Публікацыі

Мяне няма роздум інквізытара на руінах Акудовіча - ІІ (Частка I)

Пётр Рудкоўскі

 
 
 “ARCHE” 6 -  2006
 
 
Валянцін Акудовіч. Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека. Менск: БГАКЦ, 1998.
Валянцін Акудовіч. Дыялогі з Богам. Мінск: Логвінаў, 2006.
 
 
 
Ах, што ж гэта за божышча такое,
да якога хор шляхетных духаў
клікма кліча: “Гора!
Ты пабурыў наш сьвет кулаком сваім магутным,
валіцца, развальваецца!”
 
Фрыдрых Ніцшэ.
Народзіны трагедыі з духу музыкі
 
 
 
 
Інквізыцыю ніколі не цікавілі і не цікавяць бязбожнікі або атэісты. Яе цікавяць выключна рэлігійныя людзі. Ян Гус, Джардана Бруна ці наш славуты Казімер Лышчынскі пайшлі на касьцёр не за бязбожнасьць, а за рэлігійнасьць. Так, іх называлі бязбожнікамі і здрайцамі веры, але, мабыць, самі іхнія абвінаваўцы ў глыбіні душы адчувалі, што ў сэрцах гэтых “бязбожнікаў” больш веры ў Бога, чым у сэрцах іх саміх.
 
Інквізыцыя ў гісторыі хрысьціянства – гэта мэтафізычны парадокс. З падобным парадоксам мы мелі дачыненьне таксама тады, калі Богам-абраны-Народ аддаў на ўкрыжаваньне Богам-абранага-Чалавека. Альбо тады, калі свабодалюбныя Атэны асудзілі на сьмерць свабодалюбнага Сакрата. Набожнага Сакрата абвінавацілі ў атэізьме, а з Хрыстом увогуле выйшла нешта неверагоднае: перад рымскімі ўладамі яго абвінавацілі ў антырымскай дзейнасьці (“лічыць сябе каралём Ізраіля, забараняе плаціць падатак цэзару”), а перад юдэйскімі – у антыюдэйскай (маўляў, “хоча разбурыць сьвятыню” – апошні сымбаль і апірышча юдэйскага народу). Калісьці глыбока веруючых хрысьціянаў у Рымскай Імпэрыі называлі атэістамі. Сёньня найбольш заўзятых змагароў за беларускасьць абвінавачваюць у “антыбеларускай дзейнасьці” ў нашай краіне. Беларуская сытуацыя – гэта, бадай, апошняе рэха таго самага Парадоксу.
 
 
Калісьці глыбока веруючых хрысьціянаў у Рымскай Імпэрыі называлі атэістамі. Сёньня найбольш заўзятых змагароў за беларускасьць абвінавачваюць у “антыбеларускай дзейнасьці” ў нашай краіне. Беларуская сытуацыя – гэта, бадай, апошняе рэха таго самага Парадоксу.
 
 
З усьведамленьнем гэтага парадоксу я і прыступаю да чытаньня кніг Акудовіча. У гэтых кнігах ёсьць багата тэматычных адзінак: “архіпэляг Беларусь”, “першае каханьне”, “кніга”, “Расея”, “утульнасьць”, “няма”. Сярод розных аб’ектаў арыгінальнай рэфлексіі гэтага філёзафа зьяўляецца Бог. Па інэрцыі сказалася: “сярод аб’ектаў”, а тым часам Бог у разважаньнях Акудовіча не аб’ект, а суб’ект. Акудовіч ня піша пра Бога, ён размаўляе з Богам. І ў гэтым пляне Акудовічава тэалёгія вельмі цікавая. Мала хто з артадаксальных тэолягаў размаўляе з Богам. Артадаксальныя тэолягі загналі Бога ў космас тэкстаў, скавалі Яго сылягізмамі і дэдукцыямі, ператварыўшы ў дасканалую мумію, падставу статычнага быцьця. Калі б пасадзілі Яго ў звычайную турму альбо зладзілі Яму выгнаньне на які-небудзь востраў на зямлі, дык лягчэй было б Яго знайсьці. А так – Бог закансэрваваны ў тэкстах і няма эфэктыўнага мэтаду, каб разарваць тканіну словаў, сказаў і нарацыяў і ўбачыць пад гэтай тканінай Яго – Бога Жывога.
 
