20.08.06
Архiпелаг Беларусь
Архiпелаг Беларусь
Імагалогія: вяртанне ў Сярэднявечча ?
На матэрыяле хароніма Белая Русь.
Імагалогія адносна новы, модны, тэрмін, які ўжываецца для абазначэння некалькіх, досыць адрозных дысцыплін некалькіх традыцыйных навук псіхалогіі, паліталогіі, гісторыі, мастацтвазнаўства, лінгвістыкі і г.д., якія вывучаюць розныя аспекты фармавання і функцыянавання вобразаў масавай свядомасці. У дадзеным артыкулы робіцца спроба сістэматызаваць усе вядомыя аспекты імагалогіі, і параўнаць іх з дысцыплінамі гістарычнай навукі, падобнымі на імагалогію па змесце, але адрознымі па назве, такімі, як гісторыя вобразаў, або гісторыя ідэй, і новай дысцыплінай геаграфічнай навукі метагеаграфіяй. Імагалагічны падыход апрабуецца праз аналіз гістарычнай эвалюцыі вобраза Белай Русі ў свядомасці заходніх еўрапейцаў. Асобна разглядаецца магчымасць рэканструкцыі страчанага на мяжы XVIXVIІ стст. заходнееўрапейскага вобраза Белай Русі, і магчымасць яго выкарыстання ў турыстычнай, рэкламнай і г.д. індустрыі для паляпшэння пазнавальнасці сучаснай краіны.
1. Вобраз у сучасную эпоху.
Вобраз у нашы дні робіцца катэгорыяй не столькі мастацтвазнаўства, колькі таваразнаўства, што асабліва яскрава праяўляецца ў тэрміне імідж, які ў многіх мовах мае афарбоўку падкрэслена камерцыялізаванага, культываванага на продаж вобразу, хаця зыходнае англійскае image (а тым больш лацінскае imago) мае стылёва нейтральнае значэнне. Усё большая частка дададзенай вартасці, асабліва ў г.зв. постіндустрыяльных краінах ствараецца не ў матэрыяльна-вытворчай сферы, а ў індустрыі рэкламы, забаўляльнай і г.д. фактычна ў індустрыі вытворчасці, продажу і пост-продажнага абслугоўвання вобразаў, якія апелююць да меркаванай сістэмы каштоўнасцяў аўдыторыі.
Персанажы тэлевізійных серыялаў, мультфільмаў і кампутарных гульняў, разнастайныя зоркі тэлевізіі і іншых медыя, поп-музыкі, спорта і палітыкі, гандлёвыя маркі (брэнды) і звязаныя з імі спажывецкія асацыяцыі усё гэта таварныя вобразы, якія ў наш час ужо не ўзнікаюць спантанна, а мэтанакіравана праектуюцца і прадукуюцца адмыслоўцамі спецыялістамі па рэкламе, маркетынгу, PR (сувязях з грамадскасцю), палітычных тэхналогіях, геадэмаграфіі і г.д. Набыццё таго ці іншага тавару або паслугі, якое на індывідуальным узроўні ўспрымаецца як спантанны, валявы акт, з пункту гледжання буйных вытворцаў, якія аперуюць вялікімі таварнымі масамі, немагчыма аддаць на волю лёсу і яго ў максімальнай ступені імкнуцца пралічыць задоўга да таго, як тавар выраблены. Самай перспектыўнай лініяй паводзінаў для вытворцаў зяўляецца нават не максімальна ўдалае траплянне ў запыты і густы спажыўцоў, а доўгатэрміновае праграмаванне саміх гэтых густаў, пачынаючы ад сістэмы адукацыі, галоўнай задачай якой робіцца гарантаванае выхаванне спажыўца, лаяльнага да асноўнай масы вытворцаў дадзенай краіны або групы краінаў, якія абядналі свае рынкі ў інтарэсах пэўных нефармальна, але досыць выразна акрэсленых груповак гэтых вытворцаў.
Вобразы маюць не толькі індывіды, тавары і карпарацыі, якія іх вырабляюць, але і цэлыя рэгіёны, народы і краіны. Ад каштоўнасці гэтых вобразаў непасрэдна залежыць цана, па якой можна прадаць амаль ідэнтычныя (з матэрыялістычнага або пазітывісцкага пункту гледжання) тавары, вырабленыя ў розных частках зямнога шару. Асабліва яскрава каштоўнасць этнічных і геаграфічных вобразаў праяўляе сябе ў турыстычнай індустрыі. Выбар для адпачынку той ці іншай краіны дыктуецца суадносінамі цаны турыстычнага пакету і ўяўленай каштоўнасці геаграфічных (турыстычных) абектаў і цэлых народаў, задачай якіх, з пункту гледжання турыста-спажыўца, выступае найперш абслугоўванне гэтых абектаў. Але і фізічныя тавары маюць розную прывабнасць для спажыўца, у залежнасці ад таго, у якой краіне вырабленыя.
Пералічаныя вышэй абставіны істотна павышаюць інтарэс да вобразаў увогуле і, у прыватнасці, да вобразаў краін і народаў. Гістарычная навука не можа стаяць у баку ад сучасных грамадскіх працэсаў, і таму ўжо каля паўстагоддзя паступова акрэсліваюцца абрысы новай дысцыпліны, якую ў самым агульным выпадку можна назваць гісторыяй вобразаў або імагалогіяй, але якая можа мець і іншыя назвы ў залежнасці ад прыярытэту тых ці іншых аспектаў вывучэння гісторыі (г.зн. эвалюцыі) вобразаў напрыклад, этнаграфічнага, геаграфічнага, лінгвістычнага, паліталагічнага і г.д. Геральдыка, гісторыя матэрыяльнай культуры, гістарычная іканаграфія многія раздзелы гістарычнай навукі могуць быць перафармуляваныя як раздзелы імагалогіі.
