўды, дзе быць нам усім раптам дэмакратычнымі, калі мы ўсе выйшлі са змрочнага, дэспатычнага ўчора? Паліталягіца ў сваіх лекцыях, артыкулах, а таксама малавядомай беларускаму чытачу кнізе, прысьвечанай эвалюцыі палітычнай культуры беларусаў ад ВКЛ да Лукашэнкі і апублікаванай у Нямеччыне, заўсёды разьбівала міты пра «дэмакратычнасьць»: як падчас ВКЛ, як падчас бурлівай дзейнасьці Віленскага ўнівэрсітэту, так і сёньня.

Усе смачныя міты наконт нібыта «дэмакратычнасьці» і «прасунутасьці» шляхты, затым філяматаў, філярэтаў ці сяньняшняй апазыцыі спадарыня Бугрова сьмела адкідвала ў бок, указваючы на аднабаковасьць, цьмянасьць, фаталізм, богазалежнасьць і проста неўнівэрсальнасьць іх памкненьняў і каштоўнасьцяў. Апазыцыйнасьць не азначала дэмакратычнасьць для яе. Яна выразна выказвалася наконт абмежаванасьці як эліты афіцыйнай, так і апазыцыйнай, хворай на звычайныя расізм, мізагінію ці гамафобію. Элітаў, якім проста на хапае адукаванасьці, культуры, пачуцьця кампраміснасьці і адкрытасьці. А гэта якраз рысы недэмакратычнай палітычнай культуры. Да дэмакратычнасьці, лічыла паліталягіца, нам яшчэ расьці і ісьці досыць далёка і цяжка. Дэмакратычнымі не нараджаюцца, а становяцца ў працэсе бязупыннай адукацыі і пошуку кампрамісу.

Можна бясконца працягваць размову пра Ірыну Бугрову - выкладніцу, кіраўніцу навуковых працаў падчас нашага грамадаваньня на франка-беларускім факультэце ЕГУ. Зразумела адно: яна шармавала многіх. Як сваёй непаўторнай зграбнасьцю, так і крытычнымі, а яшчэ багатымі на гумар лекцыямі. Паліталёгія дзякуючы ёй, магла быць вельмі вясёлай. Якраз праз шматлікія расказаныя спадарыняй Бугровай палітычныя гісторыйкі, анэкдоты жывей успрымалася, а галоўнае, сапраўды суадносілася з рэчаснасьцю сама дысцыпліна «Палітычная культура». Менавіта разнастайнасьць палітычнага гумару, анэкдотаў пра Лукашэнку ў Менску і лукашанятаў у правінцыі, пра мэраў, а таксама, канечне, пра апазыцыю адлюстроўвае стан палітычнай культуры, часам лепей за любы аналіз вылучае і азначае тую ці іншую зьяву.

Варта падкрэсліць, што ці не адзіная «культурная» паліталягіца ў Беларусі, спадарыня Бугрова ніколі не заставалася кабінэтнай спэцыялісткай, дзякучы супрацы з НДА яна была заўжды ў строме часу. Лекцыі, дарэчы, пачыналіся ня толькі з гісторыяк, але абавязкова з аналізу чарговага новага палітычнага артыкула.

Нарэшце, ні для каго няма ноўшасьці ў тым, што 2011 год – гэта стратны год для беларускай палітычнай навукі. Усьлед за В.Сіліцкім і С.Навумавай мы згубілі яшчэ адну адметную паліталягіцу, сацыяльную псыхалягіцу. Сумнае завяршэньне цяжкага году. Агаломшаныя, нам застаецца спадзявацца хіба на тое, што гэтыя неапісальныя і неацэнныя страты і выпрабаваньні выступяць штуршком для кансалідацыі апошнім часам раскіданага і дэмаралізаванага паліталягічнага лягеру Беларусі.





Ірына Бугрова. Фотаздымак: zapraudu.info

Уладзіслаў Гарбацкі, іншыя публікацыі:

Дадаць каментарый