Артадаксальныя тэолягі нагадваюць таксама экспэртаў, якія сваё заданьне бачаць перш за ўсё ў тым, каб правесьці экспэртызу на прававернасьць: сьцьвердзіць, ці дадзены тэзіс адпавядае ці не адпавядае дагматыцы. Такім чынам, Божыя слугі становяцца слугамі Тэксту. Такая тэалёгія-экспэртыза забівае жывы досьвед Боскага. Бог уцякае ад багазнаўцаў і шукае для сябе месца сярод “атэістаў” кшталту Сакрата альбо першых хрысьціянаў. А цалкам магчыма, што шукае месца таксама сярод апошніх не-хрысьціянаў, такіх, як Акудовіч.
 
 
Частка першая.
 
ПАРАДОКСЫ АКУДОВІЧАВАЙ РЭЛІГІІ
 
Акудовіч – глыбока рэлігійны чалавек. Так, ён ёсьць re-ligiosus у тым першапачатковым сэнсе слова, які заключаны ў этымалёгіі: re-ligio – “усьцяж аднаўляная лучнасьць”, “інтымная повязь”. Далёка ня кожнага, хто называе сябе “веруючым”, можна прызнаць рэлігійным чалавекам. Для многіх “веруючых”, выхаваных на схалястычнай ці нэасхалястычнай дагматыцы, Бог застаецца Богам статычным, дадзенасьцю, завершанай і непахіснай ад пачатку да канца. Бог для іх – папросту Absolutus – Далёкая і Недасяжная Істота-Загадка, зь якой немагчыма завязаць асабісты пачуцьцёвы кантакт. З такім Богам, абсалютным Трансцэндэнсам, немагчыма інтымная повязь, гэта значыць, немагчыма re-ligio. А Акудовічу патрэбны пры-сутны Бог, такі, які “мае пэўны абрыс і лёгіку быцьця”. “Мне любы мой Бог сваёй дваістасьцю, сваім сымбіёзам рэальнага і ідэальнага...
 
Прагадваецца тут Жорж Батай (George Bataille), каторы – таксама проціпастаўляючыся трансцэндэнтнаму Богу – шукае боскае ў... жывёльным сьвеце: “Жывёльны сьвет – піша ў сваёй “Тэорыі рэлігіі” – ёсьць сьветам іманэнтнасьці і непасрэднасьці, паколькі сьвет гэты (...) ёсьць такім у такой ступені, у якой нельга знайсьці ў ім сьлядоў трансцэндаваньня”. Тое, чым быў для Батая жывёльны сьвет “безь сьлядоў трансцэндэнцыі”, тым для Акудовіча ёсьць Этнас, безь Якога – кажа – “я – нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэньне якога – вялічыць аб’ём біясфэры на зямной кулі. А прыстаўшы да Яго, я сам раблюся Ім”.
 
 
* * *
 
 
На гэты матыў – пошук іманэнтнага Бога і прага злучыцца (re-ligare) зь Ім – трэба глянуць у шырэйшай філязафічнай пэрспэктыве. Імануіл Кант, прымаючы выклік эпохі, – апрацаваць мэтады рацыянальнага пазнаваньня рэчаіснасьці – узяўся за грунтоўную крытыку чалавечага пазнаньня. Вынікам гэтае крытыкі сталася заява, што чалавечае пазнаньне мае дачыненьне адно толькі з фэномэнамі, г.зн. тым-што-явіцца ў наглядным пазнаньні. У пазафэнамэнальны сьвет мы ня можам выйсьці. Рэчы-самі-ў-сабе (Dinge an Sich) застаюцца непазнавальнымі.
 
Вынікі Кантавай экспэртызы выклікалі існы бунт усіх, з выняткам рацыянальнае, сфэраў чалавека. Што значыць, што рэчы-самі-ў-сабе непазнавальныя? Хто сказаў, што нам наканавана вечна гойсаць у сфэры фэномэнаў? Гэта сказаў Розум, intellectus illuminatus, ён жа intellectus modernus. Лёгацэнтрычны розум (арыентаваны на лёгіку і эмпірыку) забараняў думаць пра боскае, разьвейваў мары пра магчымасьць re-ligio (злучэньне з боскім), пазбаўляў чалавека ўтульнасьці... Цяпер паспрабуйма здагадацца, што меў на ўвазе Акудовіч, кажучы: “Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды... Насамрэч ён заўсёды і ўсюды прагне аднаго – утульнасьці”.
 
Жаданая ўтульнасьць немагчымая ў сьвеце фэномэнаў. І няма значэньня, ці мы прабываем у хаасе фэномэнаў ці ў космасе фэномэнаў. Утульнасьць абавязкова прадугледжвае пачуцьцё еднасьці, лучнасьці з кімсьці альбо, яшчэ лепш, з Чымсьці. Таму нічога дзіўнага, што сваю рэфлексію пра ўтульнасьць Акудовіч заканчвае згадкай пра свайго Бога: “Чалавек можа знайсьці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней, і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь”. Радзіма. Тутэйшае. Этнас. Principium unionis. Акудовіч увесь час марыць вярнуцца ўва ўлоньне Этнасу, гэтаксама як Батай марыў вярнуцца шва ўлоньне жывёльнага. Першы носіць у сабе амаль містычны досьвед лучнасьці яго адзінкавага жыцьця з жыцьцём этнічнай супольнасьці, а другі з настальгіяй згадвае пра этап жывёльнага існаваньня, этап, які ён параўноўвае да “быцьця вады ў вадзе”.
 
Лёгацэнтрычная культура неўзабаве стала ўспрымацца як культура фалалёгацэнтрычная. Пачынаючы ад Лякана, дыктатура Розуму пачала асацыявацца з дыктатурай Фаласу: непадзельнай дамінацыяй у культуры мужчынскіх каштоўнасьцяў і арыенціраў. Пісьменьніца Вольга Гапеева супрацьпаставіла мужчынскаму фаласу жаночую грудзь, як “сымбаль творчай прадуктыўнасьці і жыцьцядайнасьці жаночага пачатку” (характарыстыка Ганны Кісьліцынай). Цікава, аднак, тое, што апазыцыя ў стасунку да фалалёгацэнтрызму і спроба пераадолець гэты “цэнтрызм” пры дапамозе “жаночых” каштоўнасьцяў (“улоньне”, “утульнасьць”, “цэльнасьць”, “еднасьць”) нарадзілася ў мужчынскім асяродзьдзі. “Шмат прыўкрасных грудзей на сьвеце / ды ня ўспоіць цябе ні адна” – піша Караткевіч пра беларускую мову, якая, гэтаксама як Акудовічаў Этнас, функцыянуе яе крыніца ўтульнасьці і патолі. “Мастацэнтрызм” (ад грэцк. mastos – грудзь) замацаваўся як спантанны пошук ураўнаважваючай сілы. Мужчыны ня менш, чым жанчыны, адчуваюць патрэбу ў “сымбалі творчай прадуктыўнасьці”, які зьяўляецца адначасова сымбалем утульнасьці і супакаеньня, растварэньня ў акіяне быцьця...
 
 
* * *
 
 
Хто сказаў, што “рэчы самі ў сабе” непазнавальныя? – гэтае пытаньне запачаткавала фармаваньне новай культурнай лявіцы. Гэтаксама, як Розум у свой час супрацьпаставіўся дагматызму, манархізму, цемрашальству, традыцыі і ўсяму, што асацыявалася з ансьен рэжымам, так цяпер нейкая новая, бліжэй не акрэсьленая стыхія захацела супрацьпаставіцца Розуму і ўсяму таму, што ён з сабою нясе: лёгіцы, праўдзе, парадку, уладзе. Рацыяналісты, якія яшчэ ў палове XVIII ст. функцыянавалі ў грамадзтве як левакі-бунтаўнікі, пад канец XVIII і на пачатку ХІХ ст. пачалі ўжо функцыянаваць як адназначна Правая Сіла. “Быць рацыя-налістам” значыла “мець рацыю”, а “мець рацыю” значыла “мець уладу”. І ўжо тады – дзесьці ў першай палове ХІХ ст. – пачала фармавацца згаданая ўжо новая культурная лявіца, якая зоймецца мэтадычнай і вытанчанай кантэстацыяй лёгацэнтрычнага парадку. Стагодзьдзе пазьней яна атрымае цікавую назву – post-modernismus і аформіцца ў самастойны, самасьвядомы дыскурс. А тады, у часох Міцкевіча і Каліноўскага, Шапэнгаўэра і Ніцшэ яна будзе функцыянаваць як безназоўнае, пад-сьвядомае і маргінальнае.
 
Гданьскі пэсыміст Артур Шапэнгаўэр супрацьпаставіць волю і ўяву (Wille und Vorstellung). “Уява” – гэта кантаўскі сусьвет фэномэнаў, у які мы ўблытаны, але які мае жыцьцёва малое значэньне. Сусьвет фэномэнаў можна параўнаць да плятонаўскіх “ценяў” альбо індуісцкае “майі”. Ня варта заставацца ў павуціньні майі, скрозь яе можна прарвацца ў сфэру “рэчаў-у-сабе”! Гэты “прарыў” магчымы дзякуючы Волі, разуметай як спантанны жыцьцёвы імпэт, памкненьне, вітальная дынаміка. Такім чынам, Шапэнгаўэр, дэкляратыўны аматар Канта, неўпрыкмет наносіць моцны ўдар па лёгацэнтрычным Розуме, да інтранізацыі якога Кант між іншым спрычыніўся...
 
А неўзабаве зьявіцца падмога, салідная і неацэнная падмога. На сцэну вялікай культуры выходзіць сапраўдны бунтаўнік-лявак новага тыпу, нэўротык-няшчасьнік, стыхійны мысьляр, клясычны філёляг па адукацыі, майстар пяра Фрыдрых Ніцшэ. Гэта яго зьяўленьне справакуе лямант і крык як абаронцаў прэмадэрністычнай традыцыі, так і спавядальнікаў мадэрністычнага рацыяналізму. Старыя і новыя багі аб’яднаюцца ў дружны хор і пачнуць крыкма клікаць: “Гора! Ты пабурыў наш сьвет магутным кулаком сваім, валіцца, развальваецца!
 
Ніцшэ станецца чарговым буйным пасьля Шапэнгаўэра разбуральнікам лёгацэнтрычнага валадарства і сымбалем вяртаньня да “рэчаў-у-сабе”. Кантаўскі “сусьвет фэномэнаў”, а шапэнгаўэраўская “ўява” – гэта для Ніцшэ апалінская культура. “Апалінская тэндэнцыя ўпачварылася ў лягічны схематызм” – піша ў сваіх “Народзінах трагедыі”. Каб разьбіць гэты пачварны схематызм, Ніцшэ кліча на дапамогу грэцкага бога Дыяніса, які сымбалізуе памкненьне натуры, мэтай якога -- “разарваньне заклятага кола індывідуацыі і адкрыцьцё дарогі да мацераў быцьця, да найглыбейшага ядра ўсіх рэчаў”. “Разарваньне кола індывідуацыі” Юрген Габэрмас трактуе як спосаб уцяканьня ад мадэрну.
 
Сьледам за Ніцшэ пойдзе Гайдэгер, згаданы ўжо Батай і наш Акудовіч. Такім чынам, Акудовіч месьціцца на лініі традыцыі penetration, ідэі праніканьня ўглыб, вяртаньня да “рэчаў-у-сабе”. Ён хоча вырвацца са сьвету фэномэнаў і пранікнуць да Dinge an sich, выйсьці за апалінскае “кола індывідуацыі” і злучыцца (re-ligare) з “мацерамі быцьця”; ён хоча – нарэшце – разарваць павуціньне ўявы-майі і прарвацца да найглыбейшага ядра ўсіх рэчаў, дзе можна будзе знайсьці жаданую ўтульнасьць...
 
 
 
І тут – Бог.
 
Бог, які знаходзіцца ў цэнтры сусьвету фэномэнаў.
 
Бог, які утварае моцны асяродак гравітацыі, вакол якога табе наканавана кружыць, кружыць, кружыць...
 
Бог – principium individuationis, гарант цэльнасьці і непарушнасьці “кола індывідуцыі”.
 
 
* * *
 
 
Драматычныя дыялёгі з Богам Валянціна Акудовіча – гэта ня што іншае, як спробы разарваць павуціньне ўявы-майі. У цэнтры гэтага павуціньня – Бог-павук, які ня толькі не дазваляе разарваць гэтае павуціньне, але наадварот – аблытвае сваімі павуціннымі ніткамі сьмельчака, які наважыўся прарывацца да найглыбейшага ядра ўсіх рэчаў і высмоктвае зь яго ягоную волю: волю праніканьня ўглыб, волю пазнаньня рэчаў-у-сабе...
 
 
 
...“Цябе няма!” – раз-пораз, выціраючы з лобу пот, паўтарае Акудовіч і ніяк ня можа зразумець: “Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосьць у сэрцы?
 
 
* * *
 
 
“Павуціньне”, якое не дазваляе нам патрапіць да “рэчаў-у-сабе” – гэта паняткавая сыстэма, замацаваная ў нашай сьвядомасьці ў ходзе біялягічнай і культурнай адаптацыі да асяродзьдзя. Гэта сукупнасьць паняцьцяў, катэгорыяў, “ісьцінаў”, якія панараджаліся ў нашых галовах як вынік пазнаваньня і асвойваньня акаляючага сьвету. Гэтае “павуціньне” выконвае да пэўнага моманту пазытыўную ролю – дазваляе нам арыентавацца ў прасторы і часе, паразумецца зь іншымі прадстаўнікамі нашага віду, выяўляць свае думкі і інш. Але адначасна гэтае павуціньне абмяжоўвае і зьнявольвае нас...
 
Ня раз і ня два нам, пэўна, прыходзілася гаманіць зь некаторымі людзьмі і зьдзіўляцца: як моцна яны зьняволены ўласнымі ўяўленьнямі і догмамі. Думаю, дэмакратычныя агітатары ў Беларусі, якія дзясяткі разоў перажылі балесную паразу падчас спробаў пераканаць простых людзей у неабходнасьці дэмакратыі, свабоды ці нацыянальных каштоўнасьцяў, могуць пацьвердзіць гэта.
 
Майстэрства, аднак, ня ў тым, каб выявіць узровень зьняволеньня ўласнымі паняцьцямі ў іншых, а каб выявіць гэта ў самога сябе. Наша паняткавае павуціньне можа быць вялізным і прасторным. Мы можам самазадаволена параўноўваць сваё павуціньне да павуціньня іншых і цешыцца: ах, які вялікі мой арсэнал паняцьцяў і апісальных сродкаў, якія вялікія мае апэрацыйныя магчымасьці! Тым ня менш, мы так і застаемся нявольнікамі гэтага – хай сабе і прасторнага – уяўнага сьвету.
 
Паняткавае павуціньне – гэта ўява, майя, віртуальная рэальнасьць. Яна не дазваляе спазнаць праўду быцьця. Больш таго: яна фальшуе быцьцё.
 
Але ці можам мы вырвацца з гэтага павуціньня? Драматызм гэтай ініцыятывы ў тым, што ўсё тое, што мы, кіруючыся жаданьнем выйсьці па-за павуціньне, скажам ці падумаем, аўтаматычна становіцца часткай гэтага павуціньня! Яно аўтаматычна заінфэктавана лёгікай, водле якой сплецена гэтае павуціньне! Роспачная барацьба з вобразным жывапісам мастакоў пэрыяду Вялікага Авангарду першай паловы ХХ ст. паказвае, наколькі драматычны з аднаго боку і настойлівы з другога можа быць працэс барацьбы з уявай.
 
Унівэрсальная Воля Шапэнгаўэра, Дыяніс Ніцшэ, прыгадваньне-быцьця-ў-ягонай-спачатнасьці Гайдэгера, animalitas Батая ну і, нарэшце, сьціплы Этнас Акудовіча – вось магчымыя спосабы-спробы вызваліцца ад сьвету фэномэнаў. Ці яны эфэктыўныя? Невядома.
 
Вядома толькі тое, што калі хтось аднойчы захацеў прарвацца ў кірунку найглыбейшага ядра ўсіх рэчаў, мусіць сустрэцца твар у твар з Богам. Амбівалентным Богам, каторы, быццам павук, будзе яшчэ больш ублытваць цябе ў сеткі тваіх уласных паняцьцяў.
 
 
* * *
           
 
Бог-павук – гэта частка тваёй паняткавай сыстэмы, прычым прывілеяваная частка. Ён надае сэнс усім тваім словам і сказам, і тэкстам. Безь яго ты нічога ня можаш сказаць, ня можаш падумаць, ня можаш нічога ўявіць. Адначасна ж Бог-павук – гэта, як і само павуціньне, -- майя-уява, нешта віртуальнае і несапраўднае. Ён – адно толькі Функцыя, Функцыя зь вялікай літары – аснова твайго думаньня, падстава лёгікі. Ты крытыкуеш сваё мысьленьне, дэмаскуеш уласныя фікцыі, але тым самым толькі пашыраеш абсяг павуціньня, а аніяк не вызваляешся ад яго. Ты крычыш свайму Богу: “Цябе няма!”, а ён пры дапамозе гэтага “няма” яшчэ больш цябе скоўвае і затрымлівае пры сабе...
 
Так сталася з Акудовічам. Даведзены да крайнасьці, вычарпаны змаганьнем са сваім Богам, ён скарыстоўвае найбольш моцную, здавалася б, зброю: “НЯМА!” Прэдыкацыя “няма”, прыстаўленая да слова “Бог”, павінна была канчаткова зьнішчыць “ілюзію Бога”. Чалавек з раньняга дзяцінства навучыўся праганяць страхі і здані пры дапамозе магічнага “няма”, таму нічога дзіўнага, што спантанным рэфлексам Акудовіча ў адказ на зьяўленьне Бога-павука, стала амаль дзіцячае: “Цябе няма!”
 
...І ты думаў, што пад уплывам гэтага “НЯМА!” Бог зьнікне, а павуціньне, ім сплеценае, разблытаецца, ты бесклапотна выйдзеш па-за гэтае павуціньне і апынешся ўва ўлоньні жаданых рэчаў-у-сабе? Ты думаў, што такім чынам пранікнеш і злучышся зь ніцшэанскімі мацерамі быцьця?
 
А выйшла іначай! Ты сказаў Богу: “Няма”, а ён з гэтага “няма” саткаў тканіну новага павуціньня, якое беспраблемна сталася інтэгральнай часткай ранейшага павуціньня, якое так моцна трымала цябе ў сьвеце фэномэнаў! Трымала, трымае і будзе трымаць. Пустое “няма” напоўнілася багатай сэмантыкай, абрасло ў паняцьці і сказы, сталася чарговым інструмэнтам у руках Бога, каб затрымаць цябе пры сабе.
 
Акудовіч, хочучы застацца шчырым перад сабой і перад чытачом, папросту пацьвердзіў вышэй сказанае, пішучы адмысловае міні-эсэ пад назовам “Няма”. Аказваецца, пад прыватыўным прэдыкатам “няма” хаваецца нешта вялікае і каштоўнае – наша беларуская доля:
 
 
Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. І цяпер мы багатыя на “няма”, як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу, і, магчыма, зноў ня будзе сваёй дзяржавы. Ды і пра саміх беларусаў хто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсьць, ці то іх няма?...
 
А цяпер можам ужо па-новаму глянуць на словазлучэньне: “Цябе няма”. Калі пад прэдыкат “няма” падставім “беларуская доля”, а займеньнік “Цябе” паставім у назоўным склоне, атрымаецца: “Ты – беларуская доля”. А што такое “беларуская доля”? Гэта ж чарговая сукупнасьць словаў, сказаў, аповедаў! Чарговая ліпкая тканіна, у якую мы добраахвотна закручваемся, каб праз колькі часу пераканацца, што яна – ніякая ня “рэч-у-сабе”, а ўсяго толькі новая майя-ўява, з новым “пачварным апалінскім схематызмам”.
 
Беларуская доля – гэта новае павуціньне, у цэнтры якога – новы Бог-павук: Этнас.
 
Акудовіч пакахаў гэтага новага Бога. Асабліва палкай любоўю ён загарэўся да аднаго з атрыбутаў этнічнага Бога – беларускай мовы. Яна для яго, дакладна як і для Караткевіча, набыла сапраўды эратычны характар: “Я ашалеў – прызнаецца беларускі філёзаф. – Я сноўдаўся самнамбулай, як закаханы. Зрэшты, чаму “як”? Я і быў закаханы ў “матчыну” мову. (...) Я бяз стомы прамаўляў розныя словы ды сказы (і ўголас, і сам сабе), што нават пачалі пабольваць цягліцы твару”.
 