2. Што такое імагалогія ?
Імагалогія як самастойная вобласць ведаў пра ўяўленні і вобразы ўзнікла прыкладна ў сярэдзіне XX ст., хаця яе элементы можна прасачыць ад глыбокай антычнасці. Вылучэнне такой асобнай гуманітарнай дысцыпліны ініцыявалі найперш прадстаўнікі псіхалогіі і літаратуразнаўства. Італьянскі псіхолаг Антоніа Менегеты, які ўпершыню ўвёў тэрмін імагогіка, спрабуючы звязаць разам мовы сноў, прыроды і жыцця, вызначаў яго як спосаб «прывядзення ў рух вобразаў несвядомага і вывядзення іх на свядомы ўзровень» [11, c. 11]. Яго ідэі ў 19601980-х гг. развівалі ў асноўным літаратуразнаўцы-кампаратывісты (М.Фішэр, П.Бёрнер, Й.Леэрсэн, А.Дуцу і інш.), якія прапанавалі змяніць тэрмін імагогіка на імагалогія. Хаця, магчыма, бельгійскі антраполаг-кампаратывіст Х.Дысэрынк увёў гэты тэрмін ці не раней за імагогіку Менегеты вынікі спрэчкі за прыярытэт канчаткова не падведзеныя. Яшчэ зусім нядаўна імагалогіі давалі наступнае, адносна вузкае, вызначэнне (яшчэ і сёння яно самае папулярнае ў Рунэце, вандруе з сайта на сайт): Імагалогія спецыяльны раздзел культуралогіі, які ўзнік у літаратуразнаўстве як вучэнне аб вобразах і які вывучае магчымасці перадачы літаратурных вобразаў пры перакладзе з адной мовы на другую. Асаблівую папулярнасць тэрміну імагалогія ў гуманітарных асяродках надаў славуты чэскі пісьменнік М.Кундэра, у прыватнасці, ягоны раман Неўміручасць [9]. Большасць сучасных гуманітарных інтэлектуалаў нават перакананыя, бадай, што менавіта Кундэра вынайшаў сам гэты тэрмін курёз, які і сам мог бы стаць прадметам вывучэння імагалогіі. Але генэзіс імагалогіі больш складаны. Як і ў абавязковага калісьці навуковага камунізма, у яе тры галоўныя крыніцы: літаратуразнаўства, этнаграфія, паліталогія. За апошняе дзесяцігоддзе апошні тэрмін зазнаў істотнае драбленне: адрозніваюць, напрыклад, лінгвістычную імагалогію, якая вывучае праяўленне рысаў нацыянальных характараў у адпаведных мовах і сувязь моўных прыкмет з этнакультурнымі. Паводле расійскага лінгвіста Ш.Хайрава, прадметам лінгвістычнай імагалогіі зявляюцца не самі мовы, але выказванні пра іх; не тексты на мове, але тексты пра мову, якія належаць да сфер як лінгвістыкі, так і «каля-лінгвістыкі», г.зн. да разнастайных дісціплінаў гуманітарных навук, да жанраў публіцыстыкі і мастацкай літаратуры, а таксама да чутак [13]. Апошнім часам вылучаюць патэстарную імагалогію (вывучае фарміраванне і функцыянаванне вобразу ўлады) і г.д.
Сёння тэрмін імагалогія прынята выкарыстоўваць найперш для вызначэння філасофіі сродкаў масавай інфармацыі. Як адзначае расійскі палітолаг В.Фядотава, менш репрэсіўная, чым ідэялогія, імагологія, тым не менш, віртуалізуе рэальнасць, робіць яе не толькі адноснай, але часам прымушае сумнявацца ў яе існаванні. Імагалогія паслабляе фактар абектывацыі субектыўных значенняў, релятывізуе іх змест [12].
Вядомага рускага славяназнаўцу Аляксандра Мыльнікава цікавіў найперш этнічны аспект імагалогіі. Этнічную імагалогію ён вызначаў як дысцыпліну, якая комплексна вывучае генэзіс і функцыянаванне энда- і экзаўяўленняў і вобразаў этнічных супольнасцяў на калектыўных, групавых і асабовым узроўнях[11, c. 1314]. Яна мае справу не з першаснымі фактамі (этнасы і іх культура ў гістарычным развіцці), а з фактамі другаснымі, адлюстраванымі (уяўленні этнасаў пра саміх сябе і сваю культуру, а таксама пра іншыя этнасы і іх культуру хаця яны, увасабляючы эвалюцыю духа, у якасці форм грамадскай свядомасці не менш абектыўныя, чым тое, што імі адлюстроўваецца [11, c. 14]. Гэтае сцвярджэнне з поўным правам можна дастасаваць і да любой іншай галіны імагалогіі (або гісторыі вобразаў, як я прапаванаў называць гэтую дысцыпліну, найперш, каб пазбавіцца прысмаку маніпуляцыі, закладзенага ў тэрмін імагалогія) [5]. Як адзначалася мной у дачыненні да гісторыі назвы Белая Русь, можна казаць не пра тое, што гэтая назва спачатку ўзнікла «ў рэальнасці», а потым розныя аўтары з большай ці меншай ступенню дакладнасці спрабавалі растлумачыць яе «абектыўны» сэнс, але пра тое, што тлумачэнне, так бы мовіць, папярэднічала самой назве [3, c. 21].
Этнічная імагалогія А.Мыльнікава не мае жорсткай прывязкі да геаграфічнай прасторы. Яшчэ адзін модны тэрмін, у якім выражаецца імкненне сучасных даследчыкаў пераадолець цесныя рамкі традыцыйных гуманітарных дысцыплін метагеаграфія (звышгеаграфія паводле замыслу стваральнікаў тэрміна), якую цалкам лагічна было б назваць і геаграфічнай імагалогіяй. Па меры таго, як зямная тэрыторыя робіцца ўсё больш вывучанай як фізічная прастора (што асабліва красамоўна адлюстроўваецца праз выкарыстанне геаграфічных інфармацыйных сістэм і GPS-навігацыі), інтарэсы крытычна думаючых географаў зрушваюцца ў вобласць пазнання сэнсаў і вобразаў, якімі напоўненая прастора ва ўяўленнях людзей розных эпох і культур. У пэўным сэнсе, сучасны зварот да метагеаграфіі гэта вяртанне да Сярэднявечча, адмаўленне аптымістычнага, антрапацэнтрычнага светапогляду Новага Часу, скіраванага на бясконцае пашырэнне і засваенне свету. Эпоха Жуля Верна з яе апошнімі геаграфічнымі адкрыццямі скончылася (заканамерна) І Сусветнай вайной, і цяпер для нас магчымае толькі пераасэнсаванне і перетварэнне геаграфічнай прасторы.
Паводле вызначэння Марціна Льюіса і Карэн Уігэн, якія ўвялі тэрмін метагеаграфія ў 1997 г. у кнізе Міф пра кантыненты: крытыка метагеаграфіі, пад ім разумеецца сукупнасць прасторавых структур, пры дапамозе якіх людзі арганізуюць свае веды пра свет: пераважна несвядомыя ментальныя ўзоры, якія перадвызначаюць пазнанне гісторыі, сацыялогіі, антрапалогіі, эканомікі, палітычных навук, і нават натуральнай гісторыі [15, p. 82]. Пад светам разумеецца не столькі фізічны свет, колькі свет ментальны, культурны. На рускай мове ідэі метагеаграфіі ўпершыню сфармуляваныя ў кнізе Дзмітрыя Замяціна Метагеаграфія: Прастора вобразаў і вобразы прасторы (2004) [7]. Метагеаграфія гэта, так бы мовіць, культурная геаграфія. Яе прадмет не прастора як фізічны абект, а тое, як гэты абект у сваіх разнастайных праявах бачыцца і асэнсоўваецца чалавекам. Геаграфічныя вобразы, якія ўзнікаюць пры гэтым субектыўныя і зменлівыя, як і любыя вобразы, але часам на дзіва устойлівыя. Такія вобразы ўзаемадзейнічаюць і ствараюць уласную метагеаграфічную прастору. Пры такім падыходзе картаграфаванне быццам апераджае рэальную прастору, "дыктуе" ёй свае ўмовы, а картаграфічныя вобразы стала канструююць, дапаўняюць, перафарміроўваюць рэальную прастору.
Паколькі прадметам вывучэння гісторыі вобразаў зяўляюцца агульнапрынятыя геаграфічныя, этнічныя і інш. вобразы, стэрэатыпы (і іх назвы), яна, безумоўна, вывучае вобразы калектыўнага несвядомага, якое, у адрозненне ад індывідуальнага, паддаецца фармалізацыі. Іншымі словамі, мусіць існаваць крытычная маса індывідаў, якія прыкладна аднолькава ўспрымаюць і інтэрпрэтуюць тыя ці іншыя вобразы, сімвалы і імёны.
Гэтая агаворка істотная для маёй дыскусіі [4; 16; 17] з Алегам Латышонкам (да якой у пэўнай ступені падключыўся і Р.Гжэсік [14]) наконт крытэрыяў магчымасці таго ці іншага механізму пераасэнсавання назвы Белая Русь у свядомасці кабінетных вучоных ХІІІXVI стст. Напрыклад, памылковыя ўяўленні пра Белую Русь Тацішчава (які прыпісваў гэтую назву Уладзіміру і Суздалю ХІІІ ст.) і Карамзіна (які абвесціў, што Іван ІІІ ужываў яе як афіцыйную назву сваёй дзяржавы) надоўга замацаваліся як стэрэатыпы ў рутыннай свядомасці рускіх і беларускіх гісторыкаў дзякуючы высокаму агульнаму аўтарытэту гэтых класікаў (і, вядома, несамастойнасці думкі іх эпігонаў), які быў заваяваны ўсім комплексам іх заслугаў. Перанос назвы з Ноўгарада на Маскоўскую дзяржаву быў выкліканы, з аднаго боку, тэктанічным маштабам перамены ў палітычным статусе Ноўгарада ў 14711478 гг., якія непазбежна зрабіліся відавочнымі для шырокіх пластоў тагачасных адукаваных еўрапейцаў, з другога вельмі рыхлымі іх уяўленнямі пра геаграфію гэтай часткі Еўропы.
Для параўнання: падзея такога маштабу, як пераезд з Ноўгарада ў Маскву Пахомія Лагафета, меркаванага аўтара першай усходнеславянскай згадкі пра Белую Русь, наўрад ці магла б выклікаць такую трансфармацыю групавой свядомасці ў лакалізацыі гэтай назвы. Гэтаксама выглядаюць досыць малаверагоднымі прапанаваныя А.Латышонкам схемы меркаванага пераносу гэтай назвы з Галіцка-Валынскай Русі, да якой, як ён лічыць, гэтая назва пачаткова адносілася, на поўнач Русі, ў ваколіцы Вялікага Ноўгараду. Інфармацыйны канал, у рэчышчы якога мог бы здзейсніцца такі перанос, мусіў бы быць дастаткова шырокім, не залежным ад вельмі кароткачасовых абставін і выпадковых персаналій. Але магчымае персанальнае знаёмства нямецкіх паэтаў Мюгельна і Зухенвірта (прапанаванае мной гіпатэтычна [3, c. 43]), факт кароткага побыту Тэўтонскага Ордэна ў Венгрыі ў 12111225 гг. і наступны перанос яго дзейнасці ў Прыбалтыку (А.Латышонак мяркуе, што ордэнскія храністы заадно перанеслі і вучоную назву той часткі русінаў, з якімі ім даводзілася сутыкацца [17, p. 24]) і іншыя падобныя тлумачэнні выглядаюць недастатковымі менавіта зыходзячы з крытэрыю калектыўнага несвядомага.
Перадача традыцыі на працягу доўгіх адцінкаў часу можа адбывацца толькі ў адносна шырокіх асяродках інтэлектуалаў, але ніяк не паміж адасобленымі індывідамі. Звесткі пра Белую Русь натуральным чынам зводзяцца ў групы, кожная з якіх звязаная з тым ці іншым навуковым ці культурным асяродкам такім, напрыклад, як канцылярыі Сiгiзмунда і Вацлава Люксембургаў 1410-х гг., рымская Акадэмія Пампонія Лэта сярэдзіны XV ст. ці Кракаўскі ўніверсітэт першай чвэрці XVI ст. [3, c. 1011].
3. Вяртанне ў Сярэднявечча?
Усе галіны, або кірункі імагалогіі яднае іх дэкларававае жаданне вывучаць не першасныя, непасрэдна зафіксаваныя факты (зявы, асобы і г.д.), а а факты другасныя, адлюстраваныя праз уяўленні людзей. Але што такое ўвогуле першасныя факты? Наколькі насамрэч яны нам даступныя ? Хіба не залежыць наша ўспрыняцце фізічнай рэчаіснасці не толькі ад нашых ворганаў пачуццяў (якія ўжо істотна фільтруюць інфармацыю аб асяроддзі, у параўнанні з той, якую можна атрымаць праз усе магчымыя фізічныя прыборы), але і ад закладзеных у нас продкамі і сучаснікамі культурных праграм? Сузіраючы, напрыклад, пэўны ландшафт, мы амаль непазбежна паспрабуем суаднесці яго з нейкім падобным пейзажам, вядомым з выяўленчага мастацтва або кіно, і ён робіцца для нас заселеным зданямі іх персанажаў. Мужныя каўбоі з ласо і Marlboro country, тубыльскія жанчыны Гагена з пладамі зямлі і Таіці мы ўжо даўно няздольныя бачыць (а тым больш уяўляць) пейзаж толькі як сукупнасць прыродных абектаў. У такім выпадку, ці не маюць усе без выключэння гуманітарныя навукі справу з другаснымі, адлюстраваныя праз уяўленні людзей, фактамі? А сучасная мода на імагалогію проста вынік цвярозага ўсведамлення гэтай ўласцівасці нашага пазнання?
Сучасная культурная сітуацыя падаецца новай толькі тым, хто дрэнна ведае Сярэднявечча. Imago Mundi (вобраз Свету) характэрны тэрмін сярэднявечнай схаластыкі. Так называліся многія геаграфічныя трактаты (так ці інакш узыходзячыя да вучонагаэнцыклапедыста VII ст. Ісiдора Севiльскага) на працягу многіх стагоддзяў, так у ХХ ст. назваў самы вядомы міжнародны часопіс па гісторыі картаграфіі яго заснавальнік Леў Багроў. У самім гэтым тэрміне як бы закладзеная адмова ад прэтэнзій на абсалютна дакладнае адлюстраванне зямной паверхні адмова, выкліканая сціпласцю тэхнічных сродкаў. Вобраз гэта не фатаграфія свету, але яго сімвалічнае адлюстраванне. На новым вітку цывілізацыйнай спіралі да нас вяртаецца ўсведамленне абмежаванасці нашай тэхнікі, нягледзячы на ўсё яе развіццё, немагчымасці перадаць усю эмацыйную значнасць і эстэтычную вартасць нашых вобразаў, у тым ліку вобразаў прасторы.
Прыхільнікі метагеаграфіі і этнічнай імагалогіі або незнаёмыя, або не здолелі эфектыўна скарыстацца з высноў брытанскай даследчыцы Фрэнсіс Йейтс, адной з буйных прадстаўніц школы гісторыі ідэй. Яна яшчэ 40 гадоў таму звярнула ўвагу на шчыльную сувязь антычнай і сярэднявечнай мнематэхнікі (майстэрства памяці) з уяўленнем аб прасторы. Класічнае вызначэнне гэтага майстэрства, або мастацтва (ars memorativa) базіруецца на суаднясенні вобразоў (images) і месцаў (loci), а яго вынаходніцтва прыпісваецца старажатнагрэцкаму паэту VIV стст. да Р.Х. Сіманіду Кеоскаму. Ён прыйшоў да высновы, што тым, хто жадае развіць памяць, трэба адабраць месцы і сфармаваць уяўныя вобразы тых рэчаў, якія яны хочуць запомніць, і затым размясціць гэтыя вобразы на месцах, так што парадак месцаў будзе захоўваць парадак рэчаў, а вобразы рэчаў будуць абазначаць самі рэчы, і мы будзем выкарыстоўваць гэтыя месцы і вобразы, адпаведна, як васковыя таблічкі для пісьма і напісаныя на ніх літары [8, c. 13]. Аrs memorativa, вельмі папулярнае ў Антычнасці і Сярэднявеччы, выйшла з ужытку з надыходам Новага Часу. Хіба выпадкова гэты заняпад супадае з часам найвышэйшага росквіту картаграфіі як мастацтва ? Картаграфія XVIXVIІ cтст., як ніякай іншай эпохі, была найбольш блізкая да масавага мастацтва. Ніколі больш ані да, ані пасля таго карты не спалучалі ў такой ступені высокага мастацкага афармлення і насычанасці вобразамі, з адносна шырокай даступнасцю і масавым інтарэсам, прэстыжнасцю. На кароткі час картаграфія здолела авалодаць масавай увагай, як у свае часы тэатр, кіно, ТВ або Інтэрнэт невыпадкова першы геаграфічны атлас Абрахама Артэлія (1571 г.) называўся Theatrum Orbis Terrarum. Аднак развіццё картаграфічных тэхналогій матэматычных праекцый, геадэзічных інструментаў, спосабаў друку і г.д. фактычна скасавала архаічныя, індывідуальныя, саматужныя спосабы запамінання (асэнсавання) зямной прасторы, гэтаксама як пісьмовая фіксацыя паэзіі скальдаў сімвалізавала канец эпохі вуснай творчасці ў скандынаваў, а шырокае распаўсюджанне вылічальнай тэхнікі на працягу жыцця цяперашняга пакалення прывяло да заняпаду здольнасцяў хутка лічыць у галаве.
Хаця амаль любы геаграфічны вобраз (як і назва, якая яго абазначае) сваім узнікненнем вельмі часта (калі не заўжды) абавязаныя курёзам, памылкам ці недакладным інтэрпрэтацыям фактаў, гэты пачатковы абсурд усё ж не зусім пазбаўлены сэнсу. Без гэтых міфалагічных, недакладных, абсурдных вобразаў, якія рана ці позна непазбежна падлягаюць знішчальнай крытыцы наступных пакаленняў і здаюцца ў архіў, абстрактнае мысленне было б немагчымым увогуле. Гэта выдатна ўсведамлялася буйнымі вучонымі Антычнасці і Сярэднявечча. Яшчэ Арыстоцель у трактаце Пра памяць адзначаў: «Немагчыма мысліць без уяўнага вобразу (aneu phantasmatos)». Праз 16 стагоддзяў яго паўтараў Тамаш Аквінскі: «Чалавек не ў стане зразумець нічога без дапамогі вобразаў (phantasmata); вобраз ёсць падабенства цялеснай рэчы; інтэлект суадносіцца з усеагульным, якое здабываецца з адзінкавых рэчаў» гэтае выказванне трэба прызнаць універсальным, справядлівым для ўсіх культур і эпох. Курёзныя памылкі якраз і былі вырашальнымі ў гісторыі ўзнікнення і эвалюцыі назвы Белая Русь, але гэта не выключэнне з правілаў, а менавіта заканамернасць. Як адзначае Замяцін, стварэнне геаграфічных вобразаў звязанае з працэсамі фармалізацыі і адначасова сціскання, канцэнтрацыі пэўных геаграфічных уяўленняў, ператварэння іх у згустак [7, c. 1415]. Безумоўна, пры ўтварэнні вобраза непазбежна адбываецца гіпербалізацыя, метафарызацыя, міфалагізацыя прасторы.
Культурны вобраз любога прасторавага абекту в прынцыпе не можа абысціся без долі (часам вельмі істотнай) міфалагізацыі, калі рэальнае і прыдуманае суіснуюць у непарыўнай еднасці. Значэнне субектыўнага фактару настолькі вялікае, што, паводле Замяціна, "прастора, па сутнасці, як і яе вобразы, ствараюцца культурай і/або цывілізаціяй, якая іх усведамляе, жыве імі і ў іх" [7, c. 20]. Самабытныя спосабы рэпрэзентацыі вобразаў географічнай прасторы не проста неадемная частка кожнай культуры, але адна з яе вызначальных прыкмет. Гісторык картаграфіі Н.Барысоўская вельмі дакладна адзначыла: Мэта любой карты адэкватнае і дакладнае адлюстраванне зямной паверхні. Аднак крытэрый дакладнасці не абсалютны, а вызначаецца адпаведнасцю той ці іншай сістэме паняццяў і ўяўленняў. Тэалагічнае тлумачэнне светабудовы было адзіным дапушчальным для сярэднявечнага чалавека, і таму дакладнымі лічыліся тыя карты, якія адпавядалі такому погляду на свет [6, c. 8]. Сістэму геаграфічных уяўленняў Еўрапейскага сярэднявечча прынята называць «хрысціянскай тапаграфіяй». Заснаваная не столькі на досведзе, колькі на літаральнанаіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, гэтая карціна свету карэнным чынам адрознівалася ад сучаснай. Адэкватнае тлумачэнне любых геаграфічных тэрмінаў Сярэднявечча магчымае толькі ў кантэксце гэтай сістэмы ўяўленняў.
Пэўны шокавы эфект неабходная ўмова дзейснага вобразу, які выдзяляе яго сярод рэчаў звыклых, трывіяльных, і аблягчае запамінанне. Ф.Йейтс у сувязі з гэтым цытуе класічны трактат І ст. да Р.Х. Ad Herennium: Мы павінны размяшчаць на месцaх такія вобразы, якія могуць найдаўжэй утрымлівацца ў памяці... напрыклад, вобразы, запэцканыя кроўю, брудам або чырвонай фарбай, каб іх выгляд ствараў найбольш нязвыклае ўражанне, або суправаджаючы вобразы нейкім камічным эфектам, бо гэта таксама палегчыць нам іх прыпамінанне [8, c. 22]. Цалкам магчыма, што вучоныя Антычнасці і Сярэднявечча часта свядома згушчалі фарбы ў вобразах далёкіх і малавядомых краін і народаў не таму, што самі верылі ў іх фантастычныя атрыбуты, а менавіта каб аблегчыць шырокай публіцы запамінанне самога факту іх існавання прыём, які часта вёў у пастку, калі носьбіты рэальных ведаў выміралі, і наступным пакаленням сумленных даследчыкаў даводзілася успрымаць усурёз вобразы, створаныя ў дыдактычных або прапагандысцкіх мэтах.
Навуковым, у т.л. i геаграфiчным поглядам схаластаў былi ўласцiвыя кампiлятыўнасць, эклектычнасць, несамастойнасць. Нават пры канфлікце ўласнага досведу і аўтарытэту папярэднiкаў, дадзеныя апошнiх працягвалi суiснаваць з новымi ведамі. Псеўдагеаграфiчныя назвы, створаныя фантазiяй, а iншым разам i неахайнасцю або несумленнасцю падарожнiкаў цi шкаляроў, звычайна не адкiдалiся за непатрэбнасцю. Іх iмкнулiся дапасаваць да малавядомых тэрыторый, калi для таго быў хоць нейкi прэтэкст, цi выкарыстоўвалi пры «хрышчэннi» толькi што адкрытых земляў. Свядомасць сярэднявечнага чалавека з лёгкасцю фабрыкавала як бясконцыя «святыя» рэлiквii, так i рознага кшталту монстраў, прывідаў, міфічных жывёл і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны зусім як сучасныя фабрыкі мрояў. Як заўважыў Ж. Ле Гоф, «людзi сярэднявечча ўваходзiлi ў кантакт з фiзiчнай рэальнасцю праз пасрэднiцтва мiстычных i псеўданавуковых абстракцый» [10, c. 130]. Менавiта такiмi абстракцыямi былi амаль любыя геаграфiчныя назвы (і зашыфраваныя ў іх геаграфічныя вобразы) вядомага сярэднявечнаму еўрапейцу свету, Orbis Latinus асаблiва калi гутарка ішла пра далёкiя i малавядомыя краiны. Але гэтыя назвы і вобразы ўсё ж адыгрывалі пэўную пазітыўную псіхалагічную ролю, запаўняючы жахлівую пустэчу невядомых прастораў.
4. Рэцыркуляцыя сярэднявечнага вобразу Белай Русі : магчымасць і мэтазгоднасць
Імагалогія, як справядліва заўважае В.Фядотава, разбурыла ясную карціну міра і стала падмуркам маніпуляціі, заснаваным на некаторых трактоўках зявы або чалавека, якія часам не маюць дачынення да рэчаіснасці, але адэкватныя мэтам маніпуляцыі [12]. Але наколькі непазбежны ў новай культурнай сітуацыі для любога асобнага чалавека або супольнасці лёс пасіўнага абекта маніпуляцыі? Можа быць, наша эпоха таксама дае ўнікальныя магчымасці для стварэння ўласных вобразных сістэм на ўзроўні асобы і малой супольнасці, мабілізаваных усведамленнем пагрозы маніпуляцыі (і звязанай з ёй асіміляцыі)? Менавіта таму я аддаю перавагу тэрмінам гісторыя вобразаў або вобразная культура ў процівагу імагалогіі, з якой маніпуляцыя звязаная ўжо трывала, праз канвенцыяльны кантэкст выкарыстання тэрміну.
Вельмі паказальна, што сваё сучаснае месца на карце еўрапейскай цывілізацыі назва Белая Русь набыла менавіта ў 15701580-х гг. у той самы час, калі еўрапейскія географы адмовіліся ад пталемееўскай карціны свету, а памяць, паводле Ф.Йейтс, канчаткова перастала ўспрымацца як мастацтва, зрабіўшыся тэхнікай: яшчэ адно сведчанне таго, што гісторыю Белай Русі немагчыма вывучаць у адрыве ад гісторыі вобразаў, прычым менавіта вобразаў заходнееўрапейскай культуры. Паўстае цікавае пытанне наколькі магчымае і мэтазгоднае ў сучасных умовах паўторнае выкарыстанне вобразнага шэрагу, які ў заходняй культуры звязваўся з міфалагічнай Белай Руссю і быў адкінуты пры рацыяналістычным пераасэнсаванні гэтага тэрміну на мяжы XVIXVIІ cтст. ? Ці не атрымала сучасная Беларусь гэтыя забытыя вобразы ў легітымную спадчыну разам з назвай? У такім разе, для нашай паўнавартаснай інтэграцыі ў заходнюю культуру і эканоміку (наколькі гэта ўвогуле магчыма) ці не маем мы права паспрабаваць вярнуць Захаду гэтыя вобразы ў таварным выглядзе? Паспрабуем падсумаваць некаторыя найбольш устойлівыя аспекты напаўзабытага вобразу Белай Русі, якія б маглі быць выкрыстаныя пры такой рэцыркуляцыі:
