Публікацыі

Прыпамін: Гавел. Кропка апірышча

Марцін М. Шымечка

Дайце мне цвёрдую кропку апірычша ў сусвеце - і я перавярну Зямлю, сказаў калісьці Архімед. Гэтую веру ў асновы фізічнага свету Вацлаў Гавел здолеў перанесці на сутнасць быцця чалавечага, цвёрдасць якога ён паспрабаваў на самом сабе. Сам ён стаўся гэткай кропкай апірышча ў нашым сусвеце людзей, - стаўся, для таго каб перавярнуць гісторыю.

З мноства рэакцый па цэлым свеце добра відаць, што сілу яго асобы свет усведамляў лепей і глыбей за многіх чэхаў і славакаў. Ды й няшмат жа ж сустрэнем ва ўсёй гісторыі нашай цывілізацыі такіх людзей, якія б маглі адным толькі словам, узброеныя толькі сваёй праніклівай думкай і моцным характарам, перамагчы, здавалася б, непераможную моц, узброеную гіганцкім апаратам, што ўтрымліваў у страху цэлыя народы.

Цяпер мяне напаткала шчымлівае адчуванне сіроцтва. Мяркую, што тое ж самае сёння перажываюць мільёны людзей па цэлым свеце. Вацлаў Гавел, нават калі ўжо быў хворы і аслаблены, самім сваім існаваннем выпраменьваў сілу, якая выступала зарукай таго, што зло будзе ўтаймаванае.

Сваю задачу, для якой ён быў абраны, нават пры тым, што сам ён да гэтага ніколі занадта не імкнуўся, ён, пры ўсёй сваёй сціпласці, добра ўсведамляў і разумеў яе часамі як дар, які накладае на яго сур'ёзныя абавязкі, а часамі як цяжар, які ён, аднак, ані секунды не вагаючыся, працягваў несці да апошняй хвіліны. Я адчуваў, тым ня меньш, што цягам апошніх месяцаў ён ужо рыхтаваўся да таго, каб пайсці з гэтага свету.

Падчас святкавання яго апошніх народзінаў, напачатку кастрычніка, я запытаўся ў яго, пра што ён апошнім часам раздумвае. Ён адказаў мне, са сваёй звычайнай сарамлівасцю, што разважае пра тое, ці мае свет нейкі сэнс. "Але", дадаў ён, "мяркую, што самое яго існаванне ёсць пэўным доказам сэнсу".

Дзеля нас усіх, дзеля тых, што засталіся, я спадзяюся, што ён не памыліўся, і што цяпер ён ведае гэта напэўна. Аджа, ён быў тым, хто надаваў свету сэнс усім сваім жыццём.



Фота: Tjebbe van Tijen, opendemocracy.net


Пра аўтара: Марцін Мілан Шымечка (Martin Milan Šimečka) – славацкі пісьменнік і публіцыст, сын Мілана Шымечкі, грамадзкага дзеяча й колішняга дарадцы Прэзідэнта Вацлава Гаўла.


Cа славацкай пераклаў Аляксей Кажарскі.



Рэдакцыя Belintellectuals.eu дзякуе сп. Марціну М. Шымечке й рэдактарам штодзённіка "Pravda" за магчымасць надрукаваць пераклад артыкула.

Redakcia Belintellectuals.eu ďakuje p. Martinovi M. Šimečkovi a redaktorom denníka "Pravda" za možnosť uverejniť preklad článku.

Дадаць каментарый