Цікава, што стыхійнае захапленьне беларускаю мовай ператвараецца ў Акудовіча ў ня менш стыхійнае захапленьне “няма”. Як вынікае з тэксту, гэтае захапленьне зьявілася храналягічна пазьней, якбы замяніўшы тое першае. Але, калі глянем на гэта праз прызму вышэй прыведзенай гермэнэўтыкі “няма” і “беларуская доля”, якая выявіла тоеснасьць гэтых двух паняцьцяў, дык можам сьцьвердзіць, што маем дачыненьне папросту з мэтамарфозай аднаго і таго ж захапленьня. Вось што піша Акудовіч напрыканцы кнігі “Дыялёгі з Богам”: “Мая абыякавасьць да таго, што некалі прынесла столькі асалоды, не была штучнай, паколькі тады я ўжо быў захоплены ня тым, што ёсьць, а тым, чаго няма. Нават не, не захоплены – я быў зачараваны фэномэнам няма”.
 
Нават з чыста фармальнага гледзішча дзьве апошнія цытаты паралельныя: і ў першай, і ў другой дзеля падкрэсьленьня свайго палкага пачуцьця (у першым выпадку – да мовы, у другім – да фэномэну “няма”) скарыстана аднолькавая рытарычная фігура: correctio (у першым: “...як закаханы. Зрэшты, чаму “як”? Я і быў закаханы...”, у другім: “...я быў захоплены (...) тым, чаго няма. Нават не, не захоплены – я быў зачараваны...”).
 
І што выйшла з гэтага каханьня?
 
Акудовіча спасьцігла трагічная доля вядомага нам усім Эдыпа. Акудовіч забіў бацьку-Бога, каб злучыцца (re-ligare) y інцэстуальным акце з матчынай мовай, то бок, беларускаю доляй, то бок, фэномэнам “няма”. Беларускі Этнас, які Акудовіч аб’явіў сваім уласным Богам, насамрэч зьяўляецца Маткай-Багіняй, узьлюбленай абраньніцай Бога-Бацькі, зь якім Акудовіч жорстка расправіўся.
 
Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосьць у сэрцы?” – раз-пораз пытаецца ў самога сябе Акудовіч. А вось з чаго: з пачуцьця віны за зробленае.
 
Расправа з Богам-бацькам была спрычынена дыссатысфакцыяй, нежаданьнем перабываць у павуціньні фэномэнаў і воляй прарвацца да Dinge an sich. Але ці забойства зьмяніла сытуацыю? Ніяк не. Да ранейшай дыссатысфакцыі дадалося яшчэ пакутлівае пачуцьцё віны, якое ў сваю чаргу ператварылася ў сэрыю абвінавачаньняў на адрас Бога-бацькі. Усе злосныя эпітэты, якімі Акудовіч апантана абкідвае Бога-бацьку, можна растлумачыць пры дапамозе гэтага “комплексу Эдыпа”. Акудовіч пачаў праектаваць уласны грэх на Богу. Зрэшты, да такой інтэрпрэтацыі падштурхоўвае і сам Акудовіч, калі, прызнаўшыся ў каханьні да матчынай мовы, у дужках пытае самога сябе: “Ці не такім чынам сублімаваўся і выявіўся ў мяне “комплекс Эдыпа”, якога, засвоіўшы Фройда, ніяк ня мог знайсьці ў сабе адносна роднай маці”.
 
Сам Акудовіч пацьвярджае і іншую нашу тэзу, а менавіта, што інцэстуальнае злучэньне з Багіняй-Этнасам не прынесла яму жаданай сатысфакцыі: “У гэтым салодкім шаленстве трывожыў мяне адзін момант. Чым больш я нагружаў сябе мовай, тым меншым рабіўся мой мэнтальны сьвет, у якім я знаходзіў сябе раней”. Пацьвярджае нашу тэзу і той факт, што чаруючае “няма” Акудовіч называе... “фэномэнам”. Тым самым ён сам прызнае, што так і не патрапіў у каралеўства “рэчаў-у-сабе”, а застаўся палоньнікам уявы-майі. Акудовічава “няма” так і не разарвала заклятага “кола індывідуацыі” і не дазволіла яму пранікнуць да “мацераў быцьця”. Затрымала яго ў сьвеце фэномэнаў...
 
Дык чаго ён дасягнуў усім гэтым? Ня многа і ні мала: стварыў прыгожую ілюзію спачынку і ўтульнасьці: Так, я пераапрануўся ў зрэбную сьвітку, затое яна была майго памеру. Божачкі, як мне зрабілася хораша!
 