a) Схаластычны
Пачатковая Russia Alba сярэднявечнай геаграфiчнай наменклатуры магла азначаць «частку Русi, якая калiсьцi была Албанiяй», цi «краiну, якую калiсьцi насялялi албаны» [3, c. 29, 185]. Узнікненне гэтага тэрмiну, хутчэй за ўсё, звязанае з памылковымi ўяўленнямi схаластаў пра Албанiю кантамiнацыю Албанii антычных i раннесярэднявечных аўтараў, Аланii продкаў сучасных асецiнаў i паўночнай «Албанii» вепсаў. Для Барталамея Англiйскага (ХІІІ ст.) Албанiя «правiнцыя Малой Азii, названая паводле колеру народаў, бо нараджаюцца яны з белымi валасамi... Гэтая Албанiя мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меатыйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў. У гэтай зямлi жывуць велiзарныя сабакi, такiя лютыя душой i целам, што валяць на зямлю быкоў i забiваюць iльвоў i сланоў... А вочы ў гэтага народа афарбаваныя i зеленаватыя ў зрэнках, таму яны лепш бачаць уначы, як удзень» [1, c. 72, 80; 3, c. 25]. Для Адама Брэменскага (ХІ ст.), «там [на Русi] ёсць тыя, якiя называюцца Аланы цi Албаны (Alani vel Albani), якiя на iх уласнай мове называюцца Вiцы (Wizzi), надзвычай жорсткiя разбойнiкi i зладзеi, якiя нараджаюцца сiвымi (crudelissimi ambrones, cum canitie nascuntur), згаданыя Солiнам» [3, c. 29]. Магчыма, сляды такога вобраза Белай Русі меркаванага нашчадка схаластычнай Албанiі бачныя і ў паэме Я. Вiслiцкага пач. XVІ ст. Пруская вайна, дзе згадваюцца «белыя русіны, славутыя сваёй адвагай на вайне» [3, c. 119120].
Фантастычныя атрыбуты Албанiі (людзі, якія нараджаюцца сівымі, велізарныя сабакі і г.д.) прасочваюцца ў еўрапейскай традыцыі, пачынаючы з 9й кнігі «Этымалогiй» Ісiдора Севiльскага. «Этымалогіі» аказалі ці не найбольшы ўплыў на фармаванне «хрысціянскай тапаграфіі». Менавіта ў Ісідора, калi не непасрэдна, дык праз твор французскага пiсьменнiка XII ст. Ганорыя Аўгустадунскага «Пра вобраз света» (De imagine mundi) пазычалі звесткі пра Албанію сярэднявечныя схаласты. Прыведзенае вышэй апiсанне Албанii было агульным месцам, пераходзячы ад аднаго аўтара да iншага. Нават у канцы XV ст. яно сустракаецца, напрыклад, у «Сусветнай хронiцы» Гартмана Шэдэля (1493) [3, c. 2829]. Паказальна, што менавiта такiм чынам, як i ў Ісiдора, Ганорыя i iх паслядоўнiкаў, ад колеру валасоў i скуры выводзiлi i назву Белая Русь у першых навачасных спробах яе тлумачэння.
b) Паэтычны
Блізкі да а), але не зусім тоесны, аспект вобразу Белай Русі дае познесярэднявечная мастацкая літаратура (паэзія і рыцарскія раманы). Тыя паэтычныя творы на нямецкай (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха) і італьянскай (М. Баярда) мове XIVXV ст., у якіх згадваецца Белая Русь, падаюць яе не як дакладна акрэсленую вобласць зямной прасторы, але рачэй як нейкую сімвалічную краіну на Ўсходзе, поўную падступных паганцаў, фантастычных пачвараў і іншых небяспек, куды шляхетныя рыцары выпраўляліся дзеля славы, дзеля гераічных учынкаў у гонар прыгожых дам і пашырэння сапраўднай веры.
Такі аспект вобразу Белай Русі цесна звязаны са шматвекавым успрыняццем яе як апошняй мяжы, франтыру заходняга свету, што было выклікана ў тым ліку шматлікімі спробамі рэалiзаваць унiю каталiцкай i праваслаўнай цэркваў. Доўгі час на Захадзе чарговы рост цікавасці да далёкай і малавядомай Русі назіраўся ў асноўным тады, калі ўзнікалі спадзяванні (заўжды марныя) на яе хуткі пераход у каталіцтва. Справа уніі падавалася зусім блізкай да поспеху ў сярэдзіне ХIII ст. (міфічная «Суздальская унія»), затым на Канстанцкiм саборы ў пачатку XV ст., а наступныя спробы прыпадаюць на ФерараФларэнтыйскi сабор (14381445 г.), шлюб Івана III з Зояй Палеалог (1472 г.), і нарэшце на Берасцейскую унію. З усімі гэтымі падзеямі так ці інакш звязаныя цэлыя пласты «альбарусікі» [3, c. 57].