 
* * *
 
“Мяне няма” – гэтыя словы мог вымавіць толькі той, хто, дашчэнту змучаны барацьбой са сваім павуціньнем і сваім Богам, пачынае помсьціць самому сабе за сваю звышсьмелую ініцыятыву. Цікава, аднак, што вастрыё гэтай помсты скіравана на лёгацэнтрычны розум. Бо “няма” – гэта тая мяжа, за якой можна больш-менш бясьпечна схавацца ад татальнага Розуму. Розум спыняецца перад гэтай мяжой, ня можа яе пераступіць. Часам зьбянтэжана адыходзіць, ня ведаючы, што сказаць, а часам наадварот – пагардліва кідае Пармэнідаву фразу: “Быцьцё ёсьць, а небыцьця няма!”, даючы тым самым зразумець, што такая мяжа, за якой заканчваецца быцьцё, а пачынаецца “няма”, не існуе... Маўляў усё, што існуе, існуе ў межах маёй імпэрыі. Маё царства і існае – паняцьці ізамарфічныя – даводзіць лёгацэнтрычны Розум.
 
Менавіта Ён, Яго Вялікасьць Розум спансіруе існаваньне анталягічна несамастойнага Бога-павука, які, як мы ўжо сказалі, зьяўляецца адно толькі вялікай Фікцыяй, Функцыяй захаваньня цэльнасьці мэтанарацыі.
 
Бог-павук, Бог-супэрэга, Бог-функцыя.
 
Гэта ня Бог. Гэта толькі “Бог”.
 
 
* * *
 
 
Бог-павук, які не дазваляе прарвацца да ядра рэчаў можа прымаць розныя іпастасі. Гэта можа быць Навука. Можа быць Камунізм. Цывілізацыя. Чалавецтва. Дзяржава. Кароль. Прэзыдэнт. Бог-павук можа – нарэшце – явіцца ў выглядзе Этнасу...
 
Чаму Акудовіч – разрываючы ўласныя катэгорыі-паняцьці – змагаецца менавіта з хрысьціянскім Богам? Чаму такі Бог так моцна замацаваўся ў паняткавай структуры гэтага філёзафа, што, спрабуючы выйсьці па-за гэту структуру, ён атакуе менавіта Яго – хрысьціянскага Бога?
 
 У мяне ёсьць дзьве вытлумачальныя гіпотэзы. Магчыма, прычына гэтаму – суб’ектыўная. Справа ў тым, што хрысьціянскі Бог, выцесьнены Акудовічам у несьвядомае ў пэрыяд разгулу камуністычнага атэізму, у пэўны момант “выйшаў на паверхню” і запаланіў яго розум. Як кажа Юнг, тое, што было выцесьнена ў несьвядомае, характарызуецца ўзмоцненай энэргетыкай. Такім чынам, хрысьціянскі Бог, выйшаўшы “наверх” зь нетраў несьвядомага, папросту спалохаў мысьляра сваёй празьмернай “экспансіяй”. Магчыма, звыклага чалавека так не напалохаў бы, але для мясьляра “Божае нараджэньне” ў яго сьвядомасьці – гэта ўжо выклік. Акудовіч пачаў баяцца, што гэты Бог абмяжуе альбо і заблякуе яго мысьленьне, пазбавіць самастойнасьці. Гэтая гіпотэза многае тлумачыла з таго, што знаходзім у Акудовічавых тэкстах, але ня буду ўпарціцца, калі хтось скажа, што яна – марная. Сапраўды, як і ўсякія іншыя псыхааналітычныя гіпотэзы, яна нефальсыфікавальная: пад яе можна падцягнуць усё, што заўгодна. Адсюль яе слабасьць.
 
Тады можам прыняць гіпотэзу, што прычына – аб’ектыўная. Гэта значыць, што прычына таго, што Акудовіч пачаў успрымаць хрысьціянскага Бога як абмежавальніка мысьленьня, ляжыць у спэцыфіцы хрысьціянскага дыскурсу. Магчыма, хрысьціянскі дыскурс папросту даў падставу Акудовічу абвінавачваць Яго ў самых розных крамолах.
 
Думаю, найбольш плодны ў гэўрыстычным пляне будзе зьмешаны падыход: прыняцьце, што маем дачыненьне з сувыступаньнем аб’ектыўнага і суб’ектыўнага фактараў. Прычына і ў дыскурсе, і ў Акудовічу. Гэткім мэтадалягічным прынцыпам і будзем кіравацца ў далейшых разважаньнях.
 

Пётр Рудкоўскі, іншыя публікацыі:

Дадаць каментарый