c) Экалагічны
Яшчэ адзін аспект традыцыйнага заходнееўрапейскага вобразу Белай Русі экзатычная, істотна адрозная прырода. Вядома, рэальная флора, фаўна або ландшафт Беларусі мала адрозніваюцца ад звыклых еўрапейцам (хаця менавіта Беларусь адыграла важную ролю ў захаванні пэўных біялагічных відаў, якім у Еўропе пагражала поўнае знікненне, як, напрыклад, зубра і бабра [2, c. 81]). Аднак з пункту гледжання гісторыі вобразаў, галоўная задача якіх не інфармаваць, а ўразіць аўдыторыю, гэта неістотна. Агульным месцам у еўрапейскай навуцы на працягу доўгага часу было меркаванне пра багацце і разнастайнасць флоры ў Белай Русі, дзе, паводле С.Мюнстэра нашмат больш травянiстых раслiн, чым на Доне (цi Танаiсе), там таксама шмат трыснёгу (Reu Ponticum), якi расце i ў Лiтве, i ў пяць разоў больш розных траў i карэнняў, якiя нiдзе больш не сустрэнеш [3, c. 132, 179]. Польскi пiсьменнiк i гiсторык лiтаратуры XVІІ ст. Шымон Старавольскi, тлумачачы сэнс i паходжанне назвы Белая Русь, даводзiў: «Русь, сумежная i падуладная Вялiкаму княству Лiтоўскаму, называецца папросту Белай часткова таму, што жыхаpы белы колеp маюць i белае адзенне ў стаpажытныя часы ўжывалi... часткова таму, што доўга пад белым снегам [знаходзiцца зямля]. Але i пpыpода там увогуле белая ваўкi, мядзведзi i зайцы белыя...» [3, c. 176]. Нават сёння ў Польшчы жыхароў Беластока часта пытаюць ці то жартам, ці то амаль усурёз, ці водзяцца ў горадзе белыя мядзведзі [17, p. 13].
d) Рамантычны
Даволі стабільна суседам як Албаніі, так і Белай Русі, у геаграфічных трактатах і на картах XІXVI ст. выступае краіна жанчын (terra feminarum). Часам яна называецца Квенланд (Quenland). Уласна кажучы, квены гэта iншая назва фiнаў, якая, магчыма, паходзiць ад фiнскага kainu «балота». Такое ж значэнне мае i сучасная саманазва фiнаў suomi. Але скандынаўскiя вучоныясхаласты пры тлумачэннi этнонiма «квены» зыходзiлi са старажытнагерманскага слова, якое азначае «жанчына» цi нават «каралева» (адсюль, напрыклад, англ. queen), а затым распаўсюдзiлi на квенаўфiнаў усе атрыбуты старажытных амазонак [3, c. 30, 3435, 85]. Такое суседства, безумоўна, дадавала цікавасці і міфалагічнай Белай Русі, і, цалкам верагодна, можа быць карысным пры спробе сучаснай рэцыркуляцыі сярэднявечнага вобразу.
Фармаванне ўстойлівага пазітыўнага вобразу Беларусі доўгі час ускладнялася вельмі дрэнным знаёмствам патрыятычна настроеных гуманітарыяў як з фізічнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі рэаліямі сучаснай краіны, так і з гісторыяй рэпрэзентацыі яе вобразаў на працягу апошніх 1000 гадоў. Вобразныя атрыбуты Белай Русі, якія прасочваюцца ў заходнееўрапейскай навуковай і літаратурнай традыцыі ХIIIXVІІ стст., істотна адрозніваюцца ад тых, якія склаліся ў апошнія 100150 гадоў і якія мы звыкла ўспрымаем як спрадвечныя, нязменныя. Але гэтыя нечаканыя, нават фантастычныя, рысы Белай Русі не толькі істотна ўзбагачаюць нашу культуру, але і могуць служыць зыходным матэрыялам для канструкцыі новага вобразу краіны, больш цесна інтэграванага ў еўрапейскую і сусветную культуру. Гэтыя гуманітарныя распрацоўкі, апроч акадэмічнага, маюць і чыста практычны інтарэс: паляпшэнне знаёмасці, пазнавальнасці вобразу нашай краіны, без чаго ў сучаснай глабальнай эканоміцы наўрад ці магчымы ўстойлівы рост.
1. . Бартоломей Английский. О свойствах вещей // Матузова В. И. Английские средневековые источники IXXIII вв. М.: Наука, 1979. С. 6996
2. Белы А. Беларусь на Эбсторфскай карце XIII ст. // Спадчына. 1999. № 2. С. 7382.
3. Белы, А. Хроніка Белай Русі. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. 237 с.
4. Белы А. Ізноў пра пачаткі Белай Русі // Białoruskie zeszyty historyczne. Białystok, 2005. V. 23. S. 240257.
5. Белы А. Назва Белая Русь у святле гісторыі вобразаў // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 3. С. 1621.
6. Борисовская Н. Старинные гравированные карты и планы XVXVIII вв. М.: Галактика, 1992. 272 с.
7. Замятин Д.Н. Метагеография: Пространство образов и образы пространства. М.: Аграф, 2004. 512 с.
8. Йейтс Ф. Искусство памяти. СПб.: Университетская книга, 1997. 480 с.
9. Кундерa. М. Бессмертие. Пер. с чеш. Нины Шульгиной. СПб.: Азбука, 1996. 416 с.
10. Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. М.: Прогресс-Академия, 1992. 373 с.
11. Мыльников А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI начала XVIІІ в. СПб.: Петербургское востоковедение, 1999. 398 с.
12. Федотова В. Манипуляция как субститут демократии. http://www.intelros.ru/lib/statyi/fedotova4.htm
13. Хайров Ш.. Славянская лингвистическая имагология сегодня: «образы языка» и способы их сопряжения с ментальностью и культурой.https://dspace.gla.ac.uk/ bitstream/1905/42/1/KhairovEd.pdf
14. Grzesik R. Białoruś. Historia pewnej polemiki. // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. Poznań: Wyd. Poznańskie, 2005. XI. S. 265271
16. Łatyszonek O. Pierwsze wzmianki o Białej Rusi i Białych rusinach // Białoruskie zeszyty historyczne. Białystok, 2004. V. 21. S. 526;
17. Łatyszonek O. From White Russia to Belarus ? // Annus Albaruthenicus. Krynki, 2004. V. 5. P. 1